Вы тут

Вольга Глухоўская: Людзі перастаюць быць летуценнікамі


Кніжная крама — месца асаблівае. Традыцыйна сюды завітваюць не толькі па ўпадабаную кнігу, а па эмоцыі, якія выклікае сустрэча са светам літаратуры, па атмасферу, якую не заменяць інтэрнэт-пляцоўкі. Сваімі думкамі пра сферу кнігавыдання і літаратуру ўвогуле з карэспандэнтам «ЛіМа» падзялілася Вольга Глухоўская, якая на працягу больш чым дзесяці гадоў кіруе кніжнай крамай «Акадэмкніга» і для якой кнігі сталі паўсядзённым жыццём.


Фота Кастуся Дробава

Аўтограф-сесіі — Любы аўтар мае магчымасць выступіць, сустрэцца з  чытачамі ў «Акадэмкнізе». Хоць і не вельмі часта, але ёсць пакупнікі, якія выказваюць меркаванне, маўляў, на прэзентацыю таго ці іншага аўтара яны б не пайшлі. Але, на маю думку, гэтая пазіцыя памылковая, таму што кожная аўтографсесія карысная, бо чытач, журналіст, тая ці іншая грамадская арганізацыя могуць завітаць на мерапрыемства і выстветліць для сябе нейкія пытанні, выказаць заўвагі. Але хочацца, каб тэмай дыскусіі была ўсё ж творчасць, а не пытанні асабістага жыцця ці палітычныя погляды.

Тым не менш галоўнае — тое, што цікавіць чытача. У чым прывабнасць аўтограф-сесій, дык якраз у пачуцці блізкасці творцы. Пісьменнікі перасталі быць далёкімі багамі. Закрыты пісьменнік, які пазбягае сустрэч і зносінаў, у тым ліку ў сацыяльных сетках, як правіла, сёння не цікавы чытачам. Увогуле, самыя распаўсюджаныя пытанні на аўтограф-сесіі, істотныя і для аўтара, — пытанні пра герояў, падзеі ў творы. Людзі хочуць даведацца, які сэнс заклаў пісьменнік у тую ці іншую частку кнігі, разгадаць нейкія загадкі, асабліва ў выпадку фэнтэзі. Усё ж для іх важна, ці правільна яны зразумелі сэнс. Адно — што сказаў пра кнігу крытык, і зусім іншае — меркаванне творцы.

Аўтограф-сесія — падзея непрадказальная. Колькі прыйдзе гасцей і колькі кніг будзе прададзена — кожны раз загадка. Бываюць і абсалютна правальныя сустрэчы, але ўсё адно яны карысныя для журналістаў, для камунікацыі крамы і выдаўцоў ды аўтараў. Сумесна абмяркоўваем тое, чаму сустрэча непаспяховая і як дзейнічаць далей. Найбольш паспяховыя сустрэчы з вельмі запатрабаванымі аўтарамі, аўтограф-сесіі якіх праходзяць не так часта. Адна з такіх (якую з-за вялікай колькасці людзей арганізатарам давялося прыпыніць) — візіт папулярнага польскага пісьменніка Януша Вішнеўскага. Заўсёды шмат чытачоў прыходзіць на сустрэчы з Андрэем Горватам. Калі ён напісаў першую кнігу, то прыняў рашэнне прадаваць яе толькі ў  Купалаўскім тэатры. Але прайшоў час, і кніга з’явілася ў нас. Другі твор чамусьці не апраўдаў чаканняў крытыкаў. Але кніга купляецца, людзям цікава сачыць за героем гэтага аўтара. Яго душэўнасць і  любоў да Беларусі знаходзяць водгук у вялікай колькасці чытачоў.

Фестывальнае жыццё

— Немагчыма правесці тое ці іншае мерапрымства абсалютна так, як папярэдняе. Кожны фестываль і кніжная выстаўка маюць свае плюсы і мінусы. Што тычыцца Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, за апошнія два гады яна стала значна лепшай. І ў першую чаргу  — цікавейшай менавіта для наведвальнікаў. Гэта дэманструе колькасць гасцей, што завітваюць на свята. Такі поспех дасягаецца толькі дзякуючы сумеснай дзейнасці і добрай рэкламе. На жаль, цяпер мала ў каго, у  тым ліку за межамі Беларусі, ёсць сродкі для платнай рэкламы ў СМІ. Без інфармацыйнай падтрымкі саміх пісьменнікаў вельмі складана сабраць публіку. Усё ж варта быць прыхільнікам стасункаў са сваімі чытачамі. А  яны, як правіла, зацікаўлены ў кніжных фестывалях, такіх як ММКВК, «Прадмова», «Горад і  кнігі». Сёлета Міністэрства інфармацыі Беларусі плануе арганізаваць чарговы фестываль у Мірскім замку. Плануецца 15—16 мая і першы фестываль падлеткавай літаратуры ад тандэму «Прадмова» — «Горад і  кнігі». Спадзяюся, што гэта будзе пазнавальнае мерапрыемства, хоць не кожнае адразу становіцца паспяховым. Трэба даць магчымасць рэалізавацца і прааналізаваць, што зроблена і чаго не хапіла.

Крама і кнігі

— Як у чалавека, што ўсё жыццё працуе з кнігамі, у мяне ёсць жаданне, каб выданні паўсюль каштавалі аднолькава, каб выдаўцы, як гэта робіцца ў Германіі, прапаноўвалі фіксіраваны кошт. Другое пытанне, што колькасць прададзеных экзэмпляраў  — гэта інструмент унутранага маркетынгу. Той жа інструмент  — складанне рэйтынгаў. Гэта здаровая рэклама, да таго ж тут усё вельмі суб’ектыўна.

Мы імкнёмся, каб максімальную колькасць паліц у краме займала беларуская літаратура. На мой погляд, яна перажывае сёння адраджэнне, таму што развіваюцца плыні і кірункі, якія былі забыты ці не знайшлі свайго адлюстравання, у адрозненне ад сусветнай літаратуры. Але некаторыя расійскія выдавецтвы адкрываюць у Беларусі свае франшызы, канкурыраваць з якімі мы не ў стане. Адзінае, што можа нам дапамагчы, — максімальны продаж кніг на беларускай мове, і не толькі мастацкіх. Зноў жа, гэта неабходны складнік развіцця беларускай культуры і мовы. Але патрэбны моўны баланс. Яшчэ 15—20 гадоў таму гэтыя суадносіны выглядалі як 10 % беларускамоўнай літаратуры і 90 % рускамоўнай. Сёння гэты баланс дастаткова пазітыўны, хоць рускамоўныя кнігі дамінуюць з лагічных прычын, напрыклад, вялікіх тыражоў і больш таннай паліграфіі. Але ў «Акадэмкнізе» больш за 60 % аб’ёмаў продажу — кнігі беларускай вытворчасцi, у тым лiку і на роднай мове. Мяркую, што з часам сітуацыя выраўняецца і ў іншых кніжны крамах.

На жаль, сёння побач з «Акадэмкнігай», на праспекце Незалежнасці, знаходзяцца ўстановы, якія не даюць дадатковага прытоку людзей. Але ўвогуле лагістыка не дазваляе казаць пра змену месцазнаходжання крамы, якая мае сваё імя, індывідуальнасць, стала своаесаблівым брэндам.

Сёння і заўтра

— Зараз такая сітуацыя, калі нават не літаратуры, а чытанню неабходна падтрымка. Трэба далучаць — у першую чаргу моладзь — да чытання. У нейкай ступені гэта можа быць дапамога літаратурных суполак, бо ўсё ж іх місія — стварэнне літаратуры.

Па іх назіраннях, шмат моладзі адмовілася ад чытання кніг. Здаецца, мы не да канца ацанілі некаторыя з’явы аб’ектыўнай рэальнасці, увайшоўшы ў эру лічбавай залежнасці. Людзі перастаюць быць летуценнікамі і фантазёрамі, яны становяцца візуаламі. І, на жаль, у большай ступені так адбываецца з дзецьмі. Пра гэта кажуць псіхолагі і настаўнікі, але іх пачуюць не хутка. Я таксама стала чытаць нашмат менш, адчуваю недахоп гэтага. Можа, людзі змогуць адаптавацца да новай рэчаіснасці?.. Лічу, што рызыкуем згубіць пэўны пласт культуры, частку ладу жыцця.

Сама ніколі не прымушала дзяцей чытаць, бо ўпэўнена, што нічога нельга навязваць. Вядома, мне хочацца, каб яны ў прынцыпе нешта чыталі. Хтосьці з  дзяцей любіць рабіць гэта з дзяцінства. Хтосьці ўвогуле не імкнуўся да чытання. У такім выпадку раю ўсім бацькам ісці на кампраміс: наведаць разам з дзецьмі кніжную краму ці хаця  б інтэрнэт-краму, каб яны змаглі самі выбраць, што даспадобы. Няхай будзе нечаканае выданне, набываць якое хочацца не зусім. Але гэта неабходнасць, сапраўдны стымул. Даволі часта дзецям нецікава тое, што прапаноўваюць дома ці ў школе, асабліва доўгія сур’ёзныя тэксты. А  вось тое, што раяць сябры, яны прачытаюць з большай верагоднасцю. І, вядома, нікуды без асабістага прыкладу бацькоў!..

Запісала Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».