Вы тут

Палы сухой расліннасці шкодзяць усяму жывому


Неабачліва падпальваючы сухую леташнюю траву ўздоўж дарог, на ўзлесках, палях і лугах, дарослыя і дзеці, магчыма, нават не падазраюць, што іх дзеянні могуць прывесці да негатыўных наступстваў для прыроды і чалавека, адзначылі ў Мінпрыроды.


Фота Андрэя Феакцістава

Паводле інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ад спальвання сухой травы збядняецца глеба, а мінеральныя рэчывы, што ўтрымліваюцца ў попеле, даволі лёгка сыходзяць з паверхневымі і грунтавымі водамі, і толькі нязначная іх частка засвойваецца раслінамі. Працэс гарэння суправаджаецца выкідам у атмасферу вуглякіслага газу, згарае кісларод. На забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях у паветра з агнём і дымам трапляюць радыеактыўныя рэчывы, якія ветрам пераносяцца на значныя адлегласці. У агні згараюць рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы лятучыя таксічныя арганічныя і неарганічныя злучэнні. Пры выпальванні травы ўздоўж аўтадарог адбываецца забруджванне паветра цяжкімі металамі.

У выніку выпальвання сухой травы збядняецца відавы склад лугавой расліннасці і жывёльнага свету. Усюды, дзе прайшоў агонь, не будзе ўжо ранейшага разнатраўя, пустазелле захопіць гэтую тэрыторыю. Палы знішчаюць не толькі расліны, у полымі гінуць бесхрыбтовыя, насякомыя, жабы, яшчаркі, а таксама гараць гнёзды птушак (у многіх з крылатых гнездавы перыяд пачынаецца ў красавіку).

Паводле ацэнак вучоных, у 10 см верхняга слою глебы ўтрымліваюцца ці з ім звязаныя каля 90 % фларыстычнай і фаўністычнай разнастайнасці лугавых экасістэм, якія знікаюць у агні. Акрамя таго, выпальванне сухой расліннасці часта прыводзіць да ўзгарання тарфянікаў і лясных насаджэнняў. Штогод 10-12 % лясных пажараў у рэспубліцы ўзнікаюць па прычыне правядзення вясновых палаў.

У выніку лясных пажараў краіна нясе вялікія эканамічныя і экалагічныя страты. Акрамя знішчэння каштоўнай драўніны і выдаткаў на тушэнне пажараў сюды можна аднесці страты ад зніжэння колькасці кіслароду, фітанцыдаў, якія выдзяляюцца лесам, а таксама пагаршэнне якасці і стану лясоў, непрыдатнасць для выкарыстання іх у рэкрэацыйных мэтах і інш. Такія пажары знішчаюць лясных звяроў і птушак, змяншаюць прырост дрэвастояў, павялічваюць верагоднасць бураломаў і аслабляюць лясныя масівы. Затым дрэвастоі, якія ўсыхаюць, становяцца ачагамі шкоднікаў і хвароб лесу.

***

Варта таксама памятаць, што выпальванне сухой расліннасці і сельскагаспадарчыя палы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ЗАБАРОНЕНЫ (арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце”). У адпаведнасці з арт. 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. А за раскладанне вогнішчаў у забароненых месцах можна атрымаць папярэджанне ці штраф у памеры да 12 базавых велічынь (арт. 15.58 КОАП). Прадугледжана за падобныя парушэнні і крымінальная адказнасць.

Акрамя таго, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў юрыдычныя і фізічныя асобы пакрываюць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю.

Падчас палаў гарыць не проста трава – гарыць дом, у якім мы жывём. Таму перш чым кінуць запалку, трэба падумаць, што гэтыя дзеянні нанясуць непапраўную шкоду прыродзе!

Вераніка Коласава

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.