Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Як равуць бялугi

Фота: blogizotovoy.ru

...У школе ўсё i ўсiм было зразумела: настаўнiкi, урокi, адзнакi, мары.

Але ж вось адгучаў апошнi званок, i перад кожным з выпускнiкоў адкрылася свая дарога. Некага чакала паступленне, некага — працоўныя буднi, хлопцаў — служба ў войску.

...Першы, хто з нашых аднакласнiкаў атрымаў позву ў ваенкамат, быў Сеня.

З'явiўся туды. Падстрыглi. Пайшоў служыць. I... непазнавальна змянiлася наша сяброўка Нiна. Яны з Сенем дзесяць школьных гадоў праседзелi за адной партай. I калi ў малодшых класах хлопчык болей тузаў яе за коскi, то ў старэйшых — ужо моўчкi, з пакорай хадзiў следам... Чым, вядома ж, здзiўляў, бо быў сапраўдным «дзядзькам Сцёпам» з вядомага вершыка, а вось Нiна хутчэй дзюймовачкай — з казкi.

Лiсты ад Сенi прыходзiлi да яе штодня. У адным, помню, хлопец прасiў прыслаць яму фотку.

Нiна з гэтай просьбай прыйшла да мяне. «Давай, — сказала, — удзвюх сфатаграфуемся. Адной мне сорамна». Я згадзiлася: ну чаму б i не?

Выслалi мы тую фотку, а праз нейкi час лiст з армейскiм трохкутнiкам прыходзiць i мне — ад саслужыўца Сенi з прапановай лiставацца, сябраваць...

Не прыняць яе неяк не выпадала: я, сабраўшыся з думкамi, напiсала адказ. Мiша, у сваю чаргу, не затрымаўся з новым лiстом, у якiм неяк дужа настойлiва папрасiў маё фота.

Дасылаць яго, шчыра кажучы, не хацелася. Да таго ж перада мной якраз ляжала кнiга з гумарыстычнымi вершамi... Я вырашыла адказаць — прозай, але ж з падколкай. Маўляў, вiтаю цябе, мой саколiк! Успамiнаю той дзень (пра сябе: гэта ж якi?), калi ты ад'язджаў з вакзала (цiкава: з якога?)... Раўла я тады бялугай (паслухаць бы, як равуць!)... Чакаю не дачакаюся, калi скончыцца служба, а найперш — лiста з тваёй фотакарткай, бо раптам ты моцна змянiўся i пры сустрэчы я не пазнаю...

Да гэтага ж лiста замест сваёй карткi я прыклала... плакат. На першым плане там была дзяўчына з даёнкай, на заднiм — статак кароў, а ўнiзе заклiк: «Павысiм удоi малака на 50 %».

Адказ ад Мiшы быў больш чым нечаканы: да мяне ў госцi прыйшлi двое — Нiна i Сеня. Яна з усмешкай да вушэй, а ён — нейкi трохi разгублены. Пытаецца: «Што ты напiсала майму камандзiру? Чаму ён заўжды смяецца, калi мы сустракаемся? А пазаўчора i наогул... Сказаў, што я добра паказаў сябе на вучэннях (ды i чаму здзiўляцца, калi ў цябе такiя аднакласнiцы?), i даў адпачынак на 10 дзён.

Сеня правёў iх з каханай дзяўчынай, у радасцi. А я тым часам атрымала лiст ад яго камандзiра. Гумар, дзякаваць богу, ён зразумеў...

Многiя тады перапiсвалiся з салдатамi (у тым лiку — зусiм незнаёмымi). Некаторыя нават замуж за iх выходзiлi — як Нiна за Сеню.

А вось мне за Мiшу, вiдаць, не лёс быў.

З. М.,

Глыбоцкi раён


Не капай ямы iншаму...

Фота: newsone.ua

Кажуць, што ў вёсцы хто не злодзей, той не гаспадар. I не гаспадыня.

...Пятровiчу, калгаснаму заатэхнiку, «разведка» неяк раз данесла, што даяркi з аддаленай фермы iдуць дамоў не з пустымi рукамi, што ў грэлках цi слоiках (пластыкавай тары ў той час яшчэ не было), як быццам, нясуць малако. Ад добрага жыцця, не ад добрага — разбiрацца не выпадала, а вось злавiць i тым самым выслужыцца заатэхнiку хацелася. Для гэтага ён i вырашыў учынiць аблаву.

Надвячоркам, падчас вячэрняй дойкi, удвух з брыгадзiрам яны неўпрыкмет занялi пост у кормазапарнiку, якi стаяў трохi наводдаль. Месца выбралi ўдалае: дзверы кароўнiка — як на далонi, сцежка, па якой павiнны iсцi даяркi, таксама...

Прыстаўшы ля невялiчкага акенца, мужчыны цiха гаманiлi, курылi, чакалi. Дзверы за сабой не зачынялi (пакiнулi ладны прасвет), каб у патрэбны момант спрытней было выскачыць, знянацку з'явiцца на сцежцы перад даяркамi. I вось...

Цi то гутарка ў мужчын была дужа цiкавая, цi то даяркi — занадта цiхiя i асцярожныя, але ж нi Пятровiч, нi Рыгоравiч не згледзелi, калi жанчыны скончылi працу, калi сталi разыходзiцца па дамах...

Апомнiлiся канспiратары хiба тады, калi адна з даярак са словамi: «I хто гэта тут дзверы не зашчапiў? Усю ночку ветрам ганяла б...» — добрасумленна зачынiла iх i накiнула кручок.

У той момант мужчыны яшчэ маглi падаць голас — выйсцi з «пасткi», у якой апынулiся, але ж тады давялося б сказаць, чаму яны тут — што робяць. Выкрываць сябе начальству, вядома ж, не хацелася. Ды i спадзявалiся яшчэ, што неяк вылезуць...

Але ж не: як той казаў, не з iхнiм шчасцем! Акенца ў памяшканнi было замалое — праз яго такiм бугаям не выбрацца, пра сотавыя тэлефоны ў той час нiхто i не чуў.

Аж да ранiцы iм, бедным, давялося кукаваць. А ўжо намерзнуцца... (На дварэ была позняя восень.)

З няволi iх выпусцiў вартаўнiк i толькi на досвiтку. Уважлiва ўсё выслухаў, як быццам з разуменнем паставiўся да просьбы трымаць язык за зубамi, аднак, мусiць, рады не даў, бо плёткi пра гэты канфуз па акрузе ўсё ж папаўзлi.

I тым самым яшчэ раз нагадалi ўсiм крылатае: «Не капай ямы iншаму, тады i сам у яе не трапiш».

Галiна Нiчыпаровiч, в. Магiльна, Уздзенскi раён


У вёску!

Фота: planetakartinok.net

Мы з мужам — людзi гарадскiя. У вёску, можна сказаць, нiколi не ездзiлi, бо не было да каго: нi сяброў там, нi сваякоў... Адзiнае — летась вясной мужаў аднакласнiк i прыяцель з дзяцiнства хату пад лецiшча там купiў i потым галаву задурыў сваiмi расказамi: якая там прырода, якое паветра, якiя людзi... А галоўнае, што здзiўляла, у iх там кожны выхадны нешта адбывалася: то вожык прыйшоў аж да ганка, то сад зацвiў, то яны ваду ў хату падвялi, то ластаўкi пасялiлiся...

Мiкола цiкава пра ўсё расказваў, а ў канцы гаварыў адно: «Вы павiнны прыехаць! Вы павiнны ўбачыць!..»

Не дзiва, што ўрэшце ён і ўгаварыў. У канцы жнiўня, здаецца, мой муж такi адправiўся ў дарогу — на аўтобусе, бо начаваць не збiраўся, а вось выпiць — якраз наадварот (кажуць, дзеля гэтага пасля лазнi можна i кальсоны прадаць).

Што далей было — з мужавых слоў:

— У вёску да Мiколы я дабраўся без праблем, — расказваў Алег. — Усё там агледзеў, ацанiў. Хата стаiць наводшыбе, як бы хутарком. Ад цiшынi — аж у вушах звiнiць: нi машын, нi людзей... Дыхаецца лёгка. Вада ў студнi смачная... Суседка два слоiкi малака прынесла — кiслага i свежага... З Мiколам у лес схадзiлi. Грыбоў зусiм мала знайшлi, але ж ад душы пацягалiся!

Па абедзе ў нас лазня была: папарылiся, памылiся. У перапынках пiва папiлi, а нарэшце ўжо i гарэлачкi...

Гаспадар трохi не разлiчыў — за сталом заснуў, а гаспадыня мiж тым «гуманiтарку» сабрала: як сказа-
ла, усяго пакрысе. А калi папраўдзе, то атрымалася, што апроч драбязы «вядзерца» агуркоў у адну руку, вядзерца памiдораў у другую i кош бульбы ў заплечнiк...

Мужа хацела будзiць, каб дапамог на прыпынак занесцi. Я не дазволiў, бо свая ж ноша рукi абарваць не павiнна?

Узяў, значыць, кiрую на плошчу, на аўтобус. Добра, што да яго з гадзiну яшчэ: можна не спяшацца, паглядзець па баках, павiтацца з людзьмi (бо яны вiтаюцца). З-за нейкага плота нават пачуць: «Няслаба ты, брат, нагрузiўся! Можа, грыбоў назбiраў?» — «Не, —сказаў нейкаму дзядзьку. — У лесе хiба лiсiчак трохi знайшлi... Гэта з агарода ўсё...»

На тым i разышлiся. Я амаль да прыпынку ўжо дапоўз (бо цяжка!) — спынiўся, каб дух перавесцi, i толькi тут схамянуўся, што мабiльнiк забыў у Мiколы на стале. Рвануў назад. Але ж з тымi «вядзерцамi» хiба разгонiшся?

I кiнуць iх не выпадае. «Што, брат, перадумаў з'язджаць?» — чую з-за таго ж плота. — «Не, — кажу, — тэлефон у гасцях забыў». — «А ў каго ты быў, цi далёка? Можа, на машыне цябе падкiнуць?» — «Ды не, тут блiзка, — адказваю, — павiнен паспець». — «Дык ты хоць вандзэлкi свае пакiнь. Без iх табе лягчэй будзе!»

Вось гэта — тое, што трэба! Скiнуў я свой заплечнiк, паставiў за брамкай клункi i на пяту...

Хвiлiн праз 20 вярнуўся з тэлефонам. Усё забраў, падзякаваў чалавеку, паспеў на аўтобус».

...Колькi часу з таго дня прайшло, а муж дагэтуль нiчога не забыў, ён усё яшчэ пад уражаннем. Кажа (асаблiва як чарку возьме), што тут, у горадзе, чалавек — можна сказаць, не чалавек. Нi ён нiкога не ведае, нi яго... У вёсцы ж зусiм наадварот. Там усе i ўсё навiдавоку, там добрых, працавiтых людзей за вярсту вiдаць!

Карацей, мы таксама думаем пра хату ў вёсцы. I, здаецца, нават ведаем, у якой. У той, дзе жыве Мiкола з жонкай i дзе ў мужа майго раптам з'явiўся брат.

А. Суботка, г. Мiнск

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар

Ад яе ж...

Р.S. Калi нейкая з гiсторый вам спадабалася, прымусiла ўсмiхнуцца, не скупiцеся — падзялiцеся гэтай усмешкай з iншымi: перадайце газету суседу, супрацоўнiку, знаёмцу, i тады «Звязда», магчыма,
знойдзе новых падпiсчыкаў, а то i аўтараў.

Не хочаце перадаваць? Што ж — гэта таксама па-нашаму. Тады пакладзiце нумар у нейкую шуфляду. Потым, калi раптам стане маркотна, дастанеце i пачытаеце: словы — гэта праверана — па-ранейшаму лечаць. Ад нуды — гарантыя.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.