Вы тут

Аграгарадок Бабоўка ў Жлобінскім раёне як варыянт вёскi будучынi


Эканомiя бюджэтных сродкаў, якую дае продаж старых кiнутых дамоў, мадэрнiзацыя вулiчнага асвятлення ў вёсках, iншы досвед Жлобiнскага раёна па развiццi i добраўпарадкаваннi населеных пунктаў ацанiлi падчас выязнога семiнара кiраўнiкi Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Гомельскай вобласцi.


Прадстаўнiкi мясцовых улад рэгiёна на чале з кiраўнiком абласнога Савета дэпутатаў Кацярынай Зенкевiч сабралiся ў аграгарадку Бабоўка Кiраўскага сельсавета. У цэнтры населенага пункта — нядаўна адрамантаваны будынак Дома культуры. Побач пошта, дзiцячы садок, школа. Але позiркi гасцей прыцягвае мiнiпарк — новы сацыяльна значны аб'ект. Брукаваныя дарожкi, альтанка, дзiцячая пляцоўка, лавы — усё ў адпаведнасцi з ланшафтным праектам. Побач закладзены сямейны сквер.

— Пра стварэнне гэтай зоны адпачынку думалi даўно. Цяпер тут любiмае месца нашых жыхароў, — кажа дырэктар ААТ «Бабоўскi» Алi Ахмедаў.

Жыхары аграгарадка на жыццё не скардзяцца: сярэдняя зарплата на прадпрыемстве каля 800 рублёў. Акрамя гэтага, выдаткоўваюцца прадукты харчавання, але пры ўмове, што работнiк не парушае працоўную дысцыплiну. Не забываюць i пенсiянераў, якiх у Бабоўцы 225. Кожнаму на падворак бясплатна прывозяць угнаеннi, сена, салому для жывёлы. Да свят заўсёды робяць падарункi. Калi спатрэбiцца, дапамогуць i агароджу паставiць, i газавы кацёл адрамантаваць.

«Бабоўскi» падтрымлiвае таксама мясцовую школу i дзiцячы садок. Сярод школьнiкаў вядзецца прафарыентацыя, iм прапаноўваюць мэтавае накiраванне для паступлення ў сельскагаспадарчыя ВНУ i каледжы, стыпендыю на час вучобы. Дарэчы, выдатнiкi мясцовай школы таксама атрымлiваюць стыпендыю ад гаспадаркi. А 12 маладых спецыялiстаў, якiя цяпер працягваюць адукацыю, маюць прыбаўку да заработнай платы. За сродкi гаспадаркi для дзiцячага садка адрамантавалi агароднiнасховiшча, зрабiлi водапанiжэнне тэрыторыi, навесы для летняга адпачынку малых.

— Дарэчы, аграгарадок Бабоўка разглядаюць як прыклад «вёскi будучынi», — з гонарам дадае старшыня Кiраўскага сельвыканкама Канстанцiн Сцепанцоў. — Тут усё робiцца для камфортнага жыцця людзей. Нядаўна мы правялi маштабную работу па добраўпарадкаваннi тэрыторыi. Дапамагалi дарожныя i камунальныя службы раёна, мясцовыя жыхары працавалi на суботнiках.

З тым, як вырашаюцца праблемы па добраўпарадкаваннi тэрыторыi ў iншых сельскiх населеных пунктах, удзельнiкi семiнара пазнаёмiлiся, у прыватнасцi, на прыкладзе Майскага сельсавета.

— Тут ёсць праблемы з пакiнутымi домаўладаннямi. Але ж да кожнай сiтуацыi — iндывiдуальны падыход. Вось прыклад. Дом на цэнтральнай вулiцы, пакуль гаспадар адбываў пакаранне, прыйшоў у заняпад. Звязвалiся з гаспадаром, прапанавалi, каб вызначыўся: пакiне за сабой сядзiбу цi дае згоду на знос. Ён катэгарычна адмовiўся ад апошняй прапановы. Вырашылi пачакаць. Не так даўно чалавек вярнуўся з месца пазбаўлення волi, уладкаваўся механiзатарам i рыхтуецца да рамонту дома, — кажа старшыня сельскага Савета Аляксандр Iсаенка.

Калi старыя хаты зусiм абвалiлiся, а гаспадары не знаходзяцца i не адгукаюцца, прымаецца рашэнне аб зносе будынка, а зямля перадаецца ў сельгасабарот. Некаторыя кiнутыя дамы выстаўляюцца на продаж праз аўкцыён. Атрымалася зарабiць такiм чынам чатыры тысячы рублёў — гэта iстотны фiнансавы дадатак.

Аляксандр Iсаенка расказаў i аб вырашэннi праблемы збору смецця ў вёсках. Там усталявалi стацыянарныя кантэйнеры, зрабiлi пляцоўкi для iх размяшчэння ў адпаведнасцi з неабходнымi санiтарнымi нормамi. Вываз смецця адбываецца раз на тыдзень. У невялiкiх вёсках наладжаны паасобны вываз смецця ад дамоў гаспадароў. Людзi могуць звярнуцца i з заяўкай на бязвыплатны вываз буйнагабарытнага смецця спецтэхнiкай. Яшчэ Майскi сельвыканкам актыўна вырашае праблемы вулiчнага асвятлення. Значную эканомiю дае ўкараненне энергазберагальных святлодыёдных лямпаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».