Вы тут

Уладзiмiру Корш-Саблiну — 120: факты пра пiянера беларускага кiно


Калi ў Расiйскай савецкай рэспублiцы рэвалюцыю апяваў Сяргей Эйзенштэйн, ва Украiнскай — Аляксандр Даўжэнка, на Беларусi гэта рабiў Уладзiмiр Корш-Саблiн. 29 сакавiка аднаму з заснавальнiкаў айчыннай кiнематаграфii i аўтару першага гукавога беларускага фiльма споўнiлася 120 гадоў. Праз творчасць масквiча, якi з першай карцiны заняўся беларускай тэматыкай, разам з кiнастудыяй «Савецкая Беларусь» пераехаў у Мiнск i ўклаў у нашу кiнематаграфiю дваццаць пяць фiльмаў, можна прасачыць i гiсторыю беларускага кiно, таму з нагоды юбiлею расказваем пра класiка падборкай цiкавiнак.


 

Дзед Уладзiмiра па бацькоўскай лiнii Мiхаiл Саблiн быў адным з выдаўцоў газеты «Русские ведомости», у якой друкавалiся Леў Талстой, Мiхаiл Салтыкоў-Шчадрын, Дзмiтрый Мамiн-Сiбiрак, Пётр Чайкоўскi, Мiкалай Чарнышэўскi, а ў якасцi лiтаратурнага супрацоўнiка дзейнiчаў сябар сям’i Антон Чэхаў. Бацька рэжысёра Уладзiмiр, хоць атрымаў пад уплывам Чэхава медыцынскую адукацыю, увайшоў у гiсторыю як перакладчык i выдавец. Дзед па матчынай лiнii Фёдар Корш быў вядомы тэатральны антрэпрэнёр i заснавальнiк Рускага драматычнага тэатра ў Маскве, дзе ўпершыню былi пастаўлены, напрыклад, п’есы Антона Чэхава «Iванаў» i «Мядзведзь». Будучы рэжысёр хадзiў у тэатр свайго дзеда з дзяцiнства, урэшце скончыў тэатральнае вучылiшча i стаў тэатральным акцёрам, а дзед мiж тым у завяшчаннi «дазволiў» унуку насiць сваё прозвiшча.


У Корш-Саблiна былi два браты, толькi сваяцтва з iмi ў савецкiх рэалiях было небяспечным. Старэйшы, Юрый, быў камдзiў Чырвонай Армii i нават сябра УЦВК, але да гэтага — адзiн з левых эсэраў, што здзяйснялi мяцеж 1918 года, мэтай якога было прадухiлiць падпiсанне Брэсцкага дагавора. Юрый Саблiн браў удзел у арышце Фелiкса Дзяржынскага — яго нават згадвалi ў сваiх творах Iван Бунiн, Аляксей Талстой i Мiхаiл Шолахаў. У вынiку, нягледзячы на тое што ён стаў шчырым бальшавiком, за леваэсэраўскую дзейнасць у 1937 годзе быў расстраляны без суда i следства. Сярэднi брат Iгар, журналiст, актыўна ўдзельнiчаў у рэвалюцыйных падзеях i Грамадзянскай вайне, але па iлжывым абвiнавачаннi ў «спробе стварэння антысавецкага анархiчнага гуртка» быў сасланы i правёў у ссылках i лагерах трацiну жыцця.


Упершыню на кiнапляцоўку Уладзiмiр Корш-Саблiн трапiў як ваенны кансультант: больш за тры гады ён служыў у Чырвонай Армii i пасля дэмабiлiзацыi быў запрошаны ў Адэсу на здымкi фiльма «Перакоп». Уражаннi ад здымачнага працэсу падштурхнулi яго да таго, каб пайсцi служыць на 3-ю фабрыку Дзяржкiно ў Маскве.


Настаўнiкам Корш-Саблiна стаў добра вядомы ў тэатральных i кiнематаграфiчных колах Масквы Юрый Тарыч. Для савецкага мастацтва ён вызначаўся, напрыклад, тым, што ў яго пастаноўцы «Гiбель самадзяржаўя» ўпершыню на тэатральнай сцэне з’явiўся вобраз Уладзiмiра Ленiна. У нашу культуру Тарыч увайшоў як аўтар першага беларускага фiльма «Лясная быль». Уладзiмiр быў акцёрам і асiстэнтам рэжысёра на здымках некалькіх фiльмаў i часам па даручэннi Юрыя Вiктаравiча нават здымаў асобныя сцэны. Тым не менш, па словах кiнакрытыка Анатоля Красiнскага, у настаўнiка з вучнем былi няпростыя стасункi. У першых спробах здымаць уласнае кiно Уладзiмiр намагаўся выйсцi за межы школы Тарыча, бо лiчыў, што яна схiляецца да тэатра i «недастаткова адкрыта руху кiно як мастацтва».


Уся фiльмаграфiя Корш-Саблiна прысвечана Кастрычнiцкай рэвалюцыi i поспехам савецкай улады. Кiназнаўца Ефрасiння Бондарава пiсала, што ў яго нават «калгаснiкi на жнiво едуць, быццам коннiкi на баявых тачанках». Першы фiльм рэжысёра «У агнi народжаная» прысвячаўся 10-годдзю Савецкай Беларусi i натуральна адлюстроўваў яе з’яўленне «ў агнi рэвалюцыйнай барацьбы» i дасягненнi першага дзесяцiгоддзя савецкай улады. У пачатку фiльма вiзуалiзаванае паданне пра кветку шчасця, якая вырастае ў купальскую ноч, запаралельваецца з паказам цяжкай працы сялян, што будуюць дарогу да панскага дома, — рэвалюцыя, зразумела, прыносiць збаўленне. У мiнскай газеце «Рабочий» напiсалi, што «гэта першая вялiкая сапраўдная перамога «Белдзяржкiно», зрэшты, у той жа час крытыкi называлi фiльм патэтычным, плакатным, неарыгiнальным i нават пераймальнiцкiм.


Карцiна Корш-Саблiна «Першы ўзвод» 1933 года стала першым на студыi «Белдзяржкiно» паўнаметражным гукавым мастацкiм фiльмам. Сваю першую буйную ролю тут выканаў Барыс Бабачкiн, вядомы нам па вобразе легендарнага савецкага начдыва ў фiльме «Чапаеў» братоў Васiльевых. А музычнае рашэнне карцiны рэжысёр даверыў малавядомаму тады Iсаку Дунаеўскаму — так у цiтрах упершыню з’явiлася iмя вядомага кампазiтара, якi ў далейшым пiсаў музыку да карцiн Рыгора Аляксандрава («Вясёлыя рабяты», «Цырк», «Волга-Волга») ды Iвана Пыр’ева («Багатая нявеста», «Кубанскiя казакi», «Выпрабаванне вернасцi»).


Калi перад «Белдзяржкiно» стала «асаблiвай важнасцi задача» зрабiць фiльм да дзесяцiгоддзя беларускага кiно, выканаць яе даручылi Корш-Саблiну, але карцiна, вядома, мусiла быць усё пра тое ж. Сюжэт фiльма «Залатыя агнi» 1935 года (назва сiмвалiзуе асветленую электрычнымi агнямi Беларусь) павiнен быў ахапiць неахопнае — грамадзянскую вайну, барацьбу з кулакамi, iндустрыялiзацыю, будаўнiцтва электрастанцыi на непраходных балотах, новыя стасункi ў калектыве i сям’i. У вынiку рэжысёр не справiўся з такiм аб’ёмам, i фiльм лiчыўся няўдалым.


У 1930-х савецкi кiнематограф вызначыўся з’яўленнем папулярных камедый, у першую чаргу Рыгора Аляксандрава i Iвана Пыр’ева. У гэты ж час жанрам заняўся i Корш-Саблiн: у 1936 годзе выходзяць яго «Шукальнiкi шчасця», якiх кiназнаўцы за зварот да неактуальнай тады яўрэйскай тэмы называюць творчым подзвiгам. Згодна з сюжэтам, заклiканым развянчаць тып уласнiка, яўрэйская сям’я старой Двойры пасля блуканняў па свеце прыязджае ў савецкi Бiрабiджан i далучаецца да будаўнiцтва новага жыцця. У 1940-м у Корш-Саблiна выходзiць другая камедыя «Маё каханне», пасля прэм’еры якой выканальнiца галоўнай ролi Лiдзiя Смiрнова, у далейшым народная артыстка СССР, прачнулася знакамiтай.


Дачку, якая нарадзiлася ў 1939 годзе ў шлюбе з Надзеяй Брыльяншчыкавай, сужэнцы назвалi Любай у гонар актрысы Любовi Арловай. У год дзяўчынка захварэла i памерла.


Калi кiнастудыя «Савецкая Беларусь» у 1939 годзе з Ленiнграда пераехала ў Мiнск, Уладзiмiр Корш-Саблiн пераехаў разам з ёй, прычым у якасцi мастацкага кiраўнiка. Падрыхтоўка да здымак наступнага фiльма перарвалася Вялiкай Айчыннай вайной. Рэжысёр у гэты час быў у камандзiроўцы i хоць, па ўспамiнах жонкi, iрваўся на фронт, яго прызначылi кiраўнiком узвода рабочага атрада завода кiнастудыi «Ленфiльм» — ахоўваць прадпрыемства i тэрыторыю вакол яго.


У канцы 1941 года Корш-Саблiн быў накiраваны ў Алма-Ату, дзе яму было даручана стварыць беларускi кiнаальманах. У адной з навэл альманаха «Пчолка», дзе галоўную ролю выканала славутая Папялушка Янiна Жэймо, пераадзетыя ў форму савецкiх салдат нямецкiя разведчыкi прыходзяць да вясковай дзяўчынкi Пчолкi i просяць правесцi цераз багну, а тая заводзiць iх у дрыгву. Пасля ў 1943 годзе па загадзе ЦК Кампартыi Беларусi Корш-Саблiн удзельнiчаў у стварэннi кiнаканцэрта «Жывi, родная Беларусь!» i дакументальнага фiльма «Вызваленне Савецкай Беларусi» — i ўрэшце за гэтую сваю дзейнасць атрымаў два медалi.


Пасля выхаду на экраны ў 1949 годзе карцiны «Канстанцiн Заслонаў», за якую рэжысёры i выканальнiкi галоўных роляў атрымалi Сталiнскiя прэмii, былыя партызаны-заслонаўцы напiсалi лiст у газету «Советская Белоруссия». У iм казалася, што «ў фiльме даволi поўна i праўдзiва паказана барацьба з ворагам на Аршанскiм чыгуначным вузле», але ён не ахоплiвае другую палову дзейнасцi заслонаўскага партызанскага злучэння, таму «трэба стварыць другую серыю гэтага цудоўнага фiльма». Корш-Саблiн адмаўляў гэтую iдэю, бо не хацеў канчаць стужку смерцю Заслонава.


Тыя, хто асабiста ведаў Уладзiмiра Корш-Саблiна, успамiналi яго ваенную выпраўку i заўсёды прадстаўнiчы знешнi выгляд — нават на здымачнай пляцоўцы ён працаваў пры гальштуку. Рэжысёр Аляксандр Файнцымер згадваў Корш-Саблiна як «iмпазантнага, энергiчнага i ўсюдыiснага». Рэжысёр i пiсьменнiк Пётр Шамшур пiсаў: «Адным з першых iдзе на фабрыку Уладзiмiр Корш — рэжысёр Корш-Саблiн. Стройны i падцягнуты, з лёгкай кавалерыйскай паходкай, ён уяўляецца мне камандзiрам кавалерыйскага палка».


Адна з самых паспяховых карцiн Корш-Саблiна «Чырвонае лiсце» 1958 года, што расказвае пра «барацьбу заходнебеларускiх камунiстаў у буржуазна-памешчыцкай Польшчы», напачатку меркавалася быць знятай Аляксандрам Файнцымерам. Падчас падрыхтоўкi да здымак той вырашыў, што ўмовы на «Беларусьфiльме» не дазваляюць ажыццявiць такi складаны праект, i адмовiўся ад работы. Тады за фiльм узяўся Корш-Саблiн, над сцэнарыем працавалi паэт Аркадзь Куляшоў i драматург Айзiк Кучар, да таго ж у «Чырвоным лiсцi» адбыўся дэбют Расцiслава Янкоўскага.


Настольнымi кнiгамi Корш-Саблiна былi «Дрыгва» Коласа, «Вайна i мiр» Талстога, «Цiхi Дон» Шолахава. Маладым рэжысёрам ён раiў уважлiва чытаць беларускую лiтаратуру i шукаць у ёй аснову для сур’ёзных фiльмаў пра краiну. Сам ён па матывах трылогii Якуба Коласа «На ростанях» зняў фiльм «Першыя выпрабаваннi» (1960-1961). Сцэнарый з дазволу самога Якуба Коласа пiсалi Аркадзь Куляшоў i Максiм Лужанiн, потым Колас памёр i афiцыйны дазвол на здымкi давалi ўжо яго сыны. У «Першых выпрабаваннях» Корш-Саблiн адкрыў яшчэ адно iмя — тады яшчэ пачынаючага кампазiтара Яўгена Глебава.


У савецкiм кiно сур’ёзна ставiлiся да юбiлеяў: да саракагоддзя беларускай кiнематаграфii Корш-Саблiн удзельнiчаў у здымках чарговага «юбiлейнага» фiльма «Масква—Генуя» пра савецкую дыпламатычную мiсiю на Генуэзскай канферэнцыi 1922 года. Фiльм ствараўся ў пачатку 1960-х: тады было завершана будаўнiцтва цэнтральнага корпуса «Беларусьфiльма» i кiнастудыя перайшла з двух—трох на пяць—шэсць фiльмаў у год. Падчас здымак Корш-Саблiн цяжка захварэў i ў яго адняло мову, пасля чаго, для таго каб размаўляць, ён карыстаўся спецыяльным апаратам.


Сваё сямiдзесяцiгоддзе Уладзiмiр Корш-Саблiн сустрэў на здымачнай пляцоўцы фiльма «Крушэнне iмперыi» па аднайменнай тэтралогii Мiхаiла Казакова.


У iнтэрв’ю на пытанне, якую з задум ён не ажыццявiў, Уладзiмiр Корш-Саблiн сказаў, што «не паставiў цудоўнай карцiны, бо, напэўна, не хапiла таленту».

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Матэрыял заснаваны на кнiзе Ефрасiннi Бондаравай «Кiнастужка даўжынёй у жыццё» ды маналогах кiназнаўцаў Iгара Аўдзеева i Антанiны Карпiлавай.

Прэв'ю - Уладзімір Корш-Саблін у фільме «Лясная быль»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.