Вы тут

Ці патрэбныя камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы пры сельвыканкамах?


Меркаванні на гэты конт былі розныя. Адны сцвярджалі адназначна — без іх не абысціся, бо гэтыя структуры выконвалі рознастайныя работы для вясковых жыхароў. Вясной і ўвогуле не было адбою ад кліентаў: заараць участак, пасадзіць бульбу, абкасіць тэрыторыю. Восенню — дапамагчы сабраць ураджай, зімой — пачысціць ад снегу дарогі, адпампаваць каналізацыю. Іншыя кіраўнікі выказвалі сумненне ў іх эфектыўнасці, маўляў, выдаткі на ўтрыманне значныя, а прыбыткі малыя.


Найбольш КУПаў было ў Мінскім раёне. Гэта і зразумела: тут пражывае больш за 200 тысяч вясковага насельніцтва, вакол сталіцы шмат дач, садовых таварыстваў. Але летась рашэннем Мінскага райвыканкама гэтыя структуры перададзены УП «Мінрайгаррамаўтадар». Што ж памянялася для людзей? Па сутнасці, нічога, лічыць намеснік дырэктара прадпрыемства Вера Красоўская. Яны аказваюць для жыхароў Міншчыны тыя ж паслугі, што і раней на платнай аснове. У некаторых КУПах налічвалася па пяць трактарыстаў, дырэктар, бухгалтар, якім неабходна было плаціць зарплату, а яшчэ — абслугоўваць, рамантаваць тэхніку, што цягнула за сабой дадатковую фінансавую нагрузку.

— Мы ўсе КУПы на тэрыторыі раёна аб'ядналі ў шэсць участкаў, якія аказваюць насельніцтву ранейшыя паслугі. Аптымізавалі адміністрацыйны апарат, а штат работнікаў, наадварот, павялічылі, — кажа Вера Аляксандраўна.

Намеснік старшыні Міханавіцкага сельвыканкама Таццяна Вітушка лічыць, што КУП, які ў іх дзейнічаў, доўга дапамагаў аказваць паслугі жыхарам. І тэрыторыі агульнага карыстання яго работнікі абкошвалі, і прыватныя землі, аралі прысядзібныя ўчасткі, саджалі і капалі бульбу. Цяпер сельвыканкамы заключаюць дагаворы са спецыялізаванымі арганізацыямі на добраўпарадкаванне. А як быць жыхарам? Нядрэнна было б заключаць дагавор з імі і на абслугоўванне прыватных падворкаў.

Насельніцтва старэе, і той жа бабульцы цяжка цяпер прыйдзецца без дапамогі КУПа, канстатуюць у Крупіцкім сельвыканкаме. Сельгасарганізацыі аказваюць паслугі прыватным гаспадаркам пасля заканчэння вясновых палявых работ або толькі сваім работнікам і пенсіянерам, якія тут працавалі. Астатнія катэгорыі насельніцтва застаюцца нібыта ўбаку і вымушаны звяртацца да прыватніка, у якога і расцэнкі вышэйшыя, чым у КУПаў, і разлічвацца трэба адразу пасля выканання заказаў. У вёсцы жывуць не самыя багатыя людзі, і сельвыканкамы давалі ім адтэрміноўку плацяжоў да атрымання пенсіі або зарплаты.

Больш за дзесяць гадоў дзейнічаў КУП пры Цімкавіцкім сельвыканкаме Капыльскага раёна. З'явіўся ён дзякуючы намаганням старшыні сельскага Савета дэпутатаў Алены Острыкавай. А наладзіць яго работу было вой як няпроста! Алена Мечыславаўна ахвяравала асабістым часам, ёй даводзілася быць і менеджарам, і пастаўшчыком запчастак, і бухгалтарам. Не стала менш клопатаў і тады, калі работа нарэшце была наладжана. Разумею сваіх калег, якія не хочуць ствараць такія ўнітарныя прадпрыемствы, браць на сябе дадатковую нагрузку — як фізічную, так і фінансавую, казала калісьці пры сустрэчы Алена Мечыславаўна.

Сёння ў яе на гэтае пытанне неадназначны пункт гледжання. Сельскія жыхары старэюць, менш трымаюць хатняй жывёлы, змяншаюць прысядзібныя ўчасткі, а значыць, і ў КУПаў менш работы. З другога боку, каб КУП эфектыўна працаваў, неабходна, каб была тэхніка. Утрымліваць яе ў спраўным стане нялёгка. На паліва, запчасткі патрэбныя немалыя выдаткі, а сродкаў не хапала. Акрамя таго, з 2015 года для
КУПаў адмянілі спрошчаную сістэму падаткаабкладання, і яны плацілі па такой жа схеме, як і ўсе іншыя суб'екты гаспадарання.

Праблема яшчэ і ў тым, што работа ў КУПаў сезонная — найбольшая нагрузка прыпадала на вясну і лета. Зімой яны практычна прастойвалі. А тым часам трэба было плаціць зарплату работнікам, хоць і невялікую.

Так што камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы патрэбны, але, магчыма, не пры сельвыканкамах. У свой час некаторыя кіраўнікі выказвалі прапановы арганізаваць такія падраздзяленні пры мясцовых сельгасарганізацыях або на базе жыллёва-камунальных гаспадарак, якія датуюцца дзяржавай. Таму рашэнне перадаць іх у «Мінрайгаррамаўтадар» — адно з выйсцяў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Прыбыткі малыя, выдаткі вялікія.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.