Вы тут

Танцуюць усе!


Развагі пра тое, як адраджэнне культурных традыцый становіцца добрай альтэрнатывай сучаснаму баўленню часу ў рэжыме анлайн


На Рэспубліканскім сувораўска-кадэцкім балі, 2020 г

Цудоўна быць чароўнай

У школьным юнацтве я займалася ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Акрамя этыкету і дэфіле, нас вучылі танцаваць вальс. Хоць тое было амаль дваццаць гадоў таму, добра памятаю велізарную харэаграфічную залу з люстэркамі па ўсім перыметры. Раз-два-тры, раз-два-тры: юныя дзяўчаты — будучыя прэтэндэнткі на званне розных «міс» — вучыліся ступаць у такт, кружачыся па зале з уяўнымі партнёрамі. Адчуванне, скажу, чароўнае! Цудоўна прадстаўляць сябе прынцэсай… Праўда, лёгка кружыцца атрымлівалася далёка не ва ўсіх. Дзяўчынкі часам збіваліся з рытму і жудасна таго саромеліся. Не ўмець танцаваць вальс?.. Які жах! У дзяцінстве я скончыла музычную школу — з рытмам праблем не было. Таму наіўна лічыла: дай толькі мне ў пару сапраўднага кавалера, лёгка пакару і яго, і гледачоў. Да іх, праўда, справа не дайшла: увесь вольны час адбірала вучоба і падрыхтоўка да іспытаў. Але праз шмат гадоў я усё ж стала ў пару з… сяброўкай: мы з ёй абедзве захацелі асвоіць бальныя танцы, а энтузіястаў мужчынскага полу ў нашай танцавальнай школе на ўсіх не хапіла. І вось загучала музыка, я ступіла наперад, яна падалася назад… І мы збіліся. Потым зноў, і яшчэ раз… Пратанцавалі гэтак з ёй пару месяцаў ды і кінулі складаны занятак. Да таго ж трэніравацца з сапраўдным партнёрам было б зручней.

А потым мая дачка вельмі зацікавілася бальнымі танцамі. Зноў паўстала пытанне пра партнёра — трэба ж рухацца далей! «Дзе ж яго шукаць?» — спытала я трэнера. «Усюды», — прагучала коратка і безапеляцыйна. Абзвоньвала знаёмых, распытвала сяброў ды іх сяброў. З усмешкай згадваю, як улетку я, нібы ліса вакол куратніка, хадзіла туды-сюды па дзіцячай пляцоўцы ля нашага дома і прыглядалася да хлопчыкаў, якія там гулялі. «А як цябе зваць? Ты чым займаешся? Можа, танцаваць любіш? Дзе ты жывеш?» Уяўляю сабе твары іх бацькоў, калі б тыя даведаліся, што нейкая жанчына спрабавала пазнаёміцца з іх сынам. Але што рабіць?.. Партнёраў, як той казаў, днём з агнём не знайсці, а дзяўчынак, якім хочацца ўмець прыгожа рухацца ў яркіх, асляпляльных сукенках пад рытмічную музыку — дастаткова. І ўсё ад таго, што моцны стэрэатып, быццам танцы не робяць хлопчыка мужным. Вось барацьба ці футбол — гэта іншая справа. Таму, пэўна, кожны другі мінскі хлапчук ходзіць у якую-небудзь спартыўную секцыю. Але я ўсё ж такі знайшла, каго шукала, праз інтэрнэт: размясціла аб’яву, што патрэбны партнёр для дачкі. Мама Максіма, на шчасце, як і я, перакананая, што развіццё ў хлапчукоў павінна быць усебаковае. І мужным юнака робіць не колькасць тату на целе, а ўменне годна сябе падаць, галантна з процілеглым полам, прыгожа рухацца, а не стаяць на дыскатэцы ў куце, нярвова пераступаючы з нагі на нагу.

«Все подружки по парам…»

Чэмпіянат свету сярод каманд фармэйшн. Германія, 2015.

А тым часам інтарэс да бальных танцаў, ці правільней казаць — да баляў, у Беларусі інтэнсіўна расце. Самы першы сучасны баль, калі верыць вэб-крыніцам, адбыўся ў 2000 годзе, і цяпер гэты Рэспубліканскі баль выпускнікоў ВНУ праходзіць кожнае лета з нязменным удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Кожны год ён вальсуе з лепшымі выпускніцамі і тым самым дае годны прыклад маладым людзям. А ў 2018‑м у Палацы Незалежнасці прайшоў першы Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі, на якім Кіраўнік дзяржавы танцаваў з «Міс Беларусь —2018» Марыяй Васілевіч. Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры — таксама грандыёзная падзея, да якой удзельнікі рыхтуюцца некалькі месяцаў: шыюць уборы, рэпеціруюць танцы, вывучаюць бальны этыкет… Гэтай зімой ён па традыцыі праходзіў напярэдадні Старога Новага года, у ноч з 13‑га на 14‑га студзеня. Арганізатары ўрачыстасці ў Вялікім прадставілі гасцям маштабную праграму: гучалі паланэз, вальс і гарэзлівая полька з какетлівай мазуркай. Працэсам, як і належыць, кіраваў танцмайстра. А тым, хто яшчэ не цалкам вывучыў танцавальную грамату, былі прапанаваны імправізаваныя танцполы. На іх можна было інтэрактыўна вывучаць танцавальныя па.

І не толькі ў сталіцы па начах аматары танцавальнага мастацтва пераносяцца ў мінулае, апранаючы старадаўнія касцюмы. У Нясвіжскім замку ў 2012 годзе прайшоў Першы дабрачынны Палацавы баль. Яго арганізатары пастараліся адрадзіць былую традыцыю дабрачынных арыстакратычных баляў. Цэлую ноч у прасторных залах Палаца — Залатым, Тэатральным, Гетманскім, Паляўнічым ды іншых — гучала музыка караля вальса Іагана Штраўса, ладзіліся бальныя гульні ды тэматычныя салоны, разнастайныя праграмы, былі пачастункі на любы густ. І Калядны баль-маскарад у Мірскім замку ўжо не першы год абжывае прасторныя пакоі. Праходзіў у нас таксама Рэспубліканскі сувораўска-кадэцкі баль, унікальны інклюзіўны баль пад назвай «Игра престолов», афіцэрскі баль у Брэсцкай філармоніі…

«Спінку роўна! Лапаткі схавалі!»

Летась 28 снежня ў Палацы Незалежнасці ладзілі Першы Венскі баль, да якога ўсе асабліва старанна рыхтаваліся. Яго маладыя ўдзельнікі (а гэта трыста чалавек!) праходзілі строгі адбор у некалькі этапаў. Бо выбіралі лепшых з лепшых: пераможцаў конкурсаў прафмайстэрства і розных навукова-практычных канферэнцый; тых, хто занесены ў банк дадзеных Спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, лепшых спартсменаў, самых актыўных валанцёраў. Бо з’явіцца на такой імпрэзе — не толькі ганаровая, але ж і адказная місія: баль у Беларусі павінен быў адпавядаць высокім стандартам балю Венскага, занесенага ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА. У той вечар танчылі ўсе! Дыпламаты, вышэйшыя службовыя асобы і, вядома, Прэзідэнт.

У рэжыме on/off

З камандай «Univers» падчас Чэмпіяната Еўропы. Сочы, 2018.

Трапіць на баль — заўсёды было прывілеем Але, у адрозненне ад мінулых стагоддзяў, цяпер у нас ёсць магчымасць «падгледзець», як усё там адбываецца, дзякуючы СМІ. Мяркуючы па відэа, сучасныя балі адрозніваюцца ад тых, што прывыклі мы бачыць у кінафільмах пра мінулае. Аддадзім належнае арганізатарам: яны стваралі атмасферу. А ўдзельнікі ў кідкіх касцюмах прагульваліся туды-сюды, дамы ўвесь час пазіравалі для сэлфі ў розных фотазонах. Веер хоць і быў у многіх жаночых руках галоўным прадметам, але выкарыстоўвалі яго куды радзей, чым смартфоны. Што яшчэ адрознівае сучасныя балі ад старадаўніх? І чаму ў нас увогуле адраджаецца традыцыя парнага танца пад гукі класічнай музыкі? Ці змогуць балі стаць папулярнымі нароўні з моладзевымі дыскатэкамі? Паразважаць пра тое я запрасіла майстра спорту па спартыўных бальных танцах, члена зборнай Беларусі па танцавальным спорце ў катэгорыі фармэйшн Максіма Юшкевіча.

— Давайце вызначымся ў паняццях: на нашых балях не танчаць цяпер бальныя танцы ў тым выглядзе, у якім мы тое бачым на чэмпіянатах. Я маю на ўвазе самбу, ча-ча-ча, румбу, квікстэп, факстрот і гэтак далей. Але дзеля гістарычнай справядлівасці пагаджуся з тым, што мазурка, гавот, паланэз, вальс, полька — тое, што танчаць на балях — можна назваць папярэднікамі сучасных бальных танцаў.

— Чаму тады некаторыя з тых танцаў сышлі ў нябыт, а некаторыя — зноў адраджаюцца?

— Яны проста пайшлі рознымі шляхамі развіцця. Джайв, пасадобль і гэтак далей сталі відам спорту. Дарэчы, спартыўныя бальныя танцы плануюць уключыць у спіс Алімпійскіх відаў спорту. А полька, паланэз і тое, што цяпер мы бачым на касцюмаваных балях — гэта проста прыгожа глядзець. Я лічу, што лепш быць часткай такога свята, мець зносіны ўжывую, чым заліпаць у сацсетках, ствараючы доўгія посты.

— А раней каб ліст напісаць, колькі часу было патрэбна! Пяро завастрыць, у чарніла абмакнуць, літару каліграфічным почыркам вывесці — цэлае мастацтва!

— І да балю рыхтаваліся загадзя: кравец спецыяльна шыў убранне, купляліся ў тон да яго аздабленні… А вось кандыцыянераў на балях не было. Пра ўцягванне дамскіх талій гарсэтамі вы, пэўна, ведаеце. Так што «трэнд» таго часу — падаць без прытомнасці — зразумелы і нам (смяецца).

Рэспубліканскі турнір «Мінская восень». 2015

— Дарэчы, я чытала, дапускаліся на балі не ўсе. Спачатку трэба было ўрокі танцаў узяць. А ў колькі гадоў сёння лепш пачынаць займацца бальнымі танцамі?

— Я рэкамендаваў бы гадоў з 5–6. Зусім маленькім цяжка ўтрымацца на нагах: паварот зрабілі — і шлёпнуліся. Сам я пачаў трэніравацца ў 5 гадоў. Бацькі хацелі, каб фізічна развіваўся, займаўся спортам. Але паколькі тата быў лёгкаатлетам і не па чутках ведаў, што такое траўмы, то вырашылі аддаць мяне на спартыўныя бальныя танцы. Тут таксама ёсць фізнагрузкі, і не слабыя. Свая спецыфіка ўзаемадзеяння з партнёркай. Аднаму танцаваць нашмат лягчэй. Увогуле, гэтакі від мастацтва з элементамі спорту.

— І як вам, пяцігадоваму, спадабаліся танцы?

— Не памятаю, як пачынаў, але бацькі потым казалі, што з залы ўцякаў і трэнера малпай называў. Тата прымушаў займацца. Потым ужо, калі пачаў перамагаць на чэмпіянатах Беларусі, мне гадоў 9–10 было, калі паехаў на першы міжнародны выступ у Літву, памятаю, адразу ў фінал трапіў, тады ўжо спадабалася. У звычайных конкурсах ты ачкі сабе проста зарабляеш, а тут — гонар краіны абараняеш. Гэта іншыя эмоцыі.

— Якая перамога для вас асабліва ганаровая?

— Ой, столькі ж іх было… Але, напэўна, згадаю выступленне маёй каманды на чэмпіянаце свету ў 2014‑м: занялі чацвёртае месца.

— Вы сказалі, што тата прымушаў займацца. Цяпер, заўважаю, наадварот: многія таты не хочуць, каб іх сын «круціў васьмёрку» сцёгнамі.

— Вельмі дарма! «Бальныя танцы не робяць з хлопчыкаў мужчын» — так кажуць звычайна тыя, хто не сутыкаўся з гэтым, не «варыўся» ў бальнай атмасферы. Танцы хлопчыка і фізічна развіваюць, і эмацыйна разнявольваюць. Я сам, напрыклад, у дзяцінстве быў закрытым, негаваркім, сарамлівым. А ў танцы праз рух можна выказаць эмоцыі. Не ва ўсіх ёсць шанец у жыцці паказаць сябе такім, які ты ёсць унутры. Паглядзіце на сучасных падлеткаў: ссутуленыя, няўпэўненыя. Ведаю нават 25‑гадовых хлопцаў, якія ўсё яшчэ баяцца падысці да дзяўчыны, каб пазнаёміцца. Яны, як правіла, у дзяцінстве нічым не займаліся. А тут хочаш — не хочаш, а вымушаны мець зносіны з партнёркай, падтрымліваць яе, адчуваць адказнасць у час выканання. Ты вядзеш, ты у пары галоўны. Колькі нюансаў можа ўзнікнуць пад час танца! Калі пара не навучыцца адзін аднаго слухаць, дапамагаць, дапаўняць, то проста не зможа танцаваць далей. Хіба гэта дрэнны навык для жыцця — умець адчуваць, разумець партнёра? А чуць музыку, рытм — гэта ж трэба кожнаму. Да таго ж у «бальнікаў» заўсёды прамая выправа, яна выдае ўпэўненага ў сабе мужчыну. Што ў тым дрэннае? І чаму нельга займацца яшчэ чымсьці, акрамя танцаў? Я, напрыклад, пяць гадоў хадзіў на аўтамадэляванне. Потым, праўда, прыйшлося ахвяраваць сваім хобі дзеля танцаў, бо часу на ўсё не хапала. Але гэта ўжо мой свядомы выбар.

— Я ведаю гісторыю, калі хлопчык-падлетак пакінуў заняткі бальнымі танцамі, бо над ім смяяліся ў школе…

— З мяне таксама пасмейваліся, але я чалавек спакойны, неканфліктны — стараўся не звяртаць увагі. Трэба ўмець супрацьстаяць прэсінгу — гэта, дарэчы, таксама добрая загартоўка характару, досвед. Прэсінгаваць нас у жыцці могуць не толькі з‑за нашых заняткаў бальнымі танцамі, пагадзіцеся.

— І, тым не менш, «прынцаў мала і на ўсіх іх не хапае», як гаворыцца ў вядомай песні. Я, прызнацца, была здзіўлена, калі даведалася, што ў Заходняй Еўропе існуюць пары дзяўчынка-дзяўчынка. Мабыць, такім чынам там выходзяць з сітуацыі дэфіцыту партнёраў?

— Мала таго, там цэлыя жаночыя калектывы фармуюцца, і гэты кірунак добра фінансуецца. Я таксама здзівіўся, калі быў суддзёй конкурсу ў адным з мінскіх клубаў: убачыў пары, якія складаюцца толькі з дзяўчынак. Разумею, усім хочацца танцаваць… Але, мне здаецца, трэба накіроўваць намаганні ў першую чаргу на прыцягненне маладых людзей. Цікава расказваць ім пра танцы, паказваць… І ў гэтым, сучасныя касцюмаваныя балі, дзе галантныя кавалеры з дамамі прыгожа танчаць, іграюць ключавую ролю. Магчыма, юнакі пераканаюцца, нарэшце, што ўмець вальсаваць — гэта крута, гэта па-мужчынску.

— Як думаеце, сучасныя балі — новы модны павеў?

— Наколькі новы — не ведаю, але я не супраць, каб такая мода заставалася. Гэта сапраўды вельмі прыгожа, відовішчна, эстэтычна… А чалавек заўсёды будзе цягнуцца да прыгожага. І гэта ж выдатны спосаб правесці час, паўтаруся. Калі мяне папрасілі паставіць тры танцы — вальс, паланэз і мазурку — у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры (у навагоднюю пару там праходзіў раённы баль), то я працаваў са старшакласнікамі, якія раней нідзе не танцавалі. Бачылі б вы тыя твары! Хвалююцца, красуюцца — баль быў касцюмаваны. Там і адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска прысутнічала, госці, дырэктары і настаўнікі школ. Паўтара месяцы рыхтаваліся, каб паказаць прыгожую сінхронную карцінку. Я лічу, што балі павінны быць! Моладзь выходзіць з дому не для таго, каб сустрэцца ў найбліжэйшым фаст-фудзе і пагутарыць, папіваючы піўко. Танцы — добры варыянт, як бавіць вольны час, добрая падстава, каб падвысіць узровень культуры. Гэта новыя знаёмствы, рэальныя, прашу заўважыць, не віртуальныя. І, па-мойму, зноў паўтаруся, дастойная альтэрнатыва сацсеткам. Бо жывыя зносіны нічым не заменіш. Вы згодны?

Аліса Гюнгер

Фота аўтара і з асабістага архіва Максіма Юшкевіча

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.