Вы тут

Пуцёўкі ў санаторыі патаннеюць, адключэнні гарачай вады перанясуць


Спецыялісты адказалі на пытанні па распаўсюджанні COVID-19

У краіне зарэгістраваны 4 202 чалавекі з наяўнасцю каранавіруснай інфекцыі (адлік вядзецца з моманту выяўлення першага выпадку). 65 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Памерла 40 чалавек з шэрагам хранічных хвароб і выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.

На актуальныя пытанні па распаўсюджанні COVID-19 адказалі прадстаўнікі Міністэрстваў аховы здароўя і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

Медыцынскія аспекты агучыў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, звароту грамадзян і юрыдычных асоб Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Пацееў.


Экспрэс-тэсты з’явяцца ў краіне на гэтым тыдні, праўда, не для масавага выкарыстання

– Колькі выпадкаў і хворых у школах і дзіцячых садках?

– Зарэгістравана 116 дзяцей, інфікаваных COVID-19. Яны хварэюць у бессімптомнай ці лёгкай форме. Усе дзеці, у тым ліку кантакты першага і другога ўзроўню, шпіталізаваны. Дзяцей у цяжкім стане, якім патрабуецца штучная вентыляцыя лёгкіх, у краіне няма. Па працэнту захварэлых дзяцей мы не адрозніваемся ад іншых краін.

– Як пераносяць інфекцыю дзеці малодшага ўзросту?

– Захворванне працякае ў лёгкай ці бессімптомнай форма. Калі з’яўляюцца катаральныя з’явы, яны тыповыя – слабасць, вяласць, адмова ад ежы, магчымыя млоснасць і рвота, павышэнне тэмпературы да субфібрыльнай, ліхаманка.

– Хутка трэба ісці ў дзіцячы садок. Як атрымаць даведку?

– Калі вы проста афармляецеся ў дзіцячы садок, то атрымаеце даведку па выніках раней пройдзенай дыспансерызацыі. Калі ісці трэба пасля перанесенага захворвання і знаходжання дома ,то мы не зачынялі паліклінікі, а толькі раздзялілі патокі пацыентаў. Варта патэлефанаваць у рэгістратуру, і вам падкажуць, у які час неабходна прыйсці.

– Ці будуць адменены даведкі аб стане здароўя для абітурыентаў?

– Калі абітурыент прайшоў медагляд раней, ён можа атрымаць даведку. Калі яшчэ варта праходзіць, то лепш пачакаць, калі эпідэміялагічная абстаноўка стане больш спрыяльнай – да чэрвеня час яшчэ ёсць.

– Калі з’явяцца экспрэс-тэсты на COVID-19?

– На гэтым тыдні мы чакаем пробную партыю. З яе дапамогай мы адпрацуем алгарытм работы. Экспрэс-тэсты маюць пэўныя асаблівасці выкарыстання і мэтавую аўдыторыю. Масавага выкарыстання экспрэс-тэстаў мы не плануем да атрымання станоўчых вынікаў апрабацыі, паколькі яны яшчэ не зарэгістраваны ў Беларусі. Пытанне аб свабоднай рэалізацыі таксама разгледзім, калі яны пройдуць апрабацыю.

– Дзе і калі ў Беларусі можна будзе здаць тэст на COVID-19? Чаму ў дыягностыцы не задзейнічаны прыватныя лабараторыі?

– На сёння ёсць дзве групы паказанняў для правядзення тэстаў – клінічныя і эпідэміялагічныя. Зыходзячы з гэтых крытэрыяў, мы абследуем насельніцтва. Ёсць тры прыватныя лабараторыі, якія ўдзельнічаюць у лабараторнай дыягностыцы па COVID-19. Усяго на сёння іх задзейнічана 24.

– Якія першыя сімптомы каранавіруса?

– Найбольш часты – ліхаманка, ён сустракаецца ў 20-80% інфіцыраваных, некаторых хворых пачынае трэсці (да 40%), таксама магчымыя задышка, кашаль, боль у горле, дыарэя. Можа закласці нос.

– Агучце прыкметы бессімптомнага працякання хваробы? Ці можа яно прывесці да смерці?

– Бессімптомнае цячэнне – гэта поўная адсутнасць усялякіх сімптомаў і прыкмет, фактычна гэта носьбіцтва, і мы яго выяўляем толькі ў выпадку дыягностыкі. Вірус у арганізме ёсць, але чалавек не хварэе, і такі стан прывесці да смерці не можа.

– Чаму не спынены прафагляды?

– Іх неабходнасць прапісана ў заканадаўстве і адказнасць за гэта ляжыць на наймальніку. З улікам таго, што ў паліклініках раздзелены плыні пацыентаў, прафагляды праводзяцца.

– Ці магчымая выдача бальнічных з бранхіяльнай астмай больш, чым на 12 дзён?

– У нарматыўных дакументах на гэты конт нічога не мянялася. Усё залежыць ад цяжару захворвання, стану пацыента, індывідуальных асаблівасцяў цячэння.

– Тэрмін інваліднасці заканчваецца ў маі. Ці магчыма яе аўтаматычнае падаўжэнне ці зноў трэба ісці ў паліклініку?

– Аўтаматычнага падаўжэння інваліднасці ў нас не плануецца. Гэта пытанне рэгулюецца заканадаўствам. З улікам таго, што стан здароўя можа мяняцца, трэба праходзіць медыцынскі агляд.

– Знаходжуся на самаізаляцыі як кантакт першага ўзроўню. Ці выдадуць мне бальнічны або давядзецца “харчавацца паветрам”?

– Ёсць пастанова Савета міністраў №208, якое прадугледжвае выдачу лісткоў непрацаздольнасці кантактам першага ўзроўню на ўвесь перыяд самаізаляцыі. Паветрам харчавацца не давядзецца.

– Навошта скарачаюць тэрмін самаізаляцыі кантактаў першага ўзроўню да 3-5 дзён?

– Тэрмін самаізаляцыі кантактаў першага ўзроўню 14 дзён і яго ніхто не скарачае.

Паслугі беларускіх санаторыяў патаннеюць на 10-40%

На пытанні пра санаторна-курортнае лячэнне ў цяперашні час адказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

– Якія меры прымаюцца ў санаторыях, каб не дапусціць завозу інфекцыі?

– Мы прынялі рашэнне абмежаваць накіраванне на санаторна-курортнае лячэнне, у прыватнасці, цалкам спыніць яго для непрацуючых пенсіянераў і інвалідаў. Акрамя гэтага, мінімізуем рызыкі на этапе рэгістрацыі новых адпачывальнікаў: яны праходзяць тэрмаметрыю, агляд урача і толькі пасля гэтага магчымае засяленне.

– Якія меры сацыяльнага дыстанцыянавання прымяняюцца ў санаторыях?

– Адменены масавыя мерапрыемствы – экскурсіі, канцэрты, дыскатэкі. Харчаванне арганізавана ў некалькі змен з захаваннем дыстанцыі пры рассадцы у 1,5-2 метры. Сярэдняя запаўняльнасць цяпер па ўсіх санаторыях – 40%, таму гэтыя меры нескладана выконваць.

– Ці будзе раздзяленне пуцёвак па абласцях, каб, скажам, жыхары Мінска не завезлі інфекцыю ў санаторый Гродзеншчыны?

– Мы прадугледжваем тэрытарыяльны прынцып размеркавання пуцёвак і выкарыстоўваем яго для працуючых дарослых і дзяцей.

– Колькі санаторыяў у Беларусі закрыта на каранцін?

  • Ніводнага. Ёсць некалькі тых, якія працуюць у абмежаваным рэжыме, яшчэ два не працуюць па рашэнні ўласнікаў у сувязі з нізкай загрузкай і глыбінёй продажаў пуцёвак.

– Ці знізяцца цэны на пуцёўкі для беларусаў у сувязі з тым, што замежнікі да нас не прыедуць?

– Уласнікі прымаюць меры па актывізацыі працы на ўнутраным рынку. Штогод больш за 200 тысяч замежных грамадзян праходзілі ў нас санаторна-курортнае лячэнне. Шукаем варыянты па кампенсацыі гэтага кантынгенту, уласнікі зніжаюць цэны ад 10 да 40% на пэўныя віды паслуг з улікам масавых адмоў ад браніравання на красавік-май. Тыдзень таму ўзровень рэалізацыі на ўнутраным рынку павысіўся на 70%. Спадзяемся, што беларусы будуць карыстацца нашымі санаторыямі.

– Як санаторыі рыхтуюцца да летняга сезону?

– Пакуль у планавым парадку. Апошнія некалькі гадоў у летні час запаўняльнасць складала 100%, а попыт перавышаў прапанову. Спадзяемся, што гэтым летам замежных гасцей заменяць грамадзяне нашай краіны.

– Ці ёсць план дзеянняў на выпадак выяўлення каранавіруса ў санаторыі?

– Алгарытмы дзеянняў існуюць і зацверджаны з мясцовымі медыцынскімі ўстановамі і санітарна-эпідэміялагічнай службай. Санаторыі забяспечаны сродкамі для аховы супрацоўнікаў і правядзення супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Праводзіцца штодзённая бягучая дэзінфекцыя, а таксама ўборка з выкарыстаннем дэзінфікуючых сродкаў, даступныя санітайзеры, праводзіцца дадатковае кварцаванне.

– Якім чынам кампенсуюць адпачынак у беларускіх санаторыях за мяжой тым, хто завяршыў яго датэрмінова з-за закрыцця граніц?

– Сапраўды, з нашых пяці санаторыяў у Літве, Латвіі і Расіі мы вымушаны былі вывезці адпачывальнікаў. Наша пазіцыя такая: прадаставіць магчымасць завяршыць аздараўленне па пуцёўцы, калі засталося пяць і больш дзён. Гэта стане магчымым, калі паездкі за мяжу будуць адноўлены.

Майскія адключэнні гарачай вады перанясуць на верасень

Пытанні працы жыллёва-камунальнай гаспадаркі асвяціў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.

– Як даведацца, ці праводзілася дэзінфекцыя пад’езда?

– Рэкамендуем праводзіць дэзінфекцыю пад’ездаў раз на суткі. У месцах, дзе вывешваюцца графікі ўборкі павінна рабіцца адпаведная адзнака.

– Хуткая забрала нашу суседку. Імкнуліся дабіцца апрацоўкі пад’езда ад ЖЭСу…

– У выпадку выяўлення ўзбуджальніка інфекцыі апрацоўку праводзяць санітарна-эпідэміялагічныя цэнтры, а не ЖЭС. Яны робяць гэта па факту, тэлефанаваць туды не трэба

– Чаму не праводзіцца дэзінфекцыя вуліц і дваровых тэрыторый у буйных гарадах?

– Гэта не так – яна праводзіцца ў адпаведнасці з узгодненымі з цэнтрамі гігіены і эпідэміялогіі планамі. Апрацоўка дэзсродкамі вулічна-дарожнай сеткі выконваецца раз на суткі з наступнай прамыўкай тэхнічнай вадой. Таксама раз на суткі праводзіцца дэзінфекцыя прыпыначных пунктаў, а падземных і наземных пешаходных пераходаў і платформ – двойчы на суткі. Толькі ў Мінску на вулічна-дарожнай сетцы штодзень задзейнічана больш за 500 адзінак дарожнай тэхнікі, у тым ліку каля 180 палівачных машын.

– У Мінску з 11 мая пачынаюцца адключэнні гарачай вады. СААЗ раіць рэгулярна мыць рукі. З адсутнасцю гарачай вады не ўсе змогуць рабіць рэгулярна і якасна гігіенічныя працэдуры…

– Мы разумеем гэту праблему. Па рашэнні мясцовых распарадчых органаў пастараемся перанесці майскія адключэнні на верасень. У цэлым прафілактычных адключэнняў не пазбегнуць, гэта залог бяспекі ў зімовы перыяд.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».