Вы тут

Рух нераўнадушнасцi. «Звязда» сабрала некалькi прыкладаў сацыяльных праектаў, дзе людзі і ўстановы дапамагаюць медыкам


Сёння многiя беларусы, нават далёкiя ад медыцыны, а таксама ўстановы, арганiзацыi i прадпрыемствы розных формаў уласнасцi гатовыя аказваць падтрымку медыкам — як маральную, так i цалкам рэчыўную: грашовымi сродкамi, гарачымi абедамi цi неабходным для работы абсталяваннем i прыладамi. I хоць лiчыцца, што добрыя справы трэба рабiць цiха i незаўважна, кожная з такiх iнiцыятыў вартая як мiнiмум увагi грамадства, а мо i працягу, i развiцця ў большых маштабах. «Звязда» сабрала некалькi прыкладаў сацыяльных праектаў, якiя, магчыма, натхняць iншых на новыя добрыя i такiя патрэбныя сёння справы. Спiс можа быць i — мы ўпэўнены — будзе працягнуты.


«Дзякуй» з Вiцебска

Яго на ўсю моц агучылi на адрас медыкаў вайскоўцы са 103-й Вiцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Дэсантнiкi правялi акцыю падтрымкi ў сваiм падраздзяленнi, стоячы на пляцы i трымаючы ў руках вялiкiя аркушы са словам «Дзякуй», каб выказаць пашану ўрачам за iхнюю напружаную i нялёгкую працу.

Са свайго боку, як адзначыў намеснiк камандзiра брыгады па iдэалагiчнай рабоце падпалкоўнiк Дзянiс Крывянцоў, вайскоўцы стараюцца не дабаўляць урачам клопату i строга выконваюць усе медыцынскiя рэкамендацыi па прафiлактыцы — праводзяць дэзiнфекцыйную апрацоўку, сочаць за здароўем байцоў.

«Ссабойкi» для дактароў

Сталiчны рэстаран Grillman адзiн з першых зачынiўся праз каранавiрус — але не з-за недахвату наведвальнiкаў, а з-за пераходу на валанцёрства. Супрацоўнiкi ўстановы грамадскага харчавання з канца сакавiка ажыццяўляюць праект «Збяры «ссабойку» доктару». Цяпер тут гатуюць 60 порцый сняданкаў, абедаў i вячэр для рэанiмацыi гарадской клiнiчнай iнфекцыйнай бальнiцы i па 100 абедаў для персаналу 6-й гарадской клiнiчнай бальнiцы Мiнска. За два месяцы работы без выхадных рэстаран плануе забяспечыць сама меней 22 800 порцый гарачай ежы для сталiчных урачоў.

На праект выдаткавалi 114 тысяч рублёў уласных сродкаў, значную частку прадуктаў штодня бязвыплатна пастаўляюць кампанii — партнёры iнiцыятывы, але гэтага недастаткова для пакрыцця ўсiх выдаткаў. Таму абвясцiлi збор праз краўдфандынгавую платформу molamola.by — паступiла ўжо больш за 35 тысяч беларускiх рублёў. «Урачы на рабоце, каб мы заставалiся дома, i мы можам накармiць iх дамашняй смачнай ежай, каб iм было крыху лягчэй. Мы дастаўляем усе партыi «ссабоек» бескантактнай дастаўкай i з любоўю», — зазначае каманда Grillman i яе шэф-кухар, уладальнiк рэстарана Юрый Агеенка, дзякуючы ўсiм за падтрымку праекта i дадаючы, што «разам мы сiла».

Звыш 30 тысяч бутэлек пiтной i мiнеральнай вады накiравала ў медыцынскiя ўстановы нашай краiны кампанiя «Дарыда». «Дапамагаючы медыкам, мы праяўляем салiдарнасць i ўдзячнасць за iх такую важную працу, — кажа генеральны дырэктар кампанii Дзмiтрый Невяровiч. — I мы лiчым сваiм абавязкам зрабiць унёсак у агульную справу, бо менавiта ў такiя моманты згуртаванасць дзяржавы, грамадства i бiзнесу дапамагае зрабiць так, каб Беларусь справiлася з усiмi выклiкамi, якiя паўстаюць перад краiнай». Бiзнесмен заклiкаў iншыя прадпрыемствы i наогул усiх нераўнадушных па меры сiл i магчымасцяў аказаць садзейнiчанне медыцынскiм установам у барацьбе з COVID-19.

А ў Мiнску на аўтазаправачных станцыях сеткi А-100 абвясцiлi акцыю #РазамЗдолеем i пачалi бясплатна частаваць дзяжурныя брыгады хуткай дапамогi французскiмi хот-догамi з кавай ды гарбатай. «Хай тыя рэдкiя хвiлiны адпачынку, якiя атрымлiваецца выкраiць падчас напружаных працоўных змен, стануць крыху цяплейшыя», — абазначыла кампанiя сваю iнiцыятыву.

Капейка да капейкi

У дапамогу Капыльскай цэнтральнай раённай бальнiцы зладзiлi дабрачынную акцыю «Дыхай лёгка, Капыль!» — у яе межах каманда краўдфандынгавай платформы Ulej.by за двое сутак сабрала звыш 8 тысяч рублёў для набыцця двух кiслародных канцэнтратараў (аналаг ШВЛ); антысептыкаў i сродкаў iндывiдуальнай абароны для медыцынскага персаналу. «У дамове, заключанай з канкрэтнай бальнiцай, мы ўказваем мэту пераводу спонсарскай дапамогi i такiм чынам дакладна ведаем, на што будуць выдаткаваныя сродкi», — падкрэслiваюць аўтары праекта. Збор, дарэчы, працягваецца да 11 красавiка, i кожны ахвотны можа ўзяць у iм удзел.

А крыху раней каманда правяла аналагiчную акцыю «Дыхай лёгка, Вiцебск!». За ахвяраваныя ўдзельнiкамi грошы — больш чым 34,5 тысячы беларускiх рублёў! — былi набытыя шэсць кiслародных канцэнтратараў i сродкi iндывiдуальнай абароны для ўрачоў Вiцебскай гарадской бальнiцы хуткай дапамогi i Вiцебскай чыгуначнай бальнiцы.

Шыюць усе

Нацыянальны акадэмiчны тэатр iмя Янкi Купалы абвясцiў сацыяльны праект «Нетэатральная маска». У пашывачным цэху тэатра ўжо вырабiлi 500 ахоўных масак — i працягваюць шыць iх далей, каб перадаць на патрэбы 10-й гарадской клiнiчнай бальнiцы Мiнска.

Гэты праект зладжаны з дапамогай пазабюджэтных сродкаў Купалаўскага, а таксама спонсарскай падтрымкi. «Тэатр будзе ўдзячны юрыдычным асобам, усiм аматарам тэатральнага мастацтва i нашым гледачам за фiнансавую падтрымку ў набыццi матэрыялаў, неабходных для пашыву масак. Купалаўскi тэатр таксама запрашае далучыцца да праекта i iншыя тэатры Беларусi (якiя маюць магчымасцi), каб разам зрабiць гэтую добрую справу», — расказваюць у тэатры. Падтрымаць iнiцыятыву можна, пералiчыўшы любую суму на рахунак тэатра, у тым лiку праз iнтэрнэт-банкiнг, пазначыўшы прызначэнне плацяжу «Нетэатральная маска».

Дарэчы, падобным чынам падтрымлiваюць медыцынскiя ўстановы i многiя iншыя тэатры ў Казахстане, Польшчы, Балгарыi i iншых краiнах.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота са старонак праектаў у сацыяльных сетках

Загаловак у газеце: Рух нераўнадушнасцi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?