Вы тут

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?


Прадпрымальнiк i iнвалiд 3-й групы вырашыў набыць будынак для свайго прадпрыемства. Купiў яго на аўкцыёне за адну базавую велiчыню. I збiраўся адразу ж пачаць вытворчасць. Аднак высветлiлася, што гэта немагчыма: у прыватнасцi, у памяшканнях адсутнiчае электраправодка, зрэзаны батарэi i ацяпляльны кацёл. Перамовы з былым уласнiкам, якi адказваў за захаванасць маёмасцi, плёну не прынеслi. Больш за тое, ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак, бо ў яго — свая праўда.


Запатрабаваная прадукцыя

Той самы будынак Старагуткоўскай бiблiятэкi-клуба.

— Наша кампанiя — навукова-вытворчая ўкараняльная арганiзацыя «Бяспечнае жыццё» — з'яўляецца распрацоўшчыкам унiкальных вырабаў, запатэнтаваных на тэрыторыi Беларусi i Расii, — расказвае яе дырэктар Дзмiтрый Захарэвiч. — Я iнвалiд, перанёс iнфаркт мiякарда i клiнiчную смерць. I мы ствараем рабочыя месцы для людзей з iнвалiднасцю — iмкнёмся, каб iх было да 100 %. Гэта маё жыццёвае крэда. Прымаем iнвалiдаў па праграме адаптацыi.

Прадукцыя прадпрыемства сацыяльна-значная. Гэта матрацы з напаўняльнiкам, якi не гарыць, для бальнiц, дамоў-iнтэрнатаў, дзiцячых лагераў, падушкi ў iнвалiдныя крэслы, шматразовыя падгузнiкi, шматразовыя жаночыя пракладкi, у тым лiку i ўралагiчныя.

Па словах Дзмiтрыя Захарэвiча, атрымаць памяшканне ў арэнду для прадпрыемства, дзе працуюць iнвалiды, складана. Згодна з Указам Прэзiдэнта № 150 «Аб некаторых пытаннях арэнды i бязвыплатнага карыстання маёмасцю» прадпрыемствам, дзе працуе больш за палову iнвалiдаў, iльгацiруецца арэндная плата, у прыватнасцi, да iх прымяняецца панiжальны каэфiцыент.

— У рэальнасцi арандаваць памяшканне амаль немагчыма, бо калi даведваюцца, што будзе працаваць такое прадпрыемства, адразу адмаўляюць. Тлумачаць тым, што падаткi давядзецца заплацiць большыя, чым атрымаюць ад арэнднай платы. Але ж калi будынак прастойвае, ён усё роўна патрабуе эксплуатацыйных расходаў, i падаткi яны таксама плацяць, — аргументуе субяседнiк.

Камень спатыкнення

У вераснi мiнулага года Дзмiтрый Захарэвiч набыў на аўкцыёне за адну базавую велiчыню будынак. Гэта былая бiблiятэка-клуб у вёсцы Стары Гуткоў Слуцкага раёна.

— Мы звярнулiся ў Слуцкi райвыканкам па прамых тэлефонных лiнiях. Аддзел эканомiкi даслаў мне прапановы, скiнуў фотаздымкi. Мяне ўсё задаволiла. А паколькi праз два-тры днi меў адбыцца аўкцыён, будынак я не паспяваў паглядзець.

Такiм чынам, кампанiя «Бяспечнае жыццё» Дзмiтрыя Захарэвiча набыла асобна стаячы аднапавярховы будынак Старагуткоўскай бiблiятэкi-клуба 1962 года — пабудовы з дзвюма прыбудовамi агульнай плошчай 237,8 кв. м — без папярэдняга агляду.

— Мы выканалi ўсе ўмовы аўкцыёну, цалкам прайшлi працэдуру. Заключылi дамову куплi-продажу. Будынак быў у распараджэннi аддзела iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Слуцкага райвыканкама. Калi паехаў глядзець будынак, ён аказаўся папросту разрабаваны! Зрэзаны батарэi i ацяпляльны кацёл, знiшчана ўся электраправодка. Тым часам у тэхпашпарце значыцца кацельня, а гэта сiстэма ацяплення. Яе наяўнасць нават не павiнна агаворвацца аўкцыённымi дакументамi. Гэта недзялiмае цэлае.

Але адмаўляцца ад набытку Дзмiтрый Захарэвiч не стаў. Са слоў прадпрымальнiка, дагавор куплi-продажу быў зарэгiстраваны 17 кастрычнiка, поўная аплата зроблена 4 лістапада. На працягу 10 дзён з моманту аплаты яму павiнны былi перадаць будынак — тэхпашпарт i ключы па акце прыёмкi-перадачы.

— У дагаворы пазначана, што я набыў яшчэ i прыбiральню (надворную пабудову), дарожку i агароджу. Калi я прыехаў на месца, прыбiральнi не аказалася, дарожка — не ў той колькасцi, што ў дагаворы, агароджа часткова разабраная. Я патрабаваў указаць у акце прыёмкi дарожку, прыбiральню i агароджу, а таксама каб былi ўказаны адзiнкi вымярэння. Склалi яшчэ адзiн акт, але дарожка павiнна вымярацца ў метрах квадратных, а не ў штуках, агароджа — у метрах квадратных. У вынiку акт мне дагэтуль так i не прадставiлi.

Акт прыёмкi-перадачы i стаў каменем спатыкнення, ён дагэтуль так i не падпiсаны. Так цi iнакш, каб пачаць фiнансава-гаспадарчую дзейнасць, Дзмiтрый Захарэвiч зарэгiстраваў у Старым Гуткове юрыдычны адрас свайго прадпрыемства. I паралельна звярнуўся ў праваахоўныя органы, каб высветлiць, куды ж знiкла частка маёмасцi.

— У ходзе праведзенага 17.12.2019 агляду ўстаноўлена, што ў гаражным боксе ў гарадскiм парку Слуцка, а гэта як мiнiмум за 30 кiламетраў ад майго будынка, захоўваецца чыгунны кацёл. Праведзеным аглядам дакладна iдэнтыфiкаваць кацёл не ўяўляецца магчымым з прычыны адсутнасцi на iм тлумачальных надпiсаў, — зачытвае адказ з УБЭЗ суразмоўца. — Аказваецца, кацёл узялi для захоўвання. I яго, дарэчы, мне дагэтуль не вярнулi. З тлумачэння былога загадчыка матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння Слуцкай раённай бiблiятэкi вынiкае, што на момант закрыцця будынка ў 2014 годзе з яго вывезлi ўсю маёмасць.

Па фактах крадзяжу радыятараў i электраправодкi РАУС правёў праверку, па вынiках якой вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэннi крымiнальнай справы, бо кошт маёмасцi не перавысiў 10 базавых велiчынь. Такi адказ прадпрымальнiка не задаволiў.

— У будынку парушана ўся сiстэма ацяплення. I для таго, каб яе цяпер аднавiць, патрэбны дзясятак тысяч долараў, бо гэта ж прамысловае прадпрыемства, — канстатуе Дзмiтрый Захарэвiч.

Не знайшоўшы паразумення з пакупнiком, былы ўласнiк будынка — а гэта аддзел iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Слуцкага райвыканкама — падаў у суд iскавую заяву, каб у аднабаковым парадку скасаваць дагавор куплi-продажу.

— Калi здзелка будзе скасавана, прадпрыемства не зможа працаваць. А мы ўжо гатовы — пачнём за пару дзён. Я гатовы абсталяваць рабочыя месцы i вырабляць прадукцыю, — сцвярджае прадпрымальнiк. — З'явяцца сродкi, i паступова можна будзе рабiць нейкi рамонт, аднаўляць будынак. Грошы пачнуць паступаць у бюджэт. Але пакуль мне не перадалi нi ключы, нi тэхнiчны пашпарт, а прапануюць падпiсаць беставарны акт прыёмкi-перадачы. Хацелася б вырашыць пытанне мiрна, а не закрываць прадпрыемства. Але былы ўласнiк заняў прынцыповую пазiцыю: скасаваць здзелку любой цаной.

«Пытанне вырашаецца ў судовым парадку»

Па каментарый «Звязда» звярнулася ў аддзел iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Слуцкага райвыканкама. Вось што нам адказаў начальнiк аддзела Мiхаiл Варабей:

— Будынак Старагуткоўскай бiблiятэкi-клуба не выкарыстоўваецца з 2014 года. На працягу 2015—2019 гадоў ён неаднаразова выстаўляўся на продаж з аўкцыёну камiтэтам «Мiнскаблмаёмасць». На падставе вынiкаў аўкцыёну ад 24 верасня 2019 года з ТАА «НВУА «Бяспечнае жыццё» быў заключаны дагавор куплi-продажу № 1 ад 03.10.2019 г. Цана продажу вызначана па вынiках таргоў i склала 26,78 рубля.

Прадметам дагавора з'яўляецца будынак Старагуткоўскай бiблiятэкi-клуба з дзвюма прыбудовамi, дарожкай i агароджай, агульнай плошчай 237,8 кв. м, 1962 года пабудовы, аднапавярховы, асобнастаячы, размешчаны па адрасе: Мiнская вобласць, Слуцкi раён, Вясейскi сельсавет, вёска Стары Гуткоў, вул. Цэнтральная, 32.

Дагавор куплi-продажу зарэгiстраваны пакупнiком 17.10.2019 г. Поўная аплата цаны продажу аб'екта ажыццёўлена 04.11.2019 г.

У адпаведнасцi з умовамi дагавора на працягу 10 рабочых дзён пасля прадастаўлення пакупнiком плацежных дакументаў аб поўнай аплаце цаны продажу аб'екта прадавец абавязуецца перадаць аб'ект пакупнiку, а пакупнiк абавязуецца прыняць аб'ект ва ўласнасць у адпаведнасцi з актам прыёму-перадачы.

Акты прыёму-перадачы асноўных сродкаў прадастаўлены Таварыству з абмежаванай адказнасцю «Бяспечнае жыццё» i ў цяперашнi момант таварыствам не падпiсаны.

Дагавор арэнды зямельнага ўчастка № 54/19 ад 03.09.2019 г. таварыствам «НВУА «Бяспечнае жыццё» не зарэгiстраваны.

Па стане на 24.03.2020 г. будынак Старагуткоўскай бiблiятэкi-клуба знаходзiцца ва ўласнасцi Слуцкага раёна i належыць на праве аператыўнага кiравання аддзелу iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Слуцкага райвыканкама.

На гэты момант пытанне аб скасаваннi дагавора вырашаецца ў судовым парадку.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Будынак разладу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.