Вы тут

Алена Богдан: Чым больш робім тэстаў, тым больш станоўчых вынікаў выяўляем


У Беларусі з 28 лютага, калі быў выяўлены першы выпадак каранавіруса, зафіксавана 1981 інфіцыраваных. Дзень таму паведамлялася пра 1486 выпадкаў — прырост за апошнія суткі склаў 495 чалавек. Пераважна гэта кантакты першага і другога ўзроўню. Як правіла, у большасці з іх захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. У стацыянарах знаходзіцца 1793 пацыенты, у тым ліку 72 маюць патрэбу ў падтрымцы апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, 169 чалавек паправіліся і выпісаны, 19 памерла. Кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя адказала на самыя актуальныя пытанні аб сітуацыі з распаўсюджваннем COVID-19 у краіне.


Абмежаванні на водпуск некаторых лекаў

— Мы ўключаем у статыстыку памерлых толькі ў тым выпадку, калі атрымліваем адпаведнае патолагаанатамічнае заключэнне, даведку аб смерці, дзе кадзіроўка праведзена належным чынам, — тлумачыць тактыку намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. — Чаму прытрымліваемся такога правіла? У нашай практыцы з’явілася некалькі пацыентаў, у якіх была дыягнаставана каранавірусная інфекцыя, але ў працэсе лячэння вірус з арганізма быў элімініраваны, але былі запушчаны незваротныя працэсы хранічных хвароб. І непасрэдна прычынай смерці не з’яўлялася каранавірусная інфекцыя. Таму мы падыходзім дастаткова жорстка, кожны выпадак аналізуецца профільнай групай спецыялістаў у тым ліку і для таго, каб мы своечасова ўносілі змены ў клінічныя падыходы лячэння пацыентаў з той ці іншай хранічнай паталогіяй.

Алена Богдан паведаміла, што ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй унесены змены ў нарматыўныя дакументы, у прыватнасці, па аказанні медыцынскай дапамогі цяжарным жанчынам, а таксама дзецям.

— Дзяцей у нас менш за 1 % сярод выяўленых інфіцыраваных, і мы не бачылі нават сярэдне-цяжкіх выпадкаў, тым не менш парадак прапісалі з моманту нараджэння. Калі дзіця нараджаецца ад інфіцыраванай маці, то яно лічыцца кантактам першага ўзроўню, і за ім устанаўліваецца назіранне цягам 28 дзён, — расказала Алена Богдан.

Што датычыцца цяжарных жанчын, то ўчора стала вядома, што ў сталічнай 3-й гарадской клінічнай бальніцы знаходзіцца пяць цяжарных жанчын з каранавірусам.

— Пагрозы іх жыццю на сёння няма, — пракаментавала Алена Богдан.

Яна паведаміла, што скарочаны да сямі дзён тэрміны знаходжання ў стацыянары кантактаў першага ўзроўню (пры адмоўным тэсце), і патлумачыла, што пасля такой выпіскі не было ніводнага выпадку ўзнікнення COVID-19. Такія пацыенты змяшчаюцца пад хатняе назіранне ўчастковай службай з тэсціраваннем на 1, 7, 12 і 13 дні.

Акрамя гэтага, намеснік міністра пракаментавала яшчэ адзін рэзанансны дакумент — аб абмежаванні водпуску з аптэк некаторых лекавых сродкаў, антысэптыкаў і масак.

— Мы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтым выпадкам: за два тыдні з аптэк быў раскуплены 14-месячны запас парацэтамолу. Таму прыняты меры для абмежавання водпуску сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для лячэння грыпу і іншых рэспіраторных інфекцый.

Абмежаванні датычацца парацэтамолу і арпетолу (не больш за 40 таблетак у адны рукі), асельтамівіру (не больш за дзве ўпакоўкі), флустопу (не больш за 10 капсул), масак (не больш за 10 штук), антысэптыкаў (не больш за дзве ўпакоўкі), пальчатак (не больш за пяць пар).

Грошы з дабрачыннага рахунку — на сродкі аховы для медыкаў і тэсты

Намеснік міністра паведаміла, што з 24 сакавіка на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя паступіла 3 937 777 рублёў і 78 461 еўра. Сярод ахвяравальнікаў 1310 фізічных і 210 юрыдычных асоб. За гэтыя сродкі ўжо набыты чатыры тысячы ахоўных экранаў і сто тысяч ахоўных камбінезонаў для медыкаў, дзве тысячы набораў рэагентаў для выяўлення каранавіруса, 20 тысяч масак. У Віцебскі абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр пастаўлена 50 пульсаксіметраў, 10 кіслародных канцэнтратараў, у Барысаўскую бальніцу № 2 — 25 пульсаксіметраў і пяць кіслародных канцэнтратараў. Выдаткавана 334 тысячы рублёў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі на вытворчасць тэстаў.

Паводле інфармацыі Алены Богдан на сёння ў Беларусі маецца 65 880 тэстаў (з улікам 50 тысяч перададзеных на гэтым тыдні). За мінулыя суткі праведзена амаль чатыры тысячы тэстаў.

— Рост колькасці станоўчых вынікаў звязаны з агульным павелічэннем (колькасці. — «Зв.») тэстаў, якія мы робім. Калі мы праводзілі тысячу тэстаў у суткі, было 8–10% станоўчых вынікаў. Сёння мы робім чатыры тысячы і маем тыя ж 10 % станоўчых, — адзначыла намеснік міністра.

Сёння тэсціруюцца хворыя на пнеўманію ў цяжкай і сярэдне-цяжкай форме, грамадзяне, якія прыбылі з-за мяжы, кантакты інфіцыраваных першага ўзроўню і другога (пры наяўнасці ў іх сімптомаў ВРВІ).

У Беларусі створана кругласутачнае медыцынскае тэлекансультаванне. Дзякуючы яму, урач з цэнтральнай раённай бальніцы можа звязацца з найлепшымі ўрачамі краіны — выкладчыкамі і прафесарамі — і атрымаць кансультацыю па канкрэтным пацыенце.

Рэкамендацыі для святочных набажэнстваў

Беларускіх медыкаў імкнуцца забяспечыць усімі неабходнымі сродкамі аховы. Намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк паведаміў, што на сёння маецца 2,5 мільёна масак, 176 тысяч рэспіратараў, 110 тысяч касцюмаў.

— Не скажу, што гэта шмат, — хацелася б больш. Робім для гэтага ўсё магчымае. У найбліжэйшы час да нас паступіць 15 тысяч аднаразовых камбінезонаў, 400 тысяч масак, якія паступяць у сістэму «Фармацыі». Прыбывае 50 тысяч рэспіратараў 2 і 3 класа аховы, потым яшчэ 57 тысяч, а на наступным тыдні чакаем 750 тысяч. Што датычыцца праблемы з антысэптыкамі, то падключыўся канцэрн «Белдзяржхарчпрам», і зараз мы пачалі вырабляць больш, чым ужываем. У найбліжэйшы час яны з’явяцца ў аптэчнай сетцы.

Увядзення дадатковых мер з улікам павелічэння колькасці пацыентаў пакуль не плануецца:

— Мы чакалі росту і рыхтавалі сістэму з першых дзён, — патлумачыла Алена Богдан. — І мы пакуль спраўляемся, працуем у рамках нашага першага плану, на другі этап пакуль не пераходзілі.

Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя парэкамендавала кіраўніцтву праваслаўнай і каталіцкай канфесій арганізаваць максімальна бяспечныя ўмовы для святкавання Вялікадня. Прадстаўнікі царквы пайшлі насустрач, усе святочныя службы будуць трансліравацца па тэлебачанні. Прыхаджанам сталага веку, а таксама людзям з сімптомамі ВРВІ рэкамендуецца заставацца дома.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».