Вы тут

Ідэi гомельскай школьніцы ўвасабляюць турфiрмы


Як праект для аматарскага школьнага навуковага таварыства ператварыць у рэальны прадукт турыстычнага бiзнесу? На гэта пытанне нечакана для сябе знайшла адказ вучанiца гомельскай сярэдняй школы № 66 Дар'я Кухарэнка. Яна — двойчы лаўрэат прэмii спецыяльнага фонда Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў. Такую высокую ацэнку школьнiца атрымала за распрацоўку турыстычных маршрутаў. Спачатку свае прапановы абараняла на шматлiкiх навуковых канферэнцыях i конкурсах, а цяпер iдэi дзяўчыны ўвасабляюць турфiрмы.


Адзiнаццацiкласнiца Дар'я Кухарэнка прызнаецца, што ўсе думкi сёння аб паступленнi ў ВНУ на эканамiчны факультэт. Пасля заканчэння марыць адкрыць турыстычнае бюро. Кажа, што яе гiсторыя — пра тое, як цiкаўнасць, падтрыманая настаўнiкамi i сябрамi, можа загартаваць, вытравiць падлеткавую няўпэўненасць, iнфантыльнасць, навучыць браць адказнасць i адстойваць iдэi.

Пачалося ўсё тры гады таму. Даследаваць родны край натхнiў абвешчаны першы Год малой радзiмы. Школьнае аматарскае таварыства пад кiраўнiцтвам настаўнiка геаграфii Нiны Лямцавай актыўна пачало арганiзоўваць экскурсii.

— Былi ў гомельскiм парку, — згадвае Дар'я. — Натыкнулiся на драўляны будынак XVIII стагоддзя — Iллiнскую царкву. Цiкава стала, бо нiколi ў гэтым храме не былi. Даведалiся, што ён належыць Рускай праваслаўнай стараверскай царкве i, уявiце, з'яўляецца самым старым захаваным стараверскiм храмам у Беларусi.

Дзецi захапiлiся, падтрымалi iдэю педагогаў даследаваць старажытныя храмы, якiя iснуюць на тэрыторыi Гомельскай вобласцi. Так разам з настаўнiкам геаграфii Нiнай Лямцавай i старшым выкладчыкам кафедры геалогii i геаграфii ГДУ iмя Ф. Скарыны Таццянай Флярко вучнi аб'ехалi практычна ўвесь рэгiён. Наведалi 14 праваслаўных храмаў — помнiкаў драўлянага дойлiдства. Дарэчы, многiя з iх дзейнiчаюць i знаходзяцца ў добрым стане.

— Аказалася, у нашай вобласцi захавалася мноства ўнiкальных храмаў, пабудаваных у разнастайных архiтэктурных стылях, — расказвае Дар'я Кухарэнка, якая стала лiдарам школьнага даследчага руху. — Я навучылася складаць тэхналагiчныя карты i пракладваць маршруты: вызначаеш месца, куды запланаваў накiравацца, плануеш, як дабрацца, на якiм транспарце, хто сустрэне, колькi чалавек далучыцца да экскурсii, колькi спатрэбiцца грошай на вандраванне.

Выкладчыкi дадаюць: вучылi дзяцей, што каштоўныя гiстарычныя помнiкi архiтэктуры — гэта пункты для будучых маршрутаў экскурсiйнага рэлiгiйнага турызму. Вучнi i iх куратары падышлi да справы вельмi сур'ёзна: абгрунтавалi ацэнку прывабнасцi таго цi iншага аб'екта, склалi тэхналагiчную карту, метадычна распрацавалi экскурсii i прадставiлi пашпарты аб'ектаў.

— Я навучылася пiсаць тэкст экскурсiй i самастойна праводзiць iх, — матывуе сваiм прыкладам Дар'я. — Але першапачаткова вучылася збiраць iнфармацыю, праводзiць апытанне людзей пэўнай мясцовасцi аб архiтэктурным помнiку, а потым сiстэматызаваць усе гэтыя веды.

Так у школе № 66 распачалi праект «Праваслаўнае драўлянае дойлiдства Гомельскай вобласцi». Гэта тры тэматычныя аўтобусныя маршруты. Ва ўсiх адпраўны пункт — абласны цэнтр. Першы — «Праваслаўнае драўлянае дойлiдства Гомеля i наваколля» — каля 150 кiламетраў. Другi — «Праваслаўнае драўлянае дойлiдства Палесся» — амаль 700 кiламетраў дарогi, якая прывядзе да славутых храмаў на Палессi, у тым лiку ў Ельску, Петрыкаве i Тураве. Трэцi маршрут даўжынёй каля 260 кiламетраў — «Культавыя помнiкi драўлянага дойлiдства паўночных раёнаў Гомельшчыны». Турысты наведаюць старажытныя цэрквы ў вёсках Старая Белiца, Гарадзец i Дварэц.

Напрацоўкi па гэтым праекце школьнiца Дар'я Кухарэнка прадставiла на рэспублiканскiм конкурсе даследчых работ навучэнцаў i атрымала дыплом III ступенi. Праз год у гэтым жа конкурсе за даследаванне старадаўнiх сядзiб Гомельскай вобласцi яна ўжо стала першай.

— У Гомельскай вобласцi сядзiбныя комплексы некалi з'яўлялiся цэнтрамi не толькi культурнага жыцця, але i развiцця прамысловасцi ў рэгiёне, — распавядае дзяўчына. — Пры iх былi створаны бровары, першыя фабрыкi i заводы, цэнтры гандлю. Сядзiбны турызм дапаможа захаваць гiсторыю i традыцыi гэтых месцаў, магчыма, i адрадзiць промыслы. У праекце хацелася не проста ўспомнiць пра папулярныя месцы, а адкрыць для турызму куткi нашага краю, невядомыя шырокаму колу людзей.

Школьнiца звяртае ўвагу на Багуслаўскi фальварак у Гомелi, фрагменты сядзiбы Ястржэмбскiх у Хойнiцкiм раёне цi Горватаў у Нароўлi. Таксама вядома, што на Гомельшчыне сядзiбамi некалi валодалi вядомыя роды Аскеркаў, Халецкiх, Хмыжоўскiх, Дзерналовiчаў, Кеневiчаў, Юдзiцкiх, Яленскiх. Цяпер захавалася больш 30 сядзiб. Большасць з iх патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыi.

Распрацаваны турыстычны праект «Старадаўнiя сядзiбныя комплексы Гомельскай вобласцi» складаецца з трох экскурсiйных маршрутаў: сядзiбныя комплексы гомельскага Палесся, паўночных раёнаў вобласцi i гомельскага Пасожжа. Апошнi, напрыклад, уключае ў сябе сядзiбна-паркавы комплекс «Багуслаўскi фальварак» у Гомелi, сядзiбу Халецкiх у вёсцы Хальч Веткаўскага раёна, дом Цiмафея Грошыкава ў Ветцы, сядзiбна-прамысловы комплекс Добрушскай папяровай фабрыкi, Купецкi дом у Агароднi Гомельскай Добрушскага раёна i Паляўнiчага дамка ў пасёлку Каранёўка, што пад Гомелем.

Многiм сядзiбам, заўважае Дар'я, патрэбныя большае ўкараненне ў турыстычную сферу, прыцягненне турыстаў i распрацоўка цiкавых экскурсiй, выставак, экспазiцый, майстар-класаў. Школьнiца разам з куратарамi-педагогамi распрацавала лагiстыку наведванняў, улiчваючы iнфраструктуру i гiстарычную каштоўнасць аб'ектаў.

Праект юнай гамяльчанкi, прысвечаны развiццю паркавага турызму, звяртае ўвагу на тое, што ў вобласцi на тэрыторыях старадаўнiх паркаў трэба правесцi санiтарную ачыстку, абнавiць раслiнны склад, забаранiць высечку дрэў i распальванне вогнiшчаў. Праз рэкламную, сувенiрную прадукцыю, маляўнiчыя даведнiкi варта распаўсюджваць iнфармацыю пра каштоўнасць старадаўнiх паркаў.

Мiж тым дырэктар школы № 66 Анатоль Кацiла падкрэслiвае, што ўвогуле работа па даследаваннi роднага краю — вельмi плённы досвед. Школьнiкi прэзентавалi буклеты i пры падтрымцы настаўнiкаў стварылi сайт. Навуковыя распрацоўкi Дар'i Кухарэнка аб'ядналi ў асобны ўнiкальны даведнiк, якi не так даўно выдалi на трох мовах. На яго старонках — здымкi як усiм вядомых, так i пакуль маладаследаваных помнiкаў архiтэктуры Беларусi. Гэта сумесная работа ўсёй школы. Педагогi рускай, беларускай i англiйскай мовы вывяралi пераклады, якiя рабiла Дар'я.

— Цяпер гэтыя фотаальбомы мы перадалi ва ўпраўленне спорту i турызму аблвыканкама, — адзначае Анатоль Кацiла. — У выданне будзе дадаткова ўведзена iнфармацыя пра iншыя аб'екты iнфраструктуры — напрыклад, каб чалавек разумеў, якiя гатэлi знаходзяцца побач. Будзе прапрацоўвацца пытанне пра выданне дадатковага тыражу гэтага фотаальбома — але ўжо з пункту гледжання турыстычнай скiраванасцi.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота дадзена калектывам СШ № 66 Гомеля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?