Вы тут

Вяселле ў Бронным


У беларускай глыбінцы на вяселлях па­ранейшаму зберагаюцца народныя традыцыі, сярод якіх і рэгіянальныя — характэрныя толькі для пэўных мясцовасцяў. Мае нататкі — з Рэчыцкага раёна Гомельшчыны.


Выцінанка Жэні Сухаверхавай

Раней на ўпрыгожаным возе (каляровыя стужкі, кветкі, бомы пад дугой…) ехалі маладыя і пад вянец, і на месца вяселля-застолля. І цяпер іх транспартны сродак, па той даўняй традыцыі, таксама ўпрыгожваюць: з улікам сучасных тэндэнцый. Вось бліскучая машына з маладымі пад’язджае да вясковай хаты. На дошчачцы паслалі ручнік бялюсенькі: маладым каб стаць. Хвалююцца родныя, блізкія, сябры — можа не менш за маладых. Для іх — хлеб-соль на ручніку, ікона, кветкі. Важна выконваць даўні абрад: ад гэтага ж, кажуць вяскоўцы, шчасце-доля маладой пары залежыць.

Прыгажуня-маладая Алёна ды такі ж малады Аляксандр — ужо абодва Котавы. Шлюб зарэгістравалі. Калі яны выходзяць з машыны, то на ўсю вёску гучыць старадаўняя вясельная песня. “Па небу месячык гуляе,/ А на стале ложачка пустая./ А на стале ложачка пустая,/ А маці дачушку шукае./ Ляці, ляці, каравай святы,/ Дый сядзь на покуці,/ Дый сядзь на покуці, на зялёнае жыта. Дай, Божа, маладым доўга жыці!” — спявае Кацярына Пяршлевіч. А тым часам адкусваюць маладыя каравайны пачастунак. Сват звязвае-спалучае ім ручніком рукі. На іх абодвух, як на адно цэлае, адзяваюць рознакаляровую гірлянду: “Каб жылі ў шчасці ды абдымаліся, і на радню не забываліся”.

Як жа рэчыцкі хлопец-гараджанін прыгледзеў сабе вясковую прыгажуню? Між людзьмі — пагалоска: тут, у Бронным Алёна працавала, на зямлі продкаў, свінак на ферме даглядала. Неяк, было, Саша-дальнабойшчык (а раней то мог быць і казак на кані…) ехаў, ды ледзь на свінку не патрапіў, што выбегла на шлях. Ай ды свінка, якая ж разумніца! Пабегла дзяўчына тую свінку ратаваць — і вось жа погляды маладых сустрэліся, і сэрцы адно да аднаго пацягнуліся. Ну проста ў песню сюжэт з Броннага просіцца!

А ў хаце зноў маладых сустрэлі ды блаславілі — ужо маці маладой, Ларыса Уладзіміраўна Кацура, ды маладога, Котава Кацярына Мікалаеўна. Яшчэ й бабуля, Соф’я Паўлаўна, ды ўсе госці з вёскі Артукі. Гожая радня! Цёплы, сяброўскі настрой, пазітыўная аўра, сказалі б сучасныя псіхолагі, у тых вяскоўцаў. Іх вочы ззялі цеплынёй, а мазалістыя рукі — сам тое адчуў! — самыя надзейныя ў свеце. Маладых яны віталі, жартавалі, нахвальваючы сваю маладую. Сярод жарцікаў: “Наша маладая ня ўмее хату месці, а ваш малады лапці плесці — дык трэба іх да кучы звесці”. Во дзе жыццёвая праўда: хай адзін аднаго вучаць! А сват праводзіць маладых на цэнтральнае месца: там два крэслы звязаны прыгожай стужкай. І ўсё тое дзеянне — пад беларускія народныя мелодыі, пад гармонік і дудку.

Вельмі ўражвае глыбокая мудрасць вяскоўцаў, што праяўляецца на вяселлі: у плыні слоў, і ў абрадавых дзеях. То здорава, што ў Беларусі ёсць “Вяселле Фэст”: важна зберагаць каштоўныя вясельныя традыцыі беларусаў. (Пра тое — інфармацыя, відэа ў Фэйсбуку: “Вяселле фэст/Weddіng festіval”. — Рэд.)

Мікола Гарывада, фалькларыст

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.