Вы тут

Сёлета вясковыя актывісты Нісімкавіч заклалі Алею памяці ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі


Глыбінка Чачэршчыны, побач біялагічны заказнік, пойма рэчкі Покаць, бяскрайнія лясы... Вераніцай узгоркаў і лашчын вітае вёска Нісімкавічы — цяпер аграгарадок, цэнтр Нісімкавіцкага сельсавета.


Мала хто ведае, аднак менавіта адсюль пайшлі на фронт славутыя Героі Савецкага Саюза — браты Аляксандр і Пётр Лізюковы. Старэйшы брат Яўген нарадзіўся ў Нісімкавічах — тут жыла сям'я вясковых настаўнікаў Лізюковых. Потым яны пераехалі ў Гомель. Вярнуліся ў Нісімкавічы на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзя. Пётр Лізюкоў вучыўся ў мясцовай школе.

У Нісімкавічах герояў шануюць, ганарацца тым, што гэты сціплы куточак Чачэршчыны — іх малая радзіма. У мясцовай школе дзейнічае музей памяці братоў Лізюковых, іх імя носіць адна з вуліц аграгарадка, на будынку Нісімкавіцкага сельскага Савета мемарыяльная дошка з іх імёнамі. Але галоўнае месца памяці выдатных герояў і ўсіх воінаў, якія адсюль пайшлі на фронт, — мемарыяльны знак у самым цэнтры аграгарадка.

— У час Вялікай Айчыннай вайны непадалёк ад Нісімкавічаў знаходзіліся Чачэрскі падпольны райкам КП(б)Б і 1-я Гомельская партызанская брыгада, — расказвае старшыня Нісімкавіцкага сельскага Савета Жанна Малінава. — У верасні 1943 года акупанты часткова спалілі вёску. Амаль 80 мясцовых жыхароў загінулі на фронце.

Жанна Мікалаеўна на пасадзе ўжо 13 гадоў. Да гэтага 17 гадоў працавала настаўнікам малодшых класаў у мясцовай школе. Адсюль добрае веданне гісторыі роднага краю.

Так павялося, што на тэрыторыі сельсавета кожны населены пункт замацаваны за пэўнай арганізацыяй ці прадпрыемствам. Яны, адпаведна, дапамагаюць уладкоўваць месцы грамадскага карыстання. З кожным годам мясцовыя населеныя пункты становяцца больш прывабныя. Хоць, па словах старшыні, раней у вёсцы кідаліся ў вочы зарослыя пусткі, паваленая агароджа, занядбалыя кінутыя хаты — але сёння людзі імкнуцца трымаць свае домаўладанні ў парадку. Некаторыя вяртаюцца дамоў з іншых мясцін. Ёсць нават перасяленцы з Гомеля і Санкт-Пецярбурга, якія вярнуліся жыць на малую радзіму сюды, у Нісімкавічы.

У 2013 годзе Жанна Мікалаеўна і яе аднадумцы ў сельсавеце вырашылі, што Нісімкавічы здольныя ўзяць удзел у абласным конкурсе па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў. Пачалася грунтоўная работа па навядзенні парадку. Мясцовыя жыхары актыўна ўзяліся і за добраўпарадкаванне ўласных падворкаў. Тады Нісімкавічы занялі прызавое месца. Грошы, якія ўручылі ў дадатак да ганаровага дыплома, накіравалі на аднаўленне парку імя братоў Лізюковых і мемарыяльнага комплексу.

Жыхары вёскі адказна падышлі да гэтай справы. Трэба было ліквідаваць аварыйныя дрэвы, разбіць клумбы, пракласці дарожкі, пасадзіць новыя дрэвы. Заказалі таблічкі, дзе на кожнай — імя і прозвішча герояў, сыноў Нісімкавічаў, якія загінулі на франтах вайны. Сёлета вясковыя актывісты ўжо заклалі Алею памяці ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі. На тэрыторыі сельвыканкама знаходзяцца чатыры брацкія вайсковыя пахаванні. Добраўпарадкаванне на могілках — таксама заслуга вясковых актывістаў, дэпутатаў, старэйшын вёсак і ўсіх неабыякавых людзей.

Між тым штогод на святы ў цэнтры Нісімкавіч каля мемарыяла братам Лізюковым праходзяць канцэрты і вечарыны-сустрэчы. Ладзяць праграмы мясцовы Дом культуры і школа. Старшыня сельвыканкама Жанна Малінава — таксама актыўны ўдзельнік свят. Яна, між іншым, салістка народнага калектыву «Весялуха». Таксама ўдзельнікі ансамбля — кіраўнік спраў сельсавета Алена Дзеравяшкіна і дырэктар сельскага Дома культуры Алена Жаркіна. Кажуць: разам дапамагаюць людзям вырашаць праблемы ў кабінетах, разам радуюць мясцовых і са сцэны. Выступленнем «Весялухі» звычайна заканчваецца кожны сельскі сход. А гэта — асаблівае неардынарнае мерапрыемства.

— Спачатку праводзім сход, — кажа Жанна Мікалаеўна. — Размова ідзе пра надзённае вясковыя, праблемы, з якімі сутыкнуліся людзі, пра справы ў сельсавеце, пра тое, чым жыве ўвогуле краіна. Ну, а потым песнямі радуем жыхароў. Наш калектыў невыпадкова называецца «Весялуха».

Калі наведваем маленькія вёсачкі і збіраем іх нешматлікіх жыхароў, то абавязкова пытаем: што патрэбна? Чым дапамагчы? А яны кажуць: нам нічога не трэба, бо ў нас ёсць хлеб, малако, а вось бы больш песень... І мы потым вяртаемся з канцэртнай праграмай. Імкнёмся развесяліць, узняць настрой людзям.

На тэрыторыі Нісімкавіцкага сельсавета 15 вёсак і каля 1,5 тысячы мясцовага насельніцтва. На жаль, кожны год колькасць жыхароў скарачаецца прыблізна на 20 чалавек. Нараджальнасць у вёсках амаль у шэсць разоў ніжэйшыя за смяротнасць. Але сітуацыя ўсё ж можа змяніцца. На тэрыторыі сельсавета тры школы. Ёсць надзея, што іх выпускнікі вернуцца сюды працаваць, завядуць сем'і.

Дарэчы, старшыня ўласным прыкладам паказвае, наколькі няпроста, адказна, але вельмі важна адрадзіць стары «фамільны» падворак. За некалькі кіламетраў ад Нісімкавіч размешчаны пасёлак Яміцкі, які цалкам апусцеў у апошнія гады. На ранейшай вуліцы ў кіламетр даўжынёй больш няма ніводнага дома. Але сям'я Жанны Мікалаеўны адрадзіла сваё старое «радавое гняздо». Яны зрабілі тут невялікую аграсядзібу і запрашаюць гасцей прыязджаць і адпачыць ад горада, павудзіць у ціхім закуточку. Тут створаны невялікі сямейны этнаграфічны музей.

— У Яміцкім захавалася шмат партызанскіх зямлянак. Яны — сапраўдны музей пад адкрытым небам, — дадае Жанна Малінава. — Імкнёмся зберагчы іх для моладзі. Дапамагаюць дэпутаты і вясковыя актывісты. Штогод у Яміцкім праходзяць турыстычныя злёты, спартыўныя спаборніцтвы, краязнаўчыя сустрэчы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва Нісімкавіцкага сельскага Савета

Загаловак у газеце: Тэрыторыя неабыякавых людзей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».