Вы тут

Марскі пісьменнік Мікалай Чаркашын: Пухавіччына ў літаратурным лёсе


Пачаўшы шмат гадоў таму збіраць факты, згадкі пра літаратурную гісторыю Пухавіцкага краю (спадзяюся, што некаму будзе цікавы летапіс гэтай старонкі), праз дзесяцігоддзі з пачатку пошуку я адкрываю ўсё новыя акалічнасці повязяў пісьменнікаў з Мар’інай Горкай і яе ваколіцамі. Адзін з цікавых эпізодаў пачаў вымалёўвацца нядаўна. Але час падводзіў да яго з канца 1980-х гадоў...


У краме савецкай кнігі імя Максіма Горкага ў Гаване (была такая кнігарня на Востраве Свабоды) у кабінеце яе дырэктара Арманда мне на вочы трапіла кніга ваеннага журналіста Мікалая Чаркашына «Сэрца камандзіра». Сціплая кніжачка з серыі «Бібліятэчка часопіса “Советский воин”». Ваеннага марака, намесніка камандзіра падводнай лодкі па палітычнай частцы і вядомага ў Савецкім Саюзе ваеннага журналіста (друкаваўся Мікалай Чаркашын у «Правде», «Красной звезде», іншых газетах і часопісах) я добра ведаў па публікацыях у СМІ. Уразіў той дзень надзвычай (а быў гэта 1989 год): на кнізе меўся аўтограф пісьменніка, адрасаваны Арманда, у якога я і выпрасіў кнігу. Мо ўбачыў у маёй просьбе некаторую настальгію, а мо я згадаў тады, што Мікалай Андрэевіч нарадзіўся ў беларускім Ваўкавыску. З таго часу дакументальная аповесць М. Чаркашына — у маёй бібліятэцы. А вось сустрэча з пісьменнікам надарылася толькі ў кастрычніку 2019 года ў Магілёве, на чарговым пленуме Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

«Сэрца камандзіра» я захапіў з сабою, ведаючы, што сярод удзельнікаў пленума ад Саюза пісьменнікаў Расіі павінен быць і Мікалай Чаркашын. Адкрыццём для Мікалая Андрэевіча стала яго «кубінская кніга» ці, дакладней, — «кубінскі асобнік» аповесці пра ваенна-марскога афіцэра Абатурына (дарэчы, кніга была выдадзена накладам 75  000 экзэмпляраў). Пагаварыць у Магілёве нам давялося няшмат. Але з таго часу пачалі ліставацца. Ды і сустракаліся ўжо некалькі разоў. І, як высветлілася, Мікалай Чаркашын радзіннымі повязямі звязаны як з усёй Беларуссю, так і з Пухавіччынай.

Нарадзіўся Мікалай Чаркашын у  1946 годзе ў сям’і афіцэра. Разам з бацькамі і малодшай сястрой Ларысай праехаў праз некалькі ваенных гарадкоў нашай краіны, змяніў некалькі школ. І Беларусь назаўсёды засталася для Мікалая роднай старонкай, якая выправіла яго ў вялікі шлях па жыцці. Невыпадковымі з’яўляюцца і яго творы, звязаныя з нашай Айчынай. Апошні з іх — прэзентаваны і ў Мінску раман «Брэсцкія вароты», кніга пра абарону Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе.

А якая ж сувязь з Пухавіччынай, Мар’інай Горкай і яе ваколіцамі? Расказвае Мікалай Чаркашын:

— Узімку 1966 года з 27 студзеня па 7 лютага мяне, студэнта першага курса філасофскага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, уключылі ў агітбрыгаду гістфака ў якасці акардэаніста і  чытальніка вершаў Маякоўскага. Агітбрыгада была сабрана з розных факультэтаў і курсаў. Планаваўся вялікі агітпаход па Сібіры. А на зімовых вакацыях вырашылі выпрабаваць брыгаду ў справе. І адправіліся мы на гастролі па Гомельскай і Мінскай абласцях.

Нас было чалавек 15: спевакі, танцоры, музыканты, дэкламатары… Я  ўзяў з сабою акардэон «Вальтмэйстар». Гэта быў стары нямецкі інструмент, які з вайны прывёз мой хросны бацька — муж мамінай малодшай сястры Васіль Ільін. Усю Вялікую Айчынную ён прайшоў механікам-вадзіцелем цяжкага танка КВ. За выключэннем таго, што Беларусь і Польшчу вызваляў на цяжкай САУ ІСУ-152. Пасада механіка-вадзіцеля на цяжкіх танках была афіцэрская: тэхнік-малодшы лейтэнант.

Васіль Іванавіч пасля вайны служыў два гады ў Мар’інай Горцы. І нас з сястрою Ларысай прывозілі да яго ў госці з Ваўкавыска… І вось пра акардэон. Я навучыўся на ім іграць яшчэ ў 10 класе. Да мяне прыходзіў настаўнік і задаваў хатнія заданні. А пасля слухаў і выпраўляў памылкі. Рэпертуар мой быў нескладаны: старадаўнія рускія вальсы, некалькі факстротаў, дарэвалюцыйныя рамансы.

26 студзеня вясёлай грамадой мы загрузіліся ў цягнік Масква — Гомель. З Гомеля аўтобусам перабраліся ў Рагачоў, а адтуль паехалі па вёсках... Завіталі і ў вёску Амельна Пухавіцкага раёна. Канечне ж, тады я яшчэ нічога не ведаў пра слаўнага ўраджэнца гэтых мясцін — савецкага адмірала Івана Хурса з вёскі Клятное.

— З Амельна мы і павінны былі скіравацца ў Мінск, — працягвае Мікалай Чаркашын. — А ў Амяльнянскім вясковым клубе народу назбіралася гэтулькі, што, здаецца, сцены не вытрымлівалі. Ці жарт — «маскоўскія артысты» прыехалі! Я чытаў верш любімага тады мною Уладзіміра Маякоўскага пра савецкі пашпарт. А пасля, запаўняючы перапынак, іграў на «Вальтмэйстары». Мае пасажы гучалі амаль прафесійна. Мне гучна апладзіравалі, прасілі іграць і  далей. Кіраўнік паходу, студэнт гістфака Юра Цімафееўскі жартам прапанаваў мне застацца ў Амельна і быць «першым хлопцам на сяле». Гэта значыць  — гарманістам, дарэмна, што іграў я на акардэоне. Наступны канцэрт павінен быў прайсці ў Мар’інай Горцы. Але канікулы ўжо завяршаліся  — і мы 7 лютага планавалі выправіцца ў Мінск, на цягнік. Тады стаялі даволі моцныя маразы. Але ў  пярэдадзень ад’езду мы заначавалі ў Амельна, непасрэдна ў клубе. Акардэон я пакінуў у халодных сенцах, паспадзяваўшыся на футляр. Але ноччу прыціснуў такі мароз, што каробка правай механікі (клавіятура правай рукі) трэснула. Іграць на ім ужо было нельга. Так на пухавіцкай зямлі завяршылася мая кар’ера музыканта.

Прайшло амаль чвэрць стагоддзя. І ўжо прафесійны літаратар Мікалай Чаркашын зноў трапляе ў Пухавіцкі раён. Прыязджае ў Мар’іну Горку разам з мінскім кінарэжысёрам-дакументалістам і таленавітым празаікам Уладзімірам Дашуком. Разам з групай калег яны выправіліся сюды здымаць фільм «Форс-мажор», прысвечаны капітану ІІІ рангу Валерыю Сабліну (1939—1976), які падняў паўстанне на супрацьлодачным караблі «Старажавы» 8 лістапада 1975 года і выклаў праз радыёэфір уласную ацэнку палітычнай сітуацыі ў краіне. Чаму ў Мар’інай Горцы вырашылі сустрэцца пісьменнік Мікалай Чаркашын і кінарэжысёр Уладзімір Дашук?.. Тут жыў і працаваў брат Валерыя Сабліна  — афіцэр запаса Барыс Саблін. І вось што ўспамінае пра 1990 год Мікалай Чаркашын:

— Барыса Сабліна вельмі ўсхваляваў наш прыезд, роспыты пра брата. Але гаварыць на камеру ён адмовіўся. З намі быў былы матрос «Старажавога» — Шэін, які ў час «форс-мажору» ў 1975 годзе ва ўсім дапамагаў свайму нампаліту Валерыю Сабліну. Барыс моцна паціснуў матросу руку. Гэтыя кадры засталіся ў фільме. «Форс-мажор» мне вельмі дарагі не толькі таму, што я быў аўтарам сцэнарыя і вядучым. З’явіліся пасля і іншыя кінаі відэаверсіі падзей на «Старажавым». Але Дашук змог знайсці асаблівую танальнасць для няпростага аповеду, здолеў захаваць і перадаць душэўны стан кожнага з герояў кінастужкі. Вось чаму кадры «Форс-мажору» кранаюць, чапляюць, нікога не пакідаюць раўнадушным.

Сярод кніг, напісаных Мікалаем Чаркашыным, — і «Апошні парад: Хроніка антыбрэжнеўскага мяцяжу» (Масква, 2003 год). На апошняй старонцы ёсць такая пазнака: «Рыга  — Ленінград — Горкі — Мар’іна Горка — Омск. 1988 — 2003 гг.». Што ж, і ў лёсе Мікалая Чаркашына, лаўрэата Міжнароднай прэміі Андрэя Першазваннага, прэміі імя Г. К. Жукава, Усерасійскай літаратурнай прэміі імя Аляксандра Неўскага, Пухавіччына з’яўляецца асаблівым літаратурным адрасам. Дарэчы, вось што сказаў пра творчасць Мікалая Чаркашына легендарны гістарычны пісьменнік Валянцін Пікуль: «З пісьменнікаўмарыністаў я вызначыў бы Мікалая Чаркашына. Ён працаголік, і дай яму Бог здароўя. Так і трэба баразніць гісторыю, у ёй яшчэ нямала цікавых, напоўненых драматызмам, загадкавых старонак. А ён выцягвае тэмы зусім невядомыя... Малайчына!..»

А мы будзем спадзявацца, што Мікалай Чаркашын, несумненна, яшчэ напіша кнігу і пра нашага земляка — ваенна-марскога разведчыка, віцэ-адмірала Івана Хурса, які, нагадаем, нарадзіўся ў пухавіцкай вёсцы Клятное.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.