Вы тут

Мамін дзённік. І пуга не выйсце, і пернік не цукерка


Яшчэ калі Цёмік знаходзіўся ў маім жывоціку і не спяшаўся, хоць была ўжо пара, з'яўляцца на свет, урачы, якія каторы раз адпраўлялі мяне ў радзільню «здавацца», ці то жартам, ці то ўсур'ёз прапаноўвалі папрасіць малога аб хуткай сустрэчы. «Спрабавала, але не слухаецца», — адказвала я ім. «Калі ж ён вас ужо не слухаецца, што ж будзе потым», — гэтыя словы цяпер я прыгадваю ўсё часцей.


Тады, калі Цёмік не хоча апранацца, калі бруднымі рукамі хапаецца за пячэнне ці абаранак, калі на ўсе мае просьбы не чапаць кошку яшчэ мацней упіваецца сваімі ручкамі ў далікатную поўсць, калі наўмысна вылівае на дыванок кампот і, нягледзячы на ўсе забароны, цягне свае пальчыкі да пральнай машыны, тэлевізара, газавай пліты... Пакуль, нарэшце, не апячэцца і не зальецца слязьмі. Потым некалькі разоў будзе паказваць на пашкоджаны пальчык, па-дзіцячы тлумачыць, як моцна яму баліць, і згаджацца, што больш ні на крок не падыдзе да пліткі. І так пару дзён, а потым зноў стане каля яе круціцца, быццам захоча праверыць сябе на стойкасць.

Такое адчуванне, што для сучасных дзяцей не існуе слова «нельга». Яно нібы чырвоная ануча для іх — так і цягне паглядзець, што за ёй. І сапраўды, чым менш звяртаеш увагі на тое, як дзіця бярэ нешта забароненае, тым яно хутчэй з гэтым расстаецца, прычым па сваёй волі. Але ж не будзеш заплюшчваць вочы, калі малое хапае не схаваны своечасова нож альбо залазіць на табурэт, а пасля на стол, каб узяць з лядоўні цукерку. Не дазволіш яму і выбягаць на дарогу, калі яно ўпарта адмаўляецца даць табе руку.

Шчыра прызнацца, я ўжо не ведаю, як растлумачыць Цёміку, што такое добра, а што — дрэнна. Яму яшчэ і двух гадоў няма, а мне ўжо бывае цяжка з ім спраўляцца. Што не па-ягонаму — енчыць і ўсё роўна робіць па-свойму. Кажуць, што сёння метад пугі і перніка ўжо не працуе. А як тады выхоўваць дзіця, калі яно цябе не чуе?!

Днямі такая алергія ў Цёміка пачалася, што да ацёку Квінке было недалёка. Педыятр пасадзіла на дыету і строга забараніла даваць малому салодкае. А той ужо, як кажуць, пакаштаваў (дзякуй добрым людзям!) ды просіць штодзень, да істэрыкі даходзіць — дай яму цукерку, і ўсё! Муж у камандзіроўцы, кажа, каб я тлумачыла малому, што ад цукерак у яго на шчочках, руках і нагах чырвоныя плямкі, якія свярбяць, перашкаджаюць нармальна кантактаваць з іншымі дзецьмі. Але што тлумачыць двухгадоваму хлопчыку, які не ўсё разумее, калі нават бацька яго ўжо дарослы і ведае, да чаго можа прывесці курэнне, але ж усё роўна не адмаўляецца ад цыгарэт?!

Прызнаюся, ад гэтай сынавай непаслухмянасці часта здаюць нервы. Ён ужо ведае, дзе вісяць папругі, і нават на сабе паказвае, для чаго яны патрэбны, але і гэта працуе ненадоўга. А калі Арцёмка ўмудраецца ўвогуле пляснуць мне па твары, калі яму нешта не падабаецца, раблю выгляд, што сыходжу з дому (сама тым часам дзесьці хаваюся). Ён, канешне, плача, заве мяне, абяцае бабулі, што больш не будзе крыўдзіць маму, але праз некаторы час усё паўтараецца...

У маладых бацькоў, у якіх і па двое, і больш дзяцей, пытаюся, што я раблю не так. І не магу дабіцца канкрэтнай парады: сітуацыя ў нас падобная. Маўляў, расце пакаленне Z і нічога ты з дзіцём не зробіш, застаецца толькі чакаць, пакуль перарасце. Не даб'ешся парады і ад бацькоў. У іх адзін адказ — мы былі іншыя, шкоднічалі, але бацькоў баяліся, слухаліся. Сапраўды, пакуль некалькі градак не апалю, у кватэры не прыбяру, посуд не памыю, ні пра які паход на дыскатэку не варта было нават заікацца. Страшна падумаць, што магло б быць, калі б я вывернула на падлогу талерку з ежай, якую не хацела есці, альбо ганяла дзеда з крэсла. Помню, як сказала сваёй бабулі «не хадзі як слон» (яна перашкаджала нам з сяброўкай гуляць), дык такога наганяю ад маці атрымала, што да канца дзён называла бабулю на «вы».

І неяк жа з намі яна спраўлялася, калі мы, чатыры ўнукі, збіраліся ў яе гарадской двухпакаёвай «хрушчоўцы». А на вёсцы ўвогуле ўшасцёх праводзілі не адно лета. Баба з дзедам мала што нас пільнавалі, трэба было дзяцей накарміць (гэта цяпер маленства насы адварочвае, мы ж змяталі ўсё за мілую душу) ды гаспадарку дагледзець. Цёмікаў прадзед (дарэчы, ветэран Вялікай Айчыннай) нядаўна расказваў, як ён дамаўляўся з унукамі, прычым усе былі хлопцы. Не слухаюцца, пакажа дубец — і ўсё ў парадку. Затое нікуды не лезлі і цэлыя дахаты прыязджалі.

А цяпер паспрабуй пакінуць на адну бабулю хоць бы траіх. Адзін толькі Цёмік чаго варты! Нядаўна акурат з'ехаліся да свекрыві — дзіцячы садок адпачывае. Толькі і сачы, каб наш Цёмік і свайго сямігадовага браціка не пакрыўдзіў, і маленькую Еву, якая яшчэ поўзае, не заабдымаў і не зацалаваў. Бабуля
Аліна прызнаецца: наўрад ці пагадзілася б адна глядзець усіх траіх. І я разумею. Тут часам аднаго Цёміка ўсяго на некалькі гадзін пакідаеш (нават з двума — бабуляй Ірай і дзедам Ванем) — увесь час хвалюешся, каб не шкоднічаў, слухаўся іх. І трэба сказаць, калі мяне няма, з імі паводзіць сябе спакайней. Можа, баіцца расчараваць тых, хто на свайго адзінага ўнучка ледзь не моліцца?! Альбо ўсё ж ёсць нейкія пуга ды пернік?..

Вераніка КАНЮТА

Прэв'ю: bigmir.net

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.