Вы тут

«Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi». Як перамагчы трывогу i дэпрэсiўны настрой?


Справiцца з вялiкай колькасцю iнфармацыi пра невядомую раней для нас хваробу — каранавiрус — псiхалагiчна складана. Ды i вясна радуе цяплом i сонцам пакуль досыць скупа. Змучаны за зiму недахопам вiтамiнаў i сонечнага святла арганiзм гатовы даць збой. Як не ўпасцi ад усяго гэтага ў дэпрэсiю i што ўяўляе сабой гэтае небяспечнае захворванне, расказаў урач-псiхiятр-нарколаг мiнскага гарадскога клiнiчнага псiхiятрычнага дыспансера Iгар Сарокiн.


ria.ru

— Iгар Георгiевiч, што небяспечнага ў дэпрэсiўным настроi, якi ўсе мы час ад часу адчуваем?

— Сапраўды, прыгнечаным, маркотным раз-пораз адчувае сябе кожны. Але кожны пяты з тых, хто сёння маркоцiцца, пакутуе пры гэтым да такой ступенi, што мае патрэбу ў лячэннi пад наглядам доктара, i над гэтым варта задумацца. Калi на расстройства не звяртаць увагу, як робiць шмат хто з тых, хто чытае гэтыя радкi, маркота можа паглыбляцца: паступова з'яўляюцца туга, думкi аб уласнай нiкчэмнасцi, марнасцi iснавання. Страчваецца цiкавасць да ўсяго, што раней складала значную частку вашага жыцця: сям'i, работы, сяброў, хобi. Жыццё здаецца бязрадасным i бачыцца толькi ў шэра-чорным колеры. Цяжка выконваць нават нескладаную, звыклую працу. З часам з'яўляюцца больш цi менш значныя фiзiчныя сiмптомы: калачэнне сэрца, павышэнне цi знiжэнне артэрыяльнага цiску, адсутнасць цi павелiчэнне апетыту, страта цi павелiчэнне масы цела, сухасць у роце, адсутнасць слёз цi слязлiвасць. Часам фiзiчныя сiмптомы выходзяць на пярэднi план i непакояць чалавека ў першую чаргу. I ён можа тыднямi хадзiць па кабiнетах палiклiнiкi, але ўсё бессэнсоўна, пакуль хворы не трапiць да псiхатэрапеўта цi псiхiятра.

— У якiх выпадках не трэба чакаць, што настрой сам па сабе палепшыцца, i варта звяртацца па медыцынскую дапамогу?

— Калi ў вас цi вашага блiзкага цягам двух тыдняў i болей назiраюцца знiжаны настрой, страта задавальнення ад жыцця, адасабленне ад сяброў i сям'i, знiжэнне здольнасцi да выканання звыклай работы i нежаданне чымсьцi займацца, у тым лiку сачыць за сваiм знешнiм выглядам, а таксама слабасць, цяжкасцi ў канцэнтрацыi ўвагi, знiжэнне здольнасцi да мыслення, бясcоннiца альбо санлiвасць, адчуванне ўласнай вiны цi нiкчэмнасцi, перыядычнае ўзнiкненне думак аб смерцi цi самагубстве — варта неадкладна звярнуцца да псiхатэрапэўта цi псiхiятра.

Маркота мае бiялагiчную прычыну — як i шмат якiя iншыя захворваннi. У гэтым сэнсе псiхiчныя парушэннi нiчым не адрознiваюцца ад сардэчна-сасудзiстых, гастраэнтэралагiчных цi анкалагiчных.

— А ў чым прычына дэпрэсiўнага настрою?

— Вядома, што маркота абумоўлена нiзкiм утрыманнем сератанiну — рэчыва, з дапамогай якога нейроны галаўнога мозга ўзаемадзейнiчаюць памiж сабой. Пакуль няясна, па якой прычыне знiжаецца ўзровень гэтага рэчыва. Часам гэта здараецца пры некаторых хваробах, а таксама ў вынiку працяглага стрэсу, празмернай трывогi, страху, якiя суправаджаюць нас доўгi час. Як i любая iншая хвароба, маркотны стан, дэпрэсiя могуць быць цяжкiя. У залежнасцi ад цяжкасцi псiхiчных парушэнняў псiхiятр выбiрае медыкамент (антыдэпрэсант), з дапамогай якога можна павысiць узровень сератанiну ў пэўных структурах галаўнога мозга, а значыць, палепшыць настрой, вярнуць страчаныя радасць жыцця, фiзiчную i псiхiчную актыўнасць, працаздольнасць, аптымiзм, нармальны апетыт, сон, палепшыць фiзiчнае самаадчуванне.

— А калi прымаць антыдэпрэсант страшнавата? Напрыклад, ёсць меркаванне, што яны выклiкаюць прывыканне...

— Трэба памятаць, што адначасова з вамi ў гэты самы момант праходзяць такое ж лячэнне мiльёны людзей ва ўсiм свеце i адчуваюць ад яго палёгку. Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi. Любы медыкамент, апроч лячэбнага эфекту, мае i пабочныя. Пра iх вам можа паведамiць ваш доктар цi вы самi прачытаеце ў iнструкцыi. Звычайна непажаданыя эфекты праяўляюцца ў лёгкай форме i неўзабаве знiкаюць. Калi ж пабочныя эфекты значныя, варта звярнуцца да ўрача, ён можа змянiць прэпарат.

Варта памятаць, што выхад з хваравiтага стану адбываецца не адразу. Звычайна патрабуецца ад 7 да 14 дзён, каб пацыент заўважыў першыя змены да лепшага. Поўны выхад адбываецца ў некалькi этапаў, i працягласць кожнага з iх абумоўлена фактарамi, якiя ўплывалi на ўзнiкненне дэпрэсiўных парушэнняў.

— Што можаце параiць тым, хто пакуль не знайшоў у сабе прыкмет дэпрэсii, але хацеў бы, каб маркотны стан да яго болей не вяртаўся?

— Пастарайцеся структураваць свой час, прытрымлiвацца рэжыму дня, iншымi словамi, важна, каб кожная хвiлiна вашага жыцця была змястоўная. Неабходна, каб вы ведалi, што чакае вас кожную наступную гадзiну, калi вы скончыце займацца тым, што робiце цяпер. Наогул, найлепшым сродкам ад дэпрэсii з'яўляецца праца. Калi ў вясковых бабуль спытаць, цi была ў iх дэпрэсiя, яны адкажуць, што iм не было часу маркоцiцца. Важна класцiся спаць i ўставаць з ложка ў адзiн i той жа час штодзень. Не дазваляйце сабе валяцца ў ложку нават у выхадныя. Старайцеся спаць 7-8 гадзiн у суткi.

Час ад часу дазваляйце сабе маленькiя радасцi ў выглядзе набыцця магчыма таннай, але ж суб'ектыўна жаданай рэчы — шалiка, хусткi, крэму, наведвайце выстаўкi цi спектаклi.

— Калi ж непрыемнасцi не выходзяць з галавы?

— Не варта засяроджваць увагу на негатыўных рэчах. Вучыцеся бачыць пазiтыўнае нават там, дзе напачатку нiчога добрага не вiдаць. У кожнага з нас у жыццi былi моманты, калi мы адчувалi сапраўднае задавальненне. Часцей узгадвайце пра iх, шторанiцы гэта рабiць асаблiва карысна, бо ў такi момант мы задаём сабе настрой на ўвесь дзень.

Цудоўна дапамагаюць замацаванню добрага настрою эфiрныя алеi ружы, чайнага дрэва, ванiлi, геранi, рамонка, мяты. Можна капнуць дзве-тры кроплi на паперку i прымацаваць яе над свяцiльнiкам. Гэтага будзе дастаткова для араматызацыi пакоя ў вечэрнi час, калi запалена святло.

Варта памятаць i аб выкарыстаннi яркага святла дзеля паляпшэння ўласнага настрою — гэта, дарэчы, яшчэ адна падстава не дазваляць сабе валяцца ў ложку пасля таго, як прачнулiся ранiцай. Раней дэпрэсiю нават лячылi з дапамогай яркага святла. Яно ў спалучэннi са штодзённай фiзiчнай i псiхiчнай актыўнасцю дапаможа захаваць добры настрой.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.