Вы тут

Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў выстаўку ўнікальных артэфактаў


На пачатку бягучага года ў беларускай інфармацыйнай прасторы тэма вяртання культурных каштоўнасцей загучала з новай сілай. З’явілася шмат навін пра вяртанне каштоўных артэфактаў, стварэнне рэканструяваных, факсімільных копій, што паспрыяла актывізацыі абмеркавання розных аспектаў гэтага складанага працэсу ў Беларусі і свеце ўвогуле. Дзякуючы маштабнаму праекту, прысвечанаму 75-годдзю Вялікай Перамогі і рэалізаванаму Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым пры падтрымцы Міністэрства культуры, у Нацыянальным гістарычным музеі ўрачыста адкрылася выстаўка «Вайна і мір. Вяртанне», дзе можна ўбачыць шмат цікавых экспанатаў.


Фота Кастуся Дробава.

Праект аб'яднаў прадметы, якія Уладзімір Ліхадзедаў збіраў у розныя гады. Большая іх частка была вывезена з Беларусі і страчана ў часы войнаў. Выстаўка стала часткай праграмы «Вайна і мір. Беларусь памятае», асноўная ідэя якой — стварэнне экспазіцый, што дэманструюць гістарычны шлях беларускага народа ў жорсткіх войнах з 1812 па 1945 год, а таксама мірны час і сучаснасць.

— 75 гадоў Вялікай Перамогі — не проста дата. Гэта найцяжэйшы гістарычны перыяд. Трэба паказаць, што гераізм нашых продкаў, яго стрыжань фарміраваўся стагоддзямі, — адзначыў на адкрыцці праекта намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. — Любая ініцыятыва і дзейнасць сёння магчымыя толькі ў тым выпадку, калі ёсць энтузіязм, чалавек, які гарыць справай, альбо арганізацыя. Асаблівая роля ў гэтым праекце Уладзіміра Ліхадзедава. На базе яго калекцыі, якая збіралася доўгія гады, мы сёння гэтую грань Вялікай Перамогі дэманструем і чарговы раз акцэнтуем увагу на нашай гісторыі, унікальных момантах і артэфактах, якія захоўваюцца у нас у краіне. Адкрыццё выстаўкі супала з юбілеем Уладзіміра Аляксеевіча, і хацелася б павіншаваць яго ад імя Міністэрства інфармацыі і  выказаць вялікую ўдзячнасць за ўнёсак у захаванне беларускіх гістарычных культурных каштоўнасцей.

Унікальныя дакументальныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць гістарычнае мінулае беларускага народа, сабраны ў серыі кніг Уладзіміра Ліхадзедава. Экспазіцыі раскрываюць не толькі часы ваеннага ліхалецця, але і мірныя гады. У першай палове XX стагоддзя на долю беларусаў выпала шмат выпрабаванняў. Мірнае жыццё яны адстойвалі ў бітвах з войскам Напалеона ў Айчыннай вайне 1812 года, на франтах Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Частка экспанатаў падаравана Уладзімірам Ліхадзедавым Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Нацыянальнаму гістарычнаму музею. На адкрыцці выстаўкі ў дар музею перададзены паштоўкі з відамі беларускіх гарадоў, кнігі, сярэбраныя лыжкі і чарка XIX—XX стагоддзяў.

— Тэматыка выстаўкі — мір і вайна, — тлумачыць Уладзімір Ліхадзедаў. — Хочацца паказаць вяртанне да мірнага жыцця. Усё, што прадстаўлена на выстаўцы, вярнулася на сваю гістарычную радзіму. Спатрэбіліся дзясяткі гадоў, каб сабраць гэтыя ўнікальныя рэчы. Большая частка перададзена Нацыянальнай бібліятэцы, я рады, што некаторыя экспанаты прыняў у дар і Нацыянальны гістарычны музей. У асноўным я збіраю паштоўкі і фатаграфіі. Магу пахваліцца сваёй калекцыяй. Збіраю ўсё свядомае жыццё — 45 гадоў. Мне часта трапляюць цікавыя рэчы, і я не магу сабе адмовіць у тым, каб набыць, не магу прайсці міма. На выстаўцы прадстаўлены многія адмысловыя рэчы, якімі я магу ганарыцца. Гэта і медаль Стэфана Баторыя за ўзяцце Полацка, і Радзівілаўскі пісьмовы прыбор, полацкі дакумент 1596 года, унікальная каралеўская грамата 1623 года з калекцыі Тышкевічаў, падпісаная Жыгімонтам Вазам. Дакумент унікальны яшчэ і тым, што напісаны на беларускай мове.

Таксама дэманструюцца адмысловыя рукапісныя дакументы, карты, старадрукаваныя і рэдкія кнігі, перыядычныя выданні. Сярод іх — граматы XV—XVII стагоддзяў, унікальныя рукапісныя рэгістрацыйныя кнігі культавых устаноў XVIII—ХIХ стагоддзяў (метрыкі, кнігі перадшлюбных экзаменаў), кнігі беларускіх татар (кітабы), старадрукі XVIII стагоддзя. Ёсць асобнікі «Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў» (адной з першых беларускіх газет XIX стагоддзя) за 1841 год. — Выдавецкі дом «Звязда» і Уладзіміра Аляксеевіча звязваюць гады сяброўства і  супрацоўніцтва, — падкрэсліў дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў.

— Вельмі прыемна, што значная частка яго кніжнай спадчыны, якой, безумоўна, можна захапляцца, была выдадзена дзякуючы нашаму супрацоўніцтву. Я ўпэўнены, што ў нас вялікія перспектывы ў далейшым узаемадзеянні. Тым больш што ўсе кнігі і праекты Уладзіміра Ліхадзедава маюць вялікае значэнне для нашай краіны, яны папулярызуюць гісторыю, дапамагаюць ведаць яе не проста як тэорыю, а бачыць на свае вочы ўнікальныя артэфакты.

Праект прадугледжвае стварэнне на розных пляцоўках экспазіцый, якія дэманструюць гістарычны шлях беларускага народа. Кульмінацыяй стане маштабная выстаўка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў маі. У Нацыянальным гістарычным музеі выстаўка працягнецца да 22 красавіка 2020 года.

Даведка ЛіМа: Уладзімір Аляксеевіч Ліхадзедаў — лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2006  г.), заснавальнік гісторыка-асветніцкага праекта «У пошуках страчанага», аўтар больш за 20 кніг-альбомаў на 8 мовах свету, уладальнік буйной калекцыі рэдкіх выданняў. Праект «У пошуках страчанага» заснаваны на сабранай ім найбуйнейшай у свеце калекцыі паштовак і фотаздымкаў канца ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў, прысвечанай гістарычнай спадчыне Беларусі.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Гістарычны дух

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.