Вы тут

Без права перапіскі. Гісторыя аднаго зламанага сталінскімі лагерамі чалавечага лёсу


...Першы данос на майго роднага дзядзьку Фёдара Парфёнавіча Барысава зрабіў яго аднавясковец і, як хутка дазналіся, з-за дзяўчыны. А потым махавік «хапуна» ўжо не спыняўся — ламаў чалавека ўсё жыццё. Аб тым, як канкрэтна ўсё гэта было, дзядзька баяўся расказаць нават родным сёстрам: раптам прабалбочуцца — у вёсцы ж нічога не схаваеш... І толькі перад смерцю ён загаварыў. А я хоць нешта паспела запісаць.


Фё­дар Пар­фё­на­віч Ба­ры­саў.

Першы раз яго забралі ў 1929-м ноччу. У Петрыкаве, у памяшканні НКУС, яго дапыталі і, абвінаваціўшы ў антысавецкай прапагандзе ды прыхільнасці да былой улады, пазбавілі волі на пяць гадоў.

За гэты час дзяўчына, якую ён кахаў, выйшла замуж.

Другі раз арыштавалі ў 1937-м, забралі разам з дзядзькам Мінам, бацькавым малодшым братам, проста з сенакосу. Завезлі ў знаёмыя памяшканні, запісалі прозвішчы, гады нараджэння, месцы жыхарства. Ноччу адправілі ў Мазыр. Там да раніцы пратрымалі ў царкве, потым па дзесяць чалавек сталі выклікаць. Дзядзька Міна трапіў у першую дзясятку. Ад яго, калі вернецца, Фёдар спадзяваўся хоць нешта пачуць. Але марна: дзядзька, які шчыра верыў (і Фёдару казаў!), што гэты арышт — нейкая памылка, што зараз ва ўсім разбяруцца, адпусцяць, назад так і не вярнуўся.

Фёдара выклікалі бліжэй да вечара, пагрузілі ў «варанок», некуды прывезлі. Камера, у якую ўрэшце ўпіхнулі яго ахоўнікі, была перапоўнена. Людзі — па двое, па трое — сядзелі, ляжалі на нарах і на падлозе паміж імі. Фёдар азіраўся, шукаў, дзе б прыткнуцца, калі яго паклікаў пажылы чалавек з Камаровіч. «Цесната — не бяда, — сказаў ён хлопцу. — Да раніцы папрастарнее».

І сапраўды: у камеры ўсю ноч бразгалі дзверы — ахоўнікі забіралі вязняў і назад прыводзілі далёка не ўсіх. Нары пусцелі. Фёдар двое сутак нічога не піў, не еў, ад бяссоння разрывалася галава. Раніцай урэшце ўнеслі бак з падсалоджанай цеплаватай вадой, далі па лусце хлеба...

Колькі пасля гэтага «снедання» праспаў, ён не ведаў. Расштурхаў усё той жа селянін з Камаровіч: Фёдара выклікалі на допыт.

— Колькі гадоў супрацоўнічаеш з дэфензівай? — пытаўся следчы.

— А што такое дэфензіва? — не разумеў яе «арыштаваны». — Я слова такога ніколі не чуў.

Следчы не верыў, крычаў, што ён вораг, даводзіў, што калі прызнаецца, будзе менш сядзець у турме.

— Але за што?

Гэтага следчы, вядома ж, не тлумачыў. Ахоўнік вывеў Фёдара з кабінета і ўпіхнуў назад у камеру. Дзядзька з Камаровіч (і таксама пасля допыту) быў ужо там — выплёўваў у парашу ўласныя зубы, якія павыбівалі за тое, што гэта ён нібыта патруціў калгасных авечак.

Фёдар сказаў, што яго абвінавачваюць у супрацоўніцтве з польскай разведкай. Нехта з вязняў тут жа параіў ні ў якім разе не купляцца на абяцанкі следчага, бо расстраляюць як шпіёна, прычым тут жа...

Сярод ночы яго зноў выклікалі на допыт і доўга білі. Цяпер ужо ён выплёўваў зубы і прымаў прысуд нейкай асаблівай тройкі: артыкул 58, дзесяць гадоў пазбаўлення волі без права перапіскі.

У наступную ноч яго і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек вывезлі ў Бабруйск, дзе ўжо не білі, а ганялі ў крэпасць — засыпаць казематы. Праца была цяжкая, аднастайная, а з ежы — кавалак хлеба і вада. Адзенне ламалася ад бруду, лапці парваліся.

Дзён праз колькі на досвітку іх адправілі на чыгунку, выдалі па высахлым бохане хлеба і па рудым селядцы. З гэтым багаццем (пакласці яго не было куды) зганялі ў вагоны. Каля дзвярэй там стаяў бак з вадой і конаўкай на ланцугу. У процілеглым куце ў якасці «прыбіральні» была дзірка ў падлозе.

Везлі іх некалькі дзён, цягам якіх Фёдар дзякаваў лёсу за тое, што не з'еў селядца (ён выслізнуў з рук пры пагрузцы), бо вады на ўсіх не хапіла — людзі знемагалі ад смагі.

У Архангельску іх выгрузілі каля глухога прычала. Не ўсіх: некалькі чалавек засталося ляжаць у вагоне. Фёдару хтосьці ўсунуў у рукі нейкі вузельчык (потым убачыў: там быў кавалак сухога хлеба, абмылак і невялічкі ножык), даў пінжак. Ён прыйшоўся вельмі дарэчы, бо халодны кастрычніцкі вецер працінаў да касцей.

У гэты ж дзень іх пагрузілі ў трумы баржаў, люкі зачынілі наглуха. Яны некуды плылі. Нечыстоты з перапоўненай парашы выліваліся, расцякаліся па падлозе пад людзей, якія ляжалі тут жа...

Па тым, што перастала гайдаць баржу, «падарожнікі» здагадаліся, што некуды прыплылі — прыадчыніўся люк... І тут жа прагучаў загад нейкаму Мітрохіну, каб зачыніў яго, бо няма чым дыхаць — смурод ідзе аж на палубу.

— А як тады людзям у труме?

— З імі няма чаго важдацца. Там не людзі, а ворагі народа: утапіць разам з баржай і ўсё...

У Салавецкім манастыры нявольнікаў было шмат, таму хвалі Белага мора панеслі гэтыя баржы далей, час стаў суцэльнай ноччу, цягам якой іх такі прывезлі ў незнаёмы порт.

Прагучаў загад вылазіць, але ніхто не «паслухаўся». Аднаму з ахоўнікаў давялося спусціцца ўніз і нагамі, па чарзе, «перабіраць» ляжачых. Тых, хто падаваў прыкметы жыцця, прымушалі па лесвіцы выпаўзаць наверх. У выніку на палубе, а потым на беразе апынулася ўсяго некалькі чалавек (і Фёдар таксама). Зямля ў іх пад нагамі хадзіла хадуном. Яны падстаўлялі далоні, лавілі імі снег і тут жа злізвалі. Па руках поўзалі вошы.

Беламорска-Балтыйскі канал, які пачаў будавацца яшчэ пры Пятру, пашыралі рукамі «ворагаў народа». У бараках даўжынёй 300-400 метраў размясцілі тысячы нявольнікаў. У іх не было прозвішчаў (іх замянілі нумарамі, якія нашываліся на адзенне, вопратку і нават на шапкі). І яны самі наладжвалі быт: кармілі клапоў, сляпіліся пры дымных лямпах, елі хлеб ды баланду з рыбай (сабак пры ахове кармілі мясам). Людзі хварэлі (многіх губіла цынга) і паміралі, шмат хто не вытрымліваў — зводзіў рахункі з жыццём. На гэта ніхто не звяртаў увагі. Затое вечарам і раніцай абавязкова пералічвалі тых, хто ішоў на работу і з работы.

А баракі па-ранейшаму будаваліся: замест памерлых «ворагаў» прыганялі ўсё новых і новых. З «папаўненнем» у лагер прыйшла навіна, што Германія напала на Савецкі Саюз. Хто-ніхто (і Фёдар) звярнуўся тады да начальніка лагера з просьбай адправіць на фронт. Той у адказ хіба рассмяяўся: маўляў, вас выпусці — тут жа будзеце з немцамі...

Аднак работа па прачыстцы каналаў была спынена. Частку вязняў (і зноў жа Фёдара) ляснымі дарогамі пагналі пад Архангельск. Ісці была вельмі цяжка, асобныя часам не вытрымлівалі — падалі або, змогшыся, садзіліся на ўзбочыну. Пры іх заставаліся ахоўнікі — на нейкі час адставалі, а потым даганялі...

Сярод іх быў юнак з «папаўнення», здаецца, з Масквы, які пастаянна хацеў есці. Балюча было глядзець, як вылізваў кашу з міскі , як прагна глядзеў на амаль паспелую марошку. І тады, можна сказаць, не чуў крыку ахоўнікаў, што крок улева-ўправа — расстрэл... Урэшце ён не вытрымаў: кінуўся да ягад, сарваў і, застрэлены, упаў тварам у ягаднік.

...Каля Архангельска яны валілі дрэвы, уручную тралявалі, распрацоўвалі дзялянку за дзялянкай. Потым Фёдар трапіў у так званы спецнарад: разам з брыгадай рабіў скрынкі для снарадаў, для рыбы. Забіралі іх жанчыны на грузавіках. Яны, вядома ж, бачылі знясіленых зэкаў, сёе-тое, магчыма, чулі і таму, хаваючы ў смецце, прывозілі хоць трохі рыбы. З яе варылі юшку, не солячы, бо соль была за багацце.

Ад цынгі лячыліся адварам з ігліцы, чакалі перамогі, якая ўрэшце прыйшла, але не для іх: «ворагі» сталі будаваць жыллё для палонных немцаў, прычым яно было значна лепшае — з электрычнасцю, лазняй, бальніцай, з новай дарогай да горада...

Зрэшты, яна была і раней, але вузкая. Месцамі сталі пашыраць і жахнуліся: з каўша экскаватара пасыпаліся чалавечыя косці і чарапы! На двое сутак потым работы спынілі — мянялі праект. І зямлю «на месцы» больш не капалі: грунт сталі завозіць аднекуль. Дарога пралягала на касцях. Вось чаму ў тых мясцінах не заставалася могілак: нябожчыкаў кідалі ў кар'еры разам са смеццем і друзам.

Надышоў кастрычнік 1947-га: мінула дзесяць гадоў, Фёдар застаўся жывы! Калі ён (вядома ж, з дазволу старэйшага ахоўніка) зайшоў і паведаміў пра гэта начальніку лагера, у таго адвісла сківіца! Не можа быць!

У запыленых архівах не знайшлося яго папер: яны знікалі і разам з людзьмі, і без, а справа Фёдара, знікла. Мусіць, знікла таму, што нехта нават думкі не дапускаў, што чалавек у нечалавечых умовах мог столькі пражыць.

Амаль паўгода недзе «наверсе» вырашалі, што з ім рабіць: трымаць далей як быццам, не выпадала, а выпусціць — можа нешта расказаць. «Саламонава рашэнне» знайшлі: свабода, але з забаронай (на год, больш гэты здыхлік наўрад ці працягне) жыць на радзіме.

Фёдар дзесяць гадоў размаўляў па-руску, папер не было, і тыя, хто вырашаў яго лёс, накіравалі яго ў... Беларусь.

Да яе трэба было неяк дабрацца. Платай за дзесяць гадоў катаржнай працы стаў білет на цягнік і даведка аб тым, што рашэннем Архангельскага суда яму прадпісана пражыванне ў Жыткавічах.

Ахоўнік завёз яго на чыгунку, пасадзіў на цягнік. У кішэні Фёдар намацаў кавалачкі хлеба, што далі ў лагеры, але ад хвалявання есці не змог. На ватніку і штанах чарнелі латкі ад споратых нумароў. З сухарамі, што былі ў кішэні, даехаў да месца, трапіў у аддзел НКУС. Там паглядзелі яго даведку і адправілі на камбінат будаўнічых матэрыялаў. У Кажановічах дапамаглі адшукаць кватэру. Родным пісаць забаранілі, есці не было чаго. Шчасце, што гаспадыня, у якой спыніўся, час ад часу знаходзіла яму «халтуру»: Фёдар дапамагаў удовам з рамонтам пабудоў і платоў, сек дровы. Плацілі яму хто бульбай, хто літрам малака ці яйкамі. У садзе гаспадыні было шмат яблыкаў, смаку і паху якіх ён не помніў. А галоўнае, што побач з гаспадыняй жыла жанчына, сястра якой была замужам у яго родных мясцінах! Пачуўшы пра гэта, ён заплакаў ад радасці.

Праз тую кабету перадаў сваім, што жывы (пісаць баяўся). Да яго прыйшлі сёстры Мар'я і Ганна. Ад іх Фёдар даведаўся, што ў кастрычніку таго ж 1937 года забралі яго братоў Змітра і Івана (абодва зніклі бясследна), а маці памерла два месяцы таму, і што хутар ужо дзесяць гадоў не існуе.

У ліпені 1949 года Фёдару дазволілі пасяліцца на радзіме, зажыць разам з бацькам, пайсці працаваць у сталярную майстэрню. Аднак трывога па-ранейшаму заставалася, бо неяк нос у нос сутыкнуўся з былым старшынёй сельсавета, па ўказцы якога толькі за 1937—1938 год з яго Брынёва ды ваколіц знікла больш за 100 чалавек (вярнуліся толькі Фёдар ды Юрка Пабылоўскі, хворы настолькі, што хутка памёр).

Прадчуванне не падманула. У студзені 1950-га ў хаце з'явіўся ўпаўнаважаны Петрыкаўскага НКУС і загадаў збірацца. Маўляў, паступіла заява, што ён вядзе антысавецкую прапаганду.

У Петрыкаў паехалі на адзінай на той час паўтаратонцы. Гэтым разам ужо не білі, толькі зачыталі пастанову аб высылцы ў Сібір — на дзесяць гадоў. Дазволілі напісаць родным. Тыя паспелі сабраць цёплыя рэчы і сякія-такія харчы. На гэты раз Фёдар (ды іншыя) апынуўся ў вёсцы Пешкава, у далёкай Новасібірскай вобласці. Жыў у маленькай хацінцы, на хлеб зарабляў паляваннем, бо з калгасных заробкаў апух бы з голаду.

Калі ў сакавіку 1953 года памёр «самы мудры правадыр», палёгка не наступала. Хрушчоў тады асмеліўся сказаць пра злачынствы сістэмы, пра генацыд уласнага народа, а вось спыніць яго...

У родную вёску Брынёў Фёдар дабраўся ў канцы 1955-га. Яму было шэсцьдзясят — пара на заслужаны адпачынак, а стажу... няма. Пенсію прызначылі ў памеры восем рублёў. Ці можна за іх пражыць, не маючы ні маёмасці, ні дапамогі, ні здароўя, нікога не цікавіла. Са станцыі Капцэвічы (гэта за дзесяць вёрст) ён торбачкай насіў цэмент, каб зрабіць помнік на магілцы маці. Тая глыбачка стаіць і цяпер. Ён пахаваны побач. За яго загубленае жыццё ніхто не папрасіў прабачэння.

...Раней мы стоячы слухалі «Бухенвальдскі набат», ведалі пра Асвенцім, Майданак, Дахау, з нецярпеннем некалі чакалі Нюрнбергскага працэсу. Але мы ніколі, відаць, не дазнаемся аб нумарных лагерах, дзе гінулі зажыва пахаваныя. Іх ніхто не палічыць, не напіша песні «Стогны гулагаў», бо напісаць пра гэта значыць прызнаць нікчэмнасць сістэмы, якая губіла свой жа народ. А як прызнаць, калі многія і сёння гатовы маліцца на свайго былога правадыра.

...На твары майго дзядзькі Фёдара Парфёнавіча Барысава ніколі не было ўсмешкі — толькі боль, які не адпусціў яго аж да канца жыцця.

Ніна АЧАПОЎСКАЯ, г. Петрыкаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.