Вы тут

У Савецкiм раёне сталiцы ўзялi пад апеку ўсiх адзiнокiх пажылых людзей


Пра гэта паведамiў журналiсту «Звязды» дэпутат, член Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па мiжнародных справах Сяргей ДЗIК. Напярэдаднi адкрыцця другой парламенцкай сесii ён на тэрыторыi сваёй выбарчай акругi — Купалаўскай № 106 — правёў прыём грамадзян.


«Мая галоўная мэта — паведамiць людзям ва ўзросце, што ёсць гарачая лiнiя ў Цэнтры сацыяльнай абароны Савецкага раёна Мiнска, куды яны могуць звяртацца, асаблiва адзiнокiя, i iм даставяць прадукты харчавання. У БДУIР ёсць 20 валанцёраў, якiя працуюць з адмiнiстрацыяй раёна. Сёння важна праiнфармаваць пажылых людзей, што iх праблемы будуць вырашаны, для гэтага iм не трэба выходзiць з дому, — расказаў дэпутат. — У сувязi з эпiдэмiялагiчнай сiтуацыяй, якая склалася ў краiне, у Савецкiм раёне сталiцы працуюць мабiльныя брыгады па дастаўцы прадуктаў харчавання, лекаў на дом адзiнокiм пажылым грамадзянам. Заяўкi прымаюцца па тэлефонах раённага i гарадскога цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання».

Па словах парламентарыя, сацыяльныя службы раёна ўзялi пад апеку ўсiх пажылых людзей, якiя адзiнока пражываюць на гэтай тэрыторыi сталiцы. «Да кожнага прыходзяць i з кожным гутараць, ставяць на ўлiк i бяруць пад кантроль. Людзей трэба накiраваць туды, дзе iх чакаюць, дзе дзеля iх працуюць», — лiчыць Сяргей Дзiк.

Парламентарый восем гадоў працаваў дэканам, сем — прарэктарам у БДУIР, ён i цяпер працягвае чытаць лекцыi для магiстрантаў i аспiрантаў. Кажа, што прывык мець справу з прасунутымi маладымi людзьмi, таму яго не палохаюць сустрэчы з выбаршчыкамi, з якiмi б пытаннямi тыя нi звярталiся.

За некалькi месяцаў дэпутацкага вопыту ўжо давялося сутыкнуцца з прававой калiзiяй, якая ўзнiкае пры выкарыстаннi сямейнага капiталу.

«Звычайна сямейны капiтал выкарыстоўваюць, каб пагасiць жыллёвы крэдыт. Да мяне звярнулася сям'я, для якой работадаўца набыў кватэру. Iх знялi з чаргi, а грошы за кватэру яны цяпер вiнны свайму работадаўцу. Штомесяц вылiчваюць з заробку, у той час як яны атрымалi сямейны капiтал i маглi б з яго дапамогай пагасiць доўг. Але закон не дазваляе, бо сям'я страцiла статус маючай патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, — падзялiўся парламентарый. — Хачу гэта пытанне абмеркаваць з прафсаюзамi. Бацькi, якiя гадуюць малых дзяцей, у першую чаргу жадаюць вырашыць жыллёвае пытанне. Да аплаты вучобы ў ВНУ iм яшчэ далёка. Але гэта не заўсёды аказваецца магчыма. Мы гэта пытанне прапрацоўваем, потым выйдзем з iм на Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны.

Яшчэ адна важная праблема для нашага раёна — веласiпедныя паркоўкi. Ёсць прапанова выдзяляць для iх на аўтамабiльных паркоўках пару машынамесцаў». Парламентарый пагадзiўся, што падчас успышак вiрусных iнфекцый аддаваць перавагу веласiпеду перад грамадскiм транспартам вельмi слушна.

«Так, гэта надзённае пытанне. Я сустракаўся з кiраўнiцтвам прадпрыемства «Амкадор-Белвар», якое мае iнтэрнат для сваiх супрацоўнiкаў, — праблема месца для захоўвання веласiпедаў там асаблiва балючая. Шмат моладзi жыве ў iнтэрнаце і карыстаецца гэтым вiдам транспарту, карысталiся б яшчэ больш, але захоўваць няма дзе. «Белвар» гатовы сам зрабiць канструкцыi, iм патрэбна толькi месца», — рэзюмаваў Сяргей Дзiк.

Ёсць у жыхароў сталiцы пытаннi да якасцi капiтальнага рамонту i наконт яго тэрмiнаў.

«Да мяне як дэпутата звяртаўся Iнстытут iнфармацыйных тэхналогiй БДУIР з нагоды праекта закона аб iнвалiдах, — прывёў таксама прыклад пiсьмовага звароту парламентарый. — Яны выказалi свае прапановы, мы iх разгледзелi на пасяджэннi Пастаяннай камiсii па працы i сацыяльных пытаннях. У гэтым iнстытуце на кафедры ЮНЕСКА IТ-тэхналогiям навучаюцца iнвалiды, але многiя iх прапановы ў праекце закона ўжо ўлiчаныя. Мы гэта аўтарам звароту растлумачылi».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Старых важна супакоiць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.