Вы тут

Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць прапановы аб падтрымцы бізнесу на фоне каранавіруса


Першы пункт — наведванне жывёлагадоўчай мяса-малочнай фермы філіяла «Смалявічы Дэйрыз» ААТ «Смалявічы Бройлер» у вёсцы Мглё. 


Тут Аляксандру Лукашэнку далажылі аб ходзе вясенне-палявых работ, развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ў групе кампаній «Сервалюкс», да якой адносіцца «Смалявічы Бройлер» і ЗАТ «Юніміт» — другі аб’ект працоўнай камандзіроўкі кіраўніка краіны. На апошнім прадпрыемстве па вытворчасці мяса-кілбасных вырабаў Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналогіяй вытворчасці паўфабрыкатаў і прадукцыяй.


Ноу-хау айчыннай малочкі

Група кампаній «Сервалюкс», прадпрыемства якой наведаў Прэзідэнт, — адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў краіне. На рахунку іх экспарту 114 тысяч тон мяса птушкі, 3,5 тысячы тон камбікармоў, 4 тысячы тон малочнай прадукцыі. Аб’ёмы вытворчасці дазволілі не толькі забяспечыць працоўнымі месцамі больш за 9600 чалавек, але і гарантаваць ім годныя заробкі. У 2019 годзе сярэднямесячная заработная плата склала 1330 рублёў.
«Смалявічы Дэйрыз», дзе сустракалі Аляксандра Лукашэнку раніцай пятніцы, — гэта філіял ААТ «Смалявічы Бройлер». Па ўзгадненні з Прэзідэнтам група кампаній сем год таму набыла 99 працэнтаў акцый таварыства. 

Асноўным рынкам экспарту для прадпрыемства з’яўляецца Расія, працуюць і на Кітай. Прэзідэнт пахваліў экспартаарыентаванасць вытворчасці, імкненне развівацца на міжнародным рынку, укараняць новыя тэхналогіі. Кіраўнік групы кампаній Яўген Баскін расказаў Прэзідэнту пра вытворчы ланцужок, магчымасці прадпрыемстваў. 

«З першага дня працы мы ўзялі курс на тое, каб быць эфектыўнейшымі за нашых канкурэнтаў за кошт культуры вытворчасці і айчынных рэвалюцыйных распрацовак», — сказаў Яўген Баскін.

Прадпрымальнік пахваліўся фінансавай устойлівасцю, прыбытковасцю сваіх прадпрыемстваў, высокай ацэнкай фермерскай гаспадаркі замежнымі спецыялістамі і асабістымі ноу-хау.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўлада заўсёды будзе падтрымліваць прадпрыемствы, якія хвалююцца пра людзей. «Галоўнае — гэта чалавек. І тыя бізнесмены, якія сёння кажуць дай мне зямлю, дай мне гэта, тое, а людзі не важнае — глупства поўнае, — дадаў Прэзідэнт. — Калі ты не будзеш глядзець на людзей сёння, то будзе дрэнна. Калі людзі будуць задаволены сваёй работай, і малако, і мяса будзе. Тэхналогіі знойдзем».


Грэчкі хопіць на ўсіх

Перад пачаткам знаёмства з вытворчасцю Прэзідэнт заслухаў даклады аб ходзе пасяўной і развіцці рэгіёна і вобласці. 

Азімымі сёлета засеяны 1 мільён 880 гектараў, плошчы павялічаны на 180 тысяч гектараў. Стан культур здавальняючы. Што тычыцца яравых, іх сеў будзе забяспечаны на плошчы 2 мільёнаў 616 тысячы гектараў. Усе вобласці краіны прыступілі да пасеву ранніх яравых зерневых. 

Каб захаваць аптымальныя тэрміны, неабходна на працягу 10 дзён пасеяць раннія яравыя культуры. На сёння засталося яшчэ 485 тысяч гектараў. Фактычна завяршыла яравы сеў Гомельская вобласць, заканчвае Брэсцкая. Мінская, Магілёўская і Гродзенская вобласці справяцца з задачай на працягу тыдня. Больш дзён спатрэбіцца Віцебскай вобласці.

Прэзідэнт параіў распрацаваць для рэгіёна стратэгію па пасеве, таму што яны і пачынаюць уборачную раней.

«Мы дамовіліся ў Віцебскай вобласці вырошчваць тыя культуры, што там растуць. Калі там праблема з зерневымі і кукурузай, то навошта там іх высяваць?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Аграрыі поўнасцю забяспечаны палівам. Па словах Прэзідэнта, за гэта дзякаваць трэба не яму, а сітуацыі на рынку — нафта амаль нічога не каштуе. Аляксандр Лукашэнка загадаў запоўніць нафтапрадуктамі сховішчы ў раёнах і абласцях.

«Па вашым даручэнні, каб забяспечыць спажыванне краінай грэчкі, мы павялічваем яе сеў на 187 працэнтаў. Насенне ў краіне ёсць», — паведаміў міністр сельскай гаспадаркі Іван Крупко.

Краіна забяспечыла сябе грачыхай на 50 працэнтаў, другую палову закуплялі ў Расіі, дзе больш спрыяльныя ўмовы для яе вырошчвання.

«Трэба вырошчваць грэчку. Глебы хапае, трэба падабраць адпаведныя», — сказаў Прэзідэнт.

Ухваліў кіраўнік краіны жаданне аграрыяў павялічыць вытворчасць гародніны ў тым ліку бульбы.

«Нядобра, што некаторыя гаспадаркі атрымліваюць па 900 цэнтнераў бульбы, а некаторыя 150, як у савецкія часы. Таму трэба там, дзе навучыліся гэта рабіць, дадаць плошчы або на тых жа плошчах інтэнсіфікавацца», — дадаў лідар краіны і пацікавіўся станам цяплічных гаспадарак.

Яны ў сваю чаргу забяспечваюць унутраны рынак гароднінай. Некаторыя культуры (напрыклад, тамат) экспартуюць у Расію.

«Разам з лясной гаспадаркай, сельская гаспадарка — гэта прыярытэт. Гэта наша», — сказаў кіраўнік краіны.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын папрасіў падтрымкі ў развіцці арганічнага земляробства ў фермерскіх гаспадарках і частковае субсідаванне будаўніцтваў комплексаў для жывёлагадоўлі. Першую ідэю кіраўнік краіны падтрымаў, наконт другой заўважыў: «Мне патрэбныя канкрэтныя аб’екты, якія будуць будавацца, і канкрэтныя сумы, і тэрміны. Вось аб’ект, такія тэрміны, два траншы. Давайце паспрабуем на Мінскай вобласці. Толькі, каб не атрымалася так, што мы выдатны комплекс пабудавалі, а вынік не вельмі».


Школьныя канікулы могуць працягнуць на тыдзень

Першае пытанне ад журналістаў у апошнія дні школьных канікул — аб прапанове некаторых бацькоў іх працягнуць з-за неспрыяльнай эпідыміялагічнай абстаноўкі.

«Я лічу, што патрабаванне працягнуць канікулы з боку бацькоў, медыцыны — гэта няправільна. Калісьці я сказаў, што мы не будзем вісець над бацькамі. Гэта іх дзеці, іх жыццё. І як яны прымуць рашэнне ў гэтым каранапсіхозе, так яно і будзе. Я катэгарычна супраць», — выказаўся Прэзідэнт.

Ён адзначыў тэндэнцыю, што яшчэ да пачатку канікул класы заставаліся напалову пустымі. 

«Я думаю, заўтра, паслязаўтра мною будзе прынята адпаведнае рашэнне. Хутчэй за ўсё мы працягнем на адзін тыдзень канікулы. Выключна таму што гэтага хочуць бацькі, і не ўсе адпускаюць дзяцей у школу ў гэты час», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. 

Навучанне не будзе падоўжана летам, таму што ў праграмах ёсць запасны тыдзень.

Дзяржава падтрымае тых, хто сам ратуе свой бізнес

Пацікавіліся журналісты, якія Прэзідэнту бачацца магчымыя інструменты падтрымкі пэўных галін і прадпрыемстваў ва ўмовах пандэміі. У Беларусі, нягледзячы на распаўсюджанне інфекцыі, ніхто не забараняе працаваць.

«Кіраўнік прадпрыемства (Яўген Баскін — «Зв») не папрасіў жа мяне ні аб якой падтрымцы. Таму што ён працуе. І на яго добрую прадукцыю ёсць попыт. Калі ласка: працуйце і зарабляйце. Калі ў кагосьці ёсць бізнес і ёсць нейкія праблемы, ідзіце да Баскіна працаваць», — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

Ён параіў арыентавацца на замежных рэстаратараў, якія, каб захаваць бізнес, пачалі развозіць ежу па дамах і маюць пры гэтым добрую рэнтабельнасць. 
Няпроста зараз і нашаму авіяперавозчыку «Белавія», бо ў свеце закрылася шмат аэрапортаў.

«Дарэчы, амерыканцы і з нашай дапамогай вывозяць сваіх людзей з поўдня праз наш аэрапорт туды, на Швецыю, Брусель — і да Амерыкі мы ім прапанавалі свае паслугі і самалёты. Таму што ў нас добрыя новыя самалёты стаяць, калі ласка, можам перакідваць (людзей — «Зв»). І яны там удзячныя за гэта. Наколькі можам, шукаем працу ўсюды, але гэта не віна авіяперавозчыкаў», — паведаміў беларускі лідар. 

Таму дзяржава ў першую чаргу падтрымае менавіта такіх пацярпелых, якія, у адрозненне ад тых жа рэстаранаў, не ў стане дыверсіфікавацца. Да таго ж, аўтамабільныя прадпрыемствы і чыгунка як працавалі, так і працуюць на транзіце дзякуючы незакрытым межам. Але, прызнаў Аляксандр Лукашэнка, складана ўсім, нават гігантам кшталту БелАЗа.

«Ні кар’еры, нідзе нічога не працуе, і тое яны па адной машыне стараюцца прадаваць. Але там тысячы людзей. Жодзіна трымаецца на БелАЗе. Як вы думаеце, вы рэстаран сёння будзеце падтрымліваць ці БелАЗ? Канешне, вытворцу», — растлумачыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размова не ідзе пра прынцып «ратаванне тых, хто тоне, у іх уласных руках». Хаця камусьці не пашкодзіла б павучыцца на прадпрыемствах кшталту сённяшняга.

«Але настаў час скарбонку развязаць, укласці ў бізнес тыя запасы, якія ў цябе ёсць, бо ты толькі што з Гаа прыехаў, з Балі, з Егіпта — грошы ты знайшоў. Зараз ачухаўся, у дзяржавы прыйшоў прасіць грошы з бюджэту для падтрымкі бізнесу. Падтрымаем. Падтрымаем тых, хто хоча, каб яго падтрымалі, і другое — таго, хто ўкладзецца сам. А калі ён склаў рукі, дзесьці ў афшорах у яго там грошы нейкія, і думае, што яму мы забяспечым яго светлую будучыню, хай нават не разлічвае», — абазначыў падыходы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адназначна ўпэўнены: варушыцца зараз мусяць усе, кожны ўласнік павінен сам адказваць за свой бізнес, а дзяржава падставіць плячо, калі будзе магчымасць. Менавіта для гэтага кіраўнік дзяржавы даручыў ураду, Камітэту дзяржкантролю, Адміністрацыі Прэзідэнта падрыхтаваць прапановы па падтрымцы розных сектараў эканомікі ў выпадку неабходнасці. Зараз комплекс мераў разглядаецца з улікам галоўнага патрабавання кіраўніка дзяржавы.

«Мы падтрымаем толькі тых, хто перш за ўсё сам сябе будзе старацца падтрымаць і захаваць свой бізнес, калі ён са сваіх запасаў будзе інвеставаць у свой бізнес, калі ён будзе ў гэтай сітуацыі старацца адшукаць новыя шляхі для працы. Вось формула: думай перш за ўсё ты за свой бізнес, а потым прыходзь да дзяржавы. Пакуль трэба спадзявацца на сябе — вось як бы непапулярна гэта ні гучала. А падтрымку... Усім, каму трэба, па меры магчымасці, сумленна і справядліва мы акажам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Мы пераадольваем пік сезонных захворванняў

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што зараз у краіне завяршаецца хакейны турнір і застаецца толькі футбольны. Першае, на што звярнуў увагу Прэзідэнт, - гледачоў туды не «заганяюць», толькі прапаноўваюць жадаючым.

«У суботу мы гулялі ў аматарскай лізе. Былі гледачы – група курсантаў ваенізаваных вну. Іх пасадзілі асобна, але яны жывуць побач у гэтых казармах», - расказаў кіраўнік дзяржавы.

 «Зараз мы пераадольваем пік сезонных захворванняў. Нам трэба зваліцца з яго піка ўніз – і ў гэты час трэба паберагчыся. Мыць рукі, дыхаць свежым паветрам, есці масла 20-30 грамаў (доктар адзін расійскі параіў)», - у чарговы раз агучыў меры прафілактыкі беларускі лідар.

«У нас 305 чалавек па ўсёй краіне (хворых на каранавірус – «Зв»), гэта мізэр. Слава богу, што столькі. Дай бог, каб і далей было. Мы іх лечым. Шаснаццаць падключаны да штучнай вентыляцыі лёгкіх, падтрымліваюць, і тое яны непраблемныя», - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў журналістаў, што ў краіне прынімаюцца ўсе меры перасцярогі ў аэрапортах, на межах і ў ачагах. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь забяспечана сродкамі аховы (маскамі, рэспіратарамі, бахіламі), кожная вобласць пачала шыць дадатковыя аб'ёмы і частку прадаваць.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі медыкам належыць не забывацца і на «паўсядзённыя» хваробы – анкалагічныя, сардэчна-сасудзістыя, траўмы.

«А так у нас крэн: усе схаваліся за каранавірус. У аўторак я намеціў нараду – ужо будуць вынікі. Квартал прайшоў, мы ўжо можам параўнаць (дынаміку захворванняў на пнеўманію ў мінулыя гады – «ЗВ»). А лічбы – рэч упартая, ад іх нікуды не дзенешся», - запрасіў на абмеркаванне Прэзідэнт.

Як пазней паведаміў журналістам старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандр Турчын, у прыватнасці, у Мінскай вобласці сёлета назіраецца памяншэнне колькасці хворых, вылечаных і памерлых ад пнеўманіі.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, вярнуліся дамоў спартсмены, якія рыхтаваліся да Алімпіяды, перанесенай праз каранавірус. Алімпійцы вытрымліваюць каранцін, усе здаровыя, падкрэсліў Прэзідэнт.

Ваенныя медыкі не застануцца ўбаку

Аляксандр Лукашэнка даручыў прыцягнуць ваенных медыкаў да лячэння і прафілактыкі каранавіруса.

«У нас жа там таксама спецыялісты ёсць. Трэба іх падключыць. У нас жа ёсць такія бальніцы, дзе сканцэнтраваны гэтыя людзі па краіне. Калі трэба, і пракантралююць, і дапамогуць, і самае галоўнае — яны таксама будуць у гэтай тэме, яны навучацца. Што ж мы, думаем, што ў арміі ніколі нішто не здарыцца? Таму гэта і для іх пэўная вучоба, і значная дапамога медыкам», — зрабіў вывад Прэзідэнт.

Пакуль для барацьбы з эпідэміяй няма неабходнасці прыцягваць студэнтаў-медыкаў ці выклікаць пенсіянераў, як у іншых краінах. Так, моладзь і прафсаюзы як валанцёры дапамагаюць старым, але што да лячэння — сілаў і сродкаў хапае, упэўнены Прэзідэнт.

«І ложкі ў запасе ёсць, каля трох тысяч апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і наркозна-дыхальных — іх у крайнім выпадку таксама можна выкарыстоўваць», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.