Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Стараюся ўсё забыць... I ўсё роўна помню!»

Гэты здымак зроблены ў хуткiм часе пасля Перамогi. На iм — сям'я Краўчанкаў, дакладней — частка яе: мацi Аляксандра i дочкi Ганна, Марыя i Валянцiна. Бацькi — Захара — няма, i трохгадовай Зiначкi няма, i сына Мiкалая...

Першыя двое згарэлi ў газавай печы крэматорыя, трэцi — загiнуў, ваюючы ў партызанскiм атрадзе.

— З нашчадкаў бабулi Аляксандры i дзядулi Захара засталiся я ды стрыечныя сёстры, — гледзячы на здымак, кажа Iрына Будзюхiна (дачка Валянцiны Захараўны Будзюхiнай, у дзявоцтве Краўчанкi) i кладзе на стол стосiк папер. Сярод iх — перапiска з музеем Асвенцiм-Бiркенау, копii архiўных дакументаў, успамiны самой матулi.

...Да вайны сям'я Краўчанкаў жыла, як iншыя. Свая хата ў вёсцы Бардзялi, што пад Вiцебскам, свой гарод, праца ў калгасе, у якую змалку ўпрагалiся яшчэ i дзецi.

Звыклы ход жыцця парушылi новыя «гаспадары», якiя на гэтай зямлi сталi заводзiць свае парадкi, нiшчыць людзей. Не дзiва, што многiя вяскоўцы пайшлi ў партызаны, i што немцы не даравалi гэтага iх сем'ям. Многiя, у тым лiку Краўчанкi, апынулiся ў вiцебскiм канцлагеры «Пяты полк», адкуль iх, зганяючы ў вагоны таварнякоў, вiдаць, горш, чым скацiну, вывозiлi...

Куды — стала вядома пазней: Польшча, канцлагер Асвенцiм... Драўляныя баракi за калючым дротам, на вышках — да зубоў узброеная ахова.

На месцы iх раздзялiлi i разлучылi: у адной групе былi мужчыны, у другой — жанчыны з дзецьмi. Усiх нагала пастрыглi, усiм накалолi на руках нумары i строга папярэдзiлi, каб карысталiся толькi iмi: нiякiх iмён i прозвiшчаў (iнакш — кара). У Аляксандры Фёдараўны быў нумар 69 146, у Ганны — 69 147, у Марыi — 69 148, Валянцiны — 69 149 i трохгадовай Зiны — 69 150.

У нявольнiкаў адабралi дамашнiя рэчы, пасялiлi ў баракi, доўга не давалi нi пiць, нi есцi. А калi нарэшце нешта прывезлi, i вязнi кiнулiся да бочак, наглядчыкi пусцiлi ў ход бiзуны.

Так было неаднойчы.

Людзей даймалi холад i голад. Многiя ад яго сталi апухаць, занядужваць. Дарослых, якiя не маглi больш працаваць, спальвалi ў печах крэматорыя.

У дзяцей да ўсяго бралi кроў, iм рабiлi ўколы. У вынiку ў малых пачыналiся хваробы, якiя немцы «лячылi» там жа — у печах крэматорыя. Трапiла туды i трохгадовая Зiначка Краўчанка.

Незайздросны лёс чакаў i дужэйшых дзяцей, якiх забралi ад матуль, змясцiлi ў асобны барак, а пасля пад крыкi i плач гаротнiц-жанчын пагрузiлi ў машыны i павезлi ў канцлагер Лодзь. Там, за калючым дротам i пад аховай з аўчаркамi, хлопчыкi i дзяўчынкi працавалi на швейнай фабрыцы, плялi кошыкi. Тых, хто не выконваў норму, бiлi, пазбаўлялi абеду цi ставiлi каленямi на цагляны друз.

— Мама расказвала, — уздыхае Iрына Канстанцiнаўна, — што каго-нiкаго з дзяцей iншым разам забiралi мясцовыя сем'i для нейкiх гаспадарчых работ, i ўжо там ставiлiся хто як мог: адны — па-людску, другiя — не... Але ж нават у гэтым выпадку парабкi маглi паласавацца морквiнай, бручкай цi бураком.

...У гэтым лагеры Валя была разам з сястрой Марыяй, якая, вядома ж, апякала яе.

I тым не менш, калi Чырвоная Армiя вызваляла канцлагер, салдатам давялося на руках выносiць знясiленых вязняў i разам з iмi плакаць з той радасцi, што дачакалiся — выжылi.

...Сястрычкi Краўчанкi апынулiся ў Падмаскоўi, у дзiцячым доме. Там iх адшукалi мацi i сястра Ганна, прывезлi дамоў у родную вёску, дзе пачалося цяжкае сiроцкае жыццё: бацька дзяўчынак згарэў у печы крэматорыя.

Пасля школы ўсе яго дочкi ўладкавалiся на работу ў Вiцебску, павыходзiлi замуж, нарадзiлi дзяцей.

...Валянцiне Захараўне пасля вайны давялося наведваць мясцiны, дзе прайшоў самы жудасны час яе дзяцiнства, расказваць аб перажытым. Аднойчы пасля такога выступлення нехта з падлеткаў спытаў: як яна ставiцца да немцаў? «Стараюся ўсё забыць, — адказала Валянцiна Захараўна. — I ўсё роўна помню!.. Мы, дзецi, нi ў чым не былi вiнаватыя. Нi ў чым не вiнаватыя i вы... Трэба сябраваць, трэба разам змагацца за мiр».

Адзiн з нямецкiх школьнiкаў тады ўстаў i папрасiў прабачэння за сваiх продкаў.

Уладзiмiр Пернiкаў, г. Гомель

Фота з сямейнага архiва


Мой брат — мой сябар, настаўнiк i абаронца...

Вельмi шкадую, што з сямейнага альбома знік адзiн з пасляваенных здымкаў. На iм былi мой тата, Iван Iгнатавiч Багушэвiч, i мой старэйшы брат Валерый.

Нашы бацькi пабралiся шлюбам у 1944-м. Тату пасля вызвалення вобласцi прызвалi ў войска, i служыць яму давялося доўгiя восем гадоў. Брата мама гадавала адна. Трымала гаспадарку, хадзiла на работу ў калгас, арганiзаваны пасля вызвалення...

Валера, па ўспамiнах мамы, рос паслухмяны i працавiты, дапамагаў даглядаць гусей, курэй, авечак, выганяў у поле кароўку, збiраў зелле для парасят. Адзенне для яго мама спраўляла сама, збольшага перашываючы з нечага старога. А для новых рэчаў тады трэба было сеяць ды вырабляць лён, трымаць авечак, прасцi нiткi. Валерык дапамагаў матулi i ў гэтай рабоце.

Першы ўспамiн пра бацьку звязаны ў брата з матацыклам «Iндыян». На iм тата прыехаў у водпуск. Радасць для трох-чатырохгадовага дзiцяцi проста не мела межаў! Тата... Салдат... Матацыкл... Малому, ну вядома ж, хацелася ўскараскацца на гэты цуд! А матацыкл узяў ды павалiўся...

Спачатку тата служыў у Шчучыне на аэрадроме i меў магчымасць наведваць сям'ю. Затым яго накiравалi ў Бабруйск у батальён аэрадромнага абслугоўвання. А дадому ён вярнуўся, калi сын ужо хадзiў у школу.

Вучыўся Валера лёгка i ахвотна. Меў здольнасць да тэхнiчных навук. Памятае, як пачуў навiну пра палёт Юрыя Гагарына...

Потым былi вячэрняя школа i работа прычэпшчыкам на трактары i камбайне, за якую плацiлi крыху больш чым 20 рублёў. Найвялiкшы для нас далiкатэс — бляшанка траскi ў тамаце — каштаваў тады 40 капеек.

Пазней брат уладкаваўся ў брыгаду ветэрынараў: iх было трое — доктар, фельчар i ён, санiтар. Там ён атрымлiваў ужо 47 рублёў 50 капеек. Пасля работы адмываўся ад паху фермаў ды хлявоў i бег у школу на ўрокi. Здаў iспыты на права кiравання матацыклам i аўтамабiлем.

З дзяцiнства ўспамiнае, як, iдучы цераз рэчку, правалiўся пад лёд, як мокры прыляцеў дахаты. Ратавала яго бабуля, а мама дужа сварылася.

Згадвае, як на маiх хрэсьбiнах хтосьцi з «добразычлiўцаў» вынес дзецям кружок каўбасы i бутэльку гарэлкi. Асобных хлопчыкаў выходжвалi потым суткамi, i пашчасцiла яшчэ, што ўсе выжылi.

...Мяне брат (на здымку я ў таты на каленях) няньчыў з пялёнак, вучыў лiчыць, чытаць i пiсаць, так што ў першым класе мне было зусiм нецiкава: я ўсё ўмела i ведала.

Школу Валерый скончыў з сярэбраным медалём. Паступiў вучыцца ў наш Беларускi полiтэхнiчны iнстытут, стаў iнжынерам-канструктарам.

Прыязджаючы на канiкулы, заўсёды прывозiў мне кнiжкi, а зiмой мы ляпiлi з iм снежныя крэпасцi, запасалiся снарадамi i ўсчыналi сапраўдныя бiтвы. Брат вучыў мяне хадзiць на лыжах, што ўжо казаць пра санкi! А вось пра матацыкл «Каўровец» — варта. Калi я была ў трэцiм класе, Валера пасадзiў мяне за руль, трохi падапхнуў, каб праехала, потым паказаў, як карыстацца рознымi рычажкамi, завёў рухавiк i скамандаваў: «Едзь!» Ад страху я ледзь не памерла, але ў мяне ўсё атрымалася!

...Пасля першага i другога курса брат ездзiў на асваенне цалiнных зямель. Зарабiў там сабе на модную вопратку, маме ў падарунак прывёз крыштальныя кiлiшкi (яна iх захоўвала як найвялiкшы скарб), а мне, як заўсёды, кнiжку.

Мой брат Валерый Iванавiч Багушэвiч працаваў iнжынерам-тэхнолагам на гродзенскiм заводзе «Аўтазапчастка», затым у «Саюзпраммантажы», кiраваў работай зваршчыкаў на будаўнiцтве прамысловых прадпрыемстваў у розных кутках былога Саюза. Ён у мяне ветэран i ўдарнiк камунiстычнай працы, рацыяналiзатар, вынаходнiк. Самастойна сканструяваў i сабраў трактар для сваёй гаспадаркi.

З-за работы ў шкодных умовах на пенсiю Валера выйшаў у 50 гадоў, але працаваў далей — да агульнага пенсiйнага ўзросту. Разам з жонкай яны выгадавалi чатырох дзяцей, маюць сямёра ўнукаў.

Я бясконца ўдзячная брату за тое, што ён у мяне заўсёды быў i ёсць, за тое, што я, малодшая, усё жыццё сваё адчувала яго клопат i падтрымку.

...А «модныя» сёння сем'i з адным дзiцяткам я проста шкадую.

Ларыса Салей, г. Скiдзель.


На злобу дня

На два метры,

на два метры

Адыдзiце ад мяне!

I не чхайце ў паветра —

Можа, вiрус i мiне!

Любоў Чыгрынава, г. Мiнск.


Палка — рэч патрэбная

Гады чатыры таму ў нас цiкавую крамку адкрылi. Як казалi вяскоўцы, тавараў там — хоць завалiся, i ўсе па адной цане.

Нашы суседзi Вова з Аксанай не вытрымалi, з'ездзiлi туды паглядзець. I нават затрымалiся. Ад асартыменту, потым расказвалi, аж дух заняло: шмат што з тавараў першы раз бачылi — не разумелi, для чаго.

— Валодзя з палкай адной расстацца не мог, — успамiнала потым Аксана. — I так яе ў руках пакруцiць, i гэтак — даўмецца не можа: для чаго там кнопка? Вырашыў, што калi нацiснуць, яна «аўтаматам» даўжыню павялiчыць. Глянь, кажа мне, гэта ж сама тое, каб грушы з дрэва збiраць — да самых высокiх галiн дастане! Я падышла, пачытала, што там напiсана, i ў рогат. Гэта ж для сэлфi, — кажу, — а не для груш.

...Шкада, што не купiлi, нарагатаўшыся, думалi потым: бо раптам, яна i сапраўды «шырокага профiлю» — для груш таксама.

Таццяна Марцэвiч, аг. Ёдкi, Лiдскi раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Грамадства

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. 

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.