Вы тут

У перспектывы — трывалы падмурак


Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет, які адбыўся ў лютым, мае значнасць не толькі з пункту гледжання канкрэтнага супрацоўніцтва непасрэдна дзвюх краін. Разгледжаныя ў егіпецкай сталіцы пытанні міжнароднага ўзаемадзеяння, гарантавання бяспекі ў рэгіёне і свеце, а таксама дасягнутыя дамоўленасці выходзяць далёка за межы непасрэдна двухбаковых адносін Мінска і Каіра.


Сёння Егіпет займае вядучую пазіцыю на афрыканскім кантыненце, што абумоўлена і памерамі краіны, і яе эканамічнымі магчымасцямі. Пацвярджэннем можа служыць той факт, што штаб-кватэра Лігі арабскіх дзяржаў знаходзіцца менавіта ў Каіры, а прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі ў цяперашні час з’яўляецца старшынёй Афрыканскага саюза. Дзяржава актыўна развівае свае міжнародныя кантакты. Пасля паласы нявызначанасці, якая была ў гісторыі Егіпта ў гады кіравання Прэзідэнта Мубарака, з прыходам на пасаду кіраўніка краіны аль-Сісі назіраюцца стабілізацыя ўнутранай сітуацыі, умацаванне гэтай дзяржавы і на знешніх контурах. У 2019 годзе там прайшоў рэферэндум, які дазволіў дзеючаму Прэзідэнту заставацца на сваёй пасадзе да 2030 года. Таму можна казаць пра тое, што кантакт Мінска з Каірам, з яго цяперашнім лідарам — гэта ўнёсак у доўгатэрміновую перспектыву.

А яшчэ Егіпет — гэта частка «далёкай дугі», з якой мы актыўна развіваем адносіны. Акрамя таго, гэта Блізкі Усход c яго стратэгічным становішчам. Нарэшце, гэта адна з сямі краін, якія сфармавалі новую рэгіянальную энергетычную арганізацыю — газавы форум краін Усходняга Міжземнамор’я (DAGF). А дзе энергетыка, там і іншыя праекты. Таму Беларусь адносіны з Егіптам развівае комплексна — пачынаючы ад праграм тэхнічнай кааперацыі (сумеснай вытворчасці тых жа беспілотнікаў) і заканчваючы праектамі ў гуманітарнай сферы, у прыватнасці, у адукацыі.

У Егіпце маюцца найбуйнейшыя ўніверсітэты, у той жа час Беларусь можа прапанаваць свае напрацоўкі як у сферы адукацыйных тэхналогій, так і ў сферы лічбавай адукацыі. Гэта значыць, партнёры здольныя шмат у чым дапоўніць адзін аднаго. Адукацыя — тая аснова, якая дазваляе краінам у далейшым наладжваць ужо канкрэтныя кантакты на міжведамасным і рэгіянальным узроўнях.

Нельга не адзначыць, што ў аснове нашага супрацоўніцтва і пашырэння знешнегандлёвага абароту з краінамі Паўночнай Афрыкі знаходзяцца ў першую чаргу пытанні, звязаныя з ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам. Менавіта для гэтых краін ва ўмовах той нестабільнасці, у якой яны знаходзяцца ў цяперашні час, першарадным пытаннем з’яўляюцца забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і павышэнне яе ўзроўню. Для Егіпта, які мае дастаткова вялікую базу ваенна-тэхнічных сродкаў савецкай вытворчасці, важна пашыраць супрацоўніцтва з постсавецкімі краінамі, якія маюць патэнцыял па мадэрнізацыі такой тэхнікі і па распрацоўцы яе новых элементаў. Таму Беларусь, якая захавала такога роду ваенна-тэхнічны патэнцыял пасля развалу Савецкага Саюза, выступае і, трэба меркаваць, будзе выступаць і надалей як адзін з ключавых партнёраў Егіпта па мадэрнізацыі яго ваеннай тэхнікі і стварэнні сучасных сумесных вытворчасцяў з нашым навукова-тэхнічным і ваенна-прамысловым комплексам.

Супрацоўніцтва з Егіптам дае шмат пераваг. Гэтая дзяржава прадастаўляе плацдарм, з якога наша прадукцыя можа быць экспартаваная на рынак Афрыканскага кантынента. А таму Беларусі варта ўзмацніць свой «націск», напрыклад, пры ўдзеле ў стварэнні асаблівай эканамічнай зоны Суэцкага канала.

На погляд экспертаў, асноўная сфера для беларуска-егіпецкага супрацоўніцтва — машынабудаванне. Ёсць перспектывы ў сферы будаўніцтва, электронікі, сувязі, турызму. У сваю чаргу, Егіпет багаты прыроднымі рэсурсамі, у якіх якраз мае патрэбу Беларусь. Адпаведна, гэта прыклад узаемавыгадных адносін, якія даюць штуршок для развіцця абедзвюм краінам.

Вось такая знешнепалітычная і знешнеэканамічная рэальнасць, на фоне якой адбыўся візіт Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет. Падрабязнасці візіту па-свойму пацвярджаюць яго значнасць.

Перамовы лідараў дзвюх краін прайшлі ў палацы «Аль-Ітыхадыя» — спачатку ў вузкім, затым у пашыраным складзе. Прэзідэнты пасля распавялі журналістам, пра што ўдалося дамовіцца і як далей будуць будавацца беларуска-егіпецкія адносіны. Аляксандр Лукашэнка даў ім такую ацэнку:

— Беларусь і Егіпет з’яўляюцца важнымі партнёрамі. У нас вялікія перспектывы. За апошні час мы значна прасунуліся ў нашым супрацоўніцтве. Гэтаму спрыяе пастаянны дыялог паміж Мінскам і Каірам. У нас няма закрытых тэм, усе пытанні з Прэзідэнтам абмяркоўваем грунтоўна і адкрыта. Менавіта такімі былі і сённяшнія перамовы.

За два гады прэзідэнты сустракаюцца ўжо тройчы. Дынаміка палітычных кантактаў спаўна адбіваецца і на эканамічным супрацоўніцтве. Узаемавыгадных праектаў становіцца ўсё больш. А следам расце і таваразварот. Ён за мінулы год павялічыўся на трэць і перавысіў 140 мільёнаў долараў. Салідная лічба, але гэта далёка не мяжа. Рэзервы росту Аляксандр Лукашэнка бачыць у пашырэнні прамысловай кааперацыі і развіцці сумесных вытворчасцяў:

— Мы пачыналі з праектаў па стварэнні ў Егіпце зборачных вытворчасцяў. Арганізавана зборка тэхнікі Мінскага аўтамабільнага і Мінскага трактарнага заводаў. Перакананы, што развіццё прамысловай кааперацыі цалкам адпавядае інтарэсам абедзвюх дзяржаў і дазваляе забяспечыць выхад на рынкі суседніх афрыканскіх краін, што для нас вельмі важна. Дай бог асвоіць стомільённы рынак Егіпта. З Каіра разам працуем практычна на ўсю Паўночную Афрыку і разглядаем варыянты далейшага сумеснага прасоўвання па кантыненце.

Абдэль Фатах аль-Сісі пярэчыць не стаў, тым больш што ў Каіра, вядома ж, ёсць і свой інтарэс у развіцці такога супрацоўніцтва:

— Месцазнаходжанне Егіпта і Беларусі на міжнароднай карце дазволіць адкрыць новыя рынкі перад егіпецкай і беларускай прадукцыяй як у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, так і ў арабскім свеце і афрыканскіх краінах. Гэтаму будзе спрыяць стварэнне зоны свабоднага гандлю ў Афрыцы і падпісанне такога ж пагаднення паміж Егіптам і краінамі ЕАЭС. А таксама фармаванне асаблівай эканамічнай зоны Суэцкага канала.

Егіпет плануе мадэрнізаваць 4,5 тысячы прадпрыемстваў. Беларусь можа прыняць актыўны ўдзел у вырашэнні гэтай амбіцыйнай задачы.

Гэта, зрэшты, не адзіны амбіцыйны праект, які мае намер рэалізаваць Егіпецкае кіраўніцтва. Яшчэ ў 2015 годзе там узяліся за будаўніцтва новай адміністрацыйнай сталіцы. Паводле задумы ўладаў гэта будзе ультрасучасны горад з разумнымі тэхналогіямі.

Так што стаўка на прасоўванне высокатэхналагічнай прадукцыі ў Егіпет з наступным стварэннем сумесных прадпрыемстваў, пра што гаварыў Прэзідэнт Беларусі, зроблена з доўгатэрміновым разлікам. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што экспертамі вядзецца пошук новых пунктаў росту:

— Патэнцыял для прарыву ёсць у галіне інавацый, навукі і адукацыі. Перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і інфармацыйных тэхналогій, уключаючы сучасныя сістэмы гарантавання грамадскай бяспекі. Гатовыя пастаўляць у Егіпет найноўшае медыцынскае абсталяванне, а таксама харчаванне.

Эканоміка Егіпта паступова пераадольвае крызісныя тэндэнцыі, выкліканыя падзеямі «арабскай вясны». Працэс доўгі і няпросты. Але іншага шляху няма. Сельская гаспадарка і турызм пакуль застаюцца асноўнымі крыніцамі росту егіпецкай эканомікі. Аднак кіраўніцтва краіны імкнецца ліквідаваць гэты перакос і стымулюе эканоміку шляхам рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў. Адсюль прыцягненне замежных інвестыцый у будаўніцтва дарог, мадэрнізацыю партоў, энергетыку, здабычу карысных выкапняў, ІТ-сферу. Без падрыхтаваных кваліфікаваных кадраў не абысціся. Беларусь і тут гатова падставіць плячо. Плюс павялічыць сёлета колькасць егіпецкіх студэнтаў у нашых ВНУ.

Поўнае паразуменне паміж нашымі дзяржавамі і на сусветнай арэне.

Прэзідэнт Беларусі наведвае новую адміністрацыйную сталіцу Егіпта

— Мы выступаем за мірнае ўрэгуляванне рэгіянальных канфліктаў, супраць усіх відаў гібрыдных войнаў, а таксама штучнай дэстабілізацыі сітуацыі ў розных краінах, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Беларусь асуджае любыя праявы тэрарызму і выказвае поўную падтрымку намаганням Егіпта ў барацьбе з гэтай пагрозай. Мы ведаем, якую ролю іграе Егіпет у барацьбе з тэрарызмам і які ўнёсак зрабіла гэтая дзяржава ў супрацьдзеянне тэрарызму.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі краіны змогуць вывесці супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень. Звяртаючыся да Прэзідэнта Егіпта, ён запэўніў:

— Мы заўсёды рады вас бачыць у Беларусі. Народ Беларусі вас добра ведае, паважае, і вы будзеце заўсёды жаданым госцем у цэнтры Еўропы — дакладна так, як вы нас прымаеце тут.

Сустрэча на вышэйшым узроўні завяршылася традыцыйным абменам падарункамі. У іх ліку характэрны непратакольны сувенір — сумесная фатаграфія Аляксандра Лукашэнкі з работнікам Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната егіпцянінам Федзі Халілем, які даўно жыве з сям’ёй у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы пазнаёміўся з ім, наведваючы нядаўна гэтае прадпрыемства.

…Ужо бліжэй да вечара, пасля перамоў з прэзідэнтам Егіпта, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэлем аль-Саедам.

У ТЭМУ

Перамовы ў Каіры завяршыліся падпісаннем шэрагу двухбаковых дакументаў. Сярод іх міжурадавая выканаўчая праграма ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах. Паміж міністэрствамі замежных спраў заключаны мемарандум аб узаемадзеянні. Ён прадугледжвае стварэнне сумеснай камісіі высокага ўзроўню па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва і палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Егіптам на ўзроўні міністраў замежных спраў. Як патлумачыў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей, сумесная камісія закліканая паўплываць на тое, каб усе міністэрствы і ведамствы абедзвюх краін працавалі ў цесным узаемадзеянні, каб не ўзнікалі нейкія бюракратычныя перашкоды і цяжкасці. Яшчэ адзін падпісаны мемарандум — аб узаемадзеянні паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Цэнтральным банкам Егіпта.

 

У гісторыі нямала прыкладаў, калі дзяржавы пераносілі сваю сталіцу ці нават будавалі новую. Але Егіпет у гэтым плане, здаецца, вырашыў пераўзысці ўсіх. Замахнуцца на будаўніцтва суперсучаснага мегаполіса ў пустыні рызыкне далёка не кожны. У другі дзень афіцыйнага візіту ў Егіпет Аляксандр Лукашэнка наведаў новую адміністрацыйную сталіцу дзяржавы і разам з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі азнаёміўся з ходам яе будаўніцтва.

Новая адміністрацыйная сталіца Егіпта размешчана ў 45 кіламетрах на ўсход ад Каіра. Гэты праект з лёгкай рукі журналістаў ужо ахрысцілі будоўляй стагоддзя. Такога маштабнага будаўніцтва старажытная егіпецкая зямля не бачыла, мабыць, з часоў узвядзення пірамід. Мяркуйце самі. Новы Каір (іншай назвы пакуль няма) раскінецца на плошчы больш за 700 квадратных кіламетраў. Так егіпецкія ўлады хочуць вырашыць праблему перанаселенасці цяперашняй сталіцы. Дарэчы, да 2050 годзе насельніцтва Каіра, па прагнозах, павялічыцца ў два разы і дасягне 40 мільёнаў чалавек…

Як распавялі Аляксандру Лукашэнку, праект рэалізуецца па прынцыпе «разумны горад будучыні». У горад пераедуць буйныя дзяржаўныя ўстановы, амбасады, прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый і замежных кампаній. Прычым урад, парламент і міністэрствы разлічваюць справіць наваселле ўжо ў гэтым годзе. Акрамя таго, у горадзе пабудуюць больш за 20 жылых раёнаў на 6,5 мільёна чалавек, буйны тэхнапарк і штучныя азёры, амаль дзве тысячы ўстаноў адукацыі, звыш шасцісот бальніц і медцэнтраў, новы міжнародны аэрапорт і хуткасную чыгунку да Каіра.

Ролю экскурсавода для Прэзідэнта Беларусі ўзяў на сябе асабіста Абдэль Фатах аль-Сісі. Ён сустрэў Аляксандра Лукашэнку каля комплексу «Аль-Маса Кэпітал». Там знаходзіцца найбуйнейшы ў Афрыцы кангрэс-цэнтр. Пасля паўгадзіннай гутаркі ў нефармальнай абстаноўцы кіраўнікі дзяржаў абмяняліся падарункамі і паехалі аглядаць аб’екты новай адміністрацыйнай сталіцы. Першы прыпынак — так званы горад культуры і мастацтваў. Там будуецца бібліятэка, некалькі тэатраў, выставачныя залы, музеі і галерэі. Дарэчы, беларускую дэлегацыю нямала здзівіў лядовы палац у горадзе. Бачыць у Афрыцы падобныя аб’екты сапраўды нязвыкла. Аднак Кіраўнік беларускай дзяржавы ўпэўнены ў правільнасці выбару:

— Егіпет знаходзіцца ў такой зоне, дзе хакей на лёдзе можна развіваць. Мы калісьці ў Эміратах стваралі першую пляцоўку.

Прэзідэнт Беларусі падзяліўся досведам будаўніцтва аналагічных спартыўных цэнтраў у нашай краіне. На думку Аляксандра Лукашэнкі, у спартыўным комплексе можна абсталяваць шматфункцыянальную разборную пляцоўку, каб арэну маглі выкарыстоўваць пад розныя гульнявыя віды спорту і правядзенне відовішчных мерапрыемстваў.

Тым часам у «Аль-Маса Кэпітал» прадстаўнікі дзелавых колаў дзвюх краін абмяркоўвалі новыя сумесныя праекты на першым пасяджэнні беларуска-егіпецкага Савета дзелавога супрацоўніцтва. А ў перапынку з задавальненнем разглядалі выставу «Беларусь — Егіпет: партнёрства, якое скіравана ў будучыню». Крыху пазней яе наведалі і прэзідэнты абедзвюх краін. Прычым Абдэль Фатах аль-Сісі, як і належыць чалавеку ваеннаму (у свой час ён даслужыўся да фельдмаршала), пачаў з той часткі экспазіцыі, дзе былі прадстаўлены распрацоўкі беларускага Дзяржкамваенпрама. Сярод іх, у прыватнасці, — найноўшы ракетны комплекс «Паланэз». Зацікавіўся егіпецкі бок і воблачнай платформай інтэлектуальнага відэаназірання ад ІT-кампаніі «Сінезіс». Платформа дазваляе ажыццяўляць пошук людзей і транспартных сродкаў у рэжыме рэальнага часу, распазнаваць асобы і нумары машын, вызначаць парушэнні правілаў дарожнага руху.

Сумесны агляд выставы прэзідэнты працягнулі на адкрытай пляцоўцы кангрэс-цэнтра. Уздоўж чырвонай дывановай дарожкі сталі такія ж чырвоныя трактары МТЗ, беласнежныя МАЗы, узоры тэхнікі «Амкадор», «Бабруйскаграмаш», Мінскага маторнага завода. Многія экспанаты, дарэчы, сабраны ў Егіпце. І гэтую прамысловую кааперацыю кіраўнікі дзяржаў дамовіліся пашыраць.

У ходзе візіту вызначылі і новыя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі.

— Ёсць цікавасць у егіпецкіх партнёраў? — пытанне да Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання нашай краіны Анатоля Хацько.

— Яшчэ якая! Мы сустракаліся з нашымі калегамі з Міністэрства сельскай гаспадаркі Егіпта, і перамовы ішлі ў некалькі разоў даўжэй, чым планавалі. У бліжэйшы час для рэалізацыі дамоўленасцяў будзе створана рабочая група. Пакуль мы пастаўляем на егіпецкі рынак сухія малочныя прадукты. Летась павялічылі іх экспарт амаль у 3,5 разы ў параўнанні з 2018‑м годам. Плануем нарасціць пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі. Сярод новых напрамкаў супрацоўніцтва — насенняводства і біятэхналогіі. Мы запрасілі калег наведаць нашу выставу «Белагра», якая не за гарамі. Міністр сельскай гаспадаркі Егіпта пацвердзіў свой удзел у ёй.

Тэхніка, прадстаўленая на беларуска-егіпецкай выставе

А вось што сказаў Мустафа Хадхуд Камель, старшыня савета дырэктараў сельскагаспадарчай кампаніі Егіпта:

— У апошнія тры гады беларуская тэхніка трывала зайшла на егіпецкі рынак з першымі трактарамі. МТЗ тут ужо брэнд. «Белшына», «Бабруйскаграмаш», «Гомсельмаш», «Амкадор» нядаўна пашырылі лінейку сваіх машын. І цяпер размова ўжо аб зборцы практычна ўсёй беларускай тэхнікі ў нас у Егіпце. Плануем выйсці на лакалізацыю больш за 40 %, каб прадаваць у Афрыцы.

Наведванне выставы стала апошнім пунктам у праграме афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет. Красамоўны факт. Мабыць, памятаючы пра гасціннасць беларускага лідара летась, Абдэль Фатах аль-Сісі прыехаў у аэрапорт, каб асабіста праводзіць Аляксандра Лукашэнку. І гэты сімвалічны жэст, без сумневу, варта расцэньваць як пацвярджэнне таго, што беларуска-егіпецкае партнёрства ў будучыні будзе толькі мацнець.

Васіль Харытонаў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».