Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Удалае паляванне

«У кожнага мужчыны павінен быць свой «гараж», — любіць паўтараць мой муж.

У дзядзькі Міці (бацькі маёй сяброўкі) такім «гаражом» даўно стаў лес: як толькі вольная часіна, ён бярэ стрэльбу — і гайда на паляванне. З пустымі рукамі рэдка вяртаецца: хоць невялічкім зайцам, але жонку сваю парадуе...

Праўда, адзін раз усё ж засмуціў, ды так... На ўсё жыццё запомніць.

Было гэта ў выхадны, і якраз на пачатку вясны. Я прыехала з горада праведаць бацькоў, нечым дапамагчы. Самы час быў сеяць памідоры, таму ўвечары мама падбіла мяне схадзіць за вёску на балота, набраць торфу.

Мы пайшлі, напоўнілі вёдры — і тут жа пачулі з кустоў трывожнае рохканне.

На роздум часу не было: кінулі ўвесь свой рыштунак і далі такога драпака, што аж пяты заблішчэлі!

Спужаліся. Думалі, дзік да вёскі прыбіўся. Тым больш, напярэдадні толькі і гутаркі было, што пра трагедыю ў расійскай вёсцы. Сям'я там, на машыне едучы дадому, вырашыла спыніцца — нарваць пачаткаў. А ў кукурузе, як на ліха, — самка дзіка са сваім патомствам. Звычайна яны ўцякаюць, пачуўшы людзей, але гэтыя падышлі, мусіць, вельмі знянацку. Таму дзічыха, як любая маці, кінулася бараніць сваіх дзяцей. Не шкадуючы пры гэтым чужых...

Факт, што памідоры ў той вечар мы не пасеялі. Затое назаўтра ўся вёска ўжо гула пра паляўнічы трафей дзядзькі Міці.

У нядзелю ён, як звычайна, прачнуўся з пеўнямі і падаўся на паляванне. Яно ў той дзень, відавочна, не задалося: дзядзька ішоў дадому (і якраз праз тыя ж кусты, з якіх мы толькі што ўцяклі) з пустымі рукамі і цяжкімі пытаннямі. Маўляў, што зараз жонцы сказаць? Цэлы ж дзень прабадзяўся — без толку змарнаваў. Лепш бы дома нешта зрабіў...

У такім вось роздуме дзядзька прысеў на пянёк, дастаў рэшткі ссабойкі, якую зранку сабрала жонка, біклажку з недапітым каньяком. Прылажыўся раз, запіваючы сваю непрыемнасць, потым другі, трэці і раптам...

Што гэта? З кустоў пачулася рохканне.

У адрозненне ад нас дзядзька не спужаўся. Як вокам маргнуць ён падняў з зямлі стрэльбу і бабахнуў у жывёліну, што мільганула ў кустах.: «Вось дык удача, — падумаў яшчэ. — Такога дзіка падстрэліў! Усю маразілку зараз мясам заб'ю, каўбас з маёй Маняй накруцім...»

Дзядзька, здаецца, нават пах іх знюхаў, калі праз кусты ішоў да здабычы. А ўбачыў яе і яшчэ раз... сеў: замест дзіка на траве ляжала рабая пародзістая свінаматка, тая самая, якой не мог нацешыцца дзядзькаў сусед. Ён хваліўся яшчэ, што не сёння, дык заўтра Хруня апаросіцца, спаў і бачыў, як тады павязе на кірмаш прадаваць парасят, як на выручаныя грошы купіць, нарэшце, трымер, бо, казаў, здароўя няма касою махаць...

І гэта ж, мусіць, трэба было, каб Хруня, на якую ўскладалася столькі надзей, якраз у той вечар паламала загарадку і ўцякла з хлява, а гаспадары, прымаючы гарадскіх гасцей, не адразу гэта і згледзелі.

...Карацей, замест таго, каб адпачыць пасля палявання, дзядзьку Міцю давялося ладзіць так званую пагалоўшчыну.

Мяса Хруні ён, вядома ж, аддаў яе гаспадарам. А вось за парасят, якія не паспелі нарадзіцца, давялося заплаціць — кампенсаваць матэрыяльны ўрон.

Сума, відаць, была не маленькая. Ва ўсякім разе, трымер той сусед купіў.

Што да дзядзькі Міці, то на паляванне пасля гэтага ён як хадзіў, так і ходзіць. Адзінае — біклажку з сабой больш ніколі не бярэ і іншым не раіць.

Таццяна Маркава, г. Віцебск


«Трэба глядзець дэтэктывы»

Гадоў з пяцьдзясят на кароткай гарадской вуліцы жывуць два дзяды — Сямёнавіч і Антонавіч. Абодвум добра за восемдзесят, у абодвух падобныя лёсы. І адзін, і другі, — дзеці вайны: шмат гаравалі, шмат працавалі, пахавалі жонак... У абодвух, дзякаваць богу, добрыя сыны і ўнукі — часцяком тэлефануюць, наязджаюць, але...

Адзінота ёсць адзінота, якую ў абедзвюх кватэрах разоў колькі на тыдзень парушаюць хіба сацыяльныя работніцы ды размовы старых паміж сабой.

Сазвоньваюцца дзяды штодзень па абедзе — а палове другой. Час абраны зусім невыпадкова: Сямёнавіч — класічны «жаўрук» — спаць кладзецца рана, устае таксама, снедае, глядзіць першыя навіны і цярпліва чакае, калі прачнецца Антонавіч. А вось той...

Той нават не «сава» — проста ўвогуле спіць вельмі дрэнна (гэта за шчасце яшчэ, калі сон прыходзіць гадзіны ў тры ночы. Іншы раз і да пяці можа праваляцца, бо яно ж і гады, і ўспаміны, і ціск, і суставы...).

А яшчэ — як мяркуе Сямёнавіч, — тэлевізар, дакладней — бясконцыя дэтэктывы, якія сябар глядзіць да глыбокай ночы то па адным, то па другім канале...

У Антонавіча на гэты конт свая тэорыя: маўляў, ад падобных фільмаў толькі карысць, бо любы дэтэктыў прымушае думаць — варушыць мазгамі, што ў іхнім узросце проста жах як патрэбна!

Пацвярджэнне гэтай тэорыі знайшлося зусім нечакана.

Неяк раз а дзявятай раніцы Антонавіча падняў доўгі трывожны званок. У слухаўцы быў голас сябра:

— Прабач, што патрывожыў, — ледзь не плачучы, казаў той. — Але ў мяне — бяда: сківіца прапала, а я без яе як без рук — нават тварог праглынуць не магу!

— Ну дык што? — не разумеючы адчаю (бо даўно ні ўласных зубоў, ні той сківіцы), пытаўся Антонавіч. — Звары геркулесу.

— Ты што — здзекуешся?! Ежу знайшоў для мужчыны! Я гэтыя кашы з маленства не выношу! — ледзь не на крык перайшоў сябар і кінуў слухаўку.

Недзе праз гадзінку, са смакам паснедаўшы маннай кашай, Антонавіч пазваніў яму сам. На званок адгукнулася сацработніца, жанчынка з гумарам, сказала:

— У нас катастрофа — не менш! Сківіца як скрозь зямлю правалілася! Мы, здаецца, усё перагледзелі!.. Гаспадар, — панізіла голас жанчына, — падазрае, што, можа, я тую рэч прысвоіла. Сын на выхадныя прыедзе — хай ён пашукае. А я пакуль на блендар і курыцу, і капусту змялю.

У суботу, і праўда, слухаўку зняў сын, са шкадобай паведаміў, што пошукі, на жаль, нічога не далі.

— Слухай, я тут днямі дэтэктыў глядзеў, — успомніў раптам Антонавіч. — Там таксама нешта шукалі. І ведаеш, як? Разбілі плошчу кватэры на квадраты — ну там метр на метр ці два на два — і абмацвалі — ну кожны куток, літаральна ад столі да падлогі. Паспрабуйце, а раптам?

Да вечара нядзелі сківіца не знайшлася. Сыну трэба было з'язджаць. Перад гэтым ён пазваніў Антонавічу і шчыра падзякаваў: маўляў, па яго парадзе адзін пакой сапраўды «абмацалі»... І столькі ўсяго знайшлі! Нават прыхаваныя савецкія грошы!

— У наступны выхадны пошук прадоўжым, — паабяцаў сын. — А сківіцу, калі што, замовім новую.

...На шчасце, да гэтага не дайшло, бо прапажа знайшлася! Шчаслівы Сямёнавіч паведаміў пра гэта назаўтра, і зноў жа з самай раніцы:

— Яна — не паверыш — у халадзільніку была! І ведаеш, дзе? За каструляй з тушанымі скабкамі!

Як высветлілася, дзень пры дні «седзячы» на молатай ежы, гаспадар той рондаль не чапаў — не выцягваў з халадзільніка. А потым падумаў: калі яшчэ тая новая сківіца... Хай хоць знаёмы сабака скабкі згрызе. Дастаў каструлю...

На пытанне, з якога перапуду сківіца трапіла ў халадзільнік, сябар адказаць не змог — не помніў.

— Вось я і кажу, — падвёў тады рысу Антонавіч, — дэтэктывы трэба глядзець, мозг трэніраваць!

...Хто б спрачаўся — я не буду.

С. В., г. Барысаў

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. 

Грамадства

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

Пра асаблівасці работы мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн.