Вы тут

Сацыяльная дапамога ўжо аказана больш чым 20,5 тысячы чалавек


У гэты няпросты перыяд сацыяльныя службы звяртаюць асаблівую ўвагу на людзей старэйшага ўзросту і людзей з інваліднасцю, каб мінімізаваць для іх рызыку захворвання на каранавірусную інфекцыю. Дапамога ўжо аказана больш чым 20,5 тысячы чалавек. Пра гэта паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр РУМАК.


Сацыяльная служба разам са сваімі партнёрамі выканала ўжо больш за 20,5 тысячы заявак пажылых людзей і людзей з інваліднасцю па дастаўцы на дом прадуктаў харчавання і сродкаў першай неабходнасці. У цэлым жа, як заявіў намеснік міністра, гаворка ідзе пра дапамогу вельмі вялікай колькасці людзей: у краіне налічваецца 830 тысяч пажылых і інвалідаў, якія жывуць адны, з іх у 167 тысяч наогул няма блізкіх сваякоў.

Па словах Аляксандра Румака, да 30 сакавіка адзінокія пажылыя і інваліды па ўсёй краіне былі праінфармаваныя па тэлефоне аб дапамозе, якая ім прапануецца, таксама прачытаць пра яе людзі маглі ў памятках, якія распаўсюджваліся па паштовых скрынях. Гэтым займаліся сацработнікі разам з валанцёрамі Чырвонага Крыжа і БРСМ.

«Мы прапаноўваем ім дапамогу ў забеспячэнні ўсім неабходным, для таго каб у іх не было патрэбы выходзіць са свайго дому», — заявіў намеснік міністра працы і сацабароны.

Работа сацыяльнай службы праходзіць у цесным супрацоўніцтве з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа (БТЧК), маладзёжнымі арганізацыямі, перш за ўсё БРСМ, прафсаюзнымі арганізацыямі і некаторымі іншымі, якія вырашылі паўдзельнічаць у гэтым. У ролі каардынатараў выступаюць ТЦСАНы. Дапамогу па дастаўцы прадуктаў харчавання і лекаў аказваюць сацыяльныя работнікі і валанцёры, і з кожным днём яна набірае абароты.

Калі яшчэ тыдзень таму ТЦСАНы разам са сваімі партнёрамі, грамадскімі арганізацыямі аказалі дапамогу прыблізна тром тысячам чалавек, то ўжо ў мінулую пятніцу гэтую дапамогу атрымалі 9,5 тысячы тых, хто мае патрэбу. Па стане на канец дня 5 красавіка цэнтры сацабслугоўвання выканалі 4525 заявак ад пажылых грамадзян і людзей з інваліднасцю, а БТЧК, БРСМ, прафсаюзы, сельскія выканкамы і гандлёвыя ўстановы — 15 981 заяўку. Усяго ўжо 20,5 тысячы чалавек атрымалі дапамогу. Акрамя таго, 95 тысяч пажылых грамадзян атрымліваюць дома сацыяльныя паслугі. Такім чынам, рознымі відамі дапамогі ахоплена 115,5 тысячы чалавек.

У гэтыя дні часова прыпынена работа аддзяленняў дзённага знаходжання для пажылых грамадзян і маладых інвалідаў. У дамах-інтэрнатах, аддзяленнях кругласутачнага знаходжання спачатку было абмежавана наведванне, але на мінулым тыдні ўведзена поўная забарона на ўваход старонніх, а таксама адменены масавыя мерапрыемствы. Адначасова для ўсіх работнікаў інтэрнатаў устаноўлены масачны рэжым, яны абавязаны выкарыстоўваць пальчаткі пры абслугоўванні пажылых людзей. Заступаючы на змену, работнікі мераюць тэмпературу — гэтыя паказанні запісваюцца. Сацработнікі, якія аказваюць паслугі з выездам на дом, павінны весці дзённікі самакантролю.

Куды яшчэ можна звяртацца

У выпадку ўзнікнення праблемных сітуацый, а таксама з прапановамі па ўдасканаленні арганізацыі дастаўкі прадуктаў харчавання і медыкаментаў сацыяльнай службай можна тэлефанаваць у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на нумар (8 017) 222-49-29, а таксама ў абласныя камітэты па працы, занятасці і сацыяльнай абароне:

  • у Брэсцкай вобласці — (8 0162) 21-10-17;
  • Віцебскай — (8 0212) 65-42-64;
  • Гомельскай — (8 0232) 75-77-12;
  • Гродзенскай — (8 0152) 74-35-94 і 77-03-49;
  • Магілёўскай — (8 0222) 25-07-05;
  • Мінскай — (8 017) 302-68-23;
  • у Мінску — (8 017) 396-55-26 і 373-04-76.

Званкі прымаюцца з 9.00 да 18.00 у рабочыя дні.

Калі ласка, не блытайце гэтыя тэлефоны з гарачымі лініямі, па якіх можна замовіць прадукты і лекі на дом.

Святлана БУСЬКО

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Падтрымка набірае абароты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?