Вы тут

Як каранавірус уплывае на рынак працы


Попыт на медыцынскіх работнікаў павялічыўся на 30,4%.


Першыя кандыдаты на звальненне

Спецыялісты даследчага цэнтра РАБОТА.TUT.BY паведамілі, што ў сакавіку рэзюмэ стала больш на 7,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У параўнанні з лютым 2020 года, у сакавіку адзначаецца зніжэнне колькасці вакансій на 0,7% у цэлым па рынку працы ва ўсіх прафесійных абласцях. У мінулым годзе дынаміка ў гэты перыяд (сакавік–люты) была станоўчая.

 

 Прынята на працу

 Звольнена

 Студзень 2019

 44139

 47416

 Студзень 2020

 43165

 46299

 Люты 2019

 44382

 44612

 Люты 2020

 46177

 45229

Крыніца: Белстат

Паводле даных РАБОТА.TUT.BY, запатрабаванасць афіцыянтаў і бармэнаў знізілася на 8,5% у лютым да студзеня 2020 года, у сакавіку падзенне працягнулася – на 19,5%. Колькасць прапаноў для спецыялістаў у галіне продажу турыстычных паслуг скарацілася на 56,6% у сакавіку ў параўнанні з лютым. Назіраецца рост рэзюмэ ў такіх галінах, як «Навука і адукацыя», «Медыцына, фармацэўтыка», «Інфармацыйныя тэхналогіі» і «Аўтамабільны бізнес».

Відавочна, што першымі альбо зусім страцяць працу, альбо будуць вымушаныя прыпыніць яе тыя, хто працуе ў галінах, якія не з'яўляюцца асноўнымі для жыццядзейнасці. Гэта сфера забаў, грамадскае харчаванне, турызм, салоны прыгажосці і шэраг іншых паслуг.

Зрэшты, пагроза звальнення навісла і над офіснымі работнікамі. У сацсетках паведамляюць, што далёка не заўсёды гэтая працэдура праводзіцца як скарачэнне штатаў. Наймальнікі «просяць па-добраму» звольніцца. Між тым, як паведамілі ў аддзеле арганізацыйна-аналітычнай працы і дакументазвароту Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Мінпрацы і сацыяльнай абароны, у сакавіку не зафіксавана павелічэнне колькасці зваротаў грамадзян з нагоды неправамернага звальнення.

Каму не пагражае беспрацоўе

Паводле даных Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, прадпрыемствы сталіцы маюць патрэбу ў больш чым 21 тысячы работнікаў. У першую пяцёрку вакансій ўвайшлі: медсёстры (943), прыбіральшчыкі памяшканняў (763), кухары (728), інжынеры (701), прадаўцы (654). У Мінску ўзровень афіцыйнага беспрацоўя склаў 0,1% эканамічна актыўнага насельніцтва горада. Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі складаў 25,97 рублёў, але яго атрыманне накладвае на беспрацоўнага шэраг абавязацельстваў.

 РАБОТА.TUT.BY адзначае найбольшы прырост вакансій у такіх прафесійных абласцях, як «Навука і адукацыя», «Медыцына, фармацэўтыка» і «Інфармацыйныя тэхналогіі». Так, у прафесійнай вобласці «Медыцына, фармацэўтыка» у лютым у параўнанні са студзенем гэтага года назіраўся спад вакансій на 8%, аднак па выніках сакавіка попыт на медыцынскіх работнікаў павялічыўся на 30,4%. У цэлым колькасць вакансій на сайце rabota.tut.by павялічылася на 6,9%.

У трэндзе дыстанцыя і падзаробак

Нагадаем, што ў абноўленай рэдакцыі Працоўнага кодэкса, якая ўступіла ў сілу ў студзені, з'явілася такое паняцце, як дыстанцыйная праца. І рынак адразу адрэагаваў: з пачатку года назіраўся рост рэзюмэ з такім тыпам занятасці: у лютым 2020-га года ў параўнанні са студзенем спецыялісты размясцілі +35,8% рэзюмэ, у сакавіку ж прырост рэзюмэ склаў ужо 82,6%. Працадаўцы ў сакавіку размясцілі на 10,9% больш вакансій для дыстанцыйнай працы, чым у лютым.

Перыяд пераходу часткі кампаній на аддаленую працу, а таксама памяншэнне наведванняў людзьмі грамадскіх месцаў, адзначаюць спецыялісты даследчага цэнтра РАБОТА.TUT.BY, паўплывалі на запатрабаванасць кур'ераў - колькасць вакансій павялічылася на 27,5% (у лютым быў спад на 6,3%). На кіроўцаў таксама павялічыўся попыт на 33,5% (у мінулым месяцы да студзеня запыты скараціліся на 14,4%).

З галін эканомікі часцей за ўсё публікуюць вакансіі з дыстанцыйным фарматам, паводле даных на сакавік 2020 года лідзіруюць: «Інфармацыйныя тэхналогіі, сістэмная інтэграцыя, інтэрнэт» (32,82%), «Адукацыйныя ўстановы» (18,83%), «Паслугі для бізнесу» (12,21%).

Спецыялісты прааналізавалі пошукавыя запыты на сайце rabota.tut.by і высветлілі, што іх колькасць узрасла па наступных напрамках: праца з дому (+73%), дыстанцыйная праца (+95%), падзаробак (+40%), падзаробак са штодзённай аплатай (+22%), начны падзаробак (+44%).

Увогуле, людзі шукаюць з аднаго боку дадатковы заробак, з іншага – імкнуцца забяспечыць уласную бяспеку ў складаны эпідэмічны перыяд.

Меркаванне эксперта

Такога крызісу яшчэ не было ў свеце

– Пакуль складана казаць аб якіх-небудзь колькасных паказчыках, усё толькі пачынаецца. Але ўжо бачныя галіны, якія пацерпяць больш за ўсё: рэстараны, гасцініцы, забавы, нерухомасць, рознічны гандаль, транспарт, – кажа Марыя Акулава, навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC. – Трэба разумець, што сусветная рэцэсія дойдзе і да нашай краіны. Такога крызісу яшчэ не было ў свеце, і нам усім давядзецца перажыць жорсткія наступствы каронавіруса.

Сітуацыя на рынку працы зменіцца карэнным чынам. Калі да каронавіруса чалавек губляў працу ў прыватным сектары, то мог нешта знайсці на дзяржпрадпрыемствах. Аднак зараз зрабіць гэта будзе складаней. Неабходна перавучваць людзей, але гэта таксама патрабуе фінансавання.

Цяпер ніхто не скажа, калі адновіцца сусветная эканоміка. Паколькі ў нас няма каранціну, то нам выйсці з крызісу будзе крыху прасцей, чым, напрыклад, Украіне.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Прэв'ю: finversia.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».