Вы тут

На камвольным камбінаце распрацавалi адмысловую стратэгiю прыцягнення ўвагi пакупнiка


Каб павысiць попыт на прадукцыю ААТ «Камволь», тут распрацавалi адмысловую стратэгiю прыцягнення ўвагi пакупнiка

З тым, якiя вынiкi прынесла праведзеная не так даўно мадэрнiзацыя прадпрыемства, што хвалюе калектыў i перспектывамi далейшага развiцця вытворчасцi, пазнаёмiлася старшыня Савета Рэспублiкi, упаўнаважаная па горадзе Мiнску Наталля КАЧАНАВА, якая наведала гэтае адкрытае акцыянернае таварыства ў сераду, 25 сакавiка.


Быць у трэндзе

Нагадаем, што ў 2017 годзе, згодна з указам Прэзiдэнта краiны, на камбiнаце праводзiліся мадэрнiзацыя i рэканструкцыя новай вытворчасцi па выпуску канкурэнтаздольных тканiн бiзнес- i эканомкласаў. Маштабная мадэрнiзацыя завяршылася, i на сёння прадпрыемства можа прапанаваць спажыўцам шырокi асартымент тканiн розных вiдаў: для дзелавых касцюмаў, прывабных сукенак, модных спаднiц i гэтак далей. Калектыў прадпрыемства — а гэта 760 чалавек — цяпер працуе ў двухзменным рэжыме. Попыт на прадукцыю ёсць, але, акрамя выпуску тканiн, трэба быць у трэндзе модных тэндэнцый i запатрабаванняў рынку, каб адпавядаць сучасным густам. Менавiта выпуск гатовай швейнай прадукцыi — а такую задачу паставiў кiраўнiк дзяржавы — дазваляе арыентавацца ў спажывецкiх запытах, а таксама вырабляць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, што, безумоўна, адбiваецца на росце даходаў акцыянернага таварыства. Так з'явiлася iдэя самастойнага пашыву моднай прадукцыi са сваiх тканiн i, адпаведна, арганiзацыi новага кiрунку на камбiнаце — работы дызайн-цэнтра.

— Прадпрыемству была пастаўлена задача не проста выпусцiць тканiну — прадукцыя павiнна быць з высокай дабаўленай вартасцю, — звярнула ўвагу ў размове з журналiстамi Наталля Качанава. — Гэта значыць, што павiнна быць не сыравiна, не матэрыялы, а канчатковы прадукт, якi будзе вырабляцца з тканiн. Зразумела, гэта ўплывае i на заробкi людзей, якiя тут працуюць, i на эфектыўнасць работы прадпрыемства.

Спiкер верхняй палаты парламента пазнаёмiлася з работай дызайн-цэнтра, якi запрацаваў сёлета i ўжо рыхтуе калекцыi моднага адзення да будучага асенне-зiмняга сезона 2020/2021. Малады спецыялiст Iнэса Акулiч, якая працуе тут пасля заканчэння Акадэмii мастацтваў, увасабляе ў жыццё самыя яркiя iдэi. Дзяўчына прыйшла сюды па размеркаваннi i кажа, што падабаецца ўсё: калектыў, умовы, магчымасць самарэалiзацыi.

Кiраўнiк дызайн-цэнтра Эльвiра Жвiкава расказала аб тым, што зараз у распрацоўцы i дзе ўсю гэтую прыгажосць можна будзе набыць:

— Сёлета мы рэалiзуем стартап лiнii мужчынскага адзення: рыхтуем калекцыю прыгожай дзелавой вопраткi, якая будзе складацца прыкладна з 30 мадэлей, — паведамiла яна. — У жнiўнi—вераснi плануем адкрыць адмысловы магазiн у сталiцы.

Што датычыцца доўгатэрмiновых планаў дызайн-цэнтра, фэшн-дызайнер сцвярджае, што галоўная мэта — радыкальна змянiць стаўленне да айчыннага прадукту, то-бок пераканаць спажыўцоў у якасцi, камфорце i актуальнасцi тавараў беларускага легпрама. Што цалкам адпавядае дэвiзу палiтыкi прадпрыемства ў галiне якасцi: «Вытворцаў шмат — спажывец адзiн», таму арыентуюцца тут на запатрабаваннi спажыўца.

Дарэчы, рыхтуецца i жаночая калекцыя адзення: цяпер у распрацоўцы спецыялiстаў дызайн-цэнтра знаходзiцца больш за 100 артыкулаў тканiн на любы густ.

Жыллё, садкi i добраўпарадкаванне

Усё вышэйпералiчанае — гэта, так бы мовiць, далейшыя перспектывы прадпрыемства: кароткатэрмiновыя i доўгатэрмiновыя. Аб тым, што на сённяшнi момант хвалюе калектыў, Наталля Качанава пацiкавiлася ў адным з цэхаў ААТ «Камволь».

Маладыя людзi, якiх на прадпрыемстве працуе больш за 30 %, пацiкавiлiся далейшым лёсам другога ведамаснага iнтэрната, што павiнен быць пераведзены ў статус дома кватэрнага тыпу. Першы, дарэчы, здалi ў эксплуатацыю яшчэ ў 2010-м, i работнiкi прадпрыемства атрымалi магчымасць пераехаць у свае кватэры. У адносiнах да другога пяцiпавярховага ведамаснага iнтэрната, якi знаходзiцца побач на вулiцы Сонечнай, вырашылi пайсцi такiм жа шляхам. Нават распрацавалі ўжо праект рэканструкцыi пад шматкватэрны дом на 115 кватэр. Цяпер праектная дакументацыя знаходзiцца на разглядзе экспертызы. Разам з тым застаецца адкрытым пытанне адчужэння аб'екта па рэшткавым кошце, бо iнтэрнат эксплуатуецца з 1957 года.

Спiкер Савета Рэспублiкi даручыла адказным асобам разабрацца ў сiтуацыi i падрабязна пазнаёмiць з вынiкамi гэтага разгляду калектыў прадпрыемства.

Прагучала i пытанне недахопу месцаў у дзiцячых садках непадалёк ад прадпрыемства, бо аснову калектыву складаюць жанчыны, якiя спяшаюцца на работу i хацелi б завесцi малога ў садок як мага блiжэй да камбiната.

Як патлумачыў кiраўнiк адмiнiстрацыi Ленiнскага раёна Мiнска Пётр ШОСТАК, на сённяшнi момант у раёне функцыянуюць 47 дзiцячых дашкольных устаноў, але запатрабаванасць у месцах застаецца. Паводле планаў сталiчных улад, у Ленiнскiм раёне запланавана будаўнiцтва новага дзiцячага садка, разлiчанага на 190 месцаў. У эксплуатацыю аб'ект павiнен быць здадзены ў 2023 годзе.

Наталля Качанава даручыла раённай вертыкалi ўлады прааналiзаваць запатрабаваную колькасць месцаў у дзiцячых садках крокавай дасягальнасцi ад «Камволя» i праiнфармаваць калектыў аб магчымасцi ўладкаваць у iх дзяцей.

Узнiмалiся i пытаннi добраўпарадкавання набярэжнай Свiслачы ад вулiцы Аранскай да Дзянiсаўскай. Спiкер верхняй палаты парламента адзначыла, што добраўпарадкаванне — прыярытэтная задача ў Год малой радзiмы. З кiраўнiцтвам Мiнска вызначаны планы на бягучы год: колькi высадзiць дрэў, кустоў, кветак. Наталля Качанава даручыла ўключыць добраўпарадкаванне гэтага аб'екта ў сёлетнiя планы гарадскiх улад.

Кошт i якасць павiнны быць супастаўнымi

Падводзячы вынiкi наведвання прадпрыемства, Наталля Качанава ў размове з журналiстамi звярнула ўвагу на тое, што пасля завяршэння мадэрнiзацыi i з'яўлення сучаснага абсталявання «Камволю» неабходна выходзiць на зададзеныя параметры, вызначаныя iнвестыцыйным праектам.

— Iнвестпраект рэалiзаваны, цяпер трэба выпускаць тканiны больш сучасныя, добрай якасцi. Асартымент тут нядрэнны, але трэба, каб i кошт, i якасць былi супастаўнымi, — падкрэслiла яна, звярнуўшы ўвагу на тое, што ў сучасных умовах, калi вельмi няпроста канкурыраваць на рынку, ажыццяўляць экспартныя пастаўкi, у краiне павiнна быць прадукцыя высокай якасцi i па прымальным кошце. Тым больш што ў нас шмат прадпрыемстваў лёгкай прамысловасцi, якiя выкарыстоўваюць тканiну, i вельмi важна, каб сыравiна для iх была айчыннай вытворчасцi.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.