Вы тут

Масленіца — свята шматаблічнае


Імправізацыя на блінную тэму


Масленіца ў Гродзенскім агратурыстычным комплексе «Гарадзенскi маёнтак Каробчыцы »

З пачаткам вясны ў Беларусі  па традыцыі адсвяткавалі апошні дзень Масленіцы — найстаражытнейшага славянскага свята, якое бярэ пачатак з дахрысціянскай пары

Духмяныя, пругкія, сонечныя...

З кім бы з сяброў і знаёмых ні зносілася, на пытанне — якая ежа запомнілася з савецкага дзяцінства, большасць адказвае: смажаная бульба і маміны бліны ў Масленіцу. У тыя гады гэтае свята, вядома ж, шырока не святкавалася ва Украіне, адкуль я родам: пара была атэістычная. Але ў сем’ях традыцыя існавала. Так захоўваліся адгалоскі вераванняў нашых продкаў. Мне не забыць і словы, якія паўтараліся ў маёй сям’і: без бліна — не Масленіца. Так казала Марыя Пятроўна, мая мама. А тата, Міхаіл Стэфанавіч, дадаваў: так, вясновы сонцазварот… Гэта значыць, што сонца і цяпло вяртаюцца.

Добра памятаю: за вакном — капеж, а ледзяшы «зубамі» звісаюць з даху, і прама на вачах, здаецца, робяцца карацейшымі ад сакавіцкага сонца, а то і зусім падаюць на карніз. Гукі ледзяшоў, якія разбіваюцца, вабяць на вуліцу. Я крыху хвалююся, што не дастанецца мне ніводнага, каб таемна ад бацькоў, за якім-небудзь вуглом дома паласавацца ледзяной палачкай-стукалачкай — жаданай заменай цукеркам і для мяне, і для маіх сяброў-аднагодкаў.

Час абедзенны, і на вуліцу не выпусцяць, пакуль не паясі. Такой дісцыпліне я ахвотна падпарадкоўваюся: бо на абед — танюткія бліны.

Сяджу за вялікім сталом, на якім стаіць электрычная плітка, і назіраю, як мама збіраецца пячы бліны. У міску разбіваюцца яйкі, сыплецца трохі солі і цукру, ільецца малако, дадаецца мука… Мама дае мне венчык, і я пачынаю ім круціць у місцы. Венчык выслізгвае з непаслухмяных дзіцячых пальцаў, і мама дае мне відэлец… Нарэшце наша цеста гатовае, усе камячкі зніклі. Яно такое вадкае, што я не разумею, як з яго спячэцца блін, які не рвецца. Добра памятаю маміны словы: раблю «ўсё на вока», калі яна мне тлумачыла пазней, як замясіць для такіх бліноў цеста.

Вось ужо чыгунная патэльня разагрэта і змазана топленым маслам. Для таго выкарыстоўваліся гусіныя пёры: сіліконавых пэндзлікаў не было ў тыя часы. Так маму навучыла рабіць мая бабуля Аграфена, якая заставалася жыць у вёсцы. Мама вылівае цеста на патэльню, яно чароўна расцякаецца па ёй, і я бачу дробныя бурбалкі… І вось ён — першы блін у маленькія дзірачкі. Глядзі, кажа мама, ён як сонейка… Спрытна кладзе мне яго на талерку, у сярэдзіну — кавалачак сметанкавага масла, хутка складвае напалам, а потым яшчэ разок… Я кусаю гарачы блін з кутка, масла цячэ па пальцах і падбародзі. Мама смяецца шчаслівым смехам. Я таксама смяюся…

Блінамі, але ўжо без масла ды іншых гарніраў, мы дзяліліся з сябрамі на вуліцы, калі, вядома, было нам дазволена. Глядзелі праз іх, пракусіўшы пасярэдзіне дзірку на сонца, а потым патроху адшчыквалі пальцамі кавалачкі і кідалі птушкам. Бывала, і коткам трохі даставалася, а то й сабакам, калі яны з’яўляліся. Аказваецца, як потым я прачытала ў нейкай кнізе, першы блін продкі нашы на Масленіцу аддавалі птушкам: яны ж, пасярэднікі паміж Небам і Зямлёй, бліжэй за ўсё да продкаў.

Я не ведаю ніводнага чалавека, які не любіў бы бліны. У маім асяроддзі ўсе ім рады — дзеці, унукі, хрэснікі, пляменнікі і, вядома, сябры. Адзін з іх часам ўзгадвае, як аднойчы на Масленіцу я напекла цэлую гару «танцуючых», сонечных бліноў. Гэта маё асабіста вызначэнне бліноў, якія ўдаліся. Бярэш такі аранжавы блін у руку, абавязкова прамаслены, адрываеш кавалачак, а ён — быццам танчыць. Бо мяккі ды пругкі адначасова, таўшчынёй з палову санціметра. Вось такую я пяку альтэрнатыву блінам тонкім, карункавым, так званым наліснікам. Гэты рэцэпт, варыяцыя «кіслых» бліноў на дражджах, мне дастаўся ад бабулі Аграфены, светлая ёй памяць. Іх можна есці з топленым маслам, смятанай, варэннем, мёдам. Як каму падабаецца.

Добра памятаю, як упершыню пакаштавала бліны са смятанай і варэннем з чорных парэчак у гасцях у аднакласніцы Іначкі. Мы запівалі іх малаком і весяліліся ад таго, што нашы пальцы і раты былі перамазаныя кісла-салодкім гарнірам. А вось з мёдам бліны любіў мой сын Багдан, калі быў маленькім. І яго сын Мішка па гэты час аддае перавагу блінам з мёдам таксама. Праўда, падабаюцца нам яшчэ і бліны з стронгай альбо сёмгай. І з чырвонай ікрой... Але гэтыя «гарніры» мы сталі ўжываць параўнальна нядаўна. І нават блінны торт з імі я рабіла. Ён усім маім блізкім спадабаўся.

Ужо ў Беларусі я паспытала бліны з грыбной мачанкай. А яшчэ на мясным булёне з кавалачкамі вясковай, «пальцам піханай» каўбасы і свініны. Але пасля тых маміных бліноў у дзяцінстве я нідзе больш не ела такіх смачных, як у сям’і нашых сяброў Буськоў з вёскі Жарабковічы, што ў Ляхавіцкім раёне на Брэстчыне. За гады жыцця гэтыя цудоўныя людзі для нас сталі як родныя. Рэгіна Сцяпанаўна ўжо цяпер адна, Віталь Іванавіч, былы старшыня ВВК «Жарабковічы» з жыцця пайшоў. Светлая і яму памяць, як і маім бацькам. Дык вось, яе бліны — проста песня! А замешвае іх Рэгіна на малочнай сыроватцы. Бліны атрымліваюцца пяшчотныя: тонкія, духмяныя, смак збалансаваны. Ясі іх і, здаецца, не можаш насыціцца: такія смачныя. А калі ляжаць на талерцы горкай, то іх хвалістыя краі глядзяцца эстэтычна і цешаць вока. Раней у Рэгіны была і свая карова. Масла сметанкавае яна ўзбівала сама, тварог, яшчэ і смятану, і вытанчаныя сыры рабіла. А якое малако было салодкае, тлустае! Усёй гэтай смакатой, якая ў вёсцы даецца напружанай і карпатлівай працай, мы не раз частаваліся. Рэгіна — гаспадыня ветлівая, шчодрая. І калі за сталом іншым разам збіраемся з сем’ямі яе сыноў-блізнят Аляксандра ды Івана, то бліны як частка пачастункаў і на Масленіцу — у цэнтры стала.

Сэнсы і сімвалы

Смачныя бліны

Масленіца — свята шматаблічнае, і яно ўмяшчае ў сябе розныя сэнсы і сімвалы. На сённяшні дзень у ім злучыліся паганскія і хрысціянскія традыцыі беларусаў. З аднаго боку, гэта свята заканчэння зімы, абуджэнне прыроды да новага жыцця, з другога — апошні дзень перад Вялікім пастом. Нашы продкі ладзілі Масленіцу як услаўленне бога сонца — Ярылы. Па іншай версіі — Вялеса, апекуна хатніх жывёлаў.

Царква практычна нічога не памяняла ў гэтым паганскім свяце. Пасля прыняцця хрысціянства яно было асвечана і напоўнена новымі ідэямі. Масленічны тыдзень стаў апошнім этапам падрыхтоўкі да Вялікага паста. У хрысціянскай традыцыі важны духоўны аспект: вернікі за тыдзень павінны наблізіцца да даравання ўсіх крыўд, пакаяння, прымірэння з блізкімі. Успомніць памерлых і памаліцца за спачын іх душ. А сам акт прабачэння вяршыўся ў Даравальную нядзелю: у гэты апошні дзень Масленічнага тыдня прасілі прабачэння ва ўсіх родных і блізкіх. Зіму ў нядзелю праводзілі ды сустракалі Вясну. Кульмінацыяй свята было спаленне пудзіла Зімы — яно ўвасабляла сабой усё нядобрае, што было ў жыцці людзей і ў нас саміх. Нядзеля праходзіла вельмі шумна, з песнямі і скокамі, з багатымі стравамі.

У календары няма канкрэтнай даты святкавання Масленіцы ў Беларусі. Каб яе вылічыць, трэба адняць ад даты Вялікадня восем тыдняў: гэта 48 дзён Вялікага паста і тыдзень непасрэдна Масленіцы. Сёлета Масленіца святкавалася 1 сакавіка. А Масленічны тыдзень пачынаўся з 24 лютага.

У некаторых рэгіёнах Беларусі гэтае свята называюць па-іншаму — Сырніца, Маслёнка. У царкоўным праваслаўным календары яго называюць «Сырнай седміцай».

Мяса на святочным тыдні, у якога яшчэ ёсць і назва мясапусны, есці забаранялася. Дазвалялася рыба і малочныя прадукты. А вось бліны — сімвал Сонца, набывалі асаблівы статус. Іх пачыналі пячы ўжо з панядзелка. Елі з маслам, смятанай, мёдам, варэннем, тварагом. На здароўе і на радасць!

Адкуль пайшла назва свята — Масленіца? Адказ шукайма ў вёсках. У вясковых жыхароў, хто трымаў гаспадарку, да пачатку вясны каровы паспявалі ацяліцца, таму малако і малочныя прадукты былі на стале галоўнымі. Адсюль, як лічаць даследчыкі, і пайшла назва — Масленіца.

Кожны дзень Масленіцы, як пра тое расказваюць і на сайце: «Усё пра адпачынак і турызм у Беларусі» (http://probelarus.by), унікальны і напоўнены сакральным сэнсам. Напрыклад, панядзелак, яго яшчэ называлі «Сустрэча», лічыўся сімвалічным пачаткам Масленіцы. У той дзень рабілі пудзіла, якое ўвасабляла марозную Зіму. Аўторак называлі «Зайгрыш»: з гэтага дня можна было пачынаць хадзіць у госці. Серада — «Ласунак» — заклікала гатаваць больш бліноў і запрашаць больш гасцей. А яшчэ ў сераду прынята было наведваць цешчу, адсюль і пайшоў знакаміты выраз «да цешчы на бліны». У той частцы краіны, дзе святкаваць пачыналі з чацвярга, «цешчыным» днём была пятніца. У чацвер, які называлі «Шырокім» або «Тоўстым» дагаджалі сваім хатнім жывёлам. Для іх нават спецыяльна пяклі бліны. Да таго ж у чацвер аб’язджалі маладых жарабцоў, гэты дзень лічыўся найбольш спрыяльным для такога занятка.

У некаторых раёнах чацвер быў днём бабуль-павітух. Дзеці, якія з іх дапамогай з’явіліся на свет, прыходзілі да іх у госці з пачастункамі, а потым каталі на санках па вёсцы.

Пятніца — ці «Цешчыны вечары» — была часам, калі маладая сям’я наведвала родных нявесты. Калі зяць не прыязджае ў гэты дзень да цешчы — гэта ўспрымалася цёшчыным бокам як абраза, якая магла стаць прычынай разладу дзвюх сем’яў. У суботу наступалі «Залоўкіны вячоркі». Усе хадзілі адзін да аднаго ў госці, каталіся на конях, на санках.

На Масленіцу існавала вялікая колькасць самых розных абрадаў. Нашы продкі лічылі, што працаваць днём на Масленічным тыдні можна, але вось вечары — толькі для забаваў. У гэты час на працягу тыдня ўсе хадзілі ў госці, у вёсках ладзіліся гульні, а моладзь, паўтаруся, каталася на санках, арэлях, конях.

Адным з самых цікавых Масленічных звычаяў, якія існавалі на беларускай зямлі, было «цяганне калодак». Гэтаму выпрабаванню падвяргаліся маладыя хлопцы, якія доўга не жаніліся. Ім на нагу прывязваўся кавалак бервяна — з ім яны павінны былі хадзіць па вёсцы. У некаторых рэгіёнах гэты кавалак бервяна цягалі жанчыны і прывязвалі яго першаму сустрэчнаму нежанатаму хлопцу. Той, хто не жадаў «цягаць калодкі», павінен быў адкупіцца грашыма альбо пачастункам. У іншых раёнах хлопцы, якіх прымусілі прымераць «калодкі», павінны былі заходзіць у тыя хаты, дзе жылі незамужнія дзяўчаты, і патрабаваць пачастунак. Калі хлопец з «калодкай» не спыняўся ля хаты такой дзяўчыны, гэта лічылася непавагай да яе.

Каларытны блінар на свяце ў Брэсце

Любілі на Масленіцу і гульні з пераапрананнем. Вяскоўцы апраналі маскарадныя касцюмы і заяўляліся ў чыю-небудзь хату. Калі гаспадары марудзілі з пачастункам, то пачыналася жартаўлівае спусташэнне дома — раскідваліся рэчы, перастаўляліся побытавыя прадметы. Кожнага сустрэтага на вуліцы чалавека такая кампанія валіла ў гурбу і націрала снегам шчокі і нос.

Сёння Масленічныя традыцыі не такія моцныя, але ўсё ж гэтае свята па-ранейшаму яркае, шумнае, вясёлае. І год ад года — ва ўсё большай пашане ў беларусаў. Святкаванне Масленіцы заклікае прачнуцца пасля зімовай спячкі, падрыхтавацца да новай вясны, а значыць, і да і новага жыцця.

І я там была, назірала…

Бліны асабіста я пякла з чацвярга. Сям’ю песціла. Гатавала нават тонкія, карункавыя: на гэты раз усё ж удалося мне іх асвоіць. І, вядома ж, бабуліны: тоўстыя, танцуючыя. Для тых бліноў захацелася зрабіць з сметанковага свойскага масла, якое прадаюць малочніцы на Камароўскім рынку, масла топленае, якое ў Індыі называюць гхі. Ужо не раз рабіла яго згодна традыцыі, якая існуе там, адтуль з мужам і прывозілі гхі. Вельмі смачнае і карыснае масла для спажывання нават пры павышаным халестэрыне. Лечыць страўнік, печань, іншыя праблемныя месцы ўнутры цела. На Камароўку я і адправілася ў суботу.

Плошча перад рынкам пераўтварылася ў кірмаш, дзе лунаў водар бліноў. Гучала музыка, чуліся вясёлыя песні, прыпеўкі. Я абышла кірмашовыя шэрагі, дзе прама на вачах пякліся класічныя бліны. Не ўтрымалася і купіла адзін невялічкі з чырвонай ікрой. Былі бліны і са смятанай, і з мёдам. Можна было пакаштаваць рознакаляровых бліноў, прыгатаваных па ўнікальных рэцэптах з рознымі начынкамі, для мяне нязвыклымі. З вострай бурачнай, з крэветкамі, варэннем з хваёвых шышак і дзьмухаўцоў. У меню таксама была і свежая выпечка, прысмакі, квас і збіцень. Для тых, хто яшчэ спажывае мяса, смажыліся шашлыкі са свініны. І да тых мангалаў стаяла чарга, як, зрэшты, і па каву. Прызнаюся, пахі луналі прыемныя. На свяце было шмат забавак: карагоды, перацягванне каната, скачкі ў мяшках і праз вялізныя скакалкі, іншыя спартыўныя гульні ды конкурсы. Асаблівую атмасферу гулянням надавалі скамарохі, аніматары. Пры Камароўцы можна было набыць і сувеніры ад рамеснікаў. Я нават трохі пашкадавала, што трэба спяшацца купіць масла: у нашых з мужам планах наперадзе быў басейн, парылка, і потым вячэра з блінамі ў сястры.

Як у Рыме не спалілі пудзіла Зімы

Развітанне з пудзілам Зімы мае глыбокае сімвалічнае значэнне

Масленіца святкуецца ў розных краінах. У кожнай — свае традыцыі. Да прыкладу, у Англіі, як і ў нас, таксама пякуць бліны. Прыходзіць яна за 47 дзён да Велікоднай нядзелі і доўжыцца ўсяго адзін дзень у аўторак, галоўнае дзейства якога — бег з блінамі навыперадкі. «Тлусты» аўторак, як яго назвалі даўно, вельмі папулярны ў Вялікабрытаніі. У пэўным месцы таго ці іншага горада пачынае званіць «блінны звон». Пачуўшы яго, усе гаспадынькі, якім ужо споўнілася васемнаццаць гадоў, у фартухах і каптурыках і з патэльнямі ў руках бягуць да яго. Пры гэтым трэба не толькі дабегчы першай, але яшчэ і мінімум тры разы падкінуць блін на хаду. Пераможца атрымлівае званне чэмпіёнкі «Блінных перагонаў», якім можа ганарыцца да наступнага года (https://tonkostі.ru).

У гарадскім часопісе Afіsha. London можна пачытаць пра англійскія традыцыі Масленіцы, а таксама пра тое, хто і калі сёлета ў Лондане смажыў бліны па-руску, вадзіў карагоды і весела праводзіў зіму (https://afіsha.london).

А ў Рыме ў культурна-адукацыйным цэнтры «Францыск Скарына» 29 лютага Масленіцу святкавалі ўпершыню. Фэст арганізавалі тамтэйшыя беларусы на чале з кіраўніцай Цэнтра Нінай Пашчанкай і яе памочніцай Вольгай Тыльковіч. Яна і была вядучай праграмы. Вось як паведамляе пра тое ў пісьме Ніна Пашчанка ў газету «Голас Радзімы», з якой супрацоўнічае: «Весяліліся дарослыя і дзеці. Італьянскія таты і госці ўпершыню паспыталі бліны з рознымі начынкамі, нават вывучылі слова «аладушкі». Елі таксама і дранікі…».

З дзяцінства наша адрасатка добра памятае, як весела адзначалі Масленіцу ў Оршы, яе родным горадзе: «На плошчы Ільнокамбіната стаялі палаткі з блінамі і шашлыкамі. Быў і велізарны слуп, на які трэба было залезці, каб зняць пеўня ці боты. Некалькі чалавек узбіраліся на плечы адно аднаму, выбудоўваючы лесвічку, а вышэй залазіў самы спрытны. Колькі было няўдач, але заўсёды знаходзіўся той, хто прымудраўся забраць падарунак. Выступалі і самадзейныя калектывы ў народных строях.

А потым спальвалася велізарнае пудзіла. Гэта запомнілася на ўсё жыццё. Мая мама і яе аршанскія сябры па гэты час адзначаюць Масленіцу».

А пудзіла Зімы ў сваім рымскім Цэнтры беларусы ды іх госці так і не спалілі: першаклашкі яе пашкадавалі. Але ўсё роўна, было, кажуць, весела.

Валянціна Ждановіч

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.