Вы тут

Дыстанцыйнае навучанне: гатоўнасць № 1


Беларускім настаўнікам прапануюць падзяліцца сваімі напрацоўкамі.

Таварыства беларускай школы прапанавала настаўнікам скарыстаць час дадатковых канікулаў для збору і стварэння матэрыялаў для дыстанцыйнага навучання.


— Калі яно не спатрэбіцца праз тыдзень, і пандэмія адступіць — у нас будзе банк урокаў на будучыню, які можна будзе скарыстаць для перакуленага класа, змяшанага навучання і іншых інавацый, якія пакуль што ў нашай школе прысутнічаюць часцей за ўсё на паперы, — тлумачыць сэнс ініцыятывы намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара МАЦКЕВІЧ. — Шмат у каго ёсць уласныя напрацоўкі. Настаўнікі стварылі на Фэйсбуку групу «Перакулены клас. Матэрыялы для навучання». Калі ласка, далучайцеся і шліце спасылкі на свае ролікі, тэксты і прэзентацыі, якія вы ўжо маеце. Да слова, усяго за першыя два дні існавання групы там назбіралася ўжо некалькі дзясяткаў матэрыялаў. Вялікі дзякуй усім педагогам, хто падзяліўся. Матэрыялы можна дасылаць і на адрас nastaunik.info@gmail.com. Яны з’явяцца як на сайце, так і ў групе ФБ. 

І мы атрымалі ўжо першы водгук, які прыйшоў з Украіны як рэакцыя на створаную беларускімі настаўнікамі суполку. Ліст даслала Ганна Коршунава з горада Сумы - настаўніца геаграфіі і мама дзевяцікласніка, дзе апісала першыя крокі і першыя праблемы, з якімі сутыкнуліся украінцы пры арганізацыі дыстанцыйнага навучання школьнікаў. Яна расказала, што сістэма адукацыі, як і чакалася, не была гатовая да дыстанцыйнага навучання і зараз, як заўсёды, усё на сабе «выцягваюць» настаўнікі. Таму найважнейшым і надалей застаецца абмен вопытам з калегамі, самаадукацыя, пошук аптымальных рэсурсаў і здольнасць адміністрацыі арганізаваць адукацыйны працэс.

Што тычыцца работы настаўніка... Яе стала ў два разы больш. Дыстанцыйка — зусім іншая справа: іншыя метады, формы работы, розны кантроль. І вельмі дзіўна чуць скаргі ад бацькоў на тое, што яны не ведаюць, што рабіць з дзіцем, як уплываць, як матываваць, як элементарна паразумецца з уласным сынам ці дачкой. «Так, гэта складана, але адукацыя — гэта не толькі справа школы, але і ў большай ступені клопат сям’і. Менавіта таму вытрымка і цярпенне патрэбныя ўсім — і бацькам, і настаўнікам. Варта супрацоўнічаць, не вінавацячы і не ківаючы адзін на аднаго. І ўсё будзе добра!» — раіць Ганна Коршунава. А напрыканцы трошкі пазітыву — украінскія дзеці ўжо засумавалі па сапраўднаму навучанню і жывым стасункам, таму чакаюць, калі ім можна будзе вярнуцца ў школу.

Трэба адзначыць, што 6 красавіка на Украіне для ўсіх школьнікаў распачалася трансляцыя відэаўрокаў у рамках праекта «Усеўкраінская школа анлайн».

Больш за 40 выкладчыкаў запісалі відэа-ўрокі па 11 школьных прадметах і прыклалі ўсе намаганні, каб зрабіць іх цікавымі і карыснымі. Іх будуць трансляваць кожную раніцу, з панядзелка па пятніцу па сямі ўкраінскіх тэлеканалах. Таксама ў запісе відэаўрокі можна будзе паглядзець на афіцыйных старонках Міністэрства адукацыі і навукі Украіны на Facebook і Youtube, на медыя-сэрвісах і інтэрнэт-платформах.

Як вядома, пандэмія каранавірусу зачыніла дзверы школ у многіх краінах свету і прымусіла педагогаў звярнуцца да дыстанцыйнага навучання. Але працаваць у новых абставінах аказаліся гатовыя не ўсе. Да таго ж, як высветлілася, дома ў настаўнікаў і дзяцей не заўсёды ёсць якасны доступ да Інтэрнэту, з-за чаго не ўсе маюць магчымасць дыстанцыйна навучаць і вучыцца на адлегласці. Пасля завяршэння каранціну і аднаўлення навучальнага працэсу ўкраінскім школам будзе дадзены час для дыягностыкі таго, як вучні засвоілі матэрыял пры дыстанцыйным навучанні.

У Расіі, якая пайшла на каранцін да канца красавіка, усе рэгіёны самастойна вырашаюць, як будзе арганізаваны навучальны працэс. У Падмаскоўі, напрыклад, з 6 красавіка па 1 мая дыстанцыйна навучацца будуць усе школьнікі і студэнты каледжаў і ВНУ.

Беларускіх школьнікаў на каранцін не адпраўляюць, але па просьбах бацькоў вясеннія канікулы былі падоўжнаы яшчэ на адзін тыдзень.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: vogazeta.ru

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.