Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Незвычайныя спосабы афарбоўкі яек

З набліжэннем Вялікадня кожны задумваецца, як бы і чым пафарбаваць яйкі. Калі традыцыйныя спосабы надакучылі, трэба шукаць нешта новае.

Каб яйкі не патрэскаліся падчас варкі, іх загадзя трэба дастаць з халадзільніка, каб яны прагрэліся да пакаёвай тэмпературы. Не пашкодзіць і бабуліна парада: у ваду можна дадаць сталовую лыжку солі.

З дапамогай сурвэтак

Спатрэбіцца: яйкі, 2-5 колераў фарбы для яек ці харчовая фарба, папяровыя сурвэткі, ватовыя палачкі.

Для пачатку яйкі добра прамыць вадой з дапамогай вяхоткі. Затым пакласці іх у каструлю, заліць вадой, дадаць соль і варыць. Калі вада закіпіць, патрымаць на невялікім агні 10 хвілін, затым зліць ваду, заліць халоднай вадой і астуджаць 5-10 хвілін. Пасля дастаць яйкі з вады і сушыць. Цяпер яны гатовыя для афарбоўкі. Фарбу развесці вадой і ў кожную ёмістасць пакласці ватовую палачку. Яйкі загарнуць у сурвэтку, прамачыць сурвэтку фарбай (з дапамогай палачкі). Важна, каб уся сурвэтка прамокла і прыліпла да яйка, пакідаючы на шкарлупіне плямы. Пакласці яйкі на талерку і пакінуць на 20—30 хвілін. Затым зняць паперу, яйкі прамыць, прасушыць і змазаць алеем. Яйкі атрымліваюцца далікатных вясновых колераў. Гэты метад падыходзіць тым, хто любіць займацца творчасцю і маляваць.

...пены для галення

Спатрэбіцца: яйкі, 2-5 колераў фарбы для яек ці харчовая фарба, пена для галення, папяровыя ручнікі.

Яйкі адварыць і падрыхтаваць, як і ў папярэднім рэцэпце. На талерку выціснуць пену для галення з разлікам, каб пена пакрыла яйкі з усіх бакоў. Час для творчасці! На пену па жаданні і гусце накапаць фарбу. Драўлянай палачкай фарбу змяшаць, робячы ўзор. Затым акуратна апусціць яйкі ў пену і лыжкай або сіліконавай лапаткай размазаць пену па яйках, каб яны былі цалкам пакрытыя ёй. Праз 20 хвілін дастаць яйкі з пены з дапамогай лыжкі і перакласці на талерку, пакрытую папяровым ручніком. Пачакаць яшчэ 10 хвілін, затым прамыць яйкі пад струменем вады, прасушыць і змазаць алеем. Гэты спосаб афарбоўкі спадабаецца дзецям, бо працэс маляўнічы і займальны.

...зялёнкі і цыбульнай шалупіны

Раствор зялёнкі — гэта арганічная фарба.

Спатрэбіцца: яйкі, 1 ст. л. зялёнкі, 1 ст. л. солі, жменя цыбульнай шалупіны, марля, нітка, лісточкі, кветкі або іншыя прыродныя матэрыялы.

Для пачатку яйкі добра прамыць вадой з вяхоткай. Цыбульную шалупіну нарэзаць на дробныя кавалачкі і падрыхтаваць марлю, нарэзаўшы яе на квадраты патрэбнага памеру. Яйкі змачыць вадой, абваляць у шалупіне цыбулі ці прыляпіць лісточкі або кветачкі. Кожнае яйка моцна завязаць у марлю, замацоўваючы яе ніткай. Яйкі пакласці у каструлю, заліць вадой. У ваду дадаць соль, зялёнку і варыць. Калі вада закіпіць, яйкі варыць на невялікім агні яшчэ 10 хвілін, пасля ваду зліць, заліць халоднай вадой і астуджаць 5-10 хвілін. Затым дастаць з вады, разрэзаць марлю, прамыць пад струменем вады і змазаць алеем.

Такім жа спосабам можна пафарбаваць яйкі, замяніўшы зялёнку сінькай. Яйкі атрымліваюцца насычанага колеру, з прыгожым узорам.

Маскі сваімі рукамі

Што рабіць, калі спатрэбілася выйсці ў люднае месца, маскі пад рукой няма, а шукаць яе ў аптэках не атрымліваецца? Можна зрабіць яе сваімі рукамі. Для некаторых з іх не патрэбныя ні швейная машынка, ні клей — такія маскі робяцца менш чым за хвіліну. Асноўным матэрыялам становяцца папяровыя ручнікі і туалетная папера, а таксама марля, антыбактэрыяльныя сурвэткі.

Абарона за хвіліну

Нам спатрэбяцца аднаразовыя кухонныя ручнікі і папярэдне нарэзаныя вяроўкі даўжынёй каля паўметра. Адрываем тры лісты і складваем так, каб атрымаўся трохслаёвы квадрат. Згінаем яго напалавіну і трохі адгінаем сярэдзінку, робячы зморшчыну, каб маска добра сядзела на носе. Бяром скотч і на палову яго шырыні праклейваем яе па краях з абодвух бакоў. Пераварочваем і кладзём на астатнюю частку скотча вяроўку так, каб па баках засталіся аднолькавыя завязкі. Пасля гэтага загінаем скотч паабапал вяровак. Такая аднаразовая маска прызначана для нядоўгага выкарыстання, скажам, адной паездкі ў грамадскім транспарце, пасля чаго яе трэба ўтылізаваць.

З туалетнай паперы

У многіх краінах падчас успышкі каранавіруса з крам у першую чаргу знікла туалетная папера. Пайшлі чуткі, што туалетная папера, сурвэткі і папяровыя ручнікі робяцца з той жа сыравіны, што і медыцынскія маскі. Зрабіць маску з туалетнай паперы можна гэтаксама, як і з папяровых ручнікоў, толькі згортваць яе давядзецца не ў тры слаі, а ў шэсць. Скотчам прымацоўваем вяровачкі і выкарыстоўваем у грамадскім транспарце.

Ватна-марлевая павязка

Маска, знаёмая з дзяцінства, калі ў шырокім продажы яшчэ не было аднаразовых медыцынскіх масак. Нам спатрэбяцца кавалкі марлі памерам 90*60 см і ваты памерам 15*15, таўшчынёй 1 см. Вату размяшчаем пасярэдзіне адрэзка марлі, падхінаем краі марлі так, каб атрымаліся тры пласты. Гатовую маску сшываем і прымацоўваем да яе вуглоў дзве пары завязак. Таксама марлю можна замяніць бінтам, складзеным у некалькі слаёў. Такую маску можна выкарыстоўваць шмат разоў, дастаткова пасля кожнага прымянення памыць яе і папрасаваць з двух бакоў.

Павязка з марлі

Дыхаецца ў ёй крыху лягчэй. Але марлю трэба скласці не ў тры слаі, а ў шэсць. Памер марлевай маскі ў гатовым выглядзе не больш за 15*20 см, інакш можна закрыць вочы. Прышываем завязкі або гумкі — марлевая маска гатовая. Яе таксама можна мыць і прасаваць.

Шматразовая з фільтрам

Для такой маскі спатрэбіцца квадратны адрэз шчыльнай бавоўны або лёну 45*45 см, дзве гумкі даўжынёй прыкладна па 18-20 см.

Тканіну складаем удвая, пасярэдзіне кладзём фільтр — нятканы матэрыял, напрыклад, высушаную вільготную сурвэтку, туалетную паперу або аднаразовы ручнік. Складваем тканіну ўдвая і збіраем гармонікам, зрабіўшы зморшчыны, як у аптэчных масках. Краі згінаем і прашываем уручную або на швейнай машынцы так, каб зверху засталася кішэнька для фільтра. Прасоўваем гумкі і завязваем іх вузельчыкам. Перавага такіх масак — у магчымасці самому выбраць дызайн, колер або нават упрыгожыць сродак абароны аплікацыяй.

Важна памятаць, што самаробныя маскі, як і аднаразовыя медыцынскія, трэба насіць так, каб яны шчыльна прылягалі да твару, цалкам закрывалі рот і нос. Маску можна выкарыстоўваць не больш за дзве-тры гадзіны, у адваротным выпадку яна можа спрыяць распаўсюджванню вірусаў, якія на ёй збіраюцца. Пасля некалькіх гадзін нашэння аднаразовыя маскі ўтылізуюць, а шматразовыя мыюць з антыбактэрыяльным мылам і прасуюць з двух бакоў. Знятую маску надзяваць паўторна не варта. Таксама не рэкамендуецца дакранацца нямытымі рукамі да надзетай маскі. І памятайце: вочы ў такой масцы ўсё роўна застаюцца неабароненыя, таму нават калі вашы рот і нос закрытыя, не дакранайцеся рукамі да вачэй.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.