Вы тут

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў


Хто валодае нерухомай маёмасцю альбо ўчасткам зямлi, ведае, як важна мець адпаведныя дакументы на сваю ўласнасць. Цяпер пры набыццi, будаўнiцтве, рэканструкцыi аб'екта дакументы афармляюцца адначасова з гэтым. А вось раней было не так. Асаблiва часта праблемы з дакументамi ўзнiкаюць у сельскай мясцовасцi найперш, калi настае час уступiць у правы спадчыннiка, прадаць, падарыць дом, участак. Тады людзi адразу звяртаюцца ў органы дзяржаўнай рэгiстрацыi i зямельнага кадастру. Бывае, што хадзiць туды даводзiцца не раз i не два. А калi ты жывеш не ў горадзе, гэта становiцца праблемай.


Апрабавалi ў Высокiм

— Новую форму работы мы пачыналi ўкараняць восем гадоў таму, — расказвае дырэктар Пружанскага фiлiяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгiстрацыi i зямельным кадастры» Аляксандр ПАПКОЎ. — Тады структура прадпрыемства крыху адрознiвалася. Мы ў якасцi бюро ўваходзiлi ў Бярозаўскi фiлiял, адным з падраздзяленняў было таксама Камянецкае бюро. Камянецкi раён вялiкi, i, скажам, горад Высокае знаходзiцца амаль за паўсотнi кiламетраў ад райцэнтра. Некаторым жыхарам вёсак высокаўскай зоны зручней было дабiрацца ў Каменец праз Брэст, а гэта круг — амаль у сто кiламетраў. Вядома, людзi пiсалi скаргi ў самыя розныя iнстанцыi. Аднойчы мы разам з тагачасным старшынёй Камянецкага райвыканкама Андрэем Пiсарыкам разглядалi тыя скаргi i меркавалi, якое выйсце можна знайсцi з сiтуацыi. Менавiта Андрэй Мiкалаевiч прапанаваў аказваць паслугi па рэгiстрацыi на месцы, у Высокiм.

Арганiзацыйна гэта аказалася не так проста. Рэгiстратар мае справу з канфiдэнцыяльнай iнфармацыяй грамадзян, адразу ж паўстала пытанне абароны гэтай iнфармацыi. Давялося папрацаваць праграмiстам, стварыць адмысловыя праграмы па абароне электроннай базы i спосабаў карыстання iнфармацыяй. З часам былi набытыя камп'ютары, шматфункцыянальныя прылады для друку, 3G-мадэмы, былi забяспечаны аддалены доступ у нашу базу даных i абарона канала сувязi. I рэгiстратар пачаў прымаць грамадзян раз на месяц у горадзе Высокае. Высокаўскi гарвыканкам паспрыяў з памяшканнем для работы — яго адвялi ў будынку гарсавета.

Спецыялiст вёў прыём як па папярэднiм запiсе, так i па жывой чарзе. Папярэднi запiс дазваляе рэгiстратару падрыхтаваць неабходны пакет дакументаў яшчэ да выезду, а гэта iстотна скарачае час абслугоўвання клiента. Доступ жа да рэсурсаў лакальнай сеткi прадпрыемства, да ўсiх праграм i дакументаў дазволiў ажыццяўляць усе рэгiстрацыйныя дзеяннi у адносiнах аб'ектаў нерухомасцi, выдаваць пасведчаннi аб рэгiстрацыi здзелак, даведкi i iншую iнфармацыю, даваць квалiфiкаваныя кансультацыi па пытаннях рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi. Пры неабходнасцi супрацоўнiк звязваецца па скайпе з работнiкамi архiва бюро альбо фiлiяла для прагляду дадатковых архiўных дакументаў.

— Адным словам, мы адпрацавалi пробны варыянт на Высокiм i ўпэўнiлiся, што выбралi правiльны кiрунак, — адзначае Аляксандр Папкоў.

Прыклад для пераймання

Тады Пружанскае бюро ўзялося за работу ў сваiм раёне. Там, як i ў Камянецкiм, ёсць былыя райцэнтры, значна аддаленыя ад горада. Скажам, Ружаны размешчаны на адлегласцi 45 кiламетраў ад Пружан, да Шарашэва больш за 20 кiламетраў. Жыхарам гэтых пасёлкаў трэба было трацiць цэлы рабочы дзень, каб толькi прыехаць i падаць дакументы. Значную дапамогу ў арганiзацыi аказаў тагачасны старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Вiктар Макарэвiч. У Ружанскiм i Шарашоўскiм выканкамах былi адведзены рабочыя месцы для рэгiстратараў. Паступова наладзiлi супрацоўнiцтва з дзяржаўнымi натарыяльнымi службамi, цяпер яны абавязкова выязджаюць сумесна i вядуць прыёмы грамадзян. I ўжо за першы год работы на Пружаншчыне было праведзена 117 прыёмаў, на кожны з iх прыходзiла па 15-20 жыхароў найблiжэйшых населеных пунктаў. Людзям стала зручна, паступова работа прыйшла ў сiстэму. Скажам, за мiнулы год рэгiстратары Пружанскага фiлiяла правялi 84 выязныя прыёмы, падчас якiх прынята 917 заяў на рэгiстрацыю, iнвентарызацыю i праверку тэхнiчных характарыстык.

Вопыт першых гадоў работы быў заўважаны. У Пружаны прыехалi кiраўнiкi i спецыялiсты Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальнага кадастравага агенцтва, эксперты Сусветнага банка. I было прынята адназначнае рашэнне па перайманнi вопыту ў краiне. А прадстаўнiкi банка назвалi праграму «Клiенцкi падыход», што азначае — iсцi да клiента, а не чакаць яго ў сябе ў офiсе.

— Мы не толькi прымаем сваiх наведвальнiкаў, скажам, у Ружанах, — удакладняе Аляксандр Iванавiч. — На наступным тыднi работнiк сам выязджае ў Зеляневiчы да iнвалiда, каб аформiць здзелку. Вёска Зеляневiчы знаходзiцца прыблiзна за 15 кiламетраў ад Ружан. Плануем набыць асобную машыну, для таго каб яна працавала як перасоўны пункт рэгiстрацыi.

Людзям стала зручней

— Пружаны былi пiянерамi ў гэтай справе, — адзначае дырэктар Брэсцкага агенцтва па дзяржаўнай рэгiстрацыi i зямельным кадастры Васiль ХАЛАДЦОЎ. — Пасля iх сталi паспяхова ўкараняць выязныя прыёмы iншыя фiлiялы як у вобласцi, так i ў краiне. Цяпер нашы рэгiстратары па графiку працуюць у Целяханах Iвацэвiцкага раёна, у Дамачаве Брэсцкага раёна. У Белаазёрску Бярозаўскага раёна спачатку наладзiлi выязны прыём, цяпер там працуе стацыянарны пункт. Вядома, гэта дае свае вынiкi. Людзям стала зручней, яны прывыклi да такой практыкi, iм патрэбная наша паслуга на месцы. Пра апошняе сведчыць i такi факт. Мы хацелi на наступным тыднi адмянiць выязны прыём у Дамачаве ў сувязi з эпiдэмiчнай сiтуацыяй. Думалi, наведвальнiкi самi не прыйдуць. Але грамадзяне актыўна запiсваюцца. Значыць, прыём адбудзецца.

На месцах мы працуем з мясцовымi органамi ўлады. Без iх падтрымкi ў нас проста не атрымалася б арганiзаваць работу на належным узроўнi.

Ужо некалькi гадоў у Дамачаве прыёмы вядзе супрацоўнiк Брэсцкага агенцтва Дзмiтрый Астаповiч. Дзмiтрый Мiкалаевiч адзначыў, што на прыём прыходзяць людзi з двух самых аддаленых сельсаветаў — Дамачаўскага i Тамашоўскага:

— Даводзiцца не толькi рэгiстраваць i выдаваць дакументы, але i даваць кансультацыi вясковым людзям. Многiя жылыя дамы, узведзеныя ў першай палове або сярэдзiне мiнулага стагоддзя, не маюць нiякiх дакументаў. А калi жаданне ўступiць у спадчыну выказваюць унукi альбо праўнукi былых гаспадароў, цяжка бывае даказаць iх правы. Грамадзянам даводзiцца звяртацца ў суд, шукаць хоць якiя зачэпкi ў архiўных звестках. На жаль, у былыя часы афармленню нерухомасцi не ўдзялялi патрэбнай увагi, як i дакументам па зямельных надзелах. З апошнiмi яшчэ больш праблем, калi няма дакументаў на межы ўчасткаў. I ўсё гэта даводзiцца рабiць, наганяць упушчанае. Так што рэгiстрацыя — справа сур'ёзная, яе трэба праводзiць своечасова.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Загаловак у газеце: Iдзём да клiента!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.