Вы тут

Упершыню за пяць гадоў: рэцэнзія на новую дзiцячую оперу Вялікага


Дзiцячымi операмi нашага гледача не песцяць: апошнi раз на новую назву малодшае пакаленне запрашалi пяць гадоў таму. Сакавiк пераламiў сiтуацыю: Вялiкi тэатр выпусцiў пастаноўку для самых маленькiх «Кошчын дом» на музыку Паўла Вальдгарта. Аднак на ўнiкальнасць гэты спектакль можа прэтэндаваць не толькi па факце свайго з'яўлення. На першых пасля прэм'ерных выхадаў паказах можна самiм паглядзець, як рэжысёр Дар'я Пататурка i мастак Кацярына Шымановiч дапамагаюць дзецям на свае вочы ўпэўнiцца, што опера можа быць такая ж крутая, як любы навамодны мультсерыял.


У падмурку новай оперы Вялiкага вядомая казка Самуiла Маршака «Кошчын дом». Вакол Кошкi круцiлася шмат прыхвасняў, гатовых усхваляць багатую гаспадыню, у якой былi надзвычайныя цiкавiнкi, напрыклад, такiя невядомыя казачным звярам «гаджэты», як люстэркi. Аднак яны закрылi свае дзверы ад былой сяброўкi, як толькi ў той здарылася бяда. У гiсторыi пра мiласэрнасць i ўменне дараваць крыўды тым, каму патрэбна дапамога (як памятаем, выратавалi няшчасную тыя пляменнiкi, якiх яна калiсьцi i на парог дома не пушчала) шмат аўдыя- i мультыплiкацыйных версiй. Гэта значыць, што ў гледачах, якiя любяць выбiраць для сямейных паходаў знаёмыя назвы, дакладна нястачы не будзе.

Радуе, што ў якасцi мастака-пастаноўшчыка тэатр нарэшце запрасiў Кацярыну Шымановiч, якая колькi гадоў працуе ў штаце Опернага, аднак аўтарскiя заказы ў асноўным атрымлiвае па-за роднымi падмосткамi. Даверыўшыся маладой мастачцы, наш Вялiкi атрымаў нязвыклую для айчыннай оперы, але надзвычай гаваркую сцэнаграфiю.

У сваiх творчых пошуках спадарыня Кацярына пайшла ад светаадчування дзiцяцi. Калi на афiшы ставiцца ўзроставы цэнз 0+, то натуральным выглядае вырашэнне сцэнаграфii ў выглядзе канструктара для самых маленькiх. Мастачка, гуляючы, ператварае шары ў сонца, трохкутнiкi — у дахi i элементы iнтэр'ераў, паўсферы — то ў арэлi, то ў крэслы, а звычайны прамавугольнiк — пры дапамозе вiдэапраекцыi ад Сяргея Навiцкага — у пiянiна. Нават пажар спадарыня Шымановiч малюе не чырвонымi языкамi полымя, якiх чакаюць дарослыя, а чорнымi штрыхаванымi лiнiямi: менавiта так робяць самыя маленькiя, калi адлюстроўваюць тое, чаго палохаюцца. «Кошчын дом» будуецца на чысцiнi белага i блакiтнага, на гарэзлiвасцi жоўтага, зялёнага i ружовага ды спалучэннях так любiмых Кацярынай мятнага i ажынавага колераў. Такое каларыстычнае вырашэнне дапамагае выхоўваць густ малечы, а прастата сцэнiчных формаў спрыяе развiццю фантазii.

Мастачка разам з рэжысёрам Дар'яй Пататурка адмовiлася ад традыцыйнага рашэння прычапiць усiм артыстам вушы i хвасты. Акцёры выходзяць у забаўных аб'ёмных касцюмах, а зразумець, хто ёсць хто, дапамагаюць лялькi. На маёй памяцi так актыўна на сцэне Опернага яны выкарыстоўваюцца ўпершыню. Усе галоўныя персанажы — планшэтныя лялькi ў рост чалавека, якiх салiсты катаюць на спецыяльных платформах на колах. Парсючкоў, куранят i кацянят зрабiлi на трысцiнах, а хор надзялiлi плоскаснымi лялькамi. Над iмi працавала некалькi творчых камандаў, у тым лiку да стварэння паклiкалi выдатнага мастака-бутафора з Тэатра лялек Алега Нiкалайчыка.

Салiстам вiдавочна падабалася гульня ў казку, мо таму вобразы, знойдзеныя Аленай Бундзелевай, Андрэем Клiпо, Настассяй Кардаш, Юрыем Балоцькам ды iншымi, адразу знаходзiлi водгук у зале. Таксама з'явiлася магчымасць паказаць сябе на поўную моц i дзеючаму пры Вялiкiм Дзiцячаму музычнаму тэатру-студыi пад кiраўнiцтвам Алены Няронскай: менавiта яе выхаванцы выбягаюць на сцэну ў вобразах няўрымслiвых нашчадкаў некаторых галоўных герояў.

Для Дар'i Пататурка вакальная казка — доўгачаканы рэжысёрскi дэбют (да гэтага яна працавала асiстэнтам оперных рэжысёраў i ставiла гала-канцэрты на роднай сцэне). Таму часам бракавала арыгiнальнасцi малюнку пэўных мiзансцэн, не заўсёды атрымлiвалася вытрымлiваць тэмпарытм дзеяння i па максiмуме выкарыстаць магчымасцi, закладзеныя ў сцэнаграфii. I ўсё ж абраны ёй сiнтэз розных вiдаў тэатральнага мастацтва дапамог спектаклю ператварыцца ў дынамiчнае вiдовiшча, а яно да таго ж, прыцягнуўшы ўвагу формай, лягчэй навучыць дзяцей слухаць арыi, каб пазней перайсцi да больш складаных музычных твораў.

Мiж iншым, «Кошчын дом» з'явiўся па ўсiх правiлах тэатральнага праекта: спачатку Оперны абвясцiў у сацсетках конкурс фотаздымкаў вусатых-паласатых, у самiм тэатры з'явiлiся магнiцiкi з персанажамi оперы, а найлепшым сувенiрам стала адмысловая праграмка. У буклеце ў выглядзе дамка з праразным акенцам ёсць не толькi iнфармацыя пра рэжысёраў i выканаўцаў: некалькi старонак аддадзена пад забаўкi для дзяцей, размалёўку, поле для налепак (якiя iдуць тут жа ў камплекце), цiкавiнкi пра кошак i нават правiлы паводзiн у выпадку пажару.

Звычайна праграмкi абыходзяцца пералiкам дзеючых асобаў, але дзецям яны могуць дапамагчы замацаваць адчуваннi пасля прагляду, а ў гэтым выпадку ўражанне, што тэатр — гэта так жа крута, як мультфiльмы з растыражаванымi персанажамi-цацкамi.

Прэм'ерны спектакль ад Дар'i Пататурка дорыць надзею, што дзiцячы рэпертуар Вялiкага пры новым кiраўнiцтве тэатра чакае другое дыханне. Яшчэ нядаўна оперы i балеты для малечы маглi знiкаць з рэпертуара на паўгода, i тады малодшых школьнiкаў можна было весцi хiба што на вечаровы спектакль. Цяпер жа тэатр следам за «Кошчыным домам» абвяшчае планы на наступную дзiцячую оперу: у другой палове 2020 года на гэтай сцэне павiнен з'явiцца «Пiнокiа» Глорыi Брунi.

Настасся ПАНКРАТАВА

Фота з сайта Вялікага тэатра

Загаловак у газеце: Вусаты Фенiкс опернага рэпертуару

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.