Вы тут

У Любанскім раёне пякуць хлеб па бабуліных рэцэптах


Хлеб на стале — дабрабыт у доме. Менавіта так лічаць людзі старэйшага пакалення, што перажылі цяжкія часіны. А калі яшчэ пакаштаваць пахучы бохан, зроблены сваімі рукамі, які толькі што вынялі з вясковай печы! Менавіта свойскі хлеб па старадаўніх рэцэптах выпякаюць у вёсцы Жораўка Любанскага раёна. А слава аб прадукцыі мясцовых майстрых грыміць па ўсёй краіне. Іх рамяство ацанілі па заслугах: у лютым 2020 года гэты хлеб унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.


Падрыхтоўка да выпякання хлеба — працэс складаны.

Жораўскі дом народных традыцый лічыцца цэнтрам, дзе адрадзілі хлебапячэнне нашых продкаў. Знешне будынак нагадвае звычайную вясковую хату.

— Калісьці тут жылі людзі. У спадчыну ўступіла іх дачка. Яна мела сваё жыллё ў іншым населеным пункце. Дом у яе выкупіла ААТ «Забалацкі» для пражывання сваіх работнікаў, але ён так і стаяў незапатрабаваны, — расказала старшыня Рачэнскага сельвыканкама Святлана Швед. — І сельгасарганізацыя перадала яго ў Любанскі аддзел культуры, які падтрымаў ідэю стварэння тут Дома народных традыцый, дапамог адрамантаваць будынак.

— Мы прыбралі сцены, навялі парадак, — канстатуе загадчыца дома народных традыцый Ірына Жудрык. — Мноства цікавых прадметаў быту адшукалі ў старых дамах, якія пайшлі пад знос. Яны ўпрыгожылі памяшканне. Шмат рэчаў, што засталіся ад продкаў, прынеслі вяскоўцы.

Ну і вядома, якая ж вясковая хата без галоўнага атрыбута — печы. Яе адрамантавалі, пераклалі. Цяпер тут пякуць хлеб.

— У нашай радні ўсе займаюцца хлебам: і мае цёткі, і мама, у якой за плячыма 89 гадоў. Сямейны рэцэпт яго прыгатавання перадаваўся з пакалення ў пакаленне, — кажа Ірына Міхайлаўна. — У суседнюю з Жораўкай вёску Барок я пераехала ў 1982-м, а праз год выйшла замуж. Мне напачатку здалося, што тут няма традыцыі хлебапячэння. Але аказалася, што пяклі хлеб па сваіх сямейных рэцэптах дзве жанчыны.

У дзяцінстве Ірына Міхайлаўна назірала за сваёй матуляй. Тая пякла хлеб па рэцэптах, якія прыдумала сама, бо яе маці рана пайшла з жыцця і дзяўчынцы не было ў каго вучыцца. А хлеб у сям'і пяклі пастаянна, ніколі не куплялі яго ў краме. Іншых дзяцей бацькі адпраўлялі ў магазін, а на рэшту, якая заставалася з рубля, тыя маглі купіць падушачак (невялікія квадратныя цукеркі без абгорткі, якія формай нагадвалі невялічкую падушку).

Выпечка хлеба — гэта сапраўдны рытуал, які патрабаваў цішыні. Калі падыходзіла цеста і хлеб саджалі ў печ, нельга было шумець, гучна размаўляць. Таму малых часта праганялі на вуліцу або зачынялі ў іншым памяшканні. А яшчэ лічылася, што калі нехта зойдзе ў хату, калі хлеб ставіцца ў печ, то сям'я можа пазбавіцца дабрабыту.

Хлеб пяклі звычайна ў выхадныя ў разліку на тыдзень, бо ў будныя дні людзі былі занятыя гаспадаркай. У вёсцы не ва ўсіх было дастаткова блях для выпечкі. А хлеба патрабавалася шмат — вялікія сем'і. Выручалі вяскоўцы: сёння напякуць удосталь хлеба для сябе, назаўтра перадаюць посуд іншым. А яшчэ раней гатавалі выпечку на адчышчаных да глянцу гарачых цаглінах, высланых кляновым, дубовым лісцем, аерам. Усімі гэтымі рэцэптамі валодае Ірына Міхайлаўна і папаўняе іх спіс ад іншых жанчын.

— Сямейныя рэцэпты трымаеце ў тайне? — пацікавілася ў яе.

— Не шкадую дзяліцца імі з іншымі, вучу пячы хлеб усіх ахвотных, — запэўніла загадчыца.

Хлеб Ірыны Жудрык не толькі вылучаецца выдатным смакам, яркім водарам, але і захоўваецца доўга.

— Тыдзень не чарсцвее, не зацвітае, — сцвярджае мая суразмоўніца.

А сакрэт у тым, што яго выпякалі са свойскіх прадуктаў, якія вырошчвалі ў гаспадарцы. Цяпер, канешне, такога няма, але Ірына Міхайлаўна для прыгатавання купляе толькі муку і соль, усе астатнія інгрэдыенты — натуральныя: кіслае малако, яйкі. Жанчына не выкарыстоўвае ніякіх штучных дабавак. Толькі тыя, што дорыць прырода: гарбузовыя семачкі, кмін, ягады, сушаныя грушы і яблыкі — менавіта яблыкі надаюць хлебу асаблівы смак з кіслінкай. Ды і ад закваскі таксама шмат залежыць. Неабходна вытрымліваць працэс. Летам, калі цёпла, майстрыха можа не дабаўляць у закваску дражджэй, а калі на вуліцы холадна, то крыху іх дадае, каб цеста лепш падыходзіла. Хлеб у печы павінен знаходзіцца, як правіла, паўтары гадзіны. Але гэта таксама залежыць ад многіх фактараў: напрыклад, ад таго, закрытая ці адкрытая ў печы юшка.

Ірына Міхайлаўна праводзіць у доме народных рамёстваў майстар-класы для ўсіх ахвотных, ладзіць выстаўкі-дэгустацыі — у тым ліку і падчас разнастайных раённых, абласных мерапрыемстваў. Не абыходзяцца без яе «Зажынкі», «Дажынкі», свята горада. А да Дня Перамогі яна выпякае «партызанскі» хлеб. Людзі старэйшага пакалення, якія зведалі вайну, нястачу, голад, помняць смак таго ваеннага хлеба. Жанчыны пяклі яго з усяго магчымага, што мелі пад рукой. Часта ў хлебе была толькі жменька мукі, усё астатняе — дабаўкі. Напрыклад, кара, каб цеста склеілася, перамолатыя гарох, кукуруза, ільняная кастрыца.

Ірына Міхайлаўна з жанчынамі нават прыгатавалі такі хлеб для турыстаў. І ім ён вельмі спадабаўся — усе хвалілі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.