Вы тут

У Кушляны, да Мацея Бурачка. Падарожжа ў родны кут Францішка Багушэвіча — на Смаргоншчыну


У Музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча ў Кушлянах — а музеем у 90‑я гады стала родная хата класіка — па-ранейшаму жывуць паэзія ды падзвіжніцкі дух. Тут можна дакрануцца да спадчыны роду Багушэвічаў, духоўнай спадчыны паэта-змагара. І даведацца шмат пра тое, як жыў адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, за што сяляне любілі адваката Багушэвіча й чаму ён так любіў родную мову. Рупныя нашчадкі сабралі тут, у Кушлянах, каля 200 унікальных экспанатаў, сярод іх і аўтэнтычныя рэчы сям’і Багушэвічаў: пісьмовы стол, крэслы, рукапісы.


Музей-сядзіба Ф. Багушэвіча ў Кушлянах вечароваю парою

Месца сілы

Сіні вечар паволі апускаецца на Кушляны. Маляўніча, незабыўна-цёпла свецяцца вокны на сядзібе, дзе прайшло дзяцінства й апошнія гады Францішка Багушэвіча. Сустракае нас гасцінны гаспадар — загадчык філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, паэт Алесь Жамойцін. Гэты ўдумлівы, таленавіты чалавек прысвяціў жыццё вывучэнню спадчыны Багушэвічаў. Вясной 1988‑га маладым аспірантам прыехаў сюды, каб ствараць экспазіцыю — і застаўся на доўгія гады. А ў чэрвені 1990‑га тут адкрыўся Літаратурны музей.

— Захавалася хата паэта 1896 года пабудовы й каменная абора, — распавядае Алесь. — Маёнтак Кушляны, як сведчаць дакументы, Багушэвічы набылі ў 1749‑м. Пабудова, безумоўна, пацярпела ад часу, і таму два вянкі ў зрубе давялося замяніць, адбудаваць па фотаздымках веранду. І потым пачалі напаўняць пакоі рэчамі з розных калекцый: з Маладзечанскага музея, Акадэміі навук, ад Міхася Лапехі, які ўсё жыццё збіраў матэрыялы пра Францішка Багушэвіча. Пазней нашчадкі роднай сястры паэта Ганны даслалі ў музей таксама іх сямейныя рэчы: абраз, футляр, родавыя медальёны.

Алесь запрашае ў хату й праводзіць нас па тых пакоях, што памятаюць крокі даўнейшага гаспадара: Францішка Бенедыкта Казіміравіча Багушэвіча. Пранікнёна распавядае пра яго жыццё й творчасць.

У кожным з шасці музейных пакояў — асобная экспазіцыя. Два з іх — мемарыяльныя. Тут побач са скрыпкай і дудкай беларускай экспануюцца выданні класіка, у тым ліку “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”, што пабачылі свет у 1908 годзе ў Пецярбургскім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша аконца”, сцяг паўстанцаў 1863 года (паэт жа быў адным з іх), партрэты сяброў ды паплечнікаў, фотаздымкі, копіі дакументаў, радавод Багушэвічаў, пераклады паэта.

Алесь Жамойцін

Цяпер належнае месца ў хаце занялі й сямейныя родавыя медальёны сям’і. У іх да энергетыкі Багушэвічаў далучаецца й моц часцінак мошчаў святых, якія прывезены з месцаў паломніцтва ў розныя часы. Лічылася, што медальёны ахоўвалі род на працягу стагоддзяў ад хвароб і няшчасцяў.

На жаль, асабісты архіў Багушэвічаў згінуў. Большасць рукапісаў знішчылі немцы ў Першую сусветную вайну, бо ў 1915‑м тут быў шпіталь. 

Кажуць, апошнія з роду Багушэвічаў з’ехалі ў свет без аніякіх рэчаў. Схрон быў тады ў аборы. Паводле аповедаў сведкаў, вецер ганяў спісаныя лісты па кушлянскіх ваколіцах. Можа, гэта й былі творы Францішка…

Багушэвічаўская сядзіба — тыповы ўзор шляхецкай сядзібы XІX стагоддзя, тым і прыцягвае кінематаграфістаў. Гадоў шэсць таму здымалі тут адну з серый знакамітага кінафільма “Снайпер”. Мясціны ў беларускай глыбінцы нібы й не крануў час. А за сядзібай — старажытны парк з магутнымі дрэвамі, у якім лёгка дыхаецца й цудоўна пішацца. Тут лёгка ўявіць сабе, як выглядаў раней шляхецкі двор. А метраў за 800 от хаты ляжыць валун, які Францішак выкарыстоўваў як схрон для захавання рукапісаў. Пасля смерці паэта ягоныя сябры выбілі на валуне надпіс: “Памяці Мацея Бурачка. 1900 г.”.

Шляхі-­дарогі

Бюст Францішка Багушэвіча

Паэт-змагар друкаваў свае творы пад псеўданімам Мацей Бурачок. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” — заклікаў супляменнікаў. Родную мову называў “адзежай душы” й лічыў адной з галоўных адметных рысаў народа.

Народжаны быў Францішак у фaльвapкy Свіpaны пaд Вільняй (цяпер — Svіronys альбо Svіronіs, гэта Вільнюскі раён Літвы) у сям’і нeзaмoжнaй мяcцoвaй шляxты 21 (9) caкaвікa 1840 гoдa. Рос у Кyшлянах — нeвялікім cпaдчынным мaёнтку Ашмянcкaгa пaвeтa (цяпep Смapгoнcкі paён). (Чаму ж нарадзіўся ў Свіранах? У інтэрнэце знаходзім падказку: пабачыў ён свет у сям’і Казімежа Багушэвіча ды Канстанцыі з рода Галаўня, а Свіраны тады належалі Галаўням. У Свіранах жа да Багушэвічаў на гэты свет прыйшлі амаль усе дзеці: Уладзіслаў (1835), Анастазы й Нарцыз (абодва 1836), Ганна (1838), Валяр’ян (1841). Цікава, што пра сялян тых мясцінаў, у Рукойненскай воласці, расійскія даследчыкі ў 1878 годзе запісалі яскравае назіранне: “Говорят белорусским наречием, но при встрече со шляхтою и ксендзами имеют поползновение говорить ломаным польским языком”. Пэўна ж, польская мова лічылася там панскаю, а беларуская — простаю, мужыцкаю, таму яе й саромеліся. — Рэд.)

Рос будучы паэт у асяроддзі, блізкім да сялянскага. З Кушлянаў паехаў вучыцца ў Віленскую гімназію й паспяхова яе закончыў: 26 ліпеня 1861 года. У тым жа годзе пacтyпіў у Пeцяpбypгcкі ўнівepcітэт, нa фізікa-мaтэмaтычны фaкyльтэт, aлe правучыўся ўсяго месяцы два ды пакінуў вучобу: каб рыхтаваць паўстанне. Вярнуўся на радзіму, навучаў сялянскіх дзяцей у пpывaтнaй шкoлe, aдкpытaй нa Лідчынe Алякcaндpaм Звяpoвічaм, улaдaльнікaм мaёнткa Дoцішкі. Там і сустрэў пaўcтaннe 1863‑га: змагаўся за волю ca збpoяй y pyкax, пaкyль нe быў пapaнeны ля вёскі Доцішкі. Ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў хавацца й доўгія двaццaць гaдoў жыць за межамі Беларусі — ва Украіне. Вярнуўся ў Вільню з сям’ёй у 1884‑м і стаў aдвaкaтaм cyдовай пaлaты. Асноўнымі яго кліентамі былі сяляне й гарадская бедната. Францішак Багушэвіч зaймaўcя cвoeacaблівaй aдвaкaцкaй дaбpaчыннacцю: aбapaняў іx бяcплaтнa. І гэтa ў той час, калі гpoшaй y cям’і нe xaпaлa! Гэты факт красамоўна сведчыць пра шчодрасць душы нашага слыннага земляка. У віленскі перыяд, сцвярджаюць даследчыкі, разгарнулася ў поўную сілу літаратурная й публіцыстычная дзейнасць былога інсургента-паўстанца: ён падаў свой голас у абарону роднай мовы, роднага слова, беларускага духу.

Беларускі дудар

А як прыгожа тут у летнюю пару!

Першае вядомае ў нашым часе публічнае выступленне Багушэвіча-літаратара адбылося на старонках польскага часопіса “Край” (“Kraj”), што выдаваўся ў Пецярбурзе. Багушэвіч пісаў пра эканамічны крызіс, гаспадарчае жыццё й судовую практыку ў Паўночна-Заходніх губернях. А восенню 1891 года ў Кракаве выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Дудка беларуская” пад псеўданімам Мацей Бурачок. Праз год пабачыла свет апавяданне “Тралялёначка”, яшчэ праз год — у Познані выйшаў зборнік “Смык беларускі” на беларускай мове. Паэтычнае слова ў тых зборніках ужо адточанае, трапнае, мілагучнае.

У 1896‑м Францішак атрымаў спадчыну пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша. І ў яго з’явілася магчымасць пакінуць службу ў царскім судзе, вярнуцца ў родныя Кушляны, разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу — і аддацца творчай працы. Так ён і зрабіў у хуткім часе. На жаль, быў ужо хворы, і пражыў у роднай сядзібе толькі два гады.

Не зарастуць сцежкі

Пaxaвaны Фpaнцішaк Бaгyшэвіч y Жyпpaнax (цяпер Ашмянcкі paён, непадалёк ад Кушлянаў) нa вяcкoвыx мoгілкax, пoбaч з бaцькaмі й poднымі. Сцяжынка да яго магілы з гожым, прыкметным надмагіллем не зарастае. Людзі едуць з усіх куткоў Беларусі, каб аддаць даніну павагі паэту, адвакату, народнаму заступніку. Чалавеку, які напомніў беларусам, што яны маюць сваю мову і свой гонар.

У касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла вісіць мемарыяльная дошка ў гонар “Дудара Беларусі”, ягонае імя носіць Жупранская сярэдняя школа. (Цікавае супадзенне: у горадзе Нежыне, дзе вучыўся ў ліцэі Францішак Багушэвіч, таксама цяпер ёсць касцёл Пятра і Паўла. — Рэд.) Пра жыццё й творчасць пісьменніка расказвае экспазіцыя школьнага музея. А ў скверы, у цэнтры аграгарадка Жупраны, стаіць помнік Францішку Багушэвічу — праца вядомага скульптара Заіра Азгура. Казалі раней, што на тым якраз месцы паўстанец-патрыёт чытаў свае палымяныя радкі, заклікаў мясцовы люд да волі й незалежнасці.

У Кушлянах, Жупранах асабліва востра адчуваеш сваю прыналежнасць да роднай беларускай зямлі. Велізарны гонар за наш народ, нашу Бацькаўшчыну, нашу духоўную спадчыну.

Ала Бібікава

Фота аўтара

Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі…

Крыстына, праўнучка пісьменніка, і Алесь Жамойцін.

Дасланы летась артыкул Алы Бібікавай, журналісткі з Гродна, падаем, калі адзначаюцца 180‑я ўгодкі пісьменніка. Зрэшты, летась яшчэ Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, ягоны філіял — Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах — пачалі рыхтавацца да юбілею. 29 чэрвеня быў “Кушлянскі фэст‑2019”, які зладзілі супольна Мінкультуры, Музей літаратуры, Смаргонскі райвыканкам ды тамтэйшая пагрангрупа. Пра свята сведчыць і настальгічны абразок у інтэрнэце: “Скручаны дуды, яркія строі не супернічаюць з кветкамі на палетках, сціх гоман і песні. Мясцовы бусел-тубылец ізноў смела вымяряе лугавы перыметр і паглядае на загадчыка музея-сядзібы Францішка Багушэвіча Ales Zhamoіtsіn, які чакае наведнікаў і рыхтуецца да новага фестывальнага году. Бо й госці фэсту, і ягоны Аргкамітэт аднагалосна пагадзіліся: у наступным годзе варта паўтарыць! І ў тры разы болей, каб чутна было зноў ад краю да краю!” На старонцы Алеся Жамойціна ў Фэйсбуку можна пагартаць фэст-фотаальбом ды ўспомніць, што было ў Кушлянах. І прымерыцца да “Кушлянскага фэсту‑2020”: ён і сёлета пройдзе напрыканцы чэрвеня.

У сярэдзіне сакавіка ў Кушлянах, Жупранах пабывалі сябры Гарадзенскага Таварыства беларускай мовы. А нядаўна ў тым жа Фэйсбуку Алесь размясціў здымкі з каментаром: “Памятны ўспамін з вясны 2017 г. Сустрэча з праўнучкай Багушэвіча сп. Крыстынай. Разам з ёю і вялікая экскурсія. Пашанцавала ж тым экскурсантам!” Алесь нам удакладніў: жыве Крыстына ў Варшаве, яна спадчынніца па Тамашу Багушэвічу, працавала у школе настаўніцай, а прыязджала ў Кушляны з дачкой.

І ў Мінску адзначаюцца ўгодкі Дудара: у Музеі літаратуры 19 сакавіка прайшло ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча”. 21 сакавіка — 180‑я ўгодкі пісьменніка. Сёлета ж 30‑годдзе святкуе і ўнікальны для Беларусі “Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”. На экспазіцыі прадстаўлены рэдкія фотакарткі, рэчы сям’і пісьменніка, радавод Багушэвічаў, рарытэтныя выданні твораў і дзівосныя краявіды Кушлянскага кутка ў творах фотамайстроў. На імпрэзе, што ладзілася ў музеі да падзеі, выступалі яго дырэктар Міхаіл Рыбакоў, вядомы даследчык-літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, краязнаўца, складальнік радаводу Багушэвічаў Васіль Юрша, архівіст-гісторык Зьміцер Юркевіч ды іншыя.

Менавіта мастацкі вобраз родных мясцін творцы ў экспазіцыі стаў цэнтральным. Дарэчы, і паэт у вершы “Мая хата” прызнаецца: “Не буду мяняцца хоць бы і на замкі, —/ Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі…” Нехта, можа, запытае: а пры чым тут калок ды клямка? Нагадаем, што клямка — гэта каваная прылада для зручнага закрывання й адкрывання дзвярэй, а ў бедных хатах, відаць, для таго быў раней больш просты й даступны драўляны калок…

І колькі ж такіх, прыхаваных у стогадовай далечыні, адкрыццяў чакае нас у багушэвіцкай паэзіі! Праз яе, нібы чароўны партал-дзверы, многія заходзяць у Беларускі Свет, ступаюць на малавядомы Беларускі Мацярык. Дзверы ж не моцна закрытыя: калочкам падпёртыя… Заходзяць з усведамленнем, што без роднай мовы развее беларусаў па вялікім свеце бура глабалізацыі так, што й каранёў не знойдзем. А калі нехта думае, што зможа й без каранёў, каму такі мілей “чужыя клямкі” — паедзьце калі ў Кушляны. Можа, дасць Бог, адкрыецца вам там і нейкая іншая, больш глыбокая жыццёвая праўда, якую ведаў-спасціг мудры Мацей Бурачок.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».