24 кастрычніка, субота

Вы тут

Поле нашай духоўнасці ніхто за нас не дагледзіць. Гутарка з Зіновіем Прыгодзічам


Прадстаўляем суразмоўніка

Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Зіновій Прыгодзіч — аўтар больш чым дваццаці мастацкіх і дакументальных кніг. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а таксама прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў. Кандыдат філасофскіх навук.

Працаваў галоўным рэдактарам газеты «Советская Белоруссия», першым намеснікам старшыні Дзяржкамдруку. Цяпер галоўны рэдактар папулярнага выдання «Гаспадыня. Сямейны часопіс».

Пастаянны аўтар «Звязды».


— У кнізе «Над Вісліцай» вы падзяліліся ўласным бачаннем дзён мінулых сваёй малой Радзімы — Піншчыны. Сёння я запрашаю вас зазірнуць у яе заўтрашні дзень, калі паўсюдна будзе гаспадарыць буйнатаварная вытворчасць. Хочам мы ці не, але будучыня айчыннага аграпрамысловага сектара — менавіта ў буйнатаварнай вытворчасці, далейшым узбуйненні гаспадарак. Праўда, не застанецца месца хутарам і нават маленькім вёсачкам, у якіх дагэтуль жывуць людзі.

Як вы лічыце, вось гэтая ломка вясковага побыту, якая стала прыкметай часу, чыста псіхалагічна даецца людзям проста?

— Калі задумацца, то гэта — сапраўдныя тэктанічныя зрухі, а мо і разломы, на значных тэрыторыях. Вы пытаецеся, як яны адгукваюцца ў людзях? Ведаючы натуру браткоў беларусаў, далікатную і лёгка ранімую, разумею, што даецца такое складана. Расійскі пісьменнік Валянцін Распуцін у сваім творы «Развітанне з Мацёрай» ва ўсіх дэталях апісаў чалавечую драму менавіта такога кшталту. Беларусы перажылі сваю драму, калі з-за «мірнага атама» сотні тысяч людзей са слязамі рушылі з наседжаных месцаў.

Зараз мы разглядаем з вамі крыху іншую сітуацыю. І павінны браць пад увагу, што знікненне малых ці, як іх раней называлі, неперспектыўных вёсачак і будаўніцтва буйных, добраўпарадкаваных аграгарадкоў — працэс аб'ектыўны і непазбежны. Такое адбываецца не толькі ў нас, але і ў многіх іншых краінах.

Маленечкія вёскі з іх неўпарадкаванасцю выміраюць, так. Аднак не ўсё адназначна. І ў досыць вялікіх паселішчах праблем хапае. У маёй роднай вёсцы Лышча налічваецца 167 гаспадарак і 370 жыхароў. А ў гады маёй маладосці тут было каля трохсот гаспадарак і больш за тысячу жыхароў. У школе займаліся два паралельныя дзясятыя класы. А летась ледзь набралі дзяцей у першы клас. Некалі валейбольная каманда ўдзельнічала ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў, грымеў на ўсю вобласць гурт мастацкай самадзейнасці. Нічога гэтага цяпер няма.

Баліць душа і за духоўны стан сённяшняй вёскі. Яна не толькі ўзбуйняецца, індустрыялізуецца, але і траціць прыкметы старога, крышку патрыярхальнага, а таму больш маральнага жыцця.

— Часта калегі-журналісты пытаюцца ў герояў сваіх інтэрв'ю: «Новае пакаленне лепшае за папярэднія?» Мяне асабіста цікавіць новае пакаленне вяскоўцаў. Сёння малады механізатар — сапраўдная эліта на вёсцы. Бо яго «Кіравец» і гомельскі камбайн апошняй маркі аснашчаны камп'ютарам, а пад рукой столькі «коней», колькі раней не было ва ўсёй калгаснай стайні. Гэтая ўзброенасць павінна мяняць і яго самога. Ці паспявае духоўна малады вясковец у сваім развіцці за тэхнічным прагрэсам?

— Калі быць аб'ектыўным, то, канешне ж, розныя ёсць вёскі і розная ў іх так званая эліта. У перадавых, багатых гаспадарках, дзе віруе культурнае жыццё, духоўнасць маладых вяскоўцаў на ўзроўні. Сцвярджаю гэта, зыходзячы з уласных назіранняў. Вось да чаго варта імкнуцца. За прыклад можна браць у маім раёне той жа «Аснежыцкі» ці саўгас «Парахонскі».

Аднак баюся, што ў многіх вёсках моладзь дагэтуль пазбаўлена элементарнага — прыстойнага дома культуры, добраўпарадкаванага стадыёна і гэтак далей. І чым яна бавіць свой вольны час, што ў яе на душы — цяжка сказаць. Ніхто з сённяшніх «інжынераў чалавечых душ» гэтыя працэсы не даследуе. (Папрок у адрас калег, пісьменнікаў і журналістаў.) Раней у нас былі Ігнат Дуброўскі, Вера Палтаран, Васіль Праскураў. Як яны пісалі пра вёску — дасведчана, глыбока, з любоўю! Хто цяпер так піша? Ніхто.

— Мы з вамі размаўляем пра такую тонкую матэрыю, як душа вясковага чалавека. І вось тут узнікаюць «праклятыя пытанні» паўсядзённасці. Як затрымаць маладога чалавека на вёсцы? Хто возьме на сябе адказнасць за яго маральнасць? Якая роля тут адводзіцца вясковай інтэлігенцыі?

— Як затрымаць маладога чалавека на вёсцы? Гэта праблема з праблем. Над яе вырашэннем думаюць многія светлыя галовы.

У Мядзельскім раёне, у вёсцы Камарова мне давялося пазнаёміцца з Эдуардам Вайцяховічам, чалавекам няўрымслівым, ініцыятыўным. У свой час ён узначальваў тутэйшае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, якое рыхтавала сельскіх механізатараў. І вось малады кіраўнік сутыкнуўся з тым, што ў вучылішчы быў пастаянны недабор. Непрэстыжна было ісці працаваць у сельскую гаспадарку. Чаму? А таму, што моладзі ў вёсцы нецікава.

І тады Вайцяховіч загарэўся ідэяй стварыць у Камарове на базе вучылішча Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва. Каб тут рыхтавалі не толькі механізатараў, але і будаўнікоў, кухараў, пекараў, механікаў — прычым навучалі іх асновам вядзення бізнесу.

І цяпер у Камарове ёсць свой бізнес-інкубатар, дзе маладыя людзі (і не толькі маладыя) праходзяць адпаведны курс прадпрымальніцкай навукі, набываюць практычныя навыкі бізнесу.

А Вайцяховіч ужо думае пра большае. Пра тое, што яшчэ можна арганізаваць на сяле. На Захадзе шырока прымяняецца субкантрактацыя, калі буйное прамысловае прадпрыемства, размешчанае ў горадзе, мае значную колькасць невялікіх прыватных філіялаў у вёсцы. Кожны з такіх філіялаў спецыялізуецца на вырабе якой-небудзь адной дэталі і пастаўляе яе на галоўны канвеер. То чаму б не стварыць у нашых вёсках такія малыя прадпрыемствы? І даць моладзі перспектыўную работу.

— У кантэксце сённяшняй гутаркі нельга не абмеркаваць ролю вясковай інтэлігенцыі. Агранома, доктара, настаўніка, старшыні сельсавета... Давайце смела ўключаць у наш пералік і кіраўніка гаспадаркі. Ад узроўню культурнасці гэтых знакавых на вёсцы людзей залежыць ці не ўсё.

— Безумоўна, паняцці «інтэлігент» і «культура» непадзельныя. У ідэале. Але калі ў ідэале, тады і жыць лёгка. А вось што, скажыце, рабіць маладому спецыялісту, калі ў гаспадарцы дом культуры на замку, спартыўных секцый няма? З'ездзіць у сталіцу на цікавы спектакль, папулярны канцэрт не заўсёды атрымліваецца... І ўсё ж, запярэчу я сам сабе, ёсць бібліятэка, ёсць тэлевізар, у рэшце рэшт ёсць (цяпер ужо і ў вёсцы) інтэрнэт. Што датычыцца апошняга, то важна разумна ім карыстацца. Гэтае найвялікшае вынаходніцтва чалавецтва можа быць як дабром, так і злом.

Карацей кажучы, інтэлігент на тое і інтэлігент, што ён не будзе чакаць, каб нехта яму арганізоўваў цікавы адпачынак, а сам пачне ствараць поле духоўнасці ў сабе і вакол сябе.

— Я старанна перачытваў ваша сентыментальнае падарожжа на малую Радзіму — тую самую кнігу «Над Вісліцай», пра якую згадваў. Падзялюся ўражаннем: вам крыху як бы трывожна за свой край, за яго будучыню. Што вас трывожыць, калі вы прыязджаеце дамоў?

— Шчыра скажу, на сваю малую Радзіму апошнім часам езджу без вялікай ахвоты. Тое, з чым даводзіцца там сутыкацца, доўга вярэдзіць душу. Амаль палова сядзіб глядзяць пустымі вокнамі, агароды зараслі, платы паваліліся. А па вуліцы ходзяць не заўсёды цвярозыя вяскоўцы.

А я ж сваю родную вёску памятаю іншай — люднай, дагледжанай, светлай. Вечарам у розных канцах чуліся песні, дзявочы смех, музыка. З песнямі ішлі на работу і з песнямі вярталіся. Цяпер з надыходам вечара вёска глухне, нямее.

Згодны, што выйсце ва ўзбуйненні і разгортванні буйнатаварнай вытворчасці. Паўторымся: менавіта на гэтым шляху, у тым ліку на Піншчыне, многія гаспадаркі дабіліся і працоўных поспехаў, і сучасных даброт цывілізацыі.

Ёсць на Брэстчыне вядомая гаспадарка «Астрамечава». Калі хто бываў там, не мог не палюбавацца на цэнтральнай сядзібе галоўнай плошчай з выдатным палацам культуры і адміністрацыйным будынкам, гандлёвым цэнтрам, школай-дзесяцігодкай, дзіцячым садком, домам быту, кафэ-сталоўкай, гасцініцай, асфальтаванымі вуліцамі, тратуарамі. Адным словам, звычайную вёску ператварылі ў сучасны аграгарадок.

Колішні кіраўнік гаспадаркі Аляксей Скакун казаў мне:

— Я цвёрда перакананы: няма нічога больш прыбытковага, чым капітальныя ўкладанні ў чалавека — у яго быт, культуру, умовы працы і жыцця. Гэта — аснова асноў, падмурак любых поспехаў.

І ён прывёў прыклад. Параіўшыся з жывёлаводамі, работнікамі іншых падраздзяленняў, у гаспадарцы вырашылі стварыць аздараўленчую зону проста на жывёлагадоўчым комплексе. Падвалы перарабілі ва ўтульныя пакоі адпачынку, абсталявалі кабінеты медыцынскага абслугоўвання, лазню-саўну з басейнам, спартыўную залу з трэнажорамі. Тут можна не толькі папарыцца, паплаваць, прыняць падводны душ-масаж, цыркулярны душ, пасядзець каля самавара альбо тэлевізара, але і палячыцца, прыняць фізіяпрацэдуры, атрымаць парады ўрача. І ўсё гэта без асаблівага адрыву ад вытворчасці.

Важнасць такога клопату пра людзей цяжка пераацаніць. Пабудаваць новы кароўнік ці аснасціць трактарную брыгаду сучаснай тэхнікай — палова справы. Атрымліваецца, што сапраўды вельмі важна мець у гаспадарцы свой палац культуры, спартыўны комплекс. Калгаснік, далучаны да мастацтва, — гэта ўжо іншы чалавек, у яго куды шырэйшы кругагляд. У яго і ў сям'і складзецца добрая атмасфера, і працаваць ён будзе лепш. Трэба таксама, каб яго дзеці не толькі маглі вучыцца ў нармальнай школе, але мелі магчымасць развіваць творчыя здольнасці.

— Аксіёма — яна і ёсць аксіёма. Падзяліцеся літаратурнымі планамі, Зіновій Кірылавіч. Што на рабочым стале пісьменніка?

— Звычайна кажуць: калі хочаш насмяшыць Бога, то раскажы яму пра свае планы. Але я не баюся сурочыць, таму што план гэты ўжо практычна рэалізаваў. Напісаў кнігу пра дзяцей вайны, як хто з іх перажыў страшную навалу, як склаўся іх пасляваенны лёс. Тым самым мне хацелася б зрабіць і свой сціплы ўнёсак у народную памяць, абуджаную 75-годдзем Вялікай Перамогі.

Гутарыў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.