Вы тут

З чаго пачыналася медыцына ў Мінску?


Мінскія ўрачы заўсёды былі аднымі з самых паважаных людзей. Яны змагаліся супраць антысанітарыі, выступалі за здаровы спосаб жыцця і гатовыя былі аказваць дапамогу бескарысліва. Напрыклад, адзін з найлепшых сталічных дактароў ХІХ стагоддзя Васіль (Вільгельм) Гіндэнбург, калі прымаў роды ў вельмі беднай сям'і, якая не мела не тое што грошай, каб заплаціць за візіт урача, але і элементарных рэчаў для нованароджанага, зняў з сябе кашулю, каб загарнуць у яе немаўля.

Як раней лячылі людзей, расказала гісторык і экскурсавод Аляксандра Валодзіна. Яе экскурсія «Мінск медычны» была прэзентавана ў праекце «Набліжэнне», у межах якога распрацоўваюцца незвычайныя пешаходныя маршруты. Прапануем прайсціся гэтым шляхам з намі ў віртуальным фармаце.


Дзе раней прымалі хворых?

Экскурсія пачынаецца з вуліцы Леніна — каля будынкаў трэцяй клінічнай бальніцы імя Клумава. У 1828 годзе яўрэйская абшчына звярнулася да ўлад горада з просьбай выдзеліць будынак былога астрога (у гэты час будаваўся Пішчалаўскі замак, куды і пераехала турма). Не цяжка здагадацца, у якім стане былі памяшканні: калі адсюль вывезлі зняволеных, хворыя пастаянна скардзіліся на антысанітарыю, і яўрэйская абшчына пачала збіраць грошы на пабудову новых карпусоў.

Так тут з'явілася сваё афтальмалагічнае аддзяленне (дарэчы, і цяпер менавіта ў гэтай бальніцы робяцца самыя складаныя аперацыі на вачах і працуе найбуйнейшы афтальмалагічны цэнтр). Адзін з багатых мінскіх купцоў, пасля таго, як яго жонка памерла пры родах, ахвяраваў грошы на асобнае радзільнае аддзяленне. У Мінску пачынаецца страшная эпідэмія шкарлятыны — з'яўляецца асобны драўляны корпус для тых, каго неабходна лячыць ад гэтай хваробы.

Як пры любой бальніцы, тут працаваў морг, было створана аддзяленне для псіхічна хворых. Такое суседства раздражняла асобных гараджан. Адзін з мяшчан, што жыў непадалёк ад бальніцы, пісаў бясконцыя скаргі: маўляў, стаіць шум, вывозяцца целы памерлых, у Свіслач сцякае брудная вада. Аднак камісія, што спрабавала разабрацца з гэтымі справамі, зазначыла: абвінавачванні пустыя, у бальніцы ўсё арганізавана на высокім узроўні, нават стаіць сістэма ачысткі сцёкавых вод.

Паступова гэтыя мясціны ператварыліся ў цэлы клінічны гарадок. Пазней многія карпусы былі перабудаваныя, у нязменным выглядзе захаваўся хіба што чырвоны аднапавярховы цагляны будынак . Да канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя тут ужо быў свой рэнтгенаўскі апарат, з'явілася другая ў горадзе служба начных візітаў, карэта хуткай дапамогі .

Бальніца цалкам утрымлівалася за кошт кагала, таму яўрэі ўсяго горада лячыліся ў ёй бясплатна. Іншыя мінчукі сюды таксама маглі звярнуцца па дапамогу — такія паслугі хоць і былі платныя, але цалкам даступныя. Да таго ж пры бальніцы працавала лазня, куды за плату маглі хадзіць гараджане. Але сродкаў не хапала. Не ўсе ўрачы, што тут працавалі, атрымлівалі заробкі. Таму, каб неяк выкруціцца, яны мелі прыватную практыку.

Перад Вялікай Айчыннай вайной кіраўніком бальніцы стаў Яўген Клумаў, які свой службовы шлях пачынаў у Рэчыцы ўрачом шырокага профілю. Калі ж пачалася вайна, ён працягваў кіраваць бальніцай. Тут лячыліся немцы, але медыкі падтрымлівалі сувязь з партызанамі, перадавалі ім лекі, рабілі фальшывыя даведкі, каб выратаваць людзей ад угону ў Германію. Калі жонку Клумава, яўрэйку па нацыянальнасці, схапілі, яму самому фашысты прапанавалі работу на Рэйх, на што ён не пагадзіўся. Сужэнцы загінулі ў канцлагеры. Пасля вайны доктару Клумаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго імя носіць бальніца, у гонар урача названа адна са сталічных вуліц.

Белыя кветкі ў дапамогу

Выдатныя сталічныя ўрачы ХІХ стагоддзя працавалі таксама ў Мінскай губернскай земскай бальніцы (такую назву яна атрымала ў 1904 годзе). Некалькі гадоў таму ў яе старых карпусах яшчэ размяшчалася 2-я клінічная бальніца. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя бальніца была бясплатная, але людзі жартавалі, што ў яе гэтак жа цяжка трапіць, як у царства нябеснае. Па тым часе гэта была даволі прыстойна абсталяваная прафесійная ўстанова з некалькіх аддзяленняў, з уласнай царквой, аптэкай і лабараторыяй. Тут жа працавалі першыя ў горадзе рэнтгенаўскі апарат і дэзінфекцыйная станцыя. Галоўны ўрач бальніцы Іван Здановіч адкрыў прыватную бальнеалагічную лячэбніцу, школу для сляпых, займаўся распрацоўкай комплексу практыкаванняў для лячэбнай фізкультуры. На тэрыторыі парку быў створаны велатрэк для заняткаў спортам.

Так званая лячэбніца фізічных метадаў лячэння размяшчалася на тагачаснай Юр'еўскай вуліцы (цяпер тут знаходзіцца Кастрычніцкая плошча). Ужо тады медыкі нагадвалі пра карысць сухога цёплага паветра, вады і лячэбнай фізкультуры. Адну з самых распаўсюджаных праблем — сухоты (у той час гэта мог быць не толькі туберкулёз, але і іншыя захворванні лёгкіх) — яшчэ не ведалі, як лячыць, і рэкамендавалі хворым «воды» ды «любаванне горнымі пейзажамі».

Першы санаторый, які адкрыўся пад Мінскам у 1911 годзе, якраз прызначаўся для хворых на сухоты. Ён размяшчаўся ў Навінках. Гараджане праводзілі розныя акцыі, каб дапамагчы хворым. Так, 1 мая ладзілася свята «белай кветкі», калі маладыя дзяўчаты прадавалі жывыя ці папяровыя расліны, а сродкі пасля перадавалі на лячэнне хворых.

На Юр'еўскай вуліцы знаходзілася і першая мінская амбулаторыя — паліклініка, куды прыходзілі па бясплатную кансультацыю і рэцэпты.

У Расійскай імперыі законам прадпісвалася, каб кожная фабрыка з колькасцю работнікаў больш за 50 чалавек мела сваю бальніцу. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску было толькі адно такое прадпрыемства — вагонарамонтны завод. Менавіта на яго базе з'явілася першая прамысловая (чыгуначная) бальніца. Яе будынак захаваўся да нашых часоў.

На Набярэжнай (былая Садовая вуліца) у 1911 годзе адкрылася родапачынальніца гарадской санітарнай службы — Пастэраўская станцыя. Менавіта Француз Луі Пастэр адкрыў, што прычына многіх хвароб звязана з мікраарганізмамі, распрацаваў метад лячэння ад шаленства. Захаваліся звесткі, што за першы год існавання ў Мінску Пастэраўскай станцыі сюды звярнулася 630 чалавек.

Захаваўся перапіс урачоў Расійскай імперыі 1914 года. Можна заўважыць, што ў Мінскай губерні ў многіх з іх яўрэйскя імёны. Сярод медыкаў у той час было многа жанчын.

Адну з самых запатрабаваных спецыялізацый мелі зубныя ўрачы.

Клопат пра вайскоўцаў і не толькі

Сучасная Першамайская вуліца раней называлася Вясёлай. Стагоддзе таму яна нагадвала квартал чырвоных ліхтароў — тут знаходзілася вялікая колькасць публічных дамоў, бараў. І хоць афіцыйна ў Расійскай імперыі прастытуцыя была забаронена, але пры гэтым улады арганізавалі прымусовы медыцынскі нагляд за такімі жанчынамі. Дамы павінны былі мець санітарныя кніжкі. Прастытуцыя была адзінай сферай ў Расійскай імперыі, якая не абкладалася падаткам.

У канцы ХІХ стагоддзя на вуліцы Вясёлай нават была заснавана асобная бальніца, каб сачыць за здароўем «ахвяр грамадскага тэмпераменту», грошы на якую адлічвалі ўтрымальніцы публічных дамоў.

Праблема сіфілісу ў той час была даволі сур'ёзная. Ад здароўя мінскіх прастытутак залежала здароўе салдат і афіцэраў — казармы размяшчаліся паблізу Вясёлай вуліцы. Побач з сучасным паркам Горкага захаваўся будынак вайсковага шпіталя. Пасля паўстання 1830-х гадоў ў Мінск прыбыла вялікая колькасць вайскоўцаў (па адным з падлікаў, іх налічвалася каля дзвюх тысяч). Што салдат прыйшло сапраўды шмат, сведчыць і колькасць ложкаў у шпіталі — ён быў разлічаны на 200 чалавек. Для параўнання — ў яўрэйскай і гарадской бальніцах было па сто ложкаў. Натуральна, спецыялісты па барацьбе з сіфілісам працавалі і ў вайсковым шпіталі.

Сродак ад усіх хвароб?

Адным з асноўных спосабаў лячэння доўгі час заставалася пусканне крыві. Прычым першыя прывілей на правядзенне хірургічных аперацый атрымалі цырульнікі, а вось аптэкарам займацца лячэннем не дазвалялася.

Першыя аптэкі ствараліся пры манастырах, а ў ХVІІІ стагоддзі ў Мінску пачынаюць развівацца стацыянарныя ўстановы. Да канца ХХ стагоддзя іх было ўжо 12. Колькасць аптэк рэгламентавалася дзяржавай і залежала ад таго, колькі ў горадзе выпісвалася рэцэптаў. Таксама працавалі аптэчныя крамы, дзе прадаваліся таннейшыя лекі. Акрамя мікстур і парашкоў там можна было знайсці парфумерыю, мыла, спецыі і алкаголь.

Лекі вырабляліся ў саміх аптэках, пры якіх маглі быць свае сады. Нешта завозілася з Еўропы. Асноўным сродкам ад усіх хвароб лічылася цэрыяка мерыдата. Рэцэпт яе мог быць розны — для бедных людзей ён складаўся з 16 інгрэдыентаў, для багатых — з некалькіх дзясяткаў.

У канцы ХІХ стагоддзя ў Мінску пачынае пашырацца рух за здаровы спосаб жыцця, да якога вельмі моцна прычынілася Таварыства мінскіх урачоў. Гэтыя людзі вельмі клапаціліся аб парадку ў горадзе, выступалі з лекцыямі супраць п'янства, хваляваліся пра санітарнае становішча. З ХVІ стагоддзя Свіслач была вельмі бруднай ракой, у яе сцякалі ўсе нечыстоты, ніжэй па цячэнні стаялі млыны, утвараліся затокі, дзе вада застойвалася, цвіла, стаяў смурод. Мінскія ўрачы пастаянна ўздымалі праблему якасці пітной вады. Страўнікава-кішачныя хваробы ў той час былі на другім месцы пасля грыпу. Касіла ў горадзе людзей і халера. У Еўропе яна бушавала з 1840 да 1863 года. У 1848-м у Мінску ад яе загінула больш за тысячу чалавек. Эпідэмія вярталася некалькі разоў. Каб стрымаць яе, рабіліся пэўныя захады, на вуліцах раздавалі гарачую ваду (пры халеры важна не дапусціць абязводжвання). Уводзіўся каранцін, на тых, хто яго не выконваў, накладаліся штрафы. Людзі, не згодныя з абмежаваннямі, нават ладзілі бунты. Але прынятыя меры спрыялі таму, што эпідэмія пайшла на спад.

Народныя спосабы

Доўгі час простае насельніцтва не асабліва давярала дактарам. Верным традыцыйным спосабам барацьбы з хваробамі і няшчасцямі ў беларусаў лічыліся абыдзённікі — жанчыны збіраліся ў адной хаце і павінны былі за ноч зрабіць ручнік. Пасля з гэтым ручніком і крыжом хросным ходам ішлі працэсіі вакол вёсак. Ручнікі перадаваліся ў мясцовыя цэрквы ці павязваліся на крыжы, што стаялі на скрыжаваннях дарог.

Саму хваробу людзі маглі ўяўляць жывой істотай. Этнографы запісвалі ад людзей аповеды пра тое, што жыхары пэўных населеных пунктаў сустракаюць бабульку ці дзядка ў лахманах, якія просяць падвезці на возе ці на лодцы, і так да людзей прыходзіць паморак (эпідэмія).

Жыхары Мінска маглі прыйсці са сваімі праблемамі да капішча. Яно знаходзілася на ўзбярэжжы Свіслачы, дзе ляжаў валун Дзед, гарэў агонь, расло рытуальнае дрэва.

У каталіцкіх храмах больш заможныя людзі пакідалі воты — фігуркі-выявы сардэчак, ножак, вачэй і гэтак далей — гэта ахвяры з надзеяй на вылячэнне. Асабліва з такімі дарамі людзі ішлі ў храм у час нейкіх бедстваў — войнаў і эпідэмій.

Змяніць стаўленне да медыцыны ўдалося толькі савецкім уладам.

У канцы ХІХ стагоддзя ў Мінску з'явіўся радзільны дом для жанчын, у якіх роды праходзілі з ускладненнямі. У ім было ўсяго дзесяць ложкаў. Больш увагі парадзіхам стала ўдзяляцца ў савецкі час. У горадзе стараліся легалізаваць работу павітух, праводзіліся курсы акушэрак. Такім чынам улады стараліся падняць давер да афіцыйнай медыцыны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?