Вы тут

У 2021 годзе плануецца паэтапна ўкараніць электронную сістэму ўліку драўніны


Сёлета ў краіне мерапрыемствы па лесааднаўленні і лесаразвядзенні будуць праведзены на плошчы не менш за 36 тысяч гектараў. Пры гэтым плануецца павялічыць плошчы пасеву і пасадкі ліставых парод. Аб гэтым расказаў міністр лясной гаспадаркі Віталь ДРОЖЖА.


Арганізацыямі Мінлясгаса ў мінулым годзе экспартавана тавараў і паслуг на суму 154 мільёны долараў ці 110 працэнтаў да ўзроўню 2018 года. Больш за 60 працэнтаў з якіх — гэта піламатэрыялы. Яны адпраўляліся ў Літву, Германію, Латвію, Польшчу, Бельгію, Румынію, Кітай і іншыя краіны.

— Летась было забяспечана выкананне ўсіх ключавых паказчыкаў па драўніне. Аб'ём нарыхтоўкі яе з аднаго гектара лясных зямель склаў амаль 3 кубаметры пры плане 2,4, — сказаў міністр.

У 2021 годзе плануецца паэтапна ўкараніць электронную сістэму ўліку драўніны. Адзіную дзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму па яе ўліку і здзелках з ёй пачалі распрацоўваць у Беларусі ў 2017 годзе. Мяркуецца, што ёю будуць карыстацца не толькі лясгасы, але і перавозчыкі драўнянай сыравіны, а таксама ўсе арганізацыі любой формы ўласнасці, якія займаюцца лясной гаспадаркай.

Забяспечваецца перавышэнне плошчы стварэння лясоў над іх высечкай. Пры суцэльных высечках 51 тысячы гектараў новыя ўгоддзі з'явіліся больш чым на 70 тысячах гектараў, асноўная частка — больш за 50 тысяч — штучным спосабам. Летась у гадавальніках было вырашчана больш за 402 мільёны адзінак стандартнага пасадачнага матэрыялу, з іх з закрытай каранёвай сістэмай — амаль 23 мільёны. Да таго ж, у мінулым годзе ў два разы былі зменшаны аб'ёмы хворых насаджэнняў у адносінах да папярэдняга года. Сёлета плануецца знізіць гэты паказчык яшчэ ўдвая.

— У краіне працягваецца будаўніцтва шасці пелетных заводаў. Гэта перспектыўны для нас кірунак, прадпрыемствы дазволяць выпускаць каля 150 тысяч тон пелет у год. Каля 70 працэнтаў будаўніча-мантажных работ на чатырох вытворчасцях ужо выкананы. Гэта заводы ў Барысаўскім, Клічаўскім, Пружанскім і Навагрудскім раёнах, — адзначыў Віталь Дрожжа. — Таксама летась быў уведзены ў эксплуатацыю цяплічны лесанасенны комплекс, сёлета плануецца адкрыць яшчэ адзін у Магілёўскай вобласці.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Зялёнае багацце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?