Вы тут

Шкадаванне, разгубленасць і радасць. Як спартсмены адрэагавалі на перанос Алімпійскіх гульняў


Алімпійскія гульні ў Токіа пераносяцца на наступны год. Такое рашэнне прынята Міжнародным алімпійскім камітэтам па ўзгадненні з аргкамітэтам «Токіа-2020» і ўрадам Японіі па прычыне распаўсюджвання ў свеце каранавіруса COVID-19. Эстафета алімпійскага агню ў сувязі з пераносам летніх Гульняў XXXII Алімпіяды адменена, пра новую дату яе старту будзе паведамлена дадаткова. Летнія Гульні XXXII Алімпіяды і Паралімпійскія гульні захаваюць назву «Токіа-2020».


Паводле афіцыйнай інфармацыі, перанесеныя Гульні павінны прайсці не пазней за лета 2021 года, аднак дакладныя даты пакуль не называюцца. «Мы павінны разам паглядзець, якія ёсць варыянты. Пасля кансультацый з федэрацыямі мы таксама павінны будзем улічыць змяненні ў спартыўным календары і мноства іншых пытанняў, — пракаментаваў сітуацыю Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах. — Мы павінны прыйсці да рашэння як мага хутчэй, але прыярытэтам павінна быць якасць рашэння, каб сапраўды ўлічваць інтарэсы ўсіх уцягнутых бакоў. Перанос Алімпійскіх гульняў — гэта велізарная галаваломка. Калі вы прыбераце адну частку, то ўвесь пазл будзе разбураны. Усе ўдзельнікі павінны будуць пайсці на ахвяры і кампрамісы, каб забяспечыць поспех Токіа-2020».

Самыя відавочныя даты — вясна і лета 2021 года, але што б ні абраў Міжнародны алімпійскі камітэт, гэта моцна паўплывае на наступны спартыўны каляндар. Бо 2021 год і так вельмі насычаны. Напрыклад, летам гэтага года павінен прайсці чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы — трэцяя па значнасці падзея ў сусветным спорце пасля летніх Алімпійскіх гульняў і футбольнага чэмпіянату свету. Плюс чэмпіянат свету па водных відах спорту. Гэтыя два мерапрыемствы ідуць адно за адным — як раз у ліпені і жніўні, да іх дадаецца тэнісны Уімблдон. Калі ж ссоўваць гэтыя сусветныя чэмпіянаты на год, пацерпяць кантынентальныя турніры, якія павінны прайсці ў 2022 годзе.

Пакуль спартыўныя чыноўнікі думаюць над гэтай няпростай задачай спартсмены і людзі, якія адносяцца да гэтай сферы, выказалі свае першыя каментарыі з нагоды пераносу Алімпіяды ў сваіх сацыяльных сетках і журналістам.

Уладзімір Несцяровіч, прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Беларусі:

— Гэтая сумесная заява Міжнароднага алімпійскага камітэта і аргкамітэта па правядзенні Алімпійскіх гульняў у Токіа — выклікала ў нас, з аднаго боку, шкадаванне, з другога боку, разуменне, чым гэта рашэнне выклікана. Шкадаванне, таму што беларускія атлеты, сапраўды гэтаксама, як і атлеты ўсяго свету, старанна, настойліва і ўпарта рыхтаваліся да гэтых Алімпійскіх гульняў. А разуменне, таму што занадта вялікая рызыка, што спартсмены, члены дэлегацый і гледачы падвяргаюцца сур’ёзнай небяспекі, звязанай з заражэннем каранавірусам.

Уладзімір Самсонаў, экс-першая ракетка свету, шасціразовы чэмпіён Еўропы па настольным тэнісе:

— Я разлічваў заваяваць ліцэнзію ў Токіа, бо зусім нядаўна быў у даволі добрай форме, але і да рашэння перанесці Гульні я таксама быў гатовы. Сітуацыя зараз зусім няпростая, у многіх спартсменаў няма магчымасці для трэніровак, і невядома, што будзе далей. Арганізатары і МАК павінны ў першую чаргу думаць пра здароўе спартсменаў і ўсіх, хто будзе звязаны з Алімпійскімі гульнямі. Вядома, нельга сказаць, што час працуе на мяне, але пакуль я не думаю заканчваць кар’еру. З-за пераносу ў мяне будзе больш часу падрыхтавацца і да адборачных турніраў, і да саміх Алімпійскіх гульняў.

Анастасія Мірончык-Іванова, бронзавы прызёр чэмпіянату свету, шматразовая чэмпіёнка Беларусi па скачках у даўжыню:

— Алімпійскія гульні перанесены на 2021 год! Можа быць, гэта да лепшага. Так, напэўна, правільна, каб падрыхтавацца, выключыць усе памылкі. І самае галоўнае, каб усе людзі былі здаровыя і гэта спыніла жудасны вірус. Мы працягваем працаваць яшчэ лепш і больш якасна. Я гатова спаборнічаць заўсёды, у любы час і пры любых умовах!

Андрэй Арамнаў, алімпійскі чэмпіён і чэмпіён свету ў цяжкай атлетыцы:

— Для мяне гэта выдатная навіна, таму што напярэдадні я атрымаў дастаткова сур’ёзную траўму — надрыў локцевай звязкі. На фоне хвалявання, нерваў і перагрузкі дапусціў памылку, таму спадзяваўся, што сур’ёзных стартаў сёлета ўжо не будзе. У мяне з’яўляецца шанец выдатна падрыхтавацца. Але для сусветнага спорту і асабліва спартсменаў, якія знаходзіліся ў добрай форме, гэта моцны ўдар. Узроставыя спартсмены адсеюцца, а моладзь падцягнецца. Але перанос Алімпійскіх гульняў, на мой погляд, — правільнае рашэнне, не трэба баяцца каранавіруса і панікаваць, але сітуацыя ў свеце вельмі сур’ёзная, зямля сутыкнулася з рэальнай праблемай.

Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ

Прэв'ю: tweaktown.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.