Вы тут

Дапамога асабістым падсобным гаспадаркам — у дзяржаўным прыярытэце


Матывы вядзення вяскоўцамі асабістай прысядзібнай гаспадаркі агульнавядомыя. Раней ад працы на зямлі не адно стагоддзе наўпрост залежала жыццё сялянскай сям'і. Цяпер не тыя ўжо часы, і не тыя ўжо вяскоўцы, і не тыя ў іх адносіны да вядзення прысядзібнай справы. Сёння кіраўнікі некаторых вядомых і заможных гаспадарак нават ганарацца тым, што іх працаўнікі і малако, і мяса, і мясамалочныя прадукты мясцовай вытворчасці купляюць у магазінах цэнтральнай сядзібы па прымальных цэнах, а вечарам ходзяць у басейн, клуб. Добрая зарплата дазваляе так жыць. Няхай і так.


Узнікае пытанне: а якая тады сёння матывацыя ў дзяржавы падтрымліваць вясковыя падворкі, заахвочваць іх гаспадароў трымаць кароў, гадаваць бычкоў і іншую жывёлу, птушак і г. д.? Здавалася б, адзін жывёлагадоўчы комплекс замяняе сотні хлеўчукоў, а на палях шчыруе такая сучасная і магутная тэхніка. Навошта саджаць за хатай бульбу, іншую агародніну пад каня ці мотаблок звыш патрэб для сям'і? Аднак не ўсё так проста. Як кажуць, сапраўдны маштаб бачыцца на адлегласці.

Унёсак па-ранейшаму ўнушальны

Давайце паглядзім, ці вялікі ўнёсак прыватнага сектара вясковых падворкаў у нашым класічным разуменні ў агульныя засекі краіны. Спачатку трохі актуальнай інфармацыі — будзе шмат лічбаў, але без іх не абысціся. Па звестках Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, на 1 студзеня 2020 года ў Беларусі налічвалася 967,3 тысячы асабістых падсобных гаспадарак. Больш за ўсё ў Мінскай вобласці — 271,6 тысячы. А найменш у Магілёўскай — 103,7 тысячы. Летась агульная пасяўная плошча ў асабістых падсобных і іншых гаспадарках насельніцтва склала 404,9 тысячы гектараў. Заўважце, у тым ліку бульбы — 228,9 тысячы, агародніны — 45,9 тысячы, збожжавых і зернебабовых — 70,2 тысячы гектараў. Нагадаем, сярэднестатыстычная беларуская сельгаспадарка мае прыкладна тры тысячы гектараў. Можна падлічыць, колькі калгасаў, кажучы па-савецку, замяняюць прыватныя вясковыя гаспадары.

Яны, па звестках на 1 студзеня бягучага года, утрымлівалі буйной рагатай жывёлы 74,1 тысячы галоў, у тым ліку кароў — 55,9 тысячы, свіней — 306,8 тысячы, птушак усіх відаў — 4545,9 тысячы, авечак — 55,5 тысячы, нават коней — 22 тысячы. Зразумела, лічбы не касмічныя, але ўсё ж...

Як вынік, падворкі здаюць дзяржаве многія тысячы тон малака і мяса, садавіны і агародніны. Хоць у апошнія гады намецілася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння долі вясковых гаспадарак у аб'ёме вытворчасці сельгаспрадукцыі, аднак у 2019 годзе насельніцтвам краіны выраблена прадукцыі сельскай гаспадаркі на суму 3,6 мільярда рублёў, ці 17,3 % ад усёй вытворчасці ў краіне.

І гэта пры тым, што вядзенне асабістых гаспадарак па вытворчасці, перапрацоўцы і рэалізацыі вырабленай імі сельгаспрадукцыі не адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці. Яны ў першую чаргу — сродак самазабеспячэння харчаваннем, дадатковая крыніца даходаў сельскіх жыхароў. Разам з тым іх унёсак ва ўмацаванне харчовай бяспекі краіны і занятасці насельніцтва даволі значны, лічаць
у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.

Рознабаковая падтрымка

Калі прайсці па ланцужку ад пачатку вядзення прысядзібнай гаспадаркі і да яе фінальнай стадыі — продажу лішкаў прадукцыі, то ўбачым, што на кожным этапе ў краіне выпрацавана, няхай і не без хіб і недахопаў, свая пэўная сістэма падтрымкі прысядзібных гаспадарак. Іх вядзенне рэгулюецца Законам «Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян», Кодэксам аб зямлі і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі. Пытанні развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак знаходзяцца на пастаянным кантролі, разглядаюцца на пасяджэннях калегіі Мінсельгасхарча, мясцовых органаў улады, выканаўчых камітэтаў.

Каб заахвоціць павелічэнне вытворчасці прадукцыі ў асабістых гаспадарках, штогод устанаўліваюцца памеры надбавак да закупачных цэн. Сёлета, напрыклад, насельніцтва атрымлівае надбаўку за кілаграм каровінага малака базіснай тлустасці ў памеры сем капеек, а за кілаграм маладняку буйной рагатай жывёлы жывой вагой да 100 кг — 70 капеек. Акрамя гэтага, у бягучым годзе насельніцтву даплачваюць 5,4 рубля за кілаграм воўны, якая здаецца ў спажыўкааперацыю, і 2,9 рубля за кілаграм жывой вагі авечак.

Спажывецкая кааперацыя летась рэалізавала ўладальнікам прысядзібных гаспадарак насення агароднінных культур на 1,1 мільёна рублёў. Толькі насеннай бульбы было рэалізавана 140 тон, цыбулі-сеянкі — 142 тоны, саджанцаў пладова-ягадных дрэў — каля 1,8 тысячы штук.

Сёння вяскоўцам нескладана абзавесціся маладняком прадукцыйных парод буйной рагатай жывёлы, авечак, коз, свіней і г. д. Сітуацыя з забеспячэннем кармамі гаспадароў прысядзібных гаспадарак у цэлым нармальная.

Ветэрынарная дапамога прысядзібным гаспадаркам таксама на ўзроўні. Ва ўсіх рэгіёнах на пастаяннай аснове аказваюцца ветэрынарныя паслугі дыягностыкі, прафілактыкі захворванняў і лячэння жывёл.

Крэдытная гісторыя

Для развіцця і вядзення асабістай гаспадаркі на сучасным узроўні патрэбны грошы. Не ў кожнай вясковай сям'і яны ёсць у дастатковай колькасці. Акрамя карэнных сельскіх жыхароў усё больш робіцца так званых новых вяскоўцаў. Цяпер нярэдка сем'і з Мінска, іншых буйных і сярэдніх гарадоў пераязджаюць у вёску і часам эфектыўна працуюць на зямлі, развіваюць нават экзатычныя віды гаспадарання. На якую фінансавую дапамогу сельскія жыхары могуць разлічваць і ад каго?

Сёння яны маюць права атрымліваць крэдыты, напрыклад, у «Белаграпрамбанку». У ім створаны Спецыяльны фонд сацыяльных праектаў на вёсцы. Ён выдае льготныя крэдыты пад 5 % гадавых для вядзення асабістых падсобных гаспадарак. Мінімальная сума крэдыту адной гаспадарцы — 200 рублёў, максімальная — 2000 базавых велічынь.

Нагадаем тэрміны выдачы крэдытаў. Да трох гадоў — на набыццё сельскагаспадарчай жывёлы, у тым ліку птушкі, сем'яў пчол, пчаліных матак, вулляў, медагонак. Да пяці гадоў — на набыццё пасадачнага матэрыялу пладовых і ягадных раслін, абсталявання па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама парнікоў і цяпліц, на развіццё інфраструктуры: газіфікацыю, электрыфікацыю, водазабеспячэнне, добраўпарадкаванне каналізацыі. Да сямі гадоў — на набыццё трактароў, сельскагаспадарчых машын і абсталявання айчыннай вытворчасці.

Такія вось асаблівасці назіраюцца ў сферы прысядзібнага гаспадарання ў краіне. Лічбы і факты, з якімі падзялілася з рэдакцыяй Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, сведчаць пра тое, што роля вясковых падворкаў у забеспячэнні харчовай разнастайнасці жыхароў нашай краіны значная і вартая ўсялякай падтрымкі мясцовымі ўладамі.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.