Вы тут

Малітва ў еўпатарыйскім храме


Па замове сяброў суполкі “Крым — Беларусь” у храме апостала Андрэя Першазванага, які будуецца ў Еўпаторыі, протаіерэй Аляксандр адслужыў паніхіду аб супакаенні душаў згарэлых жывымі ў агні ахвяраў трагедыі ў Хатыні


Слушна сказаў паэт Роберт Раждзественскі: памяць — гэта тое, што патрэбна жывым... А вось для чаго патрэбна? Магчыма, каб зберагчы найкаштоўную для жыцця на Зямлі повязь часоў. Пераемнасць пакаленняў. Каб адчуваць сябе жывою часцінкай Сусвету, праз якую нейкім неверагодным чынам вібруюць, паядноўваюцца ў бесперапыннае Жыццё мінулае, сучаснасць і будучыня. А жыццё ж якое крохкае!.. Каранавірус у чарговы раз нам пра тое нагадвае. Быў чалавек — і няма. Ну хіба ж мы зможам адолець гэтае ліха, не ўзяўшы велізарны досвед папярэднікаў у барацьбе з ворагам, які нябачны простым вокам, з эпідэміямі? Каму хочацца страціць такую “памяць продкаў” ды паспрабаваць усё спачатку?

Наша памяць пра вайну — таксама каштоўны супольны досвед, “сацыяльны імунітэт”. Які, на жаль, зніжаецца ў чалавечай грамадзе, калі сыходзяць “ваенныя” пакаленні. Некаторым чалавекападобным істотам, што па розных прычынах страцілі разумныя арыенціры ў прасторы й часе, падаюцца нават смешнымі словы-малітвы сённяшніх беларускіх бабулек: “Толькі б не было вайны!” О, Божа міласцівы, уразумі ж ты іх! Ну хоць у жудасным сне перанясі туды, “где раньше вставала земля на дыбы”, дзе кожны трэці з Беларускага мацерыка застаўся назаўсёды. Паміралі ад голаду, ад ран, згаралі жыўцом у агні, разляталіся ўшчэнт ад выбухаў бомб і снарадаў, знікалі пад гусеніцамі танкаў, на варожых штыках захлыналіся ў крыві, замярзалі ў балотах… А колькі зарубцаванага болю нясуць у сваіх сэрцах па гэты час ветэраны, сведкі вайны, дзеці з таго ліхалецця!

З маленства жыве памяць пра мінулую вайну ў крыві гомельскай пасляваеннай дзяўчынкі Дзіны Шаўчэнкі. Бо яна ж — дачка франтавіка. Дзіна Рыгораўна, жывучы ў крымскай Еўпаторыі, сабрала ў суполку ветэранаў, якія вызвалялі Беларусь у 1943–44 гадах. Іх нават запрасілі на Дзень Вызвалення летам 2007‑га ў Мінск. Яны ўдзельнічалі ў святочных урачыстасцях. Тады ж, 4 ліпеня, крымскія госці наведалі й Хатынь. Дзіна Шаўчэнка зрабіла там каштоўныя фотаздымкі. Цяпер падрыхтавала да друку кнігу, частка якой — гэта якраз фотаальбом з той незабыўнай паездкі.

“Звоняць званы Хатыні” — пад такою назвай планавала Дзіна Шаўчэнка з аднадумцамі правесці Дзень памяці ахвяр Хатыні. 77 гадоў таму адбылася трагедыя. Хацелі сабрацца 22 сакавіка ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, паказаць дакументальны фільм пра Хатынь, скласці Букет памяці, правесці мінуту маўчання. Запрашалі ўжо прадстаўнікоў іншых нацыянальна-культурных суполак горада, грамадскасці. Рыхтавалася прэм’ера песні “Хатынь” (музыка Аляксандра Вайтэнкі, словы Генадзя Цемічава), збіраліся знаёміць удзельнікаў Дня памяці з фотаздымкамі — тымі, з Хатыні. Аднак усе масавыя мерапрыемствы ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса ў горадзе адмянілі.

Як быць? Выйсце — знайшлі, пачаўшы перамовы з прадстаўнікамі царквы. Мясцовая беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Крым — Беларусь” замовіла паніхіду аб супакаенні душаў згарэлых жывымі ў агні ахвяраў трагедыі ў Хатыні. Правёў яе раніцой у часовай царкве пры храме апостала Андрэя Першазванага, які будуецца ў Еўпаторыі, протаіерэй Аляксандр (Дворнікаў) — благачынны Еўпатарыйскай царкоўнай акругі Сімферопальскай і Крымскай епархіі. “Прайшло ўсё, як і спланавалі напярэдні, — напісала ў рэдакцыю Дзіна Шаўчэнка. — Перад паніхідай сабралі мы Букет памяці з гваздзікоў ды іншых кветак, перадалі яго ў храм. Зрабілі ахвяраванне й на будаўніцтва. Калі прайшла паніхіда, то айцец Аляксандр звярнуўся да ўсіх прыхаджан з праніклівым казаннем пра ахвяраў Хатыні. Словы яго нас вельмі ўразілі. Пасля мы ўсе пайшлі на мемарыял “Красная Горка”: там недалёка. Прычым комплекс той збудаваны ў памяць пра мірных жыхароў Еўпаторыі, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Там і спяваў Аляксандр Краўчанка песню “Хатынь”. Кампазітар Аляксандр Вайтэнка быў з намі, перадаў мне запіс песні на адным кампакт-дыску, на другім — так званую мінусоўку без слоў, ноты музыкі, словы песні. Дыскі, а таксама фотаздымкі, зробленыя ў часе наведвання Хатыні ветэранамі Еўпаторыі, мы адправім поштай дырэкцыі Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Спадзяемся, падарункі зоймуць там належнае месца”.

Яшчэ, па словах Дзіны Шаўчэнкі, у пасылку пакладуць графічны твор мастачкі-беларускі Алены Прынь “Трагедыя Хатыні”. Цікава, што ў той жа дзень і беларуская суполка падарунак атрымала. Пенсіянерка Валянціна Іосіфаўна Квіткова падарыла кнігу “Хатынь”, выдадзеную ў Мінску ў 1976 годзе: наведвала ў 70‑х мемарыял — там і купіла на памяць.

Іван Іванаў

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.