Вы тут

Як у Кіраўску рыхтуюць будучых удзельнікаў зборных каманд Беларусі


Трэнерскія кадры і традыцыі дапамагаюць Кіраўскай СДЮШАР рыхтаваць спартсменаў у зборныя каманды краіны

Кіраўская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву летась адзначыла сваё 55-годдзе. За гэты час у яе сценах выраслі прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы па розных відах спорту, сёння больш за дзясятак спартсменаў уваходзіць у спісы зборных Беларусі. Акрамя таго, з выхаванцаў школы ў горадзе сфарміравана прафесійная каманда па пляжным футболе.


Сакрэт поспеху — фанатычная адданасць рабоце

Цяпер тут займаецца 387 дзяцей розных узростаў, СДЮШАР культывуе чатыры кірункі — веласіпедны спорт, валейбол, футбол і цяжкую атлетыку. Школа рэгулярна перадае сваіх вучняў у вучылішчы алімпійскага рэзерву па ўсёй краіне.

Мабыць, самым паспяховым відам у плане выніковасці ў Кіраўску з'яўляецца веласіпедны спорт: за апошнія 15 гадоў у сценах школы падрыхтавана каля 15 майстроў спорту, чатыры майстры спорту міжнароднага класа. З 2009 года ні адзін чэмпіянат Еўропы і свету не абыходзіўся без удзелу кіраўчан, а сёння ў зборных краіны па веласпорце выступае адразу восем выхаванцаў СДЮШАР Кіраўска. Сярод іх прызёр этапу Кубка свету і маладзёжнага чэмпіянату Еўропы Раман Цішкоў — дарэчы, ён ужо заваяваў ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа, — двухразовы сярэбраны прызёр маладзёжнага чэмпіянату Еўропы Аксана Салаўёва, Ганна Васількова і іншыя.

Сваіх выхаванцаў дырэктар спартыўнай школы Сяргей Клімовіч (на фота) успамінае з гонарам і цеплынёй. «Абсалютна ўсіх добра памятаю. Рому Цішкова трэніраваў яго бацька, ён, дарэчы, да гэтага часу працуе ў нас у школе старшым трэнерам. Таму выбару ў Рамана асаблівага не было, бацька цягаў яго на трэніроўкі з самага дзіцячага садка. Цяпер часцей бачым яго па тэлевізары, але спадзяёмся, што пасля каранціну Цішкоў прыедзе дадому і завітае да нас у школу», — кажа Сяргей Мяфодзьевіч.

Сакрэт выхавання паспяховых спартсменаў просты, упэўнены дырэктар, — гэта трэнерскія кадры, іх фанатычная адданасць рабоце і традыцыі. Але кіраўнік не хавае: нягледзячы на россып вядомых выхаванцаў, праблемы ў школы былі заўсёды, ёсць яны і цяпер. Напрыклад, летась па прэзідэнцкай праграме, якая разлічана на падтрыманне спартыўных школ у рэгіёнах, закупілі новыя веласіпеды, але сёння на ўсіх дзяцей іх усё роўна не хапае. Патрэбныя і машыны, неабходныя для трэніровак веласіпедыстаў на шашы, не кажучы ўжо пра звычайную велаформу, якая каштуе таксама нямала. «Часта даводзіцца набываць яе за свой кошт, шукаць праз знаёмых, дзесьці дапамагаюць дзеці, якія ўжо дамагліся высокага выніку і маюць такую магчымасць», — дзеліцца Сяргей Мяфодзьевіч.

Веласіпедная база знаходзіцца за 10 кіламетраў ад горада. Асноўны кірунак у Кіраўску — гэта шашэйны веласпорт, трэка ў горадзе няма, але, нягледзячы на гэта, выхаванцы школы ў зборнай выступаюць і ў гэтай дысцыпліне.

— Цяпер у веласпорце мы больш арыентаваны на дзяцей з суседніх вёсак і агра-
гарадкоў, — адзначае дырэктар СДЮШАР. — Але існуе вялікая праблема з транспартам. У маленькіх вёсках агульнаадукацыйныя школы зачыняюцца: цяпер у нашым раёне часта сустракаецца, што працуе адна школа на пяць-шэсць вёсак. Пасля заняткаў школьны аўтобус развозіць дзяцей па дамах, а вось дабрацца да трэніроўкі і назад малым вельмі праблематычна. Ваджу іх сам, на сваёй машыне, але гэта два-тры чалавекі, больш не атрымліваецца. Шмат патэнцыйных чэмпіёнаў з-за гэтага праходзяць міма, а дзеці там вельмі нядрэнныя.

Даводзіцца змагацца за дзяцей

Моцныя традыцыі ў Кіраўску і ў валейболе — выхаванцы мясцовай спартыўнай школы таксама прадстаўлены ў зборных камандах нашай краіны. Сёння ў клубах вышэйшай лігі чэмпіянату краіны гуляюць прадстаўнікі Кіраўска — Дзяніс Іваніцкі і Арцём Васількоў. А Віялета Бяляўская, якая пачынала свой спартыўны шлях менавіта ў мясцовай СДЮШАР, з'яўляецца бронзавым прызёрам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы ў складзе зборнай Беларусі. Цяпер дзяўчына выступае за найлепшы жаночы клуб краіны — сталічную «Мінчанку».

— Прыцягнуць дзяцей да трэніровак можна, але вось утрымаць іх цяжка, — расказвае трэнер па валейболе Кіраўскай СДЮШАР Тамара Грыгор'ева. — У нас у горадзе ўсяго дзве агульнаадукацыйныя школы, а розных гурткоў дастаткова, так што даводзіцца змагацца за дзяцей. Дзесьці працуем праз бацькоў, таму што многія з іх хадзілі да мяне на заняткі, а цяпер ходзяць ужо іх дзеці. Спрабуем утрымаць іх тым, што вывозім на спаборніцтвы, у басейн, у аквапарк — самі з'ездзіць туды могуць не ўсе. Для пачатку нікога не настройваем на прафесійны спорт, а больш скіроўваем на аздараўленчую фізкультуру, потым яны самі ўцягваюцца і ў некаторых вымалёўваецца перспектыва.

Сёння ў школе 10 груп па валейболе, гэта каля ста чалавек, што вельмі нядрэнна для горада з насельніцтвам 9 тысяч. Ёсць і вясковыя, і гарадскія дзеці — раней вясковых зацікавіць было значна прасцей, зараз да спорту павярнуўся і горад. Для валейбола ў СДЮШАР ёсць свая трэніровачная зала, летась у ёй зрабілі капітальны рамонт. Калі яе не хапае, трэнеры выкарыстоўваюць школьныя спартыўныя залы.

А вось цяжкая атлетыка ў Кіраўску — самы малады від спорту, але і ў гэтым відзе ў мясцовых выхаванцаў ужо ёсць поспехі. Сёлета Дар'я Лазаковіч і Мікалай Бяляўскі сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату краіны па цяжкай атлетыцы. Сёння яны ўваходзяць у нацыянальную каманду краіны, Дар'я — у асноўны склад, Мікалай — пакуль у рэзервовы. Акрамя гэтага, кіраўская каманда заняла трэцяе месца на першынстве вобласці. Такія вынікі стымулююць на яшчэ большае развіццё гэтага кірунку. «Цяпер агульнымі намаганнямі будзем спрабаваць пабудаваць у горадзе спецыялізаваную залу цяжкай атлетыкі, ёсць ужо адабрэнне кіраўнікоў, а таксама будзем запрашаць яшчэ больш трэнераў па гэтым відзе спорту», — дзеліцца планамі дырэктар СДЮШАР.

Падтрымаць маладых і словам, і справай

На адмысловым рахунку і кіраўскі футбол. Сёння ён з'яўляецца самым масавым відам, у школе сфарміравана 15 груп, у тым ліку паспяхова развіваецца і жаночы кірунак — найлепшыя выхаванкі школы пераходзяць гуляць у «Бабруйчанку». Спачатку школа спецыялізавалася на класічным футболе, потым перайшла на футзал, а цяпер яе галоўны кірунак — гэта пляжны футбол, бо штосьці новае заўсёды развіваецца лепш, перакананыя трэнеры і кіраўнік. Прафесійны клуб, «Кіраўск-СДЮШАР», які выступае ў чэмпіянаце краіны, заўсёды трымаецца ў тройцы лідараў. Летась кіраўчане сталі сярэбранымі прызёрамі чэмпіянату і выйгралі Кубак Беларусі, у маі каманда згуляе за суперкубак. Характэрна, што «Кіраўск-СДЮШАР» практычна на сто працэнтаў складаецца з мясцовых выхаванцаў. Гэта, вядома, выклікае непадробную балельшчыцкую цікавасць з боку гараджан, трыбуны мясцовага стадыёна не бываюць пустыя. У спісе нацыянальнай зборнай па пляжным футболе шэсць прадстаўнікоў Кіраўска, на нядаўніх Еўрапейскіх гульнях у Мінску выступалі трое з іх — Вадзім Бокач, Юрый Пятроўскі і Канстанцін Магалецкі. Дарэчы, Вадзім Бокач сумяшчае прафесійную спартыўную кар'еру з трэнерскай работай у мясцовай СДЮШАР.

Наогул з маладымі трэнерскімі кадрамі ў мясцовай школе праблем няма. «Сёння ў нас працуе ў асноўным моладзь. Усе яны свае, усе прайшлі нашу школу, атрымалі вышэйшую або сярэднеспецыяльную адукацыю і вярнуліся дадому, — з гонарам апавядае дырэктар. — Мы стараемся чужых не запрашаць, бо выдатна разумеем, што не зможам забяспечыць іх жыллём і іншым неабходным. Напрыклад, у веласпорце ў нас працуе малады трэнер Павел Белахвостаў, ён займаўся ў нас, адвучыўся і вярнуўся, дарэчы, адзіны са свайго выпуску ўніверсітэта застаўся працаваць трэнерам».

— Я папрацаваў пару гадоў у Мінску, але вырашыў вярнуцца ў Кіраўск, таму што мне вельмі падабаецца мая работа, а займацца веласпортам у такім горадзе, як наш, значна зручней, — расказвае Павел Белахвостаў. — Наш спорт звязаны з дарогай, у гарадах рух вялікі, а тут і прастору больш, і паветра чысцейшае.

Дырэктар школы згаджаецца, што ўтрымаць маладых спецыялістаў на трэнерскай рабоце сёння даволі складана, але кіраўніцтва імкнецца не толькі забяспечыць настаўнікаў усім неабходным у фінансавым плане, але і падтрымаць у маральным.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з архіва СДЮШАР г. Кіраўска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».