Вы тут

Прэзідэнт звярнуў увагу на пажаранебяспечную сітуацыю ў Беларусі


Менавіта тым праблемам, якія існуюць незалежна ад эпідэміялагічнай абстаноўкі, была прысвечана сённяшняя сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам па надзвычайных сітуацыях Уладзімірам Вашчанкам.


«Як я ўжо казаў, мы такія людзі, што часам упрэмся ў нейкую адну праблему і забываем пра тое, што ёсць і іншыя», — такімі словамі сустрэў кіраўнік дзяржавы сённяшняга дакладчыка ў Палацы Незалежнасці. 

Аляксандр Лукашэнка засяродзіўся на тым, што ўвага людзей цяпер сканцэнтравана на каранавірусе. Але, па яго словах, людзі не ўнікаюць у сутнасць таго, што адбываецца, не параўноўваюць сітуацыю з мінуламі перыядамі. 

«А ў гэтым страшным годзе сітуацыя лепшая, чым у мінулым, тое самае і па пнеўманіях. Я ўжо пра гэта казаў, але ўсе мы сканцэнтраваліся на гэтай праблеме, — паўтарыў Прэзідэнт. — Я ўвесь час падкрэсліваю, што для нас найважнейшы элемент — гэта эканоміка. Усё гэта сыйдзе, яно ўжо сыходзіць, вы бачыце па Еўропе, што адбываецца. А эканоміка будзе заўсёды, бо гэта жыццё людзей!»

Сярод праблем, якія існуюць незалежна ад аб’яўленай пандэміі, — надзвычай сухая вясна ў нашым рэгіёне.

«За гэтымі развагамі мы забываем, што ёсць і іншыя праблемы. Цяпер на тэрыторыі Беларусі стаіць вельмі сухое надвор’е. Ноччу мароз, раніцай — сонца і вецер. Глеба моцна высушана», — абазначыў заклапочанасць беларускі лідар. 

Пры гэтым каля 40 % тэрыторыі Беларусі пакрыты лясамі, а значыць, узрастае небяспека пажараў у масівах. 

«Пачынаюцца ўвесну палы травы, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Усе, і біёлагі ў тым ліку, кажуць, што гэта вельмі шкодна для самой глебы, для яе складу, для тых, хто ў ёй жыве. Але, тым не менш, паляць! Пажары — наша рэчаіснасць, няхай не ў такіх аб’ёмах, як у суседзяў, няхай не так страшна, але яны ёсць і іх шмат. А тушэнне іх — гэта вялікія выдаткі».

Адсюль пытанне кіраўніка дзяржавы да дакладчыка: што адбываецца ў плане пажарнай бяспекі ў Беларусі? 

«Паглядзеў схему, мне сёння далажылі. У нас сярэдняя ўзгаральнасць, як у вас прынята казаць, — да Прыпяці. А ў раёне Прыпяці і ніжэй, да Украіны туды, — моцная ўзгаральнасць, там сухмень стаіць больш моцны, — агучыў атрыманую інфармацыю Прэзідэнт. — І што ў дадзеным выпадку адбываецца з пажаранебяспечнымі напрамкамі, як спраўляемся? Якая сітуацыя з гібеллю людзей на пажарах? На жаль, мы яшчэ назіраем гэта. Яна ў разы большая, чым ад каранавіруса». 

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што з хваробамі трэба змагацца, і з віруснымі таксама, але надзвычайнага становішча з сувязі з гэтым у краіне няма. Таму Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у вырашэнні дадзенай праблемы пакуль не задзейнічана. 

Міністр канстатаваў, што сітуацыя з пажарамі і гібеллю на іх людзей складваецца прыблізна на ўзроўні мінулага года. Пры гэтым леташні год быў найбольш удачны.

Пры гэтым у 90-х гадах значна больш гінула дзяцей, дадаў міністр у размове з журналістамі. Ён прывёў наступныя лічбы: у 1999 годзе на пажарах загінулі 64 дзіцяці, летась - два. Гэта сведчыць, што прафілактычная работа сярод гэтай катэгорыі насельніцтва дае плён. 

Дарэчы, другая частка дакладу Прэзідэнту была прысвечана менавіта формам і метадам навучання насельніцтва дзеянням пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару. Размова, у прыватнасці, ішла пра стварэнне ў краіне адукацыйных цэнтраў бяспекі.

«Спадзяемся, што сёлета завяршым будаўніцтва такога цэнтра ў Мінску, — сказаў Уладзімір Вашчанка. — Наша прапанова — праводзіць навучанне ў такіх установах супрацоўнікамі МНС. У планах — адкрыццё такіх цэнтраў ва ўсіх раёнах. Тады дзяцей будуць навучаць бяспецы прафесіяналы, і прафілактыка не будзе абмяжоўвацца толькі размовамі. Наведвальнікі такіх цэнтраў убачаць рэальныя пагрозы, якія нас акружаюць. Мы вучым, як не патрапіць у небяспечную сітуацыю, а калі нават і патрапіў, то як з яе выйсці. Пры гэтым не абмяжоўваемся пажарнай бяспекай, але кажам пра правілы паводізн на вадзе, у лесе, аказанне першай дапамогі». 

Калі вярнуцца да статыстыкі па колькасці загінулых на пажары людзей, то большасць з такіх, па інфармацыі МНС, — адзінокія старыя, і тыя, хто жыве з дарослымі дзецьмі, якія нідзе не працуюць і злоўжываюць алкаголем. У апошнім выпадку гінуць сем’ямі. 

Міністр падкрэсліў, што дзяржава праводзіць вялізную работу, каб прадухіліць пажары і ў гэтых выпадках. 

«Фактычна ва ўсіх прадстаўнікоў гэтай катэгорыі праведзены работы па рамонце пячнога ацяплення, замене праводкі, усталяваныя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, за адзінокімі замацаваны сацыяльныя работнікі», — пералічыў кіраўнік ведамства. 

Каб папярэдзіць бяду па прычыне забыўлівасці альбо неасцярожнасці старых, дзяржаўныя службы толькі летась прапанавалі, па словах міністра, 6 тысячам пажылых людзей перасяліцца падчас ацяпляльнага сезону ў спецыяльна створаныя сацыяльныя цэнтры, але пагадзіліся толькі трохі больш за 600. 

Вельмі актуальнае зараз пытанне — прыродныя пажары, абсалютная большасць з якіх узнікае па віне чалавека. 

«Ужо аскому набіла паўтараць, што нельга гэтага рабіць (паліць траву — «Зв.»). Гэта для жывёл дрэнна, для ўсіх дрэнна, тым не менш, ніяк не можам прывучыць (людзей не рабіць гэтага — «Зв.»), — падзяліўся міністр. — Вядома, тут трэба больш настойліва працаваць і прымаць меры. Сёння мы працуем разам з МУС, каб знаходзіць падпальшчыкаў і прыцягваць іх да адказнасці».

Уладзімір Вашчанка запэўніў, што сістэма рэагавання на ўзнікненне экалагічных пажараў у краіне — дастаткова высокага ўзроўню. Яна ўключае не толькі пажарныя вышкі, але і відэаназіранне, фотапасткі, і гэтая сістэма, па словах міністра, дазваляе спраўляцца і ліквідаваць пажар нават на вялікай плошчы ў кароткі тэрмін. 

«Ёсць праблемы на дробнаконтурных палях, якія зараслі пустазеллем, на высахлых поймах рэк пасля бясснежнай зімы, — дадаў ён. — Нашы рыбакі і паляўнічыя пакуль яшчэ не валодаюць культурай (бяспечных паводзін — «Зв.»). Зараз сітуацыя абвастрылася ў разы з улікам умоў надвор’я — больш адбываецца пажараў». 

Што тычыцца месца МНС у справе барацьбы з каранавірусам, то ўжо зараз ратаўнікі, па словах Уладзіміра Вашчанкі, цесна ўзаемадзейнічаюць з медыкамі.

«Па магчымасці дапамагаем урачам, асабліва калі ёсць неабходнасць недзе з верхніх паверхаў вынесці людзей, асабліва цяжкіх, там дзе ліфт не працуе, — расказаў міністр. — Вядома, мы сёння далі ўвесь пералік нашых магчымасцяў, нашых урачоў, нашай тэхнікі медыцынскай, нашага абсталявання, нашых сродкаў абароны, і пры неабходнасці сістэма аховы здароўя можа ўсім гэтым скарыстацца. Мы можам сёння выкарыстоўваць санітарную авіяцыю, дзе абсталяваны модулі для перавозкі хворых з любой кропкі. Мы даўно працуем разам з Міністэрствам аховы здароўя, практычна штодня здзяйсняем рэйсы па перавозцы донарскіх органаў. Гэта сістэма адладжана».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».