Вы тут

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату


Глабальнае пацяпленне i змяненне клiмату, скарачэнне плошчы ўрадлiвай зямлi i водных рэсурсаў пагражаюць нам стратай разнастайнасцi генетычных рэсурсаў раслiн, прыдатных для вытворчасцi прадуктаў харчавання. Таму захаванне, вывучэнне i эфектыўнае выкарыстанне генафонду раслiн у большасцi краiн свету разглядаецца як нацыянальная задача, якая служыць для ўстойлiвай сельскагаспадарчай вытворчасцi, расказаў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па земляробстве, акадэмiк Фёдар Прывалаў. Ён i iншыя спецыялiсты галiны паведамiлi, што робiцца ў нашай краiне для захавання i ўдасканалення жыццёва неабходнага фонду.


Сярод лiдараў у СНД

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя. На працягу 20 гадоў, з 1972 да 1992 года, у Беларускiм НДI земляробства паспяхова функцыянаваў фiлiял па збожжавых культурах. У вынiку шматгадовай працы быў сфармiраваны i апiсаны калекцыйны фонд, якi ўключае 33 425 узораў. На жаль, у сувязi з распадам Савецкага Саюза селекцыйныя ўстановы Беларусi пазбавiлiся прамога доступу да сусветнага генафонду раслiнных рэсурсаў, сабранага за многiя дзесяцiгоддзi намаганнямi некалькiх пакаленняў навукоўцаў, — у 1992 годзе гэты фiлiял зачынiлi.

Таму ў нашай краiне было неабходна сабраць i захаваць генетычныя рэсурсы культурных раслiн i сфармiраваць нацыянальную структуру фонду генетычных рэсурсаў. З гэтай мэтай была распрацавана i ў 2000 годзе пачала функцыянаваць Дзяржаўная праграма «Стварэнне нацыянальнага генетычнага фонду гаспадарча карысных раслiн» («Дзяржфонд»). А сёння Беларусь займае чацвёртае месца па колькасцi калекцыйных узораў раслiн сярод краiн СНД.

«Дзякуючы выкананню дзяржпраграмы сфармiравана нацыянальная калекцыя генетычных рэсурсаў раслiн краiны, якая сёння налiчвае звыш 80 тысяч узораў 1680 культурных вiдаў i iх дзiкiх суродзiчаў», — з гонарам расказвае Фёдар Прывалаў. Паводле яго слоў, на аснове нацыянальнай калекцыi пачынаючы з 2000 года выведзена больш за 1020 сартоў i гiбрыдаў сельгаскультур, якiя ўключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў. Шэраг iх зарэгiстраваны ў iншых краiнах свету, такiх як Расiя, Сербiя, Казахстан, Латвiя, Лiтва, Эстонiя i iншыя. Адноўлена 75 тысяч гектараў лесу, з выкарыстаннем генафонду лясных культур захаваны 52 рэдкiя вiды раслiн, уключаных у Чырвоную кнiгу Беларусi.

Акрамя таго, створаны Нацыянальны банк насення генетычных рэсурсаў гаспадарча карысных раслiн РУП «НПЦ па земляробстве», якi налiчвае больш за 41 тысячу калекцыйных узораў 47 культур, у тым лiку збожжавых, кармавых, зернебабовых, крупяных, алейных, тэхнiчных, агароднiнных, а таксама лекавых i востра-араматычных. Калекцыйныя ўзоры захоўваюцца ў Жодзiне ва ўмовах сярэднетэрмiновага (пры тэмпературы ад нуля да плюс трох градусаў) i доўгатэрмiновага захоўвання (пры мiнус 18 градусах i нiжэй).

Сiстэма адаптыўных сартоў

Па словах галоўнага навуковага супрацоўнiка Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па земляробстве акадэмiка Станiслава Грыба,  збожжавыя культуры айчыннай селекцыi займаюць 75 % пасяўных плошчаў. «Гэта добры паказчык, — лiчыць спецыялiст. — Беларуская селекцыя трымае аптымальны ўзровень сваiх сартоў на палях гаспадарак». Ён паведамiў таксама, што за апошнiя дваццаць гадоў па дзяржпраграме «Генафонд раслiн» створана 259 сартоў збожжавых, кармавых i тэхнiчных культур. Толькi летась у Дзяржаўны рэестр уключана 20 сартоў селекцыi цэнтра, 30 новых сартоў перададзена на Дзяржкамiсiю па сортавыпрабаваннi.

Эксперт адзначыў, што селекцыя накiравана на павышэнне ўраджаяў: «Калi мы пачыналi гэтую работу, то марылi пра ўраджай збожжавых чатыры тоны з гектара. А цяпер многiя нашы гаспадаркi збiраюць па дзесяць тон. Акрамя таго, беларускiя глебы вельмi разнастайныя, таму для кожнага iх вiду трэба мець спецыяльныя сарты, i мы стварылi цэлую сiстэму адаптыўных сартоў. На наш погляд, кожная гаспадарка сёння павiнна мець iх па 2—3».

Чарэшня Мiнчанка i груша Проста Марыя

Калекцыя беларускай садавiны i ягад складзена з больш чым пяцi тысяч узораў, з якiх толькi яблыкаў — паўтары тысячы. У краiне вырошчваецца таксама 700 сартоў груш i 400 сартоў слiў, паведамiла загадчыца лабараторыi РУП «Iнстытут пладаводства» НАН Беларусi, прафесар Зоя Казлоўская.

Улiчваючы змены клiмату, айчынныя спецыялiсты сталi спрабаваць вырошчваць i больш паўднёвыя вiды, напрыклад, 30 узораў персiкаў i 300 узораў фундуку. Сёння роля айчынных пладова-ягадных культур павышаецца, а праца экспертаў накiравана на тое, каб зрабiць харчаванне нашых суграмадзян больш якасным i разнастайным. На думку спецыялiста, па сваiх якасцях паўднёвым узорам не саступае i айчынная чарэшня. Напрыклад, сорт Мiнчанка — гэта наш брэнд, якi цалкам адпавядае беларускiм клiматычным умовам.

Селекцыянеры працуюць як над захаваннем чыста беларускiх сартоў, такiх як Каштэля, Белы налiў, Антонаўка, Пепiнка, так i над распрацоўкай новых. Спецыялiсты часта выязджаюць у экспедыцыi па беларускiх рэгiёнах, наведваюць фруктовыя сады i адбiраюць найлепшыя ўзоры, якiя становяцца асновай для новых. Напрыклад, новы сорт яблыкаў Алена паспявае раней, чым Белы налiў. З яблыкаў сорту Ранак можна гатаваць сокi, дзiцячыя пюрэ, замарожваць iх... Што датычыцца айчынных груш, то практычна iдэальным для нашай краiны стаў сорт Проста Марыя.

Зоя Казлоўская адзначыла, што ў нашай краiне штогод вырошчваецца больш за 400 тысяч тон яблык, а ва ўраджайныя гады да 700 тысяч тон. Усяго ў Беларусi каля 60 тысяч гектараў займаюць сады, i 72 % усiх дрэў — гэта беларускiя сарты.

На заўвагу, што мясцовыя яблыкi, асаблiва Антонаўка, перасталi доўга захоўвацца, Зоя Казлоўская адказала, што гэта сапраўды так. Бо Антонаўка ў сувязi са змяненнем клiмату стала хутчэй летнiм сортам, чым восеньскiм, — у цёплыя днi кастрычнiка гэтыя яблыкi на дрэвах проста пераспяваюць. Затое ў нас ёсць такiя сарты, як Сакавiта, Нававiта i Белана. Яны могуць добра захоўвацца аж да сакавiка.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: «Ствараем» свае персiкi,але не забываемся i пра антонаўку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Запушчаная кампанія па дапамозе медыкам ByCovid19 перарасла ў буйны «антыкаранавірусны» рух.

Культура

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Гэта была сенсацыя: у 2018 годзе быў паказаны страчаны фiльм Дзiгi Вертава.

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.