Вы тут

Карцiны-падушкi, Брэжнеў у ФРГ i «Крытыка чыстага розуму»


Адна з найлепшых выстаў апошняга часу стала даступная ў фармаце 3D-тура.

Распаўсюджанне COVID-19 унесла свае карэктывы ў нашае культурнае жыццё: мы сталi глядзець кiно выключна на дамашнiм экране, «хадзiць» у тэатры праз трансляцыi i вiдэазапiсы, набываць кнiгi ў iнтэрнэт-кнiгарнях з дастаўкай. Цяпер мы можам упiсаць у свой графiк i «наведанне» сталiчнага Палаца мастацтва, дзе ўжо з месяц размешчана маштабная выстава «Шляхi нямецкага мастацтва з 1949 года па сённяшнi дзень». Праект, што каля двух гадоў рыхтаваўся быць прэзентаваным у Мiнску, адкрыўся ў даволi нязручны час: усё ж арыгiналы Ёзэфа Бойса, Бернда i Хiлы Бехер альбо К. О. Гёца вартыя не абмежаванай кавiдам публiкi. Але арганiзатары хутка падладзiлiся пад умовы i дапоўнiлi рэальную экспазiцыю 3D-турам, у якi можна адправiцца на сайце Гётэ-iнстытута ў Мiнску.


«Я не ве­даю вы­хад­ных» Ёза­фа Бой­са (1972). Кнi­га — «Кры­ты­ка чыс­та­га ро­зу­му» Iма­ну­i­ла Кан­та.

Праект «Шляхi нямецкага мастацтва» выключны i з пункту гледжання каштоўнасцi экспанатаў, i з пункту гледжання мастацкай насычанасцi, i з пункту гледжання куратарскага падыходу. Iдэя выставы, сабранай Мацiясам Флюге i Мацiясам Вiнцэнам, — паказаць развiццё мастацтва ФРГ i ГДР, не раздзяляючы iх сцяной, на роўных, ды яшчэ i ў храналагiчным парадку.

«Упершыню надарылася магчымасць выбудаваць новы наратыў пра дзве гiсторыi нямецкага мастацтва, якiя чатыры дзесяцiгоддзi працякалi паралельна», — пiшуць куратары ў сваiм суправаджальным слове. — Гэтая выстава працуе з незвычайнымi i павучальнымi супрацьпастаўленнямi розных мастацкiх спосабаў выказвання, то параўноўваючы Усход i Захад, то сутыкаючы супрацьлегласцi на ўзроўнi iндывiдаў».

Экспазiцыя ўключае ў сябе каля чатырохсот работ больш чым ста аўтараў з фонда Iнстытута сувязяў з замежнымi краiнамi ў Штутгарце — хоць нейкiм чынам, але да яе варта прычынiцца, нават калi гэта будзе выпiсванне некалькiх iмён i вывучэнне iх даволi займальнага ўнёску самастойна.

Iнстытут, якi ў цэлым валодае прыблiзна 29 тысячамi твораў мастацтва, iснуе яшчэ з 1917 года, але новы вiток свайго развiцця атрымаў у 1949-м, калi была створана Федэратыўная Рэспублiка Германiя, што займела патрэбу ў добрым iмiджы. Iнстытут стаў збiраць калекцыю, а пасля падзення Берлiнскай сцяны ў 1990 годзе ўвабраў у сябе таксама фонды цэнтра мастацкiх выстаў ГДР. Урэшце гэта дазволiла стварыць экспазiцыю «Шляхi нямецкага мастацтва», здольную рэпрэзентаваць тэмы, вiды i тэндэнцыi, што пачынаючы з 1949 года мелi месца ў мастацтве як Заходняй, так i Усходняй Германii.

Экспазiцыя ўключае ў сябе жывапiс, графiку, фатаграфiю, скульптуру, iнсталяцыю, вiдэаарт. Трэба разумець, што ўсё гэта адлюстроўвае часы, калi дванаццацiгадовае панаванне Нацыянал-сацыялiстычнай нямецкай рабочай партыi, што ўспрымала культуру сваiм натуральным iнструментам i мела да яе канкрэтныя патрабаваннi, засталося ў мiнулым. То-бок у часы, калi стаўленне да мастацтва на тэрыторыi Германii памянялася, а магчымасцi творцаў пашырылiся. У сферы апынулiся тыя, хто ў свой час добраахвотнiкам пайшоў на вайну; тыя, чые творы трапiлi пад абразлiвае азначэнне «дэгенератыўнага мастацтва», што нацысцкiмi iдэолагамi прапагандавалася як небяспечнае; тыя, хто нарадзiўся ўжо пасля Другой сусветнай вайны.

I трэба сказаць, творчае жыццё закiпела, што выстава ў Мiнску цудоўна дэманструе — тут вы ўбачыце, напрыклад, нямецкi поп-арт, авангардную плынь «Флюксус» (а немец Ёзаф Бойс быў адным з найярчэйшых яго прадстаўнiкоў), дзiўны iнфармель у выкананнi К. О. Гёца альбо Эмiля Шумахера.

«Хлоп­чык з рэ­валь­ве­рам, Дзю­сель­дорф» Анд­рэ Гель­пке (1986).

Таксама вялiзны пласт аўтарскай фатаграфii, у тым лiку легендарных Бернда i Хiлы Бехер, якiя рабiлi чорна-белыя здымкi буйных прамысловых забудоў (кажуць, 95 працэнтаў гэтых збудаванняў не захавалася). Альбо Барбары Клем, аўтаркi вядомага здымка сустрэчы Леанiда Брэжнева i Вiлi Бранта ў Боне падчас першага дзяржаўнага вiзiту савецкага лiдара ў ФРГ у 1973 годзе. Альбо Андрэ Гельпке, які ў сваёй чорна-белай фатаграфii адлюстроўваў аўтсайдараў i як бы штодзённае жыццё.

Што да Ёзэфа Бойса, то ўжо толькi дзеля яго аднаго можна пайсцi ў тур па выставе: «Бойс лiчыцца адным з найважнейшых пратаганiстаў сучаснага мастацтва XX стагоддзя, якi прычынiўся да радыкальных змен у мастацтве пасляваеннага перыяду як мастак, тэарэтык i прафесар Дзюсельдорфскай акадэмii мастацтваў». Спадар Гёц з'яўляецца адным з найважнейшых прадстаўнiкоў iнфармелю i жывапiсу дзеяння. Фрыц Фiнтэр — завадатар нямецкага абстрактнага мастацтва i адзiн з заснавальнiкаў групы «Дзэн 49». Вольф Фостэль распрацаваў аўтарскую канцэпцыю дэкалажу, якiм намагаўся справакаваць крытычнае стаўленне да тавараў i СМI. Готхард Граўбнер вывучаў колер i ў некалькi слаёў наносiў фарбу на палатно, нацягнутае на пласт сiнтэтычнай ваты — атрымлiвалiся карцiны-падушкi з найтанчэйшымi колеравымi нюансамi. I гэтак далей, i гэтак далей.

«Шляхi нямецкага мастацтва» паказваюць не толькi розныя тэхнiкi, вiды i эстэтыкi, але i тэндэнцыi — як у 1950-х гадах стала расцi значэнне фатаграфii, а пачынаючы з 1970-х пра сябе сталi заяўляць жаночае мастацтва i фемiнiсцкая тэматыка (калi ласка — Ульрыке Розенбах, Рэбека Хорн, Крысцiяне Мёбус, Катарына Фрыч, Розэмары Трокель).

Выстава ў Мiнску, арганiзаваная сумесна Гётэ-iнстытутам у Беларусi, штутгарцкiм Iнстытутам сувязяў з замежнымi краiнамi i Палацам мастацтва, была падрыхтавана як частка Тыдняў Германii. У якасцi 3D-тура экспазiцыя будзе працаваць да 30 красавiка.

Сафiя ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.