Вы тут

Лукашэнка: Міратворчасць – тая лінія, па якой мы мусім супрацоўнічаць з усімі


У Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі абмеркавалі ваенную бяспеку дзяржавы.


Сёння кіраўнік дзяржавы разгледзеў пытанне рэагавання на вучэнні НАТА «Абаронца Еўропы-2020».

Яшчэ летась Аляксандр Лукашэнка даручыў выпрацаваць адэкватныя меры, якія, па яго словах, ні ў якім выпадку не празмерныя. На гэта ён і звярнуў увагу.

«Я не хацеў бы, каб гэта ўспрымалі як бразгатанне зброяй з нашага боку. Мы зараз так не ўспрымаем вучэнне НАТА, якое праводзіцца ў непасрэднай блізкасці ля нашых межаў. Гэта яшчэ і таму, што яны значна адступілі ад сваіх першапачатковых планаў», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Адпаведныя дзеянні беларускіх сілавікоў Прэзідэнт запатрабаваў уключыць у дзейнасць арміі. Ён інфармаваны, што мерапрыемствы не пераносяцца і не адмяняюцца, праведзены вучэнні міратворчых падраздзяленняў Беларусі і Вялікабрытаніі.

«Водгукі станоўчыя. Думаю, што гэта нікога не павінна напружваць. Мір нам патрэбны, і міратворчасць — тая лінія, па якой мы заўсёды мусім супрацоўнічаць з усімі. Думаю, наш асноўны партнёр — Расійская Федэрацыя — у гэтым кірунку абароты не зніжае, і не толькі па лініі міратворчасці», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Нагадаўшы пра актуальную ў грамадстве тэму распаўсюджання новай каранавіруснай інфекцыі, Прэзідэнт пацікавіўся і станам здароўя ваеннаслужачых, асабліва афіцэрскага складу, які кантактуе са «знешнім светам».

Дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін далажылі Аляксандру Лукашэнка аб дзеяннях з боку блока НАТА, далі свае ацэнкі працы і ўнеслі прапановы.

Узровень воінскай дысцыпліны і маральна-псіхалагічнага стану Узброеных Сілаў дазваляе выканаць любую задачу

Віктар Хрэнін праінфармаваў кіраўніка дзяржавы, што інтэнсіўнасць вучэнняў НАТА «Абаронца Еўропы-2020» з 16 сакавіка зніжана ў сувязі са складаным эпідэміялагічным становішчам. Германія, Італія, Нідэрланды адмовіліся ад правядзення вучэнняў, Вялікабрытанія цалкам скарачае і адводзіць сілы і сродкі. Шэраг сумежных вучэнняў на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Эстоніі адменены.

«Аднак ніякіх заяў аб тым, што дадзеныя вучэнні спынены, дагэтуль няма. Падраздзяленні Злучаных Штатаў і НАТА на ратацыйнай аснове каля нашых межаў таксама прысутнічаюць. Таму мы працягваем планавую падрыхтоўку сваіх Узброеных Сілаў, мерапрыемствы праводзім самастойна, без чыёйсьці дапамогі, на сваёй тэрыторыі», — паведаміў журналістам міністр абароны.

«На сённяшні дзень можна сказаць дакладна і ўпэўнена, што Узброеныя Сілы кіруемыя, баяздольныя, узровень воінскай дысцыпліны і маральна-псіхалагічнага стану дазваляе выканаць любую задачу», — упэўнены міністр абароны Віктар Хрэнін.

Кіраўнік абароннага ведамства далажыў Прэзідэнту аб кірунках працы, па якіх варта засяродзіць далейшыя намаганні, і аб падрыхтоўцы да параду да 75-годдзя Перамогі.

Што да стану здароўя салдат і афіцэраў Узброеных Сіл, Віктар Хрэнін праінфармаваў, што панікі з нагоды каранавіруса не назіраецца.

«На дзесяці палігонах дзейнічае каля 7,5 тысячы асабістага складу. Яны ўсе цалкам здаровы і здольныя выконваць задачы. Праблем з распаўсюджаннем каранавіруса ва Узброеных Сілах няма, аднак мы не расслабляемся: наша санітарна-эпідэміялагічныя службы, медыкі знаходзяцца на варце, у павышанай гатоўнасці, каб хутка, кваліфікавана і якасна аказаць дапамогу», — расказаў Віктар Хрэнін.

Па словах міністра, на сённяшні дзень ва Узброеных Сілах няма ніводнага выпадку заражэння каранавірусам.

Блізкасць груповак да межаў не можа не хваляваць, але ўсё ажыццяўляецца планава

Вакол Беларусі ў цяперашні час праводзяцца тры аперацыі: аб’яднаных узброеных сіл НАТА «Перадавая прысутнасць» (чатыры батальёны тактычнай групы), узброеных сілаў ЗША «Атлантычная рашучасць» (дзве баявыя брыгадныя групы) і місія па ахове паветранай прасторы. Аб гэтым журналістам паведаміў начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі Павел Ціханаў.

«На гэтым фоне планаваліся і ўжо праводзяцца вучэнні „Абаронца Еўропы-2020“ і фактычна цяпер завяршаецца першы этап — перакідванне. Другі этап планаваўся з 22 красавіка па 22 мая, але з прычыны пандэміі кіраўніцтва ЗША і аб’яднаных узброеных сіл НАТА карэктуе (ход вучэнняў — „Зв.“), і замест перакінутых трох баявых брыгадных групаў рэальна цяпер засяродзілася ў Германіі, Польшчы адна баявая брыгадная група», — растлумачыў начальнік разведупраўлення. Праз каранавірус адменены чатыры вучэнні, і Павел Ціханаў мяркуе, што гэта не апошнія змяненні на актыўным этапе аперацыі.

«Нас не можа не хваляваць, калі ў нас блізка ад межаў знаходзяцца групоўкі ўзброеных сіл. Але разам з тым мы праводзім планавыя мерапрыемствы, адпрацоўваюцца планава ўсе пытанні ва Узброеных Сілах. Усё ажыццяўляецца планава», — падкрэсліў Павел Ціханаў.

Варвара Марозава

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».