Вы тут

Грамадскі дзеяч Сяргей Макоўскi: Глядзiце ў адным кiрунку, а не адно на аднаго


Сёння ў рубрыцы «Мужчыны пра жанчын» — Сяргей Макоўскi, стваральнiк i кiраўнiк грамадскага аб'яднання «Анкалогiя i Здароўе». Сёлета аб'яднанню споўнiлася 17 гадоў. Таксама Сяргей прадстаўляе Расiйска-Чэшскую гандлёвую палату ў Беларусi, а ў якасцi другога хобi называе венчурную сферу. Цяпер ён рыхтуе маштабны мiжнародны праект, у рамках якога будзе зняты мастацкi фiльм на тэму барацьбы з ракам. Пакуль у стварэннi кiнафiльма плануецца ўдзел трох краiн: Беларусi, Расii i Кiтая, але, магчыма, да iх далучацца Францыя i ЗША. Фiнансаваць фiльм будуць iнвестары з розных краiн. Сяргей спадзяецца, што яго праект дапаможа нашаму грамадству стаць больш спагадлiвым i добрым.


— Самае чароўнае ў жанчынах — гэта...

— Iх непасрэднасць i жаноцкасць. Гэтыя якасцi заўсёды вельмi прывабныя. Асаблiва жаноцкасць, бо сёння яе чамусьцi ўсё менш. У некаторых жанчын яна, магчыма, ўтоена, а некаторыя не разумеюць, што гэта.

— Што для вас жаноцкасць?

— Гэта чароўная аўра, якая лунае вакол жанчын i дае нам магчымасць адчуць сябе мужчынамi. Гэта манера сябе падаць, спакой i лаканiчнасць у зносiнах, ураўнаважанасць у голасе. Жаноцкасць складаецца з многiх элементаў, зразумець якiя здольна, напэўна, толькi сама жанчына. Яна можа стаць для мужчыны музай, выклiкаць жаданне тварыць i праяўляць знакi ўвагi. Думаю, гэта «зашыта» ў самой прыродзе. Хацелася б, каб такiх дзяўчат было больш, тады свет стане прыгажэйшы.

— Што больш захапляе: далiкатнасць жанчыны цi яе ўнутраная сiла?

— Далiкатнасць i вытанчанасць — яе сiла. Яна можа вельмi па-майстэрску, па-жаночаму «скарыстацца» ёй. I, думаю, гэта адбываецца часам неўсвядомлена. Такая класiка ўзаемаадносiн памiж мужчынамi i жанчынамi была ўслаўлена яшчэ ў сярэднiя вякi. Сучасны свет крыху страцiў гэтыя пазiцыi, жанчыны часцей хочуць праяўляць сiлу. Я не маю нiчога супраць фемiнiстычных настрояў, i выдатна, што жанчыны змагаюцца за свае правы, калi iх ушчамляюць. Але часам у iх дзеяннях бываюць некаторыя перакосы, усё гэта набывае карыкатурныя формы. Лiчу, што жанчыны могуць вельмi i вельмi многае, у iх бывае больш патэнцыялу, чым у мужчын. Мне падабаецца, як многiя жанчыны рэалiзуюць яго ў бiзнесе. Пры гэтым застаюцца жаноцкiмi i досыць паспяховымi.

— Чым жанчыны ў бiзнесе адрознiваюцца ад мужчын?

— Прыходзячы на перагаворы з мужчынамi, некаторыя бiзнес-лэдзi выкарыстоўваюць «жаночыя» хiтрыкi. Напрыклад, вялiкае дэкальтэ i флiрт. На мой погляд, гэта маветон. Лепш, калi жанчына паводзiць сябе па-дзелавому i адзяваецца на сустрэчу адпаведна. (Хоць мужчыны бываюць розныя, некаторыя нават скрозь закрыты дзелавы касцюм могуць убачыць жанчыну, а не партнёра па бiзнесе.) Выкарыстоўваючы «жаночыя» хiтрыкi, дамы дамагаюцца на перамовах патрэбнага вынiку. Я ведаю мужчын, якiя глядзяць на гэта без адабрэння. Яны адразу заўважаюць падобныя прыёмы, i стаўленне да будучага партнёра можа змянiцца ў горшы бок. Лепш усё ж дазволiць у дрэс-кодзе крыху больш пасля афiцыйнай сустрэчы. Напрыклад, калi гэта фуршэт у рэстаране цi вечарына.

— Пра што маўчаць мужчыны?

— Пра свае шкiлеты ў шафе (усмiхаецца). Нi адзiн мужчына не захоча гаварыць пра сябе непрыемныя рэчы перад жанчынай, якая яму падабаецца. Зрэшты, наўрад цi i жанчына пажадае гэта чуць.

— Цi ёсць штосьцi, што мужчына нiколi не скажа жанчыне?

— Калi ён выхаваны, то не скажа антыкамплiмент або колкае слова. Ён будзе паважаць сваю сяброўку, спадарожнiцу, калегу цi партнёра. Гэта тое, што трэба шырэй прывiваць у нашым грамадстве. Не скажу, што яно сапсаванае, — наша грамадства разнастайнае. Але лепш, каб вакол было больш добрых прыкладаў.

— Цi змаглi б вы мець на ўтрыманнi сваю другую палову? Як да гэтага ставiцеся?

— Так, я б змог, заробкi цалкам дазваляюць. Калi яна не хоча працаваць, але пры гэтым захапляецца якiм-небудзь хобi, буду толькi рады. Але калi жанчына не хоча нi працаваць, нi займацца чымсьцi, то гэта сумная гiсторыя. Раней, у ХIХ стагоддзi, мадэль адносiн была такая: муж-мецэнат i жонка-палюбоўнiца (утрыманка), i гэта лiчылася нормай. Сучаснае грамадства па-iншаму глядзiць на такое ўзаемадзеянне. Кожнаму сваё: жанчыне вырашаць, займацца чым-небудзь цi не, а мужчыну — цi будзе яму прыемна з такой жанчынай. Калi гэта задавальняе абодвух — чаму не? Я за тую формулу, дзе абодва развiваюцца адначасова i раўнамерна, дапамагаюць адно аднаму не адставаць. У гэтым залог працяглых адносiн.

— А што, калi жанчына зарабляе нашмат больш?

— На нейкiм этапе гэта дапускаецца, але пры гэтым мужчына павiнен старацца дагнаць жанчыну ў заробку. Гэта наша прырода: мужчына — заваёўнiк i здабытчык, а жанчына — аб'ект заваёвы i захавальнiца хатняга ачага. Калi яна зарабляе больш, у пары адбываецца замена роляў, i мужчына можа адчуваць сябе некамфортна. Нямала выпадкаў, калi на гэтай глебе адбываецца разрыў у адносiнах, прычым у большасцi выпадкаў з iнiцыятывы жанчыны, што цалкам натуральна. Iдэальна, калi жанчына, зарабляючы больш, захапляе партнёра заняцца чымсьцi дадаткова, дапамагае знайсцi шляхi дасягнення большага. Гэта толькi ўмацуе iх адносiны.

— У якую жанчыну можна закахацца з першага погляду?

— У тую, якая любiць сябе, якая развiваецца i займаецца тым, што ёй па душы. Асабiста мне iмпануюць жанчыны адукаваныя, са стрыжнем маральнасцi. Добра, калi яна будзе яшчэ i музай для свайго мужчыны. Яна таксама не дапускае ў сваiм сэрцы злосць, паводзiць сябе стала i самадастаткова.

— Людзi часта кажуць словазлучэнне «сапраўдны мужчына», i адразу за гэтым «павiнен». Што i каму ён павiнен? I як наконт «сапраўдных жанчын»?

— Мужчына сапраўды павiнен. Перш за ўсё сабе. Павiнен станавiцца лепшым у адносiнах да сябе ўчарашняга. Павiнен забяспечыць родных, аказваць увагу жонцы i дзецям, старацца ўсiх развiваць, захапляць чымсьцi i ўзбагачаць духоўна. Жанчына таксама павiнна расцi над сабой i самаўдасканальвацца. Але ёсць жартаўлiвы выраз пра тое, што жанчына нiкому нiчога не павiнна.

— Галоўнае ў адносiнах — гэта...

— Шчырасць, узаемапавага, жаданне дапамагаць у любой сiтуацыi. Падтрымлiваць словам i справай.

— Быць у шлюбе — гэта...

— ...глядзець у адным кiрунку. Глядзець адно на аднаго заўсёды паспееце.

Вiталiна Бандаровiч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».