Вы тут

Гарэнне і ўпартасць Алы Зміевай


Ала Зміева — дырэктар выдавецтва «Научный мир», кіраўніца культурнага праекта Art lіbrum, куратар, член Кіраўнічага камітэта ІCOM Беларусь. Доўгі час займаецца тэмай забытых мастакоў, вытворчасць якіх робіць гонар не толькі Беларусі, але і Еўропе, і, мабыць, усяму свету. Наша гутарка з Алай Барысаўнай — пра мастацтва, пра розныя асветніцкія ініцыятывы, якія дазваляюць выхоўваць густы і не забываць не такую ўжо і далёкую гісторыю.


Фота Нікаля Лучы

— Ала Барысаўна, вашы арганізатарскія намаганні як збіральніцы жывапісу і проста чалавека неабыякавага шмат у чым звязаны з Міншчынай. Чаму так здарылася? «Вінаватыя» Хаім Суцін, Шрага Царфін?..

— Можна і так сказаць… Пяць гадоў таму, у 2015 годзе ў Мінску адбылася знамянальная падзея — міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Суцінскія чытанні», якую «асвятлілі» сваім удзелам спецыялісты па вывучэнні Парыжскай школы з сусветным імем адразу з некалькіх еўрапейскіх краін. У тым ліку з Францыі. У сілу некаторых абставін мяне запрасілі стаць адным з арганізатараў той канферэнцыі. Скажам так, даручылі або папрасілі адказваць за яе практычны складнік. Да таго часу прафесійна такой з’явай як Парыжская школа я не займалася. Хоць еўрапейскае мастацтва пачатку і першай паловы ХХ стагоддзя эстэтычна мне заўсёды было блізкае і, калі хочаце, зразумелае. Праўда, імя Хаіма Суціна мне было вядома больш у кантэксце іх сяброўства з Мадыльяні, якога я любіла як мастака яшчэ са школьных часоў. А вось тая акалічнасць, што Хаім Суцін — французкі мастак яўрэйскага паходжання родам з мястэчка Смілавічы, што пад Мінскам, для мяне было адкрыццём, як і для многіх нашых суграмадзян. Між тым Хаім Суцін — гэта сусветна вядомы мастак. Яго творы сыходзяць на аўкцыёнах за казачныя мільёны! Дзіўна і тое, што Смілавічы — гэта радзіма яшчэ аднаго прадстаўніка мастацкай Парыжскай школы — Шрагі Царфіна. Яго нашчадкі з Францыі, Расіі ды Ізраіля таксама прыязджалі на канферэнцыю ў 2015 годзе. Тады ж і завязаліся нашы цесныя ў будучым адносіны ў прыватнасці з яго ўнукам Івам Дзюлакам, які ў снежні мінулага года ўжо трэці раз прыязджаў з візітам у Мінск і Смілавічы, і на гэты раз з ім прыехала яго дачка, якая ўпершыню наведала сваю гістарычную радзіму.

— На ваш суб’ектыўны погляд, ці дастаткова шырока раскрытыя лёс, творчасць Хаіма Суціна ў Смілавічах, на Міншчыне, у Беларусі? Ці трэба нешта яшчэ зрабіць?

— На мой, магчыма, і суб’ектыўны, як вы кажаце, погляд за апошнія гады ў нас зроблены сапраўдны прарыў у стварэнні кантэксту для вяртання імёнаў мастакоў, якія пакінулі свае родныя мясціны і здабылі славу за межамі Беларусі. Мы павінны быць удзячныя тым, хто быў ля вытокаў вяртання ў наш час імя Хаіма Суціна ды іншых мастакоў у гістарычны і навуковы абарот у Беларусі. Гэта ў першую чаргу дыпламат, які працаваў у Парыжы прадстаўніком Беларусі ў ЮНЭСКА, даследчык творчасці мастакоў Парыжскай школы родам з Беларусі, Уладзімір Рыгоравіч Шчасны. Мы пазнаёміліся з Уладзімірам Рыгоравічам ў 2010 годзе, калі выйшла першая яго манаграфія «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі», прэзентацыя выдання адбывалася ў нашым «Кніжным салоне» па адрасе вуліца Калініна, 5.

— Дзякуючы «Кніжнаму салону» дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы рэалізавалі многія прэзентацыйныя ідэі, пазнаёмілі мінчан з многімі кнігамі…

— Я тады нават не ведала, што ў значнай ступені цаной намаганняў Уладзіміра Шчаснага ў 2008 годзе ў Цэнтры дзіцячай творчасці гарадскога пасёлка Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці была адкрыта экспазіцыя, прысвечаная Хаіму Суціну, якая пасля і перарасла ў мемарыяльны музей мастака. Вядома, стварэнне музея стала магчымым у тым ліку дзякуючы намаганням адданых энтузіястаў, краязнаўцаў, педагогаў і кіраўнікоў дзіцячага мастацкага цэнтра. У тыя гады Уладзімір Рыгоравіч паўплываў на рашэнне кіраўніцтва «Белгазпрамбанка» аб набыцці калекцыі работ менавіта мастакоў Парыжскай школы — ураджэнцаў Беларусі. Праўда, тады ў калекцыі банка яшчэ не было карціны Хаіма Суціна. Але выстава работ, набытых банкам, прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, быў выдадзены каталог.

На выставе «500 гадоў. Мастацтва, кніга, мастацтва кнігі», прысвечанай Францыску Скарыне. Мінск, Палац мастацтваў, 2017-ы. Фота - Яўген Колчаў

А пасля калекцыя была прадстаўлена ў Вільнюсе. Нашы літоўскія калегі з вялікай увагай сочаць за рухамі, якія адбываюцца ў нас па тэме Парыжскай школы. Бо, як вядома, на пачатку ХХ стагоддзя, а менавіта да таго перыяду адносіцца пачатак творчасці мастакоў, мастацкую адукацыю маладыя людзі заходніх рэгіёнаў Расійскай імперыі атрымлівалі ў Віленскай мастацкай школе. Так што цікавасць літоўцаў не марная… Я сама некалькі разоў бачыла на таблічках з подпісамі да работ Суціна: «…нарадзіўся ў 1893 годзе ў Вільні (Літва)». Але дзякуючы намаганням спецыялістаў, у тым ліку Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, такіх як Надзея Міхайлаўна Усава, якая стварала канцэпцыю музея «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах, справядлівасць адносна прыналежнасці Хаіма Суціна ды іншых мастакоў па месцы іх нараджэння аднаўляецца. У цяперашні час у карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка» знаходзяцца ўжо дзве працы Хаіма Суціна. Кажуць, гэта самыя дарагія творы мастацтва ў Беларусі. Яны прадстаўлены публіцы ў пастаяннай экспазіцыі ў мастацкай галерэі банка. Практычна пра ўсіх мастакоў знятыя дакументальныя фільмы, а пра асобных, як Шагал і Царфін, нават не па адным фільме.

— У апошнія гады вы шмат робіце для вяртання спадчыны, памяці пра Шрагу Царфіна на радзіму, у Беларусь. Раскажыце, калі ласка, трохі пра гэтага мастака. Ці дастаткова добра ён вядомы ў Беларусі? Што яшчэ, на ваш погляд, можна зрабіць у гэтым кірунку?

— Варта пачаць з захопленых слоў пра выставу работ Шрагі Царфіна, якая два з лішнім месяцы карысталася аглушальным поспехам у наведнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, і якая доўжылася да канца лютага. Шлях да гэтага поспеху быў доўгі, яго пракладалі супрацоўнікі музеяў разам з нашчадкамі мастака.

Музей у Смілавічах перастаў быць толькі мемарыяльным музеем, а стаў паўнавартасным мастацкім музеем, у якім прадстаўлены арыгінальныя творы, якраз у 2015 годзе. Тады дзякуючы глыбокім і дбайным даследаванням асобы і творчай спадчыны Шрагі Царфіна, якімі займаецца мой калега Юрый Абдурахманаў, спадчыннікі Царфіна паверылі, што імя іх бацькі і дзеда зойме справядлівае пачэснае месца як у асяроддзі сталічных спецыялістаў, так і на радзіме ў Смілавічах. Яны перадалі ў дар музею «Прастора Хаіма Суціна» арыгінальныя творы і некалькі асабістых рэчаў Шрагі Царфіна для стварэння асобнай «залы Царфіна», прысвечанай яго творчасці. Вядома, тая падзея падняла музей у Смілавічах на якасна новы ўзровень. Дастаткова сказаць, што музей стаў турыстычным пунктам на карце Беларусі, праз яго пралягае некалькі экскурсійных маршрутаў. Цяпер наведнікі могуць палюбавацца работамі Шрагі Царфіна як у Мінску, так і ў Смілавічах. Сёння на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі «Шрага Царфін. Вядучы да святла» прадстаўлена 60 (!) твораў мастака. Галоўны куратар праекта, падрыхтаванага да 120‑годдзя з дня нараджэння мастака, — Юрый Абдурахманаў. Ён правёў сур’ёзную працу, якая ўключае выпуск каталога выставы, а таксама публікацыю ўспамінаў Ш. Царфіна на рускай і французкай мовах. Кніга ўспамінаў «Файбиш-Шрага Царфин: О Сутине, о Смиловичах, о себе» выйшла ў нашым выдавецтве «Научный мир» і была прадстаўлена падчас нядаўняй XXVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Гэта ўнікальная першая публікацыя ўспамінаў, перададзеных дачкой Царфіна Ліліян Дзюлак-Царфін для перакладу і выдання ў Беларусі. Пераклад успамінаў суправаджаецца навуковымі каментарыямі і біяграфічнымі звесткамі пра мастака, а таксама ілюстрацыямі яго прац і архіўнымі фота. Што да экспазіцыі работ у музеі, то яна складаецца з твораў, набытых для карпаратыўнай калекцыі Групы кампаній А‑100, работ з фондаў НММ і музея «Прастора Хаіма Суціна», а таксама з прыватных калекцый. Купля калекцыі работ Ш. Царфіна ў спадчыннікаў мастака ажыццявілася дзякуючы ўдзелу нашай Амбасады ў Парыжы.

— Шагал, Суцін, Царфін… Ці ёсць іншыя імёны з Парыжскай школы, звязаныя з Беларуссю, якія патрабуюць, кажучы сучаснай мовай, «раскруткі» ў нас, у Беларусі?

— Восенню 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі праходзіла выстава «Майстры Монпарнаса з беларускіх мястэчак». Я была куратарам і аўтарам ідэі гэтага праекта. За некалькі гадоў працы па тэме Парыжскай школы я адкрыла для сябе некалькі імёнаў мастакоў, якія раней не ўваходзілі ў спіс маіх мастацкіх пераваг. Напрыклад, Міхаіл Кікоін, які нарадзіўся ў 1892 годзе ў Гомелі, наведваў у Мінску мастацкую школу Якава Кругера. Дзе і пазнаёміўся з Хаімам Суціным, з якім ў 1909 годзе яны разам з’ехалі на вучобу ў Вільню, а пасля перабраліся ў Парыж. Размаўляючы з калекцыянерамі, я ўпершыню ўбачыла арыгінальныя працы Осіпа Любіча, мастака з Гродна, з дачкой якога я пасля пазнаёмілася ў Парыжы дзякуючы Юрыю Абдурахманаву. Увогуле, у чымсьці я падсілкоўвалася ад калег і калекцыянераў, а калі бачыла цікавыя і даступныя для набыцця работы на аўкцыёнах, раіла і дапамагала набыць. Таму ідэя сама напрошвалася — аб’яднаць усе вядомыя мне работы мастакоў Парыжскай школы, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях, у адной выставе. Атрымалася восем імёнаў: Шрага Царфін, Осіп Любіч, Осіп Цадкін (графіка), Марк Шагал, Яўген Зак, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень і Роберт Генін. Гэта яшчэ не ўсе імёны. Але па нашай выставе мы выдалі каталог, і супрацоўніцтва з прыватнымі калекцыянерамі аказалася ўдалым, многія далі работы для ўдзелу і ў выставе Шрагі Царфіна.

— У вашай арганізатарскай працы, звязанай з выяўленчым мастацтвам, быў і досвед правядзення пленэраў на Міншчыне. Ці працягнеце гэтую практыку?

— Сапраўды, у 2015 і 2016 гады я праводзіла некалькі пленэраў у цыкле «Прастора Суціна». Аднойчы ў Смілавічах была арганізавана арт-рэзідэнцыя для мастака з Літвы. Гэта вельмі цікавыя творчыя заняткі, але клапотныя і выдатковыя. У мяне ёсць некалькі цікавых ідэй для пленэраў, я гатовая імі падзяліцца з тымі, у каго ёсць магчымасць арганізаваць такое мерапрыемства. Як у куратара ў мяне ёсць планы правесці пленэр для французкіх мастакоў у Мірскім замку, але гэта Гродзеншчына…

— Хоць і не так далёка ад Міншчыны. Чаму б, вобразна кажучы, не аб’яднаць Нясвіжскую замкавую і Мірскую замкавую прастору праз увагу да іх сталых, цікавых мастакоў?..

— І, як мне здаецца, гэта цалкам магчыма…

— Ці можна казаць пра існаванне такога напрамку, як мастацкае краязнаўства Беларусі? Што можна было б зрабіць для мастацка-гістарычнай адукацыі, для вяртання памяці пра яркіх мастакоў — ураджэнцаў Міншчыны?

— Я магу глядзець на гэта з двух пунктаў гледжання. Першае — як куратар: бачу, што ёсць шмат добрага матэрыялу для стварэння цікавых праектаў, яркіх экспазіцый. Другое — як дзеючы член ІCOM Беларусь: у нас існуе некалькі праграм развіцця рэгіянальных музеяў. Праўда, пакуль імі займаюцца ў асноўным малалікія энтузіясты. Такі шчаслівы выпадак як з музеем «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах або Клуб-музей Чэслава Немена ў Старых Васілішках не заўсёды бывае. Такога амаль наогул не бывае, каб гадамі вялася сістэматычная праца. Вось мне відавочна, што трэба ствараць галерэю работ Георгія Скрыпнічэнкі ў Слуцку. Але каму ні прапаную, пакуль ніхто не падтрымлівае ідэю. Хоць у Слуцку можна смела рабіць музей сучаснага мастацтва. Там выпускнікі школы Садзіна — знакамітыя графікі Басалыгі, Уладзімір Акулаў там жа творыць, не кажучы пра тое, што Уладзімір Цэслер са Слуцка родам.

— Ваша пажаданне мясцовым краязнаўцам, у якіх не вельмі вялікія магчымасці і якія цікавяцца лёсам сваіх землякоў-мастакоў.

— Мясцовым краязнаўцам магу пажадаць гарэння і ўпартасці ў дасягненні мэты, тады цікавыя знаходкі не прымусяць сябе чакаць! А калі патрэбна будзе дапамога, прафесійная падтрымка — звяртайцеся. Думаю, экспертаў знайсці мы заўсёды дапаможам.

Гутарыў Кірыл Ладуцька

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?