Вы тут

Гамяльчанка падала іск у суд на мінскі гатэль і выйграла справу


У Таццяны Сіроткінай з Гомеля цяпер з'явілася, магчыма, самае дзіўнае хобі для беларускі: яна калекцыянуе інфармацыйныя лісты з правіламі аказання паслуг у айчынных гасцініцах. Вывучаць кожную літару і лічбу ў дакументах яе, кажа, лёс прымусіў. Тры месяцы таму гамяльчанка прыйшла ў суд з іскам аб абароне правоў спажыўца. Яна запэўнівала, што ў дачыненні да яе закон парушыў адзін са сталічных гатэляў.


На сваім прыкладзе жанчына цвёрда вырашыла даказаць: што некаторыя гасцініцы ў сваіх інтарэсах карыстаюцца тым, што не ўсе пастаяльцы ведаюць артыкулы закона аб вядзенні гасцінічнай гаспадаркі ў Беларусі. Хтосьці трактуе артыкулы закона як разумее, хтосьці прапісвае няпоўную ці скажоную інфармацыю ў прэйскурантах паслуг.

— Я амаль кожнае лета падарожнічала па Беларусі, — расказвае Таццяна Сіроткіна. — Часта спынялася ў гасцініцах, каб пераначаваць. Была ў Лунінцы, напрыклад. Пасля апоўначы стала вызвоньваць свабодны нумар, сказалі, што цана — 72 рублі, але, маўляў, не хвалюйцеся, калі вы да раніцы, то гэта палова сутак і заплаціць трэба толькі 50 %. Тая ж гісторыя ў Драгічыне, Баранавічах. У Мсціславе, напрыклад, прыехала ў гасцініцу а палове дванаццатай ночы, на рэсепшане дзяўчына сказала, што месцы ёсць, калі пагуляеце да нуля гадзін, то потым да раніцы выйдзе толькі палова кошту.

Гамяльчанка кажа: яна літаральна на памяць вывучыла адпаведную пастанову Саўміна, у якой гаворыцца аб аплаце разліковай гадзіны, што адлічваецца з 12 гадзін бягучых сутак. Але часам у гасцініцах усё ж такі даводзілася аспрэчваць выстаўлены кошт і спасылацца на літару закона.

— За час падарожжаў па краіне ў мяне з'явілася свая класіфікацыя гасцініц: першыя працуюць адкрыта, другія працуюць таксама вельмі добра, але артыкул закона, які пакідае магчымасць аплаты няпоўных сутак, не афішуюць, калі вы ведаеце — добра, а не — дык заплаціце па поўным кошце. З трэцяй катэгорыяй я сутыкнулася летась у Мінску.

У гасцініцы Заслаўя, куды прыехала Таццяна, не знайшлося месцаў, таму яна патэлефанавала ў мінскі гатэль, дзе забраніравала нумар. Дабралася ў пачатку першай ночы.

— Дзяўчына за стойкай прабіла мне квіток, вяртае пашпарт і кажа: «З вас 61 рубель 20 капеек». Я кажу, што толькі да раніцы — заплачу 50 % кошту за суткі. Атрымліваю адказ: «У нас так ніхто не аплачвае». Вось менавіта гэтая фраза для іх, як высветлілася потым у судзе, — жалезны аргумент. Я спрачалася з супрацоўніцай, прасіла паказаць нарматыўныя дакументы і правілы разліку, на якія яны спасылаюцца, прапаноўвала ноччу патэлефанаваць кіраўніцтву. Нічога не выйшла. Я заплаціла, пайшла ў нумар і вырашыла разабрацца раніцай, калі будзе на месцы начальнік. Ноччу так і не заснула, а раніцай ужо іншая дзяўчына без бэйджыка, якая не прадставілася,але пазіцыянавала сябе як кіраўніцтва, стала мяне запэўніваць, што закон я тлумачу няправільна.

Гамяльчанка вярнулася дадому, напісала скаргу кіраўніцтву адкрытага акцыянернага таварыства, якое валодае гатэлем. Адказ падштурхнуў жанчыну да больш рашучых дзеянняў. Яна напісала афіцыйную прэтэнзію на адрас гатэля з просьбай скасаваць дагавор на аказанне паслуг, вярнуць плату за нумар, унесеную раней, плюс заплаціць тысячу рублёў маральнай кампенсацыі. У гэтых патрабаваннях кіраўніцтва гатэля адмовіла. Тады жанчына пайшла ў гомельскую гарадскую арганізацыю ГА «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў», якая і звярнулася ў суд з іскам у інтарэсах жыхаркі Гомеля. Таццяна Міхайлаўна прызнаецца: спачатку яе там адгаворвалі ад «судовых разборак» і папярэдзілі, што ў практыцы падобныя справы ніколі не разбіраліся.

— Пры заключэнні дагавора спажыўцу не была дадзена магчымасць неадкладна атрымаць у месцы аказання паслугі неабходную і дакладную інфармацыю аб кошце пражывання ў гасцініцы, — сцвярджае Андрэй Бабіч, юрыст, які выступаў у абарону правоў спажыўца. — Акрамя гэтага, выканаўца паслугі не паведаміў спажыўцу неабходныя звесткі аб правілах і ўмовах эфектыўнага і бяспечнага карыстання нумарам.

Падчас судовых пасяджэнняў юрыст і спажывец спасылаліся на невыкананне гатэлем артыкула № 17 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 471 ад 07.04.2006 года «Аб зацвярджэнні Правіл гасцінічнага абслугоўвання ў Рэспубліцы Беларусь». Згодна з гэтым дакументам, плата за пражыванне спаганяецца ў адпаведнасці з адзінай разліковай гадзінай: з 12 гадзін бягучых сутак. Пры размяшчэнні да разліковай гадзіны (з 0 да 12 гадзін) плата бярэцца за палову сутак.

— Юрыст гатэля спасылалася на ўнутраныя правілы разліку, — згадвае спажывец. — Цікава, што ў іх таксама агучваецца спасылка на тую ж пастанову Саўміна, але слова «аплата» заменена на «даплата».

Вядома, што юрыст, якая прадстаўляе інтарэсы гатэля, звярнулася да суда з просьбай хадайніцтва ў Саўмін для тлумачэнняў артыкула закона. Але гамяльчанка скарысталася сваім правам і не дала згоду на гэта. Яна матывавала адмову тым, што з 2006 года, калі пастанова была прынята, у гасцініцы была магчымасць паглыбіцца ў нюансы.

Між тым суд Савецкага раёна Гомеля вынес рашэнне: прызнаць іскавыя патрабаванні абгрунтаванымі. Ён пастанавіў скасаваць дагавор на аказанне паслуг па пражыванні ў гасцініцы, вярнуць спажыўцу суму за нумар і выплаціць гамяльчанцы маральную кампенсацыю ў памеры 30 рублёў. Таварыству абароны спажыўцоў ААТ павінна кампенсаваць судовыя выдаткі. Акрамя таго, гасцініца выплаціць дзяржпошліну — амаль сто рублёў. Каб апратэставаць рашэнне суда, адказчыку было дадзена 15 дзён. Яно сёння ўступіла ў сілу.

— Я задаволена рашэннем суда, — каментуе сітуацыю гамяльчанка, якая выйграла справу, — для яе гэта была прынцыповая пазіцыя. — Але цяпер я таксама планую напісаць заяву ў пракуратуру з просьбай праверыць: па-першае — ці зменіцца сітуацыя з аплатай у гэтым гатэлі, а па-другое — ці дастаткова адказна падыходзяць да выканання закона ў іншых гасцініцах.

«Звязда» спытала

Я вырашыла зымітаваць сітуацыю, у якой апынулася гамяльчанка, і адправілася ў адмысловую «тэлефонную» вандроўку па Беларусі.

Гудок, прывітанне супрацоўніка гатэля і пытанне.

— Засяляюся ноччу, пасля нуля гадзін, і застануся да раніцы...

Нават, не дачакаўшыся фіналу звароту, у трубцы папярэджвалі ветлівым тонам:

— Вам усё роўна давядзецца заплаціць за кошт сутак.

Так адказалі ва ўсіх буйных гасцініцах абласных цэнтраў. Але ёсць нюансы.

Гомель. «Мы, на жаль, па-іншаму не разлічваем, але калі будзеце пражываць меней за 12 гадзін, то за нумар у пэўным цэнавым сегменце атрымаецце зніжку 15 %, выйдзе каля 38 рублёў».

Гродна. «Нават калі застаняцеся ў нумары на пяць хвілін! Але дзейнічаюць зніжкі, аднаспальны звычайны нумар атрымаецца 41 рубель».

— Аплачваць у любым выпадку давядзецца як за поўныя суткі, — безапеляцыйна зацвердзілі ў цэнтральных гатэлях Магілёва і МінскаБрэст паўтарыў адказ папярэднікаў, але прагучала так: «Калі вы заселіцеся апоўначы, то аплачваеце сутачны кошт, у нас гэта значыць 24 гадзіны з часу засялення. Потым апоўначы можна будзе працягнуць знаходжанне да раніцы ўжо за палову кошту за суткі». Сума за аднамесны нумар на 24 гадзіны — ад 47 рублёў. Пры гэтым у Гомелі, напрыклад, заначаваць можна ў «кватэры на суткі». Высветлілася, што ў буйных сэрвісах падобных паслуг у начны час кватэра таннее на 20 %, але за начлег таксама давядзецца заплаціць поўны сутачны кошт — ад 30 рублёў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Суткі бываюць розныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».