Вы тут

У Чабаксарах чытаюць Купалу


У Нацыянальнай бібліятэцы Чувашскай Рэспублікі прайшла прэзентацыя зборніка Янкі Купалы “«Санеты» на мовах свету”, выдадзенага ў мінскім выдавецтве “Мастацкая літаратура”


Валеры Тургай

У кнізе сярод іншых тэкстаў на 16 мовах — і перастварэнне купалаўскага цыкла санетаў на чувашскую мову. Гэтае пераўвасабленне здзейсніў народны паэт Чувашыі Валеры Тургай: ён сапраўдны, вялікі сябар Беларусі. Нельга не заўважыць, што літаратар добра вядомы на постсавецкай прасторы як перакладчык твораў Аляксандра Пушкіна, Тараса Шаўчэнкі, Ду Фу, Лі Бо ды іншых сусветна вядомых паэтаў.

Валеры Тургай — часты госць у Беларусі, удзельнік Дзён беларускага пісьменства, Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час”, традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Дзякуючы творчым кантактам з калегамі па пяры ў Беларусі ў апошнія гады з’явілася нямала публікацый вершаў чувашскага паэта — у перакладах на беларускую мову. А сам Валеры Тургай перастварыў і выдаў у Чабаксарах нават невялікую Анталогію класічнай і сучаснай беларускай паэзіі. (Пра тое, якія творцы выклікалі яго цікавасць, сам Валеры Тургай расказваў на сустрэчы ў Мінску: “Разнамоўе сяброў у кнігарні «Дружба»” — ГР, 26.02.2020. — Рэд.). Да таго ж і ў зборніку “Францыск Скарына на мовах народаў свету”, які мае ўжо чатыры выданні, змешчаны пераклад урыўка са знакамітай прадмовы Францыска Скарыны да “Кнігі Юдзіф” у чувашскім пераўвасабленні таксама Валеры Тургая.

На вечарыне ў гонар купалаўскіх “Санетаў” у Нацыянальнай бібліятэцы Чувашыі гучалі разнамоўныя прачытанні паэзіі народнага песняра Беларусі. Удзельнікі чабаксарскай імпрэзы, віншуючы Валеры Тургая з бліскучымі перакладамі, адзначылі: “Санетамі” Янкі Купалы ўзбагачаецца й чувашская паэзія, і чувашская школа мастацкага перакладу.

Кастусь Лешніца

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.