Вы тут

У Вiцебску кiпiць работа на мясцовай будоўлi стагоддзя: iдзе рэканструкцыя пуцеправода


У горадзе такiх аб'ёмаў работ яшчэ не было. Будаўнiкi, а гэта каля трох сотняў рабочых i спецыялiстаў, працуюць кругласутачна. У iх лiку — прадстаўнiкi Мiнска i Магiлёўшчыны. На аб'екце задзейнiчана прыблiзна семдзесят грузавiкоў, кранаў, грэйдараў i iншай тэхнiкi. Даўжыня гiганцкай канструкцыi пуцеправода — каля 400 метраў, шырыня — амаль 45. Агульная плошча тэрыторыi, на якой працуюць будаўнiкi, большая за 20 гектараў. Былi знесены нават асобныя суседнiя будынкi, якiя перашкаджалi, робяцца новыя з'езды на вулiцы i г. д. Мост абыдзецца прыкладна ў 100 мiльёнаў рублёў.


Пуцеправод, якi знаходзiцца каля чыгуначнага i аўтамабiльнага вакзалаў, для абласнога цэнтра знакавы, бо праз яго пойдзе аўтамабiльны транзiт з Расiйскай Федэрацыi i ў адваротным кiрунку. Невыпадкова старшыня аблвыканкама Мiкалай Шарснёў, кiраўнiцтва горада пастаянна кантралююць ход рэканструкцыi, каб здаць пад ключ важны i складаны аб'ект сёлета восенню.

А таму робiцца ўсё магчымае i нават немагчымае, каб паскорыць работы. У моста цяпер статус абласной маладзёжнай будоўлi. Хлопцы i дзяўчаты могуць зрабiць свой унесак у яго ўзвядзенне ў складзе будаўнiчых атрадаў. Iм падзякуюць за гэта не толькi вiцябляне.

Але пакуль у гараджан шмат праблем i нязручнасцяў з-за часовай змены схемы праезду. У прыватнасцi, грамадскi транспарт вымушаны «накручваць» лiшнiя кiламетры, каб даставiць пасажыраў на месца. Затое потым пад пуцеправодам будуць праязджаць электрычкi, цягнiкi з грузамi.

Паралельна з асноўнымi работамi ўжо iдзе добраўпарадкаванне i азеляненне наваколля. У час святкавання абласных «Дажынак» у Вiцебску запланаваны афiцыйны запуск транспарту. I зноў будуць курсiраваць па пуцеправодзе трамваi. Дарэчы, менавiта Вiцебск стаў першым у сучаснай Беларусi горадам, дзе пачалася рэгулярная эксплуатацыя электрычнага трамвая — у чэрвенi 1898 года. Заўважце, на год раней, чым у Маскве. А ў Мiнску першы трамвай з'явiўся толькi ў 1929-м.

Аляксандр ПУКШАНСКI

Фота Алега КЛІМОВІЧА

Загаловак у газеце: Аб'ект № 1

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?